Вы тут

Ці трэба вучыцца, каб мець поспех у выхаванні дзяцей?


Магчыма, многія мужчыны ўспрымуць такую прапанову без асаблівага энтузіязму. Маўляў, якая тут патрэбна навука? У бацькі самы важны клопат — забяспечыць сям'ю, зарабіць грошы, па магчымасці задаволіць патрэбы дзяцей, а з выхаваннем няхай спраўляецца маці. Праўда, такі стэрэатып пачаў адыходзіць у мінулае. Сучасныя таты ўжо не хочуць стаяць убаку ад сямейнага жыцця, а імкнуцца наладжваць з дзецьмі кантакт. Каб дапамагчы бацькам умацаваць сям'ю, стаць сваім дзецям сапраўдным сябрам і дарадчыкам, у Гродне збіраюць татаў на пасяджэнні тата-школы «Давер».


Фота Лізаветы Голад.

Ініцыятарамі школы татаў сталі жанчыны. Ідэю прапанавалі прадстаўніцы гродзенскага аддзялення Беларускага саюза жанчын, а вось яе рэалізацыяй заняліся супрацоўніцы абласнога Інстытута развіцця адукацыі. Менавіта тут ужо некалькі гадоў збіраюцца прадстаўнікі моцнай палавіны, каб спасцігнуць ролю таты ў сям'і, абмеркаваць з прафесійным псіхолагам пэўныя праблемныя моманты, прыняць удзел у ролевых гульнях і майстар-класах. Сёлета такія заняткі прайшлі пяты раз і сабралі 40 чалавек з усёй вобласці.

— Гэта таты розных пакаленняў: і тыя, у каго салідны стаж, і тыя, хто нядаўна стаў татам, і тыя, хто яшчэ ім будзе. Мы не чытаем лекцыі, а працуем інтэрактыўна. Гэта свайго роду псіхолага-педагагічная майстэрня, дзе педагогі, псіхолагі, спецыялісты розных профіляў вучаць праз гульні разбіраць жыццёвыя сітуацыі, — тлумачыць старшыня абласнога аддзялення Беларускага саюза жанчын Ірына Сцепаненка.

На занятках таты не проста слухаюць вызначаны курс паспяховага бацькоўства, а праходзяць пяць этапаў навучання. Увесь калектыў разбіваецца на некалькі груп, і яны па чарзе пераходзяць з адной аўдыторыі ў другую, дзе іх чакаюць выкладчыкі і цікавыя тэмы. Напрыклад, на першым этапе татаў вучаць быць мудрымі. Што гэта значыць у сямейным кантэксце? Па словах арганізатараў, мудрасць з боку таты трэба разумець як адказнасць.

— Мы вучым важным аспектам адказнасці ў сям'і, бо калі тата адказны, то і дзеці будуць такімі. Менавіта тата фарміруе ў дзяцей гэту якасць. Ёсць заняткі, на якіх вучаць сумеснай гульні з дзецьмі. Асобны курс прысвечаны праблемам выхавання ў сям'і, у прыватнасці як выходзіць са складаных сітуацый. Гэтыя невялікія урокі — вялікі задзел для будучага паспяховага жыцця не толькі нашых татаў, але і ўсёй сям'і, — упэўнена прадстаўніца жаночай арганізацыі.

Пад уплывам такой грунтоўнай прэзентацыі праекта з боку арганізатараў разам з татамі накіроўваюся ў аўдыторыю, дзе гаворка якраз і пойдзе пра наладжванне кантактаў з дзецьмі. Заняткі вядзе старшы выкладчык кафедры псіхолага-педагагічнага суправаджэння абласнога Інстытута развіцця адукацыі Вольга Салавей. Яна прыводзіць такія вынікі даследавання. Напрыклад, чытанне і купанне дзеці малодшага ўзросту лічаць самымі шчаслівымі, калі тое робіць тата. Са старэйшымі — абмеркаванне песень, выступленні, гульні, спорт, тое, што для дзіцяці важна. Пры гэтым неабходна сфарміраваць даверлівыя адносіны — не толькі нешта выпытваць у дзяцей, але і расказваць пра сябе. «Калі вы не расказваеце аб сабе — чаму дзіця будзе расказваць аб сабе?» — задаецца пытаннем куратар секцыі. Па словах псіхолага, дзіцяці дастаткова ад 15 да 30 хвілін якасных зносін з татам у дзень. Гэта тая сітуацыя, калі будзе камфортна. Але толькі ў выпадку, калі такая гутарка вядзецца ў спакойнай утульнай абстаноўцы, а не па тэлефоне ці на хаду. Лічыцца, што дзеці растуць шчаслівымі, калі на кожную сварку і спрэчку прыходзіцца пяць пазітыўных момантаў. Вядома, нельга ўвесь час толькі гладзіць дзяцей па галаве і спускаць іх правіннасці на тармазах. Але яшчэ горш — не заўважаць іх поспехі і забываць пра пазітыў. Часта для кантактаў дастаткова проста прайсціся пешшу, пры гэтым нетаропка, без спешкі, абмеркаваць тое, што адбылося за дзень, альбо іншыя важныя моманты ў жыцці дзіцяці. «Хто можа ўспомніць, калі гуляў са сваім дзіцем удвух?» — задае Вольга Салавей пытанне зале. Аказалася, што такіх бацькоў адзінкі.

— Многія згодны з нашымі рэкамендацыямі, але не ўсе іх выконваюць. Мы спяшаемся, ляцім, рытм жыцця высокі, імкнёмся зрабіць як мага больш, а дзеці адыходзяць на другі план. Так не павінна быць, — лічыць выкладчыца.

Знаёмлюся са шматдзетным татам Ігарам Макарчыкам з Дзятлаўскага раёна. У яго трое дзяцей, старэйшаму сыну 16 — пераходны ўзрост. Менавіта гэта акалічнасць і стала нагодай для таго, каб наведаць заняткі. Па словах Ігара Макарчыка, яму важна даведацца, як будаваць адносіны з падлеткам. Яго насцярожвае інфантыльнасць падрастаючага пакалення і фанатычная залежнасць ад гаджэтаў. Між тым не ўсё, на думку шматдзетнага таты, залежыць ад бацькоў. Тэхнічны прагрэс не стаіць на месцы, і маладое пакаленне — яго актыўныя карыстальнікі. Але тут праблема яшчэ і ў спажывецкім падыходзе новага пакалення да грамадства.

Ігар кажа, што стараецца развіваць схільнасці дзяцей, цікавіцца іх поспехамі. У іх, можна сказаць, спартыўная сям'я. Сам тата часта гуляе ў футбол, нават выступае за каманду раёна, бярэ на гэтыя гульні і старэйшага сына. Праўда, той бачыць сябе ў ІТ-сферы. Затое сярэдні, на яго думку, мае спартыўныя перспектывы. Ён прымае ўдзел у спаборніцтвах «Залатая шайба», каманда два разы была прызёрам рэспубліканскаіх спаборніцтваў. Малодшай дачцэ таксама падабаецца хакей.

А вось Валерый Булойчык з Навагрудскага раёна яшчэ толькі вучыцца быць бацькам. Яго сыну ўсяго сем месяцаў. Тым не менш малады тата ўжо вызначыў падыходы да яго будучага выхавання на прыкладзе сваіх сяброў. Па яго словах, усе яны ўдзельнічаюць у выхаванні сваіх дзяцей, займаюцца з імі спортам, турызмам, гаспадарчымі справамі. На думку Валерыя, важна навучыць малых уменню паклапаціцца аб сабе, быць побач на працягу іх сталення, каб адпусціць у жыццё падрыхтаваным. Малады тата ўпэўнены: мужчына павінен умець забяспечваць сябе і сваю сям'ю. Але, каб данесці гэтыя жыццёвыя прынцыпы, трэба ўмець выбудоўваць адносіны з сынам. Для гэтага Валерый і прыехаў на заняткі тата-школы. Кажа, што атрымаў на будучыню вельмі карысную інфармацыю. Асабліва падчас псіхалагічнага майстар-класа, дзе ішла разборка некаторых сямейных сітуацый.

Напрыклад, падчас дыялогу важна, каб вочы бацькі былі на ўзроўні вачэй сына альбо дачкі. Не варта стаяць над дзіцем грознай хмарай. Са старэйшымі лепш сесці і абмеркаваць сітуацыю. Гатовыя «інструкцыі» мала што дадуць. Гэта ў жыцці бацькоў так было — у дзяцей павінна быць па-іншаму. Таксама спецыялісты не раяць татам капіраваць паводзіны іншых членаў сям'і — трэба мець уласны аўтарытэт.

Як адзначылі арганізатары тата-школы, сучасныя мужчыны імкнуцца быць паспяховымі не толькі ў кар'еры, але і ў выхаванні дзяцей. Аўдыторыя паспяховых татаў пашыраецца. Да гэтага руху далучаюцца і раёны. Такія школы існуюць, напрыклад, у Ваўкавыскім і Астравецкім раёнах. А ў Іўі клуб татаў арганізаваў дырэктар мясцовай школы Аляксандр Раманюк.

— Абмяркоўваем надзённае — сям'ю, дзяцей, разважаем аб выхаванні, праблемах. Як правіла, выносім актуальнае пытанне на парадак дня, і кожны дзеліцца сваім бачаннем. Хтосьці дае параду са свайго вопыту. Напрыклад, адзін наш удзельнік клуба расказаў, што мала ўвагі ўдзяляў старэйшаму сыну. А ў выніку ў таго праблемы з дысцыплінай, не так добра вучыцца, як мог бы. Цяпер, калі нарадзілася другое дзіця, тата стараецца не ўпусціць момант, пастаянна водзіць малодшага сына ў садок. Гэты чалавек вучыцца на сваіх памылках.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Урокі для... мужчын

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?