Вы тут

З пачатку года ў краіне адбылося больш за 5,5 тысячы пажараў


Колькасць пажараў у дні навагодніх і калядных свят павялічваецца больш як на 20 працэнтаў адносна звычайных дзён, а гібель людзей на іх — у два разы. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі «Узаемадзеянне з насельніцтвам па пытаннях бяспекі жыццядзейнасці: правілы пры знаходжанні паблізу энергааб’ектаў, абыходжанні з піратэхнічнымі вырабамі, паводзін на водных аб’ектах, пажарная бяспека» ў Доме прэсы расказаў памочнік міністра па надзвычайных сітуацыях, прэс-сакратар МНС Яўген Бараноўскі. Пік пажараў прыпадае на навагоднюю і калядную ночы. Пераважная іх колькасць, прыкладна 91 працэнт, адбываецца з-за чалавечага фактару.


З гэтай прычыны МНС на працягу снежня праводзіць рэспубліканскую акцыю «Бяспечны Новы год», якая складаецца з трох этапаў. «Падчас акцыі акцэнт будзе зроблены і на аб’екты з масавым знаходжаннем людзей, і на наведванне домаўладанняў грамадзян і растлумачэнне асноўных правілаў пажарнай бяспекі, і на работу з дзецьмі і моладдзю на прадмет таго, каб расказваць і паказваць, як неабходна сябе паводзіць, каб прадухіліць пажар, і што рабіць у выпадку яго ўзнікнення. Таксама акцэнт робіцца на навучанне персаналу, праверку эвакуацыйных шляхоў і сістэм аўтаматыкі ў інтэрнатах і аб’ектах з масавым знаходжаннем людзей. Робіцца ўсё, каб скараціць рызыкі ўзнікнення пажараў і траўміравання людзей ад іх», — падкрэсліў прэс-сакратар МНС.

Усяго з пачатку года ў краіне адбылося больш за 5,5 тысячы пажараў, на якіх загінула больш за 500 чалавек. Яўген Бараноўскі адзначыў, што сярод прычын пажараў можна вылучыць тры асноўныя: неасцярожнае абыходжанне з агнём, няправільнае карыстанне электрапечамі і цеплагенерыруючымі прыладамі і парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак. «Курэнне ў стане алкагольнага ап’янення з’яўляецца дамінантным складнікам па прычынах пажару і па гібелі ў час пажараў у тым ліку. Прыкладна аднолькавая колькасць пажараў прыпадае на другую і трэцюю прычыны», — дадаў Яўген Бараноўскі.

Ён таксама падкрэсліў, што ў сувязі з ацяпляльным сезонам і актыўным выкарыстаннем насельніцтвам пячнога абсталявання ўзрасла колькасць пажараў па прычынах няспраўнасці печаў і іх няправільнага выкарыстання. 

Быў агучаны і шэраг рэкамендацый для прадухілення ўзнікнення ўзгаранняў па прычынах няспраўнасці пячнога абсталявання або яго няправільнага выкарыстання. У першую чаргу сама печка павінна быць спраўная, неабходна выключыць любыя расколіны. Таксама варта печ пабяліць, каб можна было лёгка вызначыць трэшчыны, якія зноў з’яўляюцца. Комін неабходна прачышчаць не радзей як адзін раз у два месяцы, як у пачатку, так і ў заканчэнні ацяпляльнага сезона.

Супрацоўнік МНС таксама падкрэсліў, што нельга захламляць печ. Пры топцы варта абавязкова прымаць да ўвагі, што яе перанапал не дапушчаецца. Трэба тапіць яе некалькі разоў у дзень з паўзамі ў дзве-тры гадзіны. Акрамя таго, неабходна прадугледзець прытопачны ліст — звычайную бляшаную пласціну памерамі 50×70 сантыметраў, якая дасць магчымасць выключыць узгаранне ў выпадку выпадзення вуглёў з топкі. «Частая прычына атручвання чадным газам, калі людзі перад сном засоўваюць засланку, не пераканаліся ў тым, што працэсы гарэння спыніліся. Тады ўвесь дым будзе паступаць у хату і вы рызыкуеце атрымаць атручванне. Працэсы гарэння, тлення павінны быць поўнасцю спынены, пасля чаго можна на ноч закрываць засланку».

Сяргей РАСОЛЬКА

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.