Вы тут

Андрэй Худык — пра санкцыі, міжнароднае экасупрацоўніцтва і сонечную энергетыку. Эксклюзіў «Звязды»


Дзейнасць чалавека заўжды адбіваецца на жывёльным і раслінным свеце Зямлі, як бы ён ні намагаўся зменшыць яе наступствы. Дзякуючы калектыўным і індывідуальным дамоўленасцям краін аб мінімізацыі негатыўнага ўплыву на клімат і рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў удаецца пэўным чынам вытрымліваць баланс у захаванні сусветнай біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці. Аднак калі ў прыродаахоўную дзейнасць прымешваецца элемент палітыкі, раўнавага парушаецца, і ў выніку пакутуюць усе, асабліва тыя, у каго няма моцы абараняцца. У прыватнасці, узведзеная выключна па палітычных матывах агароджа на мяжы Беларусі і Польшчы, якая праходзіць па тэрыторыі трансгранічнага аб'екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА «Белавежская пушча», негатыўна ўздзейнічае на яго біялагічную разнастайнасць і прыродныя комплексы. Адмоўны ўплыў на міжнароднае супрацоўніцтва аказвае і спыненне сувязяў і пагадненняў, якое адбываецца па тых жа палітычных прычынах. Як цяпер складваюцца экалагічныя адносіны Беларусі і вырашаюцца прыродаахоўныя пытанні міжнароднага ўзроўню, карэспандэнт «Звязды» даведалася ў міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Худыка.


Захаваць Белавежскую пушчу

— Ці закранулі санкцыі, якія прымяняюцца да Беларусі, прыродаахоўную галіну і як гэта адбілася на яе рабоце?

— Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, як і раней, прытрымліваецца пазіцыі, што ахова навакольнага асяроддзя павінна заставацца па-за межамі палітычнай кан'юнктуры, і мы выкарыстоўваем усе магчымасці для прасоўвання гэтага пасылу, у тым ліку пры ўзаемадзеянні з замежнымі калегамі. Наша ведамства працягвае прадстаўляць інтарэсы беларускай дзяржавы на міжнароднай арэне як у межах двухбаковых кантактаў з замежнымі краінамі, так і на пляцоўках шматбаковых прыродаахоўных пагадненняў і міжнародных арганізацый.

Беларускія прыродаахоўнікі працягваюць удзельнічаць у распрацоўцы міжнародных актаў, якія датычацца пытанняў аховы навакольнага асяроддзя, рацыянальнага (устойлівага) выкарыстання прыродных рэсурсаў, змякчэння наступстваў змен клімату і адаптацыі да іх, захавання біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці, аховы водных рэсурсаў і іншага. Гэта дазваляе не толькі абараняць экалагічную бяспеку краіны, але і рабіць уклад Беларусі ў рэгуляванне міжнародных экалагічных адносін.

Разам з тым вымушаны канстатаваць, што санкцыйная палітыка калектыўнага Захаду прывяла да значнага скарачэння двухбаковага ўзаемадзеяння з краінамі, якія ўваходзяць у Еўрапейскі саюз, ЗША і іх сатэлітамі. У той жа час Беларусь кіруецца агульнапрынятым тэзісам, што «прырода не мае межаў», і прадпрымае намаганні па захаванні кантактаў з тымі дзяржавамі, якія рэальна зацікаўлены ў сумесным дасягненні глабальных мэт у галіне аховы навакольнага асяроддзя і ўстойлівага развіцця.

Мінпрыроды не адзін раз звярталася, напрыклад, да польскага боку з патрабаваннем спыніць будаўніцтва загараджальнага збудавання на мяжы нашых краін і распачаць неабходныя меры па аднаўленні парушаных экасістэм. Паколькі рэакцыя Польшчы на нашы прамыя звароты адсутнічала, мы мусілі звярнуцца да пасрэдніцтва міжнародных міжурадавых і няўрадавых арганізацый, у мандат якіх уваходзяць пытанні захавання біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці.

Заклікі Беларусі пасадзейнічаць у вырашэнні такога важнага і неадкладнага пытання былі накіраваны ў ЮНЕСКА, ЮНЕП (праграму ААН па навакольным асяроддзі), МСАП (Міжнародны саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў), Савет Еўропы, ПРААН. Яны агучваліся на пасяджэннях органаў АБСЕ, Бернскай і Рамсарскай канвенцый, Канвенцыі Эспа (аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце), на нарадзе праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера» і іншых. У адказ рэакцыя была толькі з боку ЮНЕСКА і ЮНЕП. Але нават такія аўтарытэтныя міжнародныя структуры на дадзены момант абмяжоўваюцца толькі выказваннем шкадавання і просьбамі прадставіць дадатковую інфармацыю.

Каб забяспечыць аб'ектыўную і справядлівую ацэнку сітуацыі «на месцы», Мінпрыроды неаднаразова запрашала місію экспертаў ЮНЕСКА, МСАП, ЮНЕП, Бернскай канвенцыі наведаць Белавежскую пушчу. На жаль, станоўчага рашэння па гэтым пытанні дагэтуль няма. Аднак мы працягнем прыкладаць намаганні па захаванні ўнікальнай універсальнай каштоўнасці трансгранічнага аб'екта «Белавежская пушча».

Дэпалітызаваць супрацоўніцтва ў галіне аховы наваколля

— Наша краіна застаецца ўдзельніцай міжнародных прыродаахоўных канвенцый: Базельскай канвенцыі, Канвенцыі аб зменах клімату, Канвенцыі аб біяразнастайнасці, Канвенцыі ААН аб барацьбе з апустыньваннем, Кіёцкага пратакола, Манрэальскага пратакола і іншых? Ці не будзе яна вымушана выйсці з якіхсьці пагадненняў з-за санкцыйнага ціску або ж яе пазбавяць права ўдзелу, як гэта адбылося, напрыклад, з дзявятай сесіяй Канферэнцыі міністраў «Навакольнае асяроддзе для Еўропы»?

— Рэспубліка Беларусь 24 кастрычніка спыніла свой удзел у Орхускай канвенцыі ў сувязі з беспрэцэдэнтным палітычным ціскам, які аказваецца на нашу дзяржаву, і спробай умяшацца ва ўнутраныя справы краіны. Аднак, кіруючыся прынцыпам міжнароднага супрацоўніцтва, Беларусь застаецца ўдзельніцай 22 міжнародных прыродаахоўных дагавораў.

Мы выкарыстоўваем пляцоўкі міжнародных канвенцый, бокам якіх выступае наша дзяржава, для давядзення пазіцыі Беларусі па актуальных пытаннях экалагічнай павесткі, яе адпаведнага ўліку пры прыняцці рашэнняў і абгрунтавання неабходнасці дэпалітызацыі супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Мерапрыемствы, якія арганізуюцца па лініі міжнародных дагавораў і арганізацый, даюць выдатныя магчымасці для пошуку новых партнёраў, а таксама атрымання падтрымкі ад сяброўскіх нам дзяржаў па значных для нас і нашага рэгіёну пытаннях.

Выключэнне Беларусі са складу ўдзельнікаў 9-й Канферэнцыі міністраў «Навакольнае асяроддзе для Еўропы» разглядаецца намі як адкрыта несяброўскі акт, які знішчае ўсе намаганні дзяржаў еўразійскага рэгіёну па дасягненні ўстойлівага развіцця. Я ўпэўнены, што іншыя краіны свету рана ці позна паставяць пад сумнеў універсальнасць, аб'ектыўнасць, бесстароннасць і апалітычнасць сусветных працэсаў у экалагічнай сферы.

— Як сёння ўвогуле праходзіць міжнароднае супрацоўніцтва па экалагічных пытаннях, або засталося толькі трансгранічнае супрацоўніцтва з Расіяй? Ці будзе Беларусь і надалей выконваць узятыя на сябе абавязацельствы па выкідах СО2 і іншых кліматычных момантах, а таксама маніторынгу глебаў, паветра, водных і лясных рэсурсаў?

— Беларусь выконвала і працягвае добрасумленна выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы. Выкарыстоўваюцца розныя фарматы ўдзелу прадстаўнікоў прыродаахоўнага ведамства ў міжнародным супрацоўніцтве. Пазіцыя краіны агучваецца на міжнародных пляцоўках як непасрэдна супрацоўнікамі Мінпрыроды, так і пасродкам дыпламатычных прадстаўніцтваў нашай краіны за мяжой. Не перапыняецца двухбаковае супрацоўніцтва з сяброўскімі краінамі.

Супрацоўніцтва Беларусі з Расіяй па ўсіх кірунках прыродаахоўнай палітыкі, безумоўна, працягвае дынамічна развівацца. Акрамя таго, узмацняецца ўзаемадзеянне з дзяржавамі — членамі СНД і ЕАЭС. Пры ўступленні нашай краіны ў ШАС (Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва) мы таксама плануем прасоўваць айчынныя інтарэсы на яе пляцоўцы.

Наша дзяржава цалкам выконвае палажэнні Манрэальскага пратакола па рэчывах, якія разбураюць азонавы слой, а па асобных рэчывах апярэджвае графік спынення іх спажывання. 13 кастрычніка быў прыняты новы Закон «Аб ратыфікацыі папраўкі да Манрэальскага пратакола па рэчывах, якія разбураюць азонавы слой». Ратыфікацыя гэтай папраўкі, якая называецца Кігалійскай, будзе садзейнічаць выкананню нашай краінай абавязкаў па скарачэнні выкідаў парніковых газаў, якія прынятыя ў межах РКЗК ААН (Рамачнай канвенцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб змяненні клімату) і Парыжскага пагаднення да яе. Кігалійская папраўка робіць важны ўнёсак у барацьбу са зменай клімату. Кантроль за вытворчасцю і спажываннем ГФВ (гідрафторвугляродаў) павялічыць выгады для клімату, якія ўжо дасягнутыя Манрэальскім пратаколам пасродкам паэтапнай адмовы ад азонаразбуральных рэчываў, у тым ліку хлорфторвугляродаў, галонаў, гідрахлорфторвугляродаў. Мы ўпэўнены: ратыфікацыя Кігалійскай папраўкі ўмацуе імідж Беларусі на міжнароднай арэне як краіны, што больш за 30 гадоў добрасумленна выконвае абавязацельствы адпаведна з Манрэальскім пратаколам.

А інфармацыяй, датычнай маніторынгу кампанентаў навакольнага асяроддзя, якая акумулюецца нашымі службамі, можа скарыстацца любы жадаючы. Актуальныя звесткі змешчаны на сайце Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.

Зменшыць парніковыя выкіды на трэць

— У краіне ўзнятае на ўзровень закона пытанне аб абыходжанні з дзікімі жывёламі, а па хатніх так нічога і не вырашаецца доўгія гады. У якой стадыі цяпер гэтая работа?

— Пытанні абыходжання з хатнімі і безнагляднымі жывёламі рэгулююцца заканадаўствам краіны аб жыллёва-камунальнай гаспадарцы, санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва і аб ветэрынарнай справе і не датычацца сферы дзейнасці Мінпрыроды.

Цяпер Пастаяннай камісіяй па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу распрацоўваецца праект Закона «Аб адказным абыходжанні з жывёламі», які вызначае прававыя асновы адказнага абыходжання з жывёламі і скіраваны на гарантаванне бяспекі і іншых правоў і законных інтарэсаў фізічных асоб пры абыходжанні з жывёламі, абарону жывёл ад жорсткага абыходжання, зацвярджэнне прынцыпаў гуманнасці ў грамадстве і ўмацаванне яго маральнасці.

— Беларусь, як Вы адзначылі, па-ранейшаму застаецца ўдзельнікам Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату і Парыжскага пагаднення да яе, а таксама Кіёцкага пратакола і выконвае ўзятыя на сябе абавязацельствы па скарачэнні выкідаў парніковых газаў. Давайце пагаворым аб кліматычнай павестцы і сонечнай энергетыцы.

— Летась у верасні Урад Беларусі зацвердзіў новы, вызначаны на нацыянальным узроўні ўнёсак у скарачэнне выкідаў парніковых газаў, згодна з якім да 2030 года іх плануецца зменшыць на 35 % ад узроўню 1990 года пры прагназаваным эканамічным росце, з улікам сектара «Землекарыстанне, змяненне землекарыстання і лясная гаспадарка» і без прыцягнення дадатковага фінансавання. Мэта будзе дасягацца ў межах рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады, шэрагу дзяржаўных і галіновых праграм на гэты перыяд. Згодна з данымі Дзяржаўнага кадастру выкідаў і паглынання парніковых газаў, у 2020-м Беларусь скараціла выкіды на 38,9 %, што сведчыць пра патэнцыял для павелічэння амбіцыйнасці мэты, а з улікам сектара «Землекарыстанне, змяненне землекарыстання і лясная гаспадарка» — на 56,3%.

Што датычыцца сонечнай энергіі, то варта адзначыць, што гадавы прыход сонечнай радыяцыі на адзінку плошчы Беларусі супастаўны з такім паказчыкам для Германіі, Польшчы і іншых краін, дзе сонечная энергетыка развіваецца высокімі тэмпамі.

Для буйных сонечных электрастанцый (СЭС) патрэбныя вялікія плошчы, таму іх варта размяшчаць на землях, якія не выкарыстоўваюцца сельскай і лясной гаспадаркамі, а таксама арганізацыямі аздараўленчага, прыродаахоўнага, рэкрэацыйнага і гісторыка-культурнага прызначэння, а таксама на землях, якія не выкарыстоўваюцца пад забудоўлю, пад дарогамі і іншымі транспартнымі шляхамі.

У Дзяржаўным кадастры аднаўляльных крыніц энергіі зарэгістраваныя 102 такія дзеючыя ўстаноўкі агульнай электрычнай магутнасцю 272 МВт. Адзін з перспектыўных накірункаў выкарыстання энергіі Сонца — прымяненне геліяводанагравальнікаў і розных геліяўстановак для інтэнсіфікацыі працэсаў сушкі і падагрэву вады ў сельскагаспадарчай вытворчасці і бытавых мэтах.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бутэляваная, калодзежная, з-пад крана… Як у краіне вырашаюць праблему чыстай пітной вады

Бутэляваная, калодзежная, з-пад крана… Як у краіне вырашаюць праблему чыстай пітной вады

Сёння ў Беларусі крыху больш за 800 населеных пунктаў яшчэ не маюць якаснай вады.

Эканоміка

Разумныя грошы. Крэдыты сталі больш даступнымі, а стаўкі па дэпазітах — ніжэйшымі

Разумныя грошы. Крэдыты сталі больш даступнымі, а стаўкі па дэпазітах — ніжэйшымі

Як вядома, з 23 студзеня ў нас змянілася стаўка рэфінансавання.

Грамадства

Яраслаў Іваноў: Падчас «Студэнта года» я прайшоў каласальны шлях

Яраслаў Іваноў: Падчас «Студэнта года» я прайшоў каласальны шлях

Аб тым, якія эмоцыі адчуў, калі зразумеў, што перамог.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​