Вы тут

Аб чым гаварыў Прэзідэнт Беларусі на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое прайшло ў Бішкеку


Сустрэча лідараў ЕАЭС адбылася як у вузкім, так і ў пашыраным складзе. У сваім выступленні кіраўнік дзяржавы вызначыў стратэгічныя задачы для развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза, падкрэсліў архіважнасць далейшага паглыблення ўнутрысаюзнай інтэграцыі і неабходнасць міжнароднага пазіцыянавання ЕАЭС.


Без бар’ераў ва ўзаемным гандлі

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, што датычыцца стратэгічных задач, неабходна, па-першае, у найкарацейшыя тэрміны забяспечыць рэальны выхад на рэалізацыю сумесных праектаў па стварэнні сучасных вытворчасцяў — вытворчасцяў будучыні. «Гэта абавязковы элемент нашага эканамічнага суверэнітэту», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. 

Яшчэ адзін крок у гэтым напрамку зроблены — разгледжана пытанне аб надзяленні органаў саюза паўнамоцтвамі па фінансавым садзейнічанні прамысловай кааперацыі за кошт сродкаў бюджэту ЕАЭС. Магчымасць субсідзіравання працэнтных ставак па крэдытах дазволіць вывесці фінансаванне канкрэтных прамысловых праектаў Еўразійскім банкам развіцця на якасна новы ўзровень.

«Другое, неабходна, што б там ні было, аздаравіць крывяносную сістэму нашага саюза, — звярнуў увагу беларускі лідар, кажучы аб фінансах. — Ужо ўсім зразумела, эпоха дамінавання долара завяршаецца. Будучыня — за гандлёвымі блокамі, разлікі ў якіх будуць рабіцца ў нацыянальных валютах. Беларусь і Расія ўжо адышлі ў асноўных разліках ад долара. Важна, каб і іншыя партнёры актыўна падключыліся да гэтага працэсу». 

Прэзідэнт нагадаў, што на пасяджэнні Вышэйшага савета ў маі гэтага года бакі дамаўляліся прадметна разгледзець пытанне аб ліквідацыі перашкод на ўнутраным рынку ЕАЭС. «Лічу, што ў нас у прынцыпе не павінна заставацца бар’ераў ва ўзаемным гандлі, — перакананы кіраўнік дзяржавы. — Гэта сутнасць арганізацыі нашага саюза. Гэта вырашыць дзве галоўныя задачы па забеспячэнні нацыянальных рынкаў таварамі крытычнага імпарту і каардынацыі дзеянняў пры экспарце стратэгічна важных тавараў, у першую чаргу прадуктаў харчавання».

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сённяшняя рэальнасць такая, што мы па-ранейшаму працягваем змагацца з наступствамі рашэнняў, якія прымаюцца ў аднабаковым парадку на нацыянальным узроўні: то лес вывезці на экспарт не можам, то міжнародных аўтаперавозчыкаў не прапускаем. «Пры гэтым пошук узаемапрымальных рашэнняў па праблемных пытаннях расцягваецца на доўгія месяцы, — удакладніў ён. — Нарад часам шмат — рашэнняў мала. Лічу, што камісія павінна максімальна ўзмацніць работу ў названым напрамку».

Пашырэнне прысутнасці на карце свету

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці ўдзяліць першачарговую ўвагу павышэнню міжнароднага аўтарытэту і канкурэнтаздольнасці ЕАЭС. «Апошнія падзеі паказалі, што далёка не ўсе згодны з далейшым існаваннем аднапалярнага свету, — паведаміў Прэзідэнт. — Як вынік, расце роля такіх інтэграцыйных аб’яднанняў, як ШАС, БРІКС. І наш саюз павінен ісці з імі ў нагу. Больш за тое, мяркую, настаў час для правядзення саміту краін — членаў ЕАЭС, ШАС і БРІКС. Гэтыя краіны падзяляюць нашы падыходы аб неабходнасці павагі да розных культур, поглядаў, палітычных сістэм. Магчыма, асобныя дзяржавы АСЕАН (Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі. — «Зв.») захочуць узяць удзел у такой сустрэчы. Стрыжнёвымі пунктамі парадку дня саміту маглі б стаць пытанні эканамічнага ўзаемадзеяння (напрыклад, фарміраванне рэгіянальных гандлёвых блокаў, выкарыстанне нацыянальных валют), а таксама тэмы энергетыкі і бяспекі».

Гэтае пытанне, па меркаванні беларускага лідара, асабліва актуальна гучыць таму, што ў наступным годзе старшынство бярэ на сябе Расійская Федэрацыя. Прэзідэнт перакананы: пры старшынстве Расіі арганізаваць такое мерапрыемства будзе лягчэй. Ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць дакладна і паслядоўна заяўляць аб сваёй прысутнасці на карце свету і праз далейшае пашырэнне зон свабоднага гандлю з зацікаўленымі дзяржавамі. Так, запланаваны пачатак перагавораў па заключэнні Пагаднення аб свабодным гандлі з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі Аляксандр Лукашэнка назваў знакавым палітычным крокам для ЕАЭС.

«У той час, як нас спрабуюць раскалоць і ізаляваць, мы планамерна пашыраем гандлёвае супрацоўніцтва з нашымі партнёрамі, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Ужо на завяршальным этапе перагаворы аб зонах свабоднага гандлю з Іранам і Егіптам. На падыходзе — пачатак перагавораў з Інданезіяй і Манголіяй. Заключэнне такіх пагадненняў, акрамя эканамічных бонусаў, дэманструе марнасць спроб калектыўнага Захаду задушыць нас санкцыямі».

Прэзідэнт заўважыў, што прымітыўная штампоўка калектыўным Захадам бяздумных пакетных эканамічных санкцый супраць Беларусі і Расіі пачынае заціхаць. «Усё, што можна было забараніць і абмежаваць, няхай нават і сабе на шкоду, нашы контрпартнёры ўжо зрабілі, — удакладніў ён. — Цяпер для іх прыйшоў час усведамлення і ацэнкі наступстваў. Словы пра энергетычны і харчовы крызісы ўжо гучаць з усіх трыбун».

Пры гэтым, па меркаванні Аляксандра Лукашэнкі, не трэба быць празорцам, каб выказаць здагадку, што хутка ў асобных краінах да гэтых двух крызісаў можа дадацца і трэці — палітычны. Адпаведныя сімптомы ўжо ёсць. «Унутраныя крытычныя ацэнкі, у першую чаргу з боку насельніцтва і бізнесу, у шэрагу заходніх дзяржаў чуваць усё гучней, — звярнуў увагу ён. — Заявы ледзь не аб эканамічным калапсе ў нашых краінах змяніліся цвярозымі меркаваннямі аглядальнікаў, аналітыкаў і асобных палітыкаў аб тым, што санкцыі ўдарылі па саміх ініцыятарах значна больш».

Пры гэтым беларускі лідар адзначыў: «Мы рэальна глядзім на рэчы і не чакаем, што гэты накат у найбліжэйшай будучыні (вось заўтра) аслабне. Мы ўжо ў пэўнай ступені загартаваліся». Самае галоўнае, як падкрэсліў Аляксандар Лукашэнка, — не дапушчана падзенне ўзроўню дабрабыту грамадзян. «Дасягнута гэта ў тым ліку і дзякуючы нашым сумесным мерам па супрацьдзеянні знешняму ціску і забеспячэнню ўстойлівасці нацыянальных эканомік ЕАЭС, — канстатаваў ён. — Прынятыя ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза рашэнні дазволілі істотна знізіць негатыўны эфект ад санкцыйнага ціску і падтрымаць важныя галіны эканомікі». 

Аднак спыняцца, па меркаванні Прэзідэнта Беларусі, ні ў якім разе нельга. У сувязі з гэтым ён агучыў на саміце тыя стратэгічныя напрамкі развіцця ЕАЭС, якім трэба ўдзяліць прыярытэтную ўвагу.


На палях саміту ЕАЭС Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні журналістаў

Аб заявах Меркель

Сутнасць заяў Меркель зводзіцца да таго, што тады Мінскія дамоўленасці яна разглядала як магчымасць даць Кіеву час нарасціць сілавы і вайсковы рэсурс.

«Калі гэта так было б, як яна кажа, гэта агідна. Але гэта не так. І тое, як ёсць насамрэч, гэта не проста агідна — гэта мярзотна. Меркель... Я таксама гэтага не чакаў. І Прэзідэнт Расіі аб гэтым сказаў: ён не чакаў такога выпаду ад Ангелы Меркель. Яна паступіла дробязна, агідна. Яна жадае быць у трэндзе. Мінскія пагадненні і пазіцыя Меркель, як і іншых, у тым ліку і Парашэнкі, былі тады вельмі сур’ёзныя. Уяўляеце, пасля мінскіх паседжанняў увесь свет гаварыў аб тым, што нарэшце зрабілі крок і падпісалі гэтыя дамовы. Спынілася вайна, перасталі гінуць людзі. Усё гэта пазітыўна ацэньвалі», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што не ўсё так проста, як цяпер гучыць у аналагічных заявах Ангелы Меркель і Пятра Парашэнкі: «Сёння на тым фоне гаварыць пра тое, што яны з Парашэнкам, гэты Аланд (экс-прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд. — «Зв.» ), якога яна за руку вадзіла на маіх вачах... Яны, нібыта, правялі таемную аперацыю, падманулі ўсіх, перш за ўсё Расію, Пуціна, і ўсіх у свеце, далі паўзу, магчымасць украінскую армію падрыхтаваць да гэтай вайны... Калі б гэта было так, гэта занадта проста. Вось падманулі, падрыхтаваліся да вайны і ваююць зараз. Ну, калі гэта так (гэта не так), чаго тады выць і стагнаць, што ідзе вайна? Вы да яе рыхтаваліся».

Аб умовах міру ва Украіне

У выпадку рэалізацыі Мінскіх пагадненняў Украіна была б цэласнай і ніякай вайны не было б, заўважыў Прэзідэнт. «Тады можна было. Ужо вось да гэтага б часу, калі б пайшлі тым шляхам, што прапаноўваў Пуцін, і дагавор быў заключаны, сёння, акрамя Крыма, Украіна была б цэласнай. Ніякай вайны не было б», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў той час перадаваў інфармацыю, пажаданні і патрабаванні ад Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна былому кіраўніку Украіны Пятру Парашэнку і наадварот. «Я неяк гаварыў, што Пуцін у апошні раз перадаў Парашэнку, што дапамогуць тое, што разбурана, аднавіць. А разбурэнні былі мінімальныя. Але яны на гэта не пайшлі. Яны рыхтаваліся да вайны», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

У 2021-2022 гадах з Данбаса павінна была пачацца вайна супраць Расіі, але яна спрацавала на апярэджанне. «Мы дакладна ведаем (у бліжэйшы час, я Пуціну сказаў, мы абнародуем гэтыя факты), як яны павінны былі пасля 2020 года — мяцяжу ў Беларусі, калі складзецца сітуацыя і выйдуць на граніцу Смаленскай вобласці з войскамі НАТА (захопяць у нас уладу), пачаць вайну супраць Расіі з Данбаса», — заявіў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, прычынай павінна было паслужыць тое, што Расія захапіла чужыя тэрыторыі. «Адтуль павінна была пачацца вайна ў 2021-м, можа, 2022 годзе. Расія спрацавала на апярэджанне. Таму не трэба Расію папракаць з-за заяў Парашэнкі, Меркель. Ілжывых заяў, што Расія пачала вайну», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што на сустрэчах з расійскім лідарам размова заўсёды ішла пераважна аб неабходнасці весці перагаворы для спынення канфлікту ва Украіне: «Мы заўсёды гаварылі аб дагаворы, аб спыненні вайны, аб тым, каб вайна гэта спынілася. Аб гэтым мы ў цэлым гаварылі заўсёды. Памятаеце і мае выказванні, і яго, што Зяленскаму проста не даюць гэта зрабіць».

«У гэтым кантэксце мы размаўлялі. Але ніколі не абмяркоўвалі канкрэтныя тэрыторыі: Херсон, Луганск, Данецк і гэтак далей, хто каго павінен вызваліць...» — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены: калі Прэзідэнт Украіны цяпер будзе патрабаваць ад Расіі выйсці з тэрыторый Херсона, Запарожжа, Луганска, Данецка, гэта значыць, што перагавораў не будзе. «Гэта папярэдняя ўмова, якая непрымальная для Расіі. На гэтым этапе, мне здаецца, Расія наогул можа не прыняць такія ўмовы: выходзьце з Запарожжа, Херсона і гэтак далей. Нельга такія патрабаванні выстаўляць Расійскай Федэрацыі. Па многіх прычынах», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Калі хочаце міру — трэба сесці за стол перагавораў і там у цішыні, спакоі абмяркоўваць усе пытанні: хто што павінен вызваліць — або Расія, або Украіна. Калі гэтых крокаў няма, чытай: яны не хочуць гэтых перагавораў і размоў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб цане на расійскі газ

«Галоўнае — роўныя ўмовы. Няхай газ будзе і 1600 долараў, як у Еўропе, не дай бог, вядома. Але роўна ў Расіі і Беларусі. Вось гэта для нас важны элемэнт. Ну, мы дамовімся», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ён і Прэзідэнт Расіі дамовіліся ў бліжэйшы час сустрэцца па эканамічных праблемах. «Абмеркаваць пытанні бяспекі, але галоўнае — эканамічныя праблемы. Мы там будзем абмяркоўваць гэту праблему па энерганосьбітах», — сказаў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што газавыя і энергетычныя пытанні ўзнімаліся ў тым ліку і на саміце ЕАЭС, які адбыўся ў Бішкеку. «Мы гэтае пытанне другім або трэцім на парадку дня разглядалі», — сказаў ён. Усе бакі выказалі сваю пазіцыю.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў 2025 годзе партнёры ў ЕАЭС павінны выйсці на гэтыя адзіныя энергетычныя рынкі, у тым ліку па газе. «Ну і дамовіліся, што мы будзем спакойна ісці, на большае не здольныя. І не толькі Расія, як аказваецца, не гатова да такіх рэзкіх рухаў, але практычна ўсе краіны, якія сёння здабываюць або купляюць, напрыклад, газ. Таму што ў двухбаковым фармаце (на гэтым этапе будуць вырашаць адпаведныя пытанні. — «Зв.»). Дамовіліся, паколькі з 2025 года рынак будзе працаваць: давайце не будзем адзін аднаго тут раздзіраць, а на двухбаковай аснове ўрэгулюем гэта пытанне. На вузкім складзе (Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. — «Зв.») мы аб гэтым дамовіліся», — расказаў беларускі лідар.

Аб разліках расійскімі рублямі

Беларусь задавальняе выкарыстанне ў міждзяржаўных разліках расійскага рубля. Нейкіх праблем у сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка не бачыць: «Калі нас вымусілі, я сказаў: «Ну і нічога, мы задаволены расійскім рублём».

Больш таго, Беларусь сама выступала ініцыятарам пераходу на расійскі рубель у разліках за энергарэсурсы, нагадаў Прэзідэнт. «Мы даўно, калі памятаеце, Расіі прапаноўвалі: «Давайце гандляваць за расійскі рубель». — «Не, давайце за долар» (адказвалі Беларусі на гэту прапанову. — «Зв.»). І мы вымушаны былі гэты долар зарабляць невядома дзе і потым плаціць за нафту, газ. Сёння нас задавальняе стан разлікаў у расійскіх рублях»

Паводле БелТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.