Вы тут

Тарасенка пра важнасць XVІ Свята-Георгіеўскіх адукацыйных чытанняў у выхаванні


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Тарасенка пра важнасць XVІ Свята-Георгіеўскіх адукацыйных чытанняў у выхаванні духоўна-маральнай асобы.


Сёлета тэмай царкоўна-грамадскага форуму стала абмеркаванне глабальных выклікаў сучаснасці і духоўны выбар чалавека. Чытанні былі прысвечаны Году гістарычнай памяці і 1030-годдзю праваслаўя ў Беларусі. У гэтым кантэксце постаць свяціцеля Георгія Каніскага, у гонар якога ладзіцца мерапрыемства, вызначаецца. Змагар за правы праваслаўных жыхароў Магілёўшчыны стаў прыкладам для тысяч нашых суайчыннікаў у служэнні народу. Георгій Каніскі шмат прыклаў намаганняў для маральнага і духоўнага выхавання беларусаў. Пры ім у другой палове XVІІІ стагоддзя ў Магілёве адкрыліся духоўная семінарыя і друкарня, быў пабудаваны двухпавярховы навучальны корпус.

У рамках чытанняў праходзяць сустрэчы духавенства, прадстаўнікоў улады, моладзі, педагогаў, бацькоў, бібліятэкараў, удзельнікаў адукацыйных праектаў і валанцёраў, музейных работнікаў. Сярод удзельнікаў форуму была і дэпутат ніжняй палаты беларускага парламента Наталля Тарасенка.

— Наталля Эдуардаўна, наколькі важна ў пытаннях выхавання насельніцтва, першым чынам моладзі, вось такое супрацоўніцтва дзяржавы і царквы?

— Налета споўніцца 20 гадоў з моманту падпісання Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж дзяржавай і Беларускай праваслаўнай царквой. Асноўным прыярытэтам гэтай праграмы з'яўляецца выхаванне маральна спелай, духоўна развітай асобы, здольнай усведамляць сваю адказнасць за лёс Айчыны, усяго чалавецтва, навакольнага свету, быць захавальніцай культурнай спадчыны свайго народа. У гэтых мэтах і адбылася кансалідацыя намаганняў органаў сістэмы адукацыі, непасрэдна ўстаноў адукацыі, царкоўных і грамадскіх арганізацый. Выкарыстоўваецца ўвесь назапашаны вопыт і патэнцыял праваслаўных традыцый і каштоўнасцяў у фарміраванні асобы чалавека, духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі, у карэкцыі дзеянняў і сацыяльнай падтрымцы дзяцей і падлеткаў з дэвіянтнымі паводзінамі, тых, што апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў асаблівых умовах выхавання. На сустрэчах узнімаюцца вельмі важныя тэмы, асноўная мэта якіх у вызначэнні кірункаў і эфектыўных метадаў работы па захаванні гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны беларускага народа. Менавіта гэта і ёсць аснова фарміравання асобы нашых дзяцей і моладзі. Дзякуючы рэалізацыі палажэнняў пагаднення, стратэгічна важнага для нашага грамадства дакумента, педагагічная і бацькоўская грамадскасць і праваслаўнае духавенства аб'ядналі свае намаганні ў супрацьстаянні спробам дэструктыўных сіл змяніць духоўна-маральны код беларускага народа і зламаць дзіцячыя душы.

— Як наогул можна супрацьстаяць дэструктыўнай інфармацыі?

— Менавіта такой вось прапагандай нашых спрадвечных каштоўнасцяў. Глыбока ўсведамляючы неабходнасць і няўхільнасць такой работы, мы выстаўляем надзейны заслон перад антычалавечымі, антыгуманнымі выклікамі сённяшняга часу. На жаль, у свеце ўсё больш выразна і агрэсіўна ідзе мэтанакіраванае разбурэнне базавых маральных прынцыпаў і сапраўдных маральных каштоўнасцяў, насаджэнне неўласцівых нашай культуры альтэрнатыўных «агульначалавечых» норм і правіл, якія разбэшчваюць нашых дзяцей, апускаюць у свет усёдазволенасці і заганы, робячы іх падуладнымі чужой волі і загадам, марыянеткамі.

Перспектыва будучыні кожнага грамадства схавана ў яго ў памяці і традыцыях. Вядомы рускі і савецкі філолаг і мастацтвазнаўца Дзмітрый Ліхачоў казаў, што толькі памяць супрацьстаіць знішчальнай сіле часу. Ён адзначаў, што гэта ўласцівасць нашай памяці наогул надзвычай важная. Умоўна прынята дзяліць час на мінулае, сучаснасць і будучыню. Дзякуючы памяці мінулае ўваходзіць у сучаснасць, а будучыня быццам прадбачыцца сучаснасцю, злучанай з мінулым.

— У Год гістарычнай памяці мы яшчэ раз пераасэнсоўваем гісторыю сваёй краіны, робім акцэнт на яе сапраўдных дасягненнях і каштоўнасцях. Свяціцель Георгій Каніскі змог зрабіць сваімі пропаведзямі і асветніцкімі дзеяннямі шмат. Нездарма яго лічаць нябесным заступнікам Магілёва.

— Так. Гістарычная памяць — гэта сувязная нітка часоў і пакаленняў, непарыўнасць лёсу незалежнай Беларусі з гераічнымі старонкамі гісторыі беларускага народа. Мы яшчэ і яшчэ раз пацвярджаем і дэманструем ўсяму свету прыхільнасць Беларусі да непарушных прынцыпаў гістарычнай праўды, вернасць дасягненням, здабытым у імя міру і працвітання краіны, павагу да пакаленняў, якія аддалі свае жыцці за нашу свабоду. Фарміруючы ў нашых дзяцей і падлеткаў якасці грамадзяніна і патрыёта, мы павінны навучыць іх ставіцца да гістарычнай памяці беражліва і трапятліва, захоўваючы кожны факт, кожнае слова, кожнае імя, кожны артэфакт. У гэтых знаках гісторыі крыецца сіла кожнага беларуса, яго глыбіннае разуменне чалавечай сутнасці сябе і асноўных законаў развіцця грамадства. Толькі памяць здольная захаваць нацыянальную ідэнтычнасць, культурны код нацыі, супрацьстаяць сучасным выклікам, якія ўрываюцца ў нашае жыццё рознымі мадыфікацыямі інфармацыйна-гібрыдных войнаў.

— Наколькі дзейсным можа аказацца такое ўздзеянне на яшчэ не сфарміраваныя цалкам розумы?

— Негатыўныя інфармацыя падрывае асновы маральнасці і духоўнасці грамадства і накіраваная яна ў першую чаргу на нашу моладзь з мэтай яе «перапраграмавання». У сілу ўласцівай маладосці некрытычнасці свядомасці, фрагментарнасці і павярхоўнасці аналізу атрыманай інфармацыі, у падрастаючага пакалення фарміруецца эпізадычнасць і спантаннасць успрымання рэчаіснасці.

З кожным годам усё больш імкліва ідзе працэс адрыву нашых дзяцей ад рэальнасці праз актыўнае карыстанне інтэрнэтам і сацыяльнымі сеткамі. «Калі цябе няма ў сацыяльных сетках, значыць, цябе няма ўвогуле». Гэта не проста слоган маладых і прасунутых, гэта жорсткая ўмова быць прынятым у маладзёжным асяроддзі. Праз Сусветную павуціну ідзе масіраваны напад на маладое пакаленне, мэтай якога з'яўляецца фарміраванне асобы залежнай, лёгка кіраванай.

Сацыяльныя сеткі сталі для дзяцей і моладзі неад'емнай часткай жыцця, фарміруючы праз прапанаваную інфармацыю пэўнае стаўленне да свету і людзей, ствараючы ілюзію ўяўнай свабоды і самастойнасці ў прыняцці рашэнняў. Многім няўцям, што той, хто кантралюе сацыяльныя сеткі, і вызначае межы гэтай «свабоды». Ідзе атака на масавую свядомасць, якая змяняецца ў залежнасці ад таго, чые мэты і задачы неабходна вырашаць. І менавіта тут дапамога дарослых як ніколі актуальная і неабходная. Цвёрдая і абгрунтаваная пазіцыя па самых складаных пытаннях грамадскага жыцця — надзейны шчыт для нашых дзяцей, на якіх як кагнітыўна, так і ментальна, разбуральна ўплываюць TіkTok і Twіtter.

Наша роля — навучыць дзяцей аддзяляць, кажучы на мове Евангелля, зерне ад пустазелля, праўду ад хлусні, і на гэтай аснове выбудоўваць рэальную, праўдзівую карціну свету. Як бы мы ні пазіцыянавалі сябе — вернікамі, атэістамі, але меркай нашых учынкаў вольна ці мімаволі выступаюць запаведзі Божыя. Бо мы ў большасці сваёй імкнёмся стаць лепшымі і чысцейшымі, быць прыкладам для сваіх дзяцей. Калі мы не пакінем для іх гэтыя правераныя тысячагоддзямі арыенціры маральнасці і мудрасці як непарушную каштоўнасць, мы страцім сваю будучыню.

Будучыня не чакае нас недзе далёка, яна пачынаецца сёння. Наша будучыня ў шчырай усмешцы нашых дзяцей, у іх адкрытым і сумленным поглядзе, светлых намерах і добрых учынках. Менавіта тут і цяпер у рабоце з падрастаючым пакаленнем мы фарміруем базіс будучыні. Дакранаючыся да мінулага, пашыраем гарызонты пазнання нашых дзяцей, захоўваем і прымнажаем іх духоўнае здароўе, спрыяем станаўленню іх актыўнай жыццёвай і грамадзянскай пазіцыі, накіраванай на стварэнне, захаванне духоўнага, культурнага багацця на карысць роднай краіны.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.