Вы тут

Што пасееш...


Мой візіт да сяброўкі аказаўся нейкім... скамечаным. Лена адчыняла пад'езд і тамбур для «хуткай» і міліцыі, а потым для персаналу спецмашыны, якая вывозіць целы памерлых людзей. У суседняй кватэры гадоў пяць не працаваў дамафон, і ўвесь гэты час менавіта Лена і яе сям'я, як яна горка жартавала, былі брамнікамі.


А жыла ў той кватэры цётка Тася, як называла яе Лена. У свой час жанчына разам з мужам зарабілі дачцэ на кватэру, удала, як яны казалі, выдалі яе замуж, ужо і ўнук вырас. Апошнія два гады цётка Тася не выходзіла на вуліцу, хварэла. Дачка, зяць і ўнук не песцілі пажылую жанчыну візітамі. Пару разоў у месяц прыносілі прадукты, набытыя за пенсію цёткі Тасі. Што і як яна гатавала, ніхто не ведаў. Жанчына нікога не пускала ў кватэру, акрамя медыкаў.

Мінула, можа, гадзіна, як з'ехала спецмашына, а дачка ўжо вынесла на кантэйнерную пляцоўку коўдру ў ірваным і брудным падкоўдраніку, куцую падушку, пакет са старым адзеннем. Асобна паставіла ўвесь у сколах эмаліраваны рондаль, тры талеркі і адзін кубак з адбітай ручкай — старое, з ледзь бачным малюнкам. Усё гэта бурна абмяркоўвалі суседкі — старажылы дома, якія зайшлі да Лены, каб даведацца, што ёй вядома.

Амаль праз год Лена расказала працяг гісторыі. Аказваецца, Анжэла — дачка цёткі Тасі — вучылася з маёй сяброўкай у паралельным класе. Дык вось Анжэла скардзілася, што ў доме знікла традыцыя збіраць па-суседску грошы на пахаванне, як было яшчэ гадоў пятнаццаць таму. Аргумент Лены, што ў шматпавярховіку шмат новых жыхароў, якія адзін аднаго не ведаюць і такія традыцыі ўжо не падтрымліваюць, Анжэла чуць не хацела. Яшчэ і абуралася, што «ўсе зажырэлі», бо ніхто не падабраў рэчы яе мамы. Тут ужо Лена не вытрымала: «Ты хочаш, каб хтосьці ўзяў з памыйніцы коўдру, якой накрывалася пажылая хворая жанчына? Думаю, хімчыстка абыдзецца даражэй, чым набыць сучасную коўдру». Анжэла здзіўлялася: «У доме ж ёсць яшчэ старыя, навошта ім новае — і так сыдзе». Увогуле, размовы ў жанчын не атрымалася.

Лена распавядала, што цётка Тася і яе муж былі вельмі спрытныя. Мужа адправілі ў камандзіроўку ў зону Чарнобыльскай АЭС неўзабаве пасля надзвычайнага здарэння на станцыі. Пасля прыезду муж і жонка развяліся. Муж атрымаў аднапакаёвую кватэру, якую здаваў у арэнду. Жыў мужчына з сям'ёй, а перад выхадам на пенсію зноў распісаўся з жонкай.

Зрэшты, цётка Тася ўвесь час усім казала, якая ў яе выдатная дачка, і бязлітасна крытыкавала дзяцей, а потым і ўнукаў суседзяў. Лена нават некалькі разоў ёй выгаворвала за тое, што яна шукала «недахопы» ў яе сына. Анжэла вырасла такой жа: усе вакол яе няўдачнікі, і толькі яна ўся з сябе паспяховая. І вучыла жыццю суседак, лузераў у яе разуменні. Пенсію цёткі Тасі перавялі на картку, і грашыма распараджалася таксама Анжэла: «Урачы прызначалі кучу лекаў, я пацікавілася і зразумела, што хопіць парачкі танных прэпаратаў, а без дарагіх можна абысціся». Ежу купляла маці ў самай таннай краме, бо «яна ўжо ў такім стане, што не асабліва разумее, што смачна, што — не». За грошы, што назапасілі з пенсіі, зрабілі рамонт, каб «бабушатнік» ператварыць у стыльную хату і здаць у арэнду айцішнікам за добрыя грошы.

Брыгада будаўнікоў, якая рамантавала кватэру, пацяшаліся з заказчыкаў: «Айцішнікі скончыліся, зараз актуальна здаваць жыллё кур'ерам і грузчыкам, якія прыязджаюць з іншых рэгіёнаў». Як у ваду глядзелі. «Хата» так і стаіць пустая: гаспадары дагэтуль не могуць знайсці вартых дызайнерскага рамонту арандатараў.

«Усё гэта мішура, — кажа сяброўка. — Я вось пра што думаю: цётка Тася пылінкі здзімала з дачкі — і што ў выніку атрымала? Мабыць, яна ўсё гэта прадчувала, таму што пасля смерці мужа замовіла двайны помнік. І тое Анжэла скуголіла: за дэмантаж і паўторную ўстаноўку заплаці, за даданне даты нараджэння і смерці — заплаці, жах колькі выдаткаў. У маім пад'ездзе жыве цётка Света. Дык яе дачка і сын нават нам, дзецям, здаваліся крыху недагледжанымі. Мне і брату не забаранялі з імі гуляць, а вось цётка Тася не дапускала сваю Анжалачку да «гэтага жабрачага быдла». Цётка Света гадавала дзяцей адна, муж загінуў у ДТЗ... Дык вось цяпер гэтыя дзеці, якія даўно маюць сваіх дзяцей, ледзь не кожны дзень прыязджаюць да мамы, часта бачу, што ў спецыяльных скрынях нясуць прыгатаваную ежу. Сын на сваёй машыне возіць цётку Свету ўсюды, дачка ходзіць з ёй у тэатры, спецыяльна купілі лецішча — маўляў, мама ж заўсёды марыла».

...Гэта гісторыя ўсё не выходзіць з галавы. Згадваю фразу адной з суседак: «Такая ўладкаваная сям'я: усе з вышэйшай адукацыяй, забяспечаныя. Ніколі б не падумала, што на старасці гадоў Таісію давядуць да такога жыцця». Так, мы спачатку бачым толькі тое, што нам хочуць паказаць: вось, маўляў Анжэлачка скончыла ВНУ, вось мы такія крутыя, першая іншамарка ў двары — наша... Толькі бясконцы бег за прыгожай «вітрынай» вытрымліваюць не ўсе. Некаторыя ў гэтай пагоні забываюць пра душу. І гэта «забыўчывасць» потым вяртаецца бумерангам.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».