Вы тут

Знайсці ўправу на дэбашыра не толькі можна, а і неабходна


Пра сямейныя скандалы, якія заканчваюцца бойкамі і, на жаль, нават гібеллю жанчын, перыядычна паведамляюць крымінальныя зводкі. Адзін з нядаўніх выпадкаў, пра які расказалі ў Генеральнай пракуратуры, скончыўся не зусім тыпова: у дачыненні да 37-гадовага жыхара Нясвіжа раённы пракурор распачаў крымінальную справу. Пры гэтым жонка адмовілася падаваць заяву для прыцягнення мужа да крымінальнай адказнасці. Адметна, што такія паводзіны пацярпелых ад хатняга гвалту назіраюцца часта.


Сітуацыя распаўсюджаная: падазраваны выпіваў і ўчыняў дома скандалы. Паводле даных паркуратуры, з сакавіка 2021 да верасня 2022 года ён сістэматычна катаваў сваю 35-гадовую жонку. Раней яго неаднаразова прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці па эпізодах хатняга гвалту і паставілі на прафілактычны ўлік у міліцыі.

Акрамя таго, у дачыненні да яго выносілася ахоўнае прадпісанне, аб'яўлялася пракурорскае папярэджанне. Аднак усё аказалася марным, меры на мужчыну не падзейнічалі. У пракуратуры палічылі, што такім чынам закрануты інтарэсы дзяржавы і грамадства па забеспячэнні недатыкальнасці асобы, абароны жыцця і здароўя ад злачынных замахаў. Акрамя таго, мужчына схільны да агрэсіі, прымянення фізічнага і псіхалагічнага гвалту і можа здзейсніць у дачыненні да жонкі больш цяжкае злачынства, у тым ліку супраць яе жыцця і здароўя. Крымінальную справу завялі без заявы жонкі.

70 тысяч выпадкаў за год

Сёлета органы ўнутраных спраў зарэгістравалі каля 70 тысяч фактаў хатняга гвалту. З іх каля 15 тысяч — адміністрацыйныя правапарушэнні, а больш за 2,5 тысячы — крымінальныя.

— У бягучым годзе ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага адзначаецца зніжэнне зарэгістраваных цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў супраць жыцця і здароўя — забойстваў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Калі летась было зарэгістравана 76 забойстваў, то сёлета 69, наўмысных прычыненняў цяжкіх цялесных пашкоджанняў 156 і 126 адпаведна, — прыводзіць лічбы намеснік начальніка ўпраўлення прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў Канстанцін РУЦ.

Сёлета змянілася і заканадаўства, у прыватнасці Закон «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў». Згодна з ім, пашырылася кола асоб, гвалт у дачыненні да якіх разглядаецца як хатні. Цяпер да хатняга гвалту прыраўноўваюцца канфлікты паміж былымі мужам і жонкай; грамадзянамі, якія маюць агульнае дзіця; сваякамі, што пражываюць раздзельна; грамадзянамі, якія пражываюць пад адным дахам.

Таксама зменены парадак прымянення ахоўнага прадпісання. Раней яно выносілася толькі пасля паўторнага здзяйснення аналагічнага правапарушэння. Сёння ж апошняе прымяняецца на стадыі правядзення праверкі і падрыхтоўкі справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ці пры завядзенні крымінальнай справы. Ужо прыменена 13,3 тысячы ахоўных прадпісанняў, з іх 10 тысяч — з адсяленнем дэбашыраў з сям'і.

— Раней жанчына была вымушана сыходзіць з дому. Тое, што цяпер яна з дзецьмі можа застацца ў звыклай абстаноўцы, а высяляюць агрэсара, — вельмі важная мера, — адзначае кансультант упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена КОМЛІК. — Тое, што павялічваецца колькасць ахоўных прадпісанняў — добрая тэндэнцыя, бо агрэсар разумее, што можа быць пакараны высяленнем з уласнага дому. Гэта вельмі выцверажальная норма.

Шукаць дапамогу больш актыўна

У нашай краіне ва ўсіх 146 тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і двух гарадскіх цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей (у Гомелі і Мінску) аказваюцца кансультацыйна-інфармацыйныя, сацыяльна-псіхалагічныя паслугі, а таксама даюцца сацыяльны патранат і часовы прытулак.

Штогод у цэнтры звяртаецца каля 11 тысяч грамадзян, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, з іх 2,5 тысячы — сем'і з дзецьмі да 18 гадоў. Найбольш запатрабаваныя кансультацыйна-інфармацыйныя паслугі (іх атрымлівае каля 80 % ад тых, хто звярнуўся), і сацыяльна-пісхалагічныя (аказваюцца 60 %).

Тыя, хто мае патрэбу ў бяспечным прытулку, могуць атрымаць часовае месца. Па ўсёй Беларусі створана сетка са 136 крызісных пакояў, дзе маецца 131 ложка-месца, у тым ліку 126 ложка-месцаў для дзяцей. Вялікая частка крызісных ложкаў (47 %) размешчана на базе тэрытарыяльных цэнтраў, у тым ліку на базе аддзяленняў кругласутачнага знаходжання. Таксама крызісныя пакоі размяшчаюцца ў кватэрах, дамах, установах адукацыі, аховы здароўя, гасцініцах, інтэрнатах.

— У многіх краінах практыка іншая: ёсць дом, у які селяцца толькі ахвяры хатняга гвалту, і іх 2-3 па краіне. Але мы пайшлі іншым шляхам. Нашы жанчыны прывязаны да працы, дзіцячых садкоў, устаноў адукацыі, дзе вучацца дзеці. Таму прынята рашэнне забяспечыць шырокі доступ, каб дапамога мелася ў кожным раёне і не трэба было кудысьці ехаць, — каментуе Алена Комлік.

У 2021 годзе паслуга часовага прытулку была аказана 630 грамадзянам, у тым ліку 340 пацярпелым ад хатняга гвалту, сярод іх 66 сем'яў са 132 дзецьмі. За першае паўгоддзе гэтага года да сацыяльных службаў звярнулася каля 5 тысяч чалавек, якія пацярпелі ад гвалту ў сям'і, больш чым 140 жанчынам спатрэбіўся часовы прытулак у крызісных пакоях.

— За апошнія пяць гадоў пацярпелыя ад хатняга гвалту ў тры разы часцей сталі звяртацца ў крызісныя пакоі. Гэта ўлічваючы той факт, што ёсць магчымасць адсялення дэбашыра, — адзначае Алена Комлік. — Каля 85—90 % зваротаў — жанчыны з дзецьмі. Але ёсць і мужчыны, у асноўным пажылога ўзросту. Як правіла, гэта калі бацька ў маладосці быў агрэсарам, вырасціў дзяцей, якія цяпер учыняюць гвалт у адносінах да яго. Ніхто з іх не ўмее камунікаваць нармальна, а кантактуюць шляхам агрэсіі.

Апошнім часам спрошчаны парадак аказання паслугі часовага прытулку і комплекснай дапамогі пацярпелым ад хатняга гвалту. Доступ у крызісны пакой цяпер кругласутачны, нумары спецыялістаў, якія яго дадуць уначы, маюцца на сайтах устаноў і ў інфармацыйных буклетах. Пражыванне бясплатнае. Там выдзяляюць не толькі спальнае месца і пасцельную бялізну, але пры неабходнасці і сродкі асабістай гігіены, і харчаванне.

Паслуга аказваецца незалежна ад месца пражывання і рэгістрацыі, а ў выпадку экстраннай неабходнасці — без дакументаў, якія пацвярджаюць асобу.

Тэрмін пражывання ў крызісных пакоях неабмежаваны і вызначаецца дагаворам, можа быць падоўжаны з улікам канкрэтнай жыццёвай сітуацыі. Усім пацярпелым у цэнтрах апроч гэтага аказваюцца псіхалагічныя, кансультацыйна-інфармацыйныя паслугі, а пры неабходнасці і садзейнічанне ў працаўладкаванні, пошуку жылля, наладжванні сувязяў са сваякамі.

З пацярпелымі можа заключацца паслуга сацыяльнага патранату. Гэта суправаджэнне для асоб, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, накіраванае на аднаўленне нармальнай жыццядзейнасці і вырэшэнне праблем. У першым паўгоддзі бягучага года паслуга сацыяльнага патранату аказана 200 пацярпелым ад хатняга гвалту.

Дзеці агрэсараў маюць псіхалагічныя праблемы

Недахоп інфармацыі з'яўляецца асноўнай прычынай, па якой ахвяры гвалту не спяшаюцца звяртацца па медыцынскую і псіхалагічную дапамогу.

— Праблема хатняга гвалту абцяжарваецца тым, што ўсё адбываецца за зачыненымі дзвярыма і, як правіла, не выносіцца вонкі, таму часта немагчыма аказаць больш кваліфікаваную дапамогу, — адзначае намеснік дырэктара па медыцынскай частцы РНПЦ псіхічнага здароўя Вера ІВАНІЦКАЯ. — Сітуацыя абцяжарваецца тым, што чалавек кантралюе ў сям'і іншага чалавека насуперак яго волі, і ахвяра аказваецца ў цяжкай сітуацыі з-за ізаляцыі, кантролю, нейкіх нездаровых сувязяў, якія траўміруюць, недахопу фінансавых рэсурсаў, страху, сораму і з-за дзяцей.

Дарэчы, дзеці, якія жывуць у сям'і, дзе практыкуецца гвалт, часта маюць псіхалагічныя праблемы з ранняга ўзросту. Для іх характэрныя ўцёкі з дому, павышаная трывожнасць, некантраляваная агрэсія.


Куды звяртацца, калі з цябе здзекуюцца

Калі вы разумееце, што ў адносінах да вас прыменены хатні гвалт, вашаму жыццю і здароўя пагражаюць, тэлефануйце 102. На працягу 15 хвілін да вас прыедуць праваахоўнікі і правядуць разбор. Калі жадаеце прыцягнуць агрэсара да адміністрацыйнай адказнасці, звяртайцеся да іх з пісьмовай заявай. Можна звярнуцца да супрацоўнікаў міліцыі і з просьбай прымяніць ахоўнае прадпісанне для адсялення дэбашыра. У асобных выпадках прымяняецца такая мера, як затрыманне агрэсара. Ён знаходзіцца пад вартай да разгляду матэрыялаў у судзе.

Нават калі вашаму жыццю і здароўю нічога не пагражае, але вам не ўдаецца наладзіць дыялог у сям'і, можна звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе вам акажуць дапамогу. Памятайце, што гвалт бывае не толькі сексуальны ці фізічны — не менш небяспечны і псіхалагічны, і цярпець яго таксама не варта.

У рабочы час варта звяртацца па тэлефонах тэрытарыяльных цэнтраў, у вячэрні і начны час можна звярнуцца па мабільных нумарах псіхолагаў, якія ўказаны на адпаведных сайтах. Крызісны пакой да вашых паслуг — калі вы проста жадаеце пакінуць дом і не хочаце звяртацца ў міліцыю.

Па псіхалагічную дапамогу можна звяртацца ў спецыялізаваныя арганізацыі, як правіла, медустановы. У кожнай такой арганізацыі ёсць тэлефоны даверу, нумары ўказаны на сайтах. Існуе такі нумар і ў РНПЦ псіхічнага здароўя, па тэлефоне 8-017 272 21 67 у рабочыя дні можна атрымаць дапамогу высока-
кваліфікаваных псіхолагаў. Ёсць шматканальны кругласутачны тэлефон, дзе дзяжураць спецыялісты, якія акажуць дапамогу.

— Па дапамогу лепш звяртацца да спецыялістаў. Погляд прафесійнага псіхолага — погляд збоку і ён здольны змяніць і стаўленне чалавека да праблемы, і яго далейшыя паводзіны, — рэзюмуе Вера Іваніцкая.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бутэляваная, калодзежная, з-пад крана… Як у краіне вырашаюць праблему чыстай пітной вады

Бутэляваная, калодзежная, з-пад крана… Як у краіне вырашаюць праблему чыстай пітной вады

Сёння ў Беларусі крыху больш за 800 населеных пунктаў яшчэ не маюць якаснай вады.

Эканоміка

Разумныя грошы. Крэдыты сталі больш даступнымі, а стаўкі па дэпазітах — ніжэйшымі

Разумныя грошы. Крэдыты сталі больш даступнымі, а стаўкі па дэпазітах — ніжэйшымі

Як вядома, з 23 студзеня ў нас змянілася стаўка рэфінансавання.

Грамадства

Яраслаў Іваноў: Падчас «Студэнта года» я прайшоў каласальны шлях

Яраслаў Іваноў: Падчас «Студэнта года» я прайшоў каласальны шлях

Аб тым, якія эмоцыі адчуў, калі зразумеў, што перамог.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​