Вы тут

Жорсткія «квэсты». Што адбываецца ў Польшчы?


Больш за палову палякаў апасаюцца, што ўзімку ім не будзе чым ацяпляць свае кватэры. Такія дадзеныя ўключаны ў даклад аб беднасці за 2022 год. Агульнанацыянальнае даследаванне, якое правяла група Szlachetna Paczka, прадвяшчае палякам змрочныя перспектывы, адзначыў Еadaіly.com. Падчас апытання высветлілася, што 95 працэнтаў жыхароў краіны адчулі рост цэн на прадукты харчавання за апошнія шэсць месяцаў, а 89 працэнтаў — павелічэнне выдаткаў на ўтрыманне кватэры ці дома. 64 працэнты рэспандэнтаў пачалі эканоміць на культуры — не ходзяць у тэатры, кіно і г. д., 58 працэнтаў менш спажывае электраэнергіі, вады і газу, а 45 працэнтаў — менш купляе прадуктаў харчавання. Ад такіх жорскіх «квэстаў» палякі проста ў адчаі, тым больш што дзейснай падтрымкі ад улад чакаць не выпадае. Што ж адбываецца ў Польшчы, чаго нашым суседзям чакаць надалей?


Сам сабе шахцёр

Амаль 2,5 мільёна чалавек у Польшчы жывуць у дамах, дзе цячэ дах, няма герметычных вокнаў і дзвярэй, а на сценах і столях «яўна прысутнічае вільгаць». Кожны дваццаты жыхар краіны жыве без доступу да ваннай і прыбіральні. Кожная пятая сям'я з хваробай або інваліднасцю не можа пакрыць усе неабходныя выдаткі на лекі. 1,6 мільёна палякаў, у тым ліку 333 тысячы дзяцей, летась жылі ў крайняй галечы. «Гэта больш чым меркаваная агульная колькасць бежанцаў, якія засталіся ў нашай краіне з пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне», — адзначыў партал Onet.pl. «Гэта шмат. 2022-і стаў для многіх палякаў найцяжэйшым за многія гады. Увасобіўся найгоршы сцэнарый, — канстатуе Onet.pl. — Рэчы, якіх мы апасаліся больш за ўсё, сталі нашай паўсядзённай рэальнасцю».

Жыхары Польшчы пачалі паліць смецце для ацяплення дамоў. Аб гэтым паведаміў польскі вэб-партал Іnterіa. З надыходам халадоў кампаніі, якія займаюцца вывазам адходаў, заўважылі рэзкае скарачэнне колькасці смецця.

Праблема з наяўнасцю вугалю прывяла да таго, што жыхары Польшчы прынялі рашэнне самастойна здабываць дадзеную сыравіну. Bloomberg паведаміў аб супрацьзаконнай здабычы на тэрыторыі Ніжняй Сілезіі пры дапамозе шахт-капанак. Выданне Gazeta ў сваю чаргу адзначыла, што хуткі заробак дапамагае палякам выжываць падчас крызісу.

На тэрыторыі Ніжняй Сілезіі паўсюль можна знайсці вугаль усяго на мятровай глыбіні. На рынку Польшчы ён у дэфіцыце, таму кошт цяпер даволі высокі. Людзі, якія пражываюць на гэтай тэрыторыі, ведаюць пра гэта і актыўна выкарыстоўваюць такую магчымасць.

Выданні распавядаюць пра мясцовага жыхара, які вырашыў не называць свайго імя, каб пазбегнуць пакарання за незаконныя дзеянні. Ён працуе таксістам, але на працягу апошніх месяцаў яго аўтамабіль выкарыстоўваецца не для перавозкі грамадзян, а для транспарціроўкі вугалю, які здабываецца ім асабіста. Суразмоўца адзначыў, што на працягу гадзіны ён можа здабыць прыблізна тону вугалю, якую без цяжкасцяў у Польшчы магчыма хутка прадаць за тысячу злотых (каля 215 еўра).

Вяртанне ў XІX стагоддзе

Разгортваецца маштабная экалагічная катастрофа. За апошнія месяцы на поўдні Польшчы былі высечаны сотні тысяч дрэваў. Журналісты Onet.pl праінспектавалі лясы ў перадгор'і Заходніх Бескідаў і проста прыйшлі ў шок. «У Падхалі, Спішы, Араве, у Пенінах, Горцы, Сондэчызне ці каля Бабінай Гуры ў кожным лесе чуваць маторныя пілы, а побач з дамамі ляжаць кучы дроў для спальвання. Вялікі крызіс на вугальным рынку прывёў да таго, што польскія горцы адчулі: іншых варыянтаў у іх няма — даводзіцца ісці па дровы, і эколагі перасцерагаюць: гэта можа мець катастрафічныя наступствы», —- піша выданне.

Журналісты цытуюць Міраслава, жыхара вёскі Урублаўка: «Калі тона вугалю каштуе 4 тысячы злотых, а газ таксама дарагі, многія вырашылі, што да зімы трэба рыхтавацца самастойна. Бо ніхто з нас не жадае, каб яго сям'я змерзла. У мяне няма альтэрнатывы ацяплення дома. Я буду паліць дровамі, калі кошт вугалю раптам не ўпадзе да 2 тысяч злотых. Тады я змагу дазволіць сабе купіць яго».

У польскіх лясніцтваў ёсць ліміт штогадовай высечкі для адпаведных участкаў, аднак, як прызнаецца ляснічы Наватаргскага лясніцтва Даніэль Куспер, «насамрэч ніхто не ведае, колькі дрэў у адпаведнасці з гэтым дакументам было высечана ў лясах паўднёвай Малапольшы за апошнія гады і колькі высечана цяпер».

Драўніна стала настолькі каштоўнай, што многія фермеры не пакідаюць у лесе нават галінак, якія засталіся пасля высечкі, адзначае Onet.pl. «Раней з імі абыходзіліся як з адходамі і складалі ў кучу, каб яны гнілі і забяспечвалі пажыўнае асяроддзе для падлеску. Сёння галінкі таксама забіраюць дадому, каб спаліць, — заўважае выданне. — Калі б год таму вы спыталі мясцовага жыхара, якое дрэва лепш за ўсё падыходзіць для топкі ў печцы, адказам было б: бук, ясень ці лістоўніца. Пасля высечкі і сушкі гэтыя дрэвы даюць цвёрдую драўніну, якая пры спальванні доўга гарыць, дае шмат цяпла і не выклікае сажы ў коміне. Аднак цяпер у горных раёнах высякаецца літаральна ўсё. Елкі ці хвоі, якія раней лічыліся занадта смалістымі для спальвання ў печы, зараз таксама выкарыстоўваюцца». Жыхар камуны Букавіна-Татшаньская Бартламей вынес вердыкт Польшчы: «Сёння наша краіна вярнулася ў XІX стагоддзе».

Цэны прыводзяць у жах

Цэны на прадукты прыводзяць палякаў у жах. «Зіма пачынаецца, і ў нас яна будзе цяжэйшая, чым папярэднія. Спадзяюся, Беларусь з такімі праблемамі не сутыкнецца. Раней мы проста казалі пра перспектывы крызісу, а зараз усё больш адчуваем яго. Інфляцыйныя з'явы вярнулі нас у стан, у якім мы знаходзіліся ў канцы так званых ліхіх дзевяностых, — распавёў на YouTube-канале БелТА польскі палітолаг Матэвуш Піскорскі. — Што да эканомікі, то мы практычна анулявалі большасць эканамічных дасягненняў, якія ў нас былі пасля 2004 года, калі Польшча ўступіла ў Еўрасаюз. Цяпер мы хуткімі тэмпамі вяртаемся ў дзевяностыя гады, калі мы сутыкнуліся з так званай эканамічнай трансфармацыяй краіны. Таму пакуль у Польшчы няма аптымістычных навін, чым усё гэта скончыцца на сацыяльным і палітычным узроўнях».

Палітолаг нагадаў, што ў наступным годзе ў Польшчы пройдуць выбары, таму ўсе наперадзе. Паводле яго слоў, некаторыя думаюць, што ў бліжэйшыя месяцы шмат што зменіцца. Між тым зараз палякі сутыкнуліся з імклівым ростам цэн. «Я думаю, што зараз ва ўсіх у Польшчы галоўная праблема — гэта тое, што даводзіцца некалькі разоў правяраць рахункі. Нават тыя, якія атрымліваюцца ў краме пасля паходу за прадуктамі. Больш за ўсё інфляцыя адбілася на кошце харчавання, — заўважыў Матэвуш Піскорскі. — Так што гэта датычыцца не толькі цэн на энерганосьбіты».

Спіраль доўгу

Тым часам дзеянні ўладаў сітуацыю зусім не паляпшаюць. Партыя «Права і справядлівасць» (ПіС) за два тэрміны знаходжання ва ўладзе набрала столькі даўгоў, колькі ўсе папярэднія ўрады Польшчы за 20 гадоў, піша польскі часопіс Dzіennіk Polіtyczny. Польская эканоміка аказалася ў бядзе. Галапіруючая інфляцыя ў кастрычніку дасягнула 17,9 %. І гэта прытым, што ў краіне дзейнічае «антыінфляцыйны парасон», які плануюць адмяніць у канцы года.

Калі «Права і справядлівасць» прыйшла да ўлады, дзяржаўны доўг Польшчы складаў 969 мільярдаў злотых ($ 214,7 млрд), цяпер ён перавышае 1,5 трлн злотых ($ 332,3 млрд). «Такім чынам, можна сказаць, што за два тэрміны паўнамоцтваў урад ПіС набраў ад нашага імя амаль столькі ж, колькі ўсе папярэднія ўрады за апошнія дваццаць ці каля таго гадоў», — расказаў польскі эканаміст, былы член Савета па грашова-крэдытнай палітыцы Польшчы Багуслаў Грабоўскі. Паводле яго слоў, палякі будуць бясконца выплачваць даўгі, узятыя цяперашнім урадам.

«Горш за ўсё тое, што ўзровень дэфіцыту дзяржаўных фінансаў, гэта значыць узровень росту доўгу, ужо настолькі высокі, што ўрад не ў стане фінансаваць яго на ўнутраным рынку, выпускаючы аблігацыі ў злотых. Адбылося такое скарачэнне нацыянальных рэзерваў, што ўжо немагчыма фінансаваць такі вялікі дэфіцыт». Таму ўраду даводзіцца шукаць грошы за мяжой», — адзначае эксперт.

На думку многіх эканамістаў, палякаў чакаюць цяжкія гады. «Права і справядлівасць» прывяла да крызісу ў дзяржаве і эканоміцы, таму дзеянні, якія цяпер будуць праводзіцца, стануць балючымі», — заявіў Грабоўскі. Ён лічыць, што тым сілам, якія прыйдуць да ўлады пасля наступных парламенцкіх выбараў, давядзецца праводзіць балючую для грамадства эканамічную палітыку.

Сёння ў Польшчы ідуць спрэчкі наконт таго, як выходзіць з цяперашняга крызісу: дзейнічаць хутка ці паступова. У першым выпадку давядзецца прымаць меры, якія стануць для насельніцтва шокавай тэрапіяй. У другім выпадку працэс будзе больш ашчадным, але крызісныя з'явы працягнуцца даўжэй. На думку Багуслава Грабоўскага, другі шлях будзе цяжэйшым для бедных слаёў насельніцтва. «Інфляцыя нясе сацыяльныя выдаткі і зніжае даходы, асабліва самых нізкааплатных катэгорый грамадзян. Дык што, лепш людзям з самымі нізкімі даходамі, якія ледзь зводзяць канцы з канцамі, трываць гэты боль 5 гадоў ці 2 гады? Калі хтосьці хоча падоўжыць гэты балючы стан, рызыкаваць далейшым развіццём хваробы, то гэта прывядзе нас да крызісу, які зацягнецца на дзесяцігоддзі», — лічыць эканаміст.

Ён таксама растлумачыў, што шокавая тэрапія заключаецца ў хуткім зніжэнні дзяржаўнага доўгу і тэмпаў росту інфляцыі. «Без таго эканоміка не будзе развівацца. Згодна з прагнозамі Нацыянальнага банка Польшчы, рост ВУП у 2023 годзе складзе 0,7 працэнта, і толькі праз тры гады ён дасягне ўзроўню двух працэнтаў. Калі мы будзем развівацца так з хуткасцю 0-2 працэнта, мы не дагонім заходне-еўрапейскія краіны і ўсе гэтыя 30 гадоў польскага эканамічнага цуду акажуцца марнымі», — заявіў Багуслаў Грабоўскі. Эксперт дадаў, што адказнасць за цяжкае становішча Польшчы ляжыць на ўрадзе, які гадамі павялічваў дэфіцыт бюджэту, робячы ўпор на сацыяльныя выплаты. Людзям казалі, што ў краіне ўсё добра і наперадзе чакае светлая будучыня. А насамрэч у Польшчы наспявалі праблемы. «Урад ПіС не здольны праводзіць ніякай іншай палітыкі. Яна ў іх накіравана не на макраэканамічную стабільнасць, а на куплю галасоў выбаршчыкаў», — заявіў эксперт.

У такой сітуацыі ўрад Польшчы працягвае браць у доўг. І за мяжой па-ранейшаму не супраць пазычыць Польшчы грошы, але пад высокія працэнты. «У нас рэзка ўзрос кошт абслугоўвання доўгу. Калі так здарыцца, што злоты аслабне (а мы на гэтым шляху) і нам давядзецца плаціць высокія працэнты, мы трапім у вельмі сур'ёзную спіраль доўгу», — падкрэсліў эканаміст.

Масты і агароджы

У такой сітуацыі не дзіўна, што ў Беларусь з пачатку дзеяння бязвізавага рэжыму для жыхароў суседніх краін Еўрасаюза ўехала больш чым 18 тысяч грамадзян Польшчы. Імідж нашай краіны змяняецца дзякуючы таму, што многія палякі могуць завітаць да нас па бязвізе. Аб гэтым заявіў польскі палітолаг Матэвуш Піскорскі. «Многія грамадзяне Польшчы сёння наведваюць Беларусь дзякуючы бязвізу. Пачаўся дзіўны працэс. Я віншую беларускае кіраўніцтва з прыняццем такога рашэння. Нашы грамадзяне, якія наогул не цікавіліся палітыкай і верылі таму, што гавораць пра Беларусь у польскіх СМІ, прыязджаюць адтуль і публікуюць у сацсетках ролікі, нататкі, уражанні. Такім чынам, сапраўды мяняецца імідж Беларусі ў Польшчы. Яны бачаць, што такое Беларусь. Я думаю, гэта быў вельмі правільны крок. Хацелася б, каб гэтак працягвалася і як мага больш палякаў наведвала Беларусь», — заявіў палітолаг.

Разам з тым, аказваецца пэўны ціск на палякаў, якія з'ездзілі ў Беларусь ці Расію. Больш за тое, паводле слоў палітолага, ёсць выпадкі, калі ў розных дзяржаўных органаў Польшчы ўзнікаюць пытанні да такіх людзей. Тым не менш, упэўнены палітолаг, аповеды суседзям, калегам, сябрам ці знаёмым пра паездку ў Беларусь яшчэ больш эфектыўныя, чым пасты ў сацсетках ці паведамленні ў СМІ. «Па ўспамінах са сваіх шматлікіх паездак у Беларусь магу сказаць, што вы самыя адкрытыя на постсавецкай прасторы, — заўважыў Матэвуш Піскорскі. — У мяне была магчымасць наведаць большасць краін былога Савецкага Саюза, і такой адкрытасці, як у Беларусі, я нідзе не ўбачыў».

Уменне адрозніваць погляды палітыкаў Польшчы ад поглядаў простых польскіх грамадзян сведчыць аб узроўні культуры Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, лічыць Матэвуш Піскорскі. Палітолаг падзяліўся сваім меркаваннем аб віншаванні, якое беларускі лідар накіраваў польскаму народу з нагоды нацыянальнага свята незалежнасці. «Я апасаюся, што заклік Аляксандра Лукашэнкі будаваць масты сяброўства, а не агароджы, не быў пачуты. Польскае кіраўніцтва прыслухоўваецца да іншых партнёраў», — адзначыў Матэвуш Піскорскі. Тым не менш, ён распавёў, што «ёсць пэўны прагрэс» — у некалькіх польскіх СМІ з медыйнага мэйнстрыму ўсё ж з'явіліся ўрыўкі з віншавання Аляксандра Лукашэнкі. Палітолаг адзначыў: ён вельмі рады, што «ёсць нейкая частка палякаў, якая сапраўды прачытала». Спецыяліст дадаў, што Прэзідэнт Беларусі, нягледзячы на тое, што ў адносінах да яго і беларускай дзяржавы робіць польскі палітычны клас, не пераходзіць на антыпольскія пазіцыі.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».