Вы тут

Захаванне культурнай спадчыны краін СНД абмеркавалі ў Мінску


Няма нічога даражэйшага за сваё. Грыбное месца, куды кожны год прыходзіш шукаць краснюкі... Гаворка мудрага суседа-сябра Валеры, яго чуллівае «Божа, памажы», калі пачынае працу, і «Божа, прымі», калі падымае чарку... Печ у роднай хаце, адкуль патыхае казачнай утульнасцю і ціхамірнасцю... Смачная поліўка, калі не абыходзішся адной міскай... Пра ўсё гэта ўспамінаеш з цеплынёй, а расказваеш з гонарам. Усведамляць моц і непаўторнасць свайго — сталасць асобы. Міжнародны навукова-практычны семінар «Захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны краін СНД у кантэксце глабальных выклікаў» і выстаўка «Нематэрыяльная культурная спадчына Беларусі» ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага — выразнае сведчанне клопату дзяржавы пра сваё, калі гэта знаходзіць водгук неабыякавых з іншых краін, якія прагнуць падзяліцца досведам па захаванні ўласнай спадчыны.


Яўген Шунейка і Рэгіна Гамзовіч.

Беларусь у ліку першых дзесяці краін у 2006 годзе ратыфікавала Канвенцыю аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. На сёння статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь маюць 164 элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Сярод іх чатыры ўключаны ў Спіс ЮНЕСКА: Будслаўскі фэст, «Калядныя цары», «Юраўскі карагод», культура ляс­нога бортніцтва.

Унікальнасць выстаўкі, што была прымеркавана да міжнароднага семінара і разгарнулася ў галерэі Міхаіла Савіцкага, у тым, што ўпершыню ў Мінску разам прадстаўлена нематэрыяльная культурная спадчына ўсіх рэгіёнаў Беларусі: Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Мінская, Магілёўская вобласці і Мінск. Разнастайнасць і адметнасць — красамоўнае ўвасабленне памкненняў кожнага апантанага энтузіяста, хто далучыўся да семінара і стварэння экспазіцыі выстаўкі.

Семінар, арганізаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, БДУКМ пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду супрацоўніцтва дзяржаў — краін СНД, сабраў экспертаў з краін Садружнасці — Арменіі, Казахстана, Таджыкістана, Кыргызстана, Узбекістана, Расіі і Беларусі і паслужыў пляцоўкай, дзе можна было параўнаць нематэрыяль­ную культурную спадчыну айчынную і іншых краін, заўважыць адметнасці.

— Эксперты з розных краін прэзентавалі самабытнасць сваёй культуры на аснове нематэрыяльнай спадчыны, — адзначыла Алена Каліноўская, вядучы спецыяліст Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКМ. — Удзельнікі семінара падзяліліся плённымі праектамі музейнай дзейнасці, ідэнтыфікацыі каштоўнасцей. Іншыя краіны працуюць вельмі паспяхова. І нам варта было б у іх шмат чаму павучыцца. Я спецыяльна прааналізавала колькасць элементаў у спісах ЮНЕСКА. Беларусь сярод краін СНД мае найменшую колькасць, а шмат якія краіны — Казахстан і Сярэдняй Азіі, закаўказскія рэспублікі — 8—10— 15 элементаў. А мы пакуль — толькі чатыры. Ды сёлета будзе пяты! У нас няма, на жаль, такой цэнтральнай структу­ры, якая займаецца пытаннямі нематэрыяльнай спадчыны, хоць цудоўна працуюць рэгіёны, метадычныя цэнтры народнай творчасці.

Аглядаючы экспазіцыю.

Такім чынам, нам ёсць да чаго імкнуцца, пераканана Алена Каліноўская: «Мы навучыліся паказваць спадчыну на абласным узроўні. А на рэспубліканскім можна было б і больш. Бо людзі прыходзяць і здзіўляюцца: у нас столькі ўсяго? А дзе яшчэ можна паглядзець? Нават у абласцях гэта ўсё толькі часовыя выставы. Пастаяннага месца, акрамя як на сайце “Жывая спадчына Беларусі”, няма».

Можа, варта было б стварыць адмысловы музей, дзе будзе прадстаўлена ўся нематэрыяльная спадчына Беларусі? «Закрыць нематэрыяльную культурную спадчыну ў музеі — не варыянт, — лічыць Алена Каліноўская. — Хутчэй — розныя формы сучаснага распаўсюджвання інфармацыі. Нават на гэтай выстаўцы: не ўсе наведвальнікі адразу разумеюць, што прадстаўлены жывыя традыцыі, якія сёння існуюць у канкрэтнай мясцовасці. Таму ёсць сэнс побач з такой экспазіцыяй размяшчаць банер з адсылкай, дзе можна гэтыя традыцыі паглядзець у рэальнасці». Такім чынам, ёсць магчымасць узаемадзейнічаць са спадчынай. Таму важна прымяняць для гэтага сучасныя тэхналогіі.

У 2023 годзе будзе адзначацца 20-годдзе Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА — чакаецца шэраг мерапрыемстваў, пераважна ў рэгіёнах. Будзе новая магчымасць асэнсаваць вопыт. Па вялікім рахунку, 20 гадоў — не так шмат для стварэння сістэмы, але добры трамплін для далейшага развіцця. «Калі мы збіраем усё ў адным месцы, бачым, наколькі гэта багата, разнастайна, цікава, — зазначае Алена Каліноўская. — Задача далей — зрабіць спадчыну, прадстаўленую пераважна ў рэгіёнах, больш бачнай і зразумелай».

Нам ёсць чым ганарыцца — варта гэта паказаць. Такую місію абрала для сябе дбайная збіральніца народных скарбаў Рэгіна Гамзовіч. Яна першая праторвала сцяжынку захавання жывых традыцый, прытым як у вёсках, мястэчках, так і ў гарадах. Філолаг па адукацыі, працавала стылістам у «Народнай газеце», аглядала мову і фальклор. На радыё вяла цыкл праграм «Радавод». Ездзіла ў экспедыцыі і ўсё жыццё збірала матэрыялы, курыравала праекты, натхняла супольнасці, заахвочвала да збірання спадчыны, уласнаручна рыхтавала дакументы. Думаецца, яна ведае больш, чым усе спецыялісты, разам узятыя.

— Я з 1990-х гадоў працую на Тураўшчыне, здымаю фільмы, пішу кнігі, апісваю элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Памятаю, у 2004 годзе, каб пачаць працу над афармленнем элементаў, трэба было сабраць аўдыя-, відэамэтэрыялы, фотаздымкі. Шмат паклапаціліся фотамастакі Анатоль Кляшчук, Алег Белавусаў. Першы элемент — абраднае свята «Юр’я» ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Вельмі каштоўна, калі гэта ў вуснай форме захоўваюць жыхары, экскурсаводы, у школах — вялікая падмога для даследчыкаў.

Пачуццём пераемнасці традыцый гарыць і Яўген Шунейка, беларускі мастацтвазнаўца. Не адзін год ён прысвяціў арганізацыі выстаў народнай творчасці. Сёння выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і завітаў на выстаўку.

— Вяршыня маёй дзейнасці прыпала на першую палову 1980-х гадоў, калі ў Маскве, у новай Траццякоўцы — грандыёзным выставачным комплексе, — цэлы паверх аддалі народным майстрам Савецкага Саюза, і ўсе рынуліся глядзець на іх, — дзеліцца Яўген Шунейка. — Я да гэтага дня помню пазітыўны шок, што народнае мастацтва можа любую прастору ажывіць, перадаць пасыл, які зыходзіць з найстаражытнейшых часоў. Гэта нацыянальная моц, але ў гэтым і свой мадэрнізм. У пачатку стагоддзя ён абапіраўся на самыя простыя рэчы двухмернай формы і закрануў народныя традыцыі. Нам, усходняй Еўропе — Балканам, Літве, Расійскай імперыі — пашчасціла: больш архаікі. Мадэрнізм у Савецкім Саюзе стаў самым радыкальным — супрэматызм, дзе найбольш прамыя кантакты з народам.

Пытанні захавання традыцый — на рэспубліканскім кантролі. «Ствараюцца аддзелы нематэрыяльнай спадчыны: дзесьці пры Міністэрстве культуры, дзесьці пры Рэспубліканскім метадычным цэнтры, якога ў нас, дарэчы, няма, — канстатуе Алена Каліноўская. — Дзесьці такі абавязак ускладзены на музей. Напрыклад, у Казахстане ў 2014 годзе пабудавалі новы сучасны шыкоўны музей, як расказала яго прадстаўніца на семінары. І аднаму з аддзелаў даручана весці нематэрыяльную культурную спадчыну як цэнтралізаваную дзейнасць. Супрацоўнікі хутка ў гэта паглыбіліся і ўзялі на сябе адказнасць. Такім чынам, заканадаўча вызначана, хто з’яўляецца цэнтральным звяном у справе. А ў нас пакуль яшчэ не».

Поспех справы — ва ўзаемадзеянні. «Пра гэта ўвесь час гаворыць і ЮНЕСКА: трэба наладжваць супрацоўніцтва — з мясцовымі, абласнымі, рэспубліканскімі ўстановамі культуры, навукі, органамі дзяржаўнай улады, — заўважае Алена Каліноўская. — І сённяшяя выстаўка — прыклад таго, што адна арганізацыя не можа зрабіць такі маштабны праект».

БДУКМ прыклаў шмат намаганняў, каб паказаць не толькі знешні бок мерапрыемства, але і змястоўны. Выдадзены зборнік матэрыялаў семінара, куды ўвайшло больш чым 50 артыкулаў, і буклет «Нематэрыяльная культурная спадчына Беларусі». Матэрыялы будуць апублікаваны ў рэпазіторыі БДУКМ, на сайце «Жывая спадчына Беларусі» і стануць даступнымі для ўсіх.

— Многія нашы структуры — Акадэмія мастацтваў, галерэя Міхаіла Савіцкага — упершыню адкрылі для сябе рэсурсы нематэрыяльнай культурнай спадчыны: вельмі каштоўна — убачыць гэта на свае вочы, — разважае Алена Каліноўская. — Не ва ўсіх ёсць уяўленне, што ў нас гэта настолькі маштабна. Наступіў час расказаць пра беларускія скарбы!

Прэзентацыя і шанаванне культурнай разнастайнасці — дабратворная глеба для наладжвання дыялогу паміж краінамі, а таксама стымул развіцця рэгіёнаў, на чым і мацуецца нацыянальны культурны багаж.

Наталля СВЯТЛОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?