Вы тут

Больш за 90 комплексаў, дзясяткі экалагічных сцежак і марштуртаў


Чаму расце цікавасць да экалагічнага турызму? Асаблівы інтарэс да экалагічнага турызму — наведвання амаль некранутых чалавекам куткоў прыроды — з'явіўся падчас пандэміі. Многія краіны абмежавалі ўезд турыстаў, і беларусы пачалі шукаць штосьці новае і цікавае на радзіме. Не ўсе аб'екты экалагічнага турызму былі падрыхтаваны да наплыву гасцей, аднак цяпер спецыялісты ўпэўнена кажуць, што ім ёсць дзе прыняць турыстаў і гатовы паказаць самыя запаветныя мясціны беларускай прыроды. Больш за 90 комплексаў, дзясяткі экалагічных сцежак і марштуртаў


Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Візітоўкай Беларусі нараўне з яе азёрамі з'яўляюцца і лясы. На базе паляўнічых гаспадарак маецца амаль сотня абсталяваных для турыстаў комплексаў.

— Па сістэме Мінлясгаса на базе лесапаляўнічых гаспадарак мы сёння маем больш як 90 камфартабельных і добра абсталяваных комплексаў. Спачатку яны планаваліся пад прыём паляўнічых, але зараз у большай ступені запатрабаваны ўжо экалагічнымі турыстамі.

Так, паляўнічыя там пражываюць, але не больш за 10-15 %, а ўсё астатняе — адпачывальнікі, — адзначыў начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Аляксандр Казарэз.

Што прапануюць паглядзець паляўнічыя гаспадаркі? Найперш тут абсталяваны экалагічныя сцежкі.

— Практычна ў кожнай вобласці, у кожным лесагаспадарчым аб'яднанні ўжо ёсць маршруты для байдарак, веласіпедаў. Таксама была створана сістэма анлайн-браніравання розных паслуг, лесапаляўнічых комплексаў і экалагічных сцежак, сплаваў. Мы не ставім за мэту зарабляць на экатурызме, у большай ступені важна экаасвета турыстаў, якія наведваюць нашыя экалагічныя комплексы, — удакладніў Аляксандр Казарэз.

А сапраўдным флагманам беларускага экалагічнага турызму можна лічыць Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Налібоцкі». Менавіта тут першымі адчулі ўсплёск цікавасці да экатурызму некалькі гадоў таму з увядзеннем абмежаванняў на выезд у сувязі з пандэміяй. Людзі пачалі шукаць нешта цікавае паблізу, і заказнік літаральна апанавалі экатурысты. Але сёння ён гатовы прымаць вялікую колькасць людзей.

Тут дзейнічае зялёны маршрут «Валожынскія гасцінцы». 28 аграэкасядзіб прапануюць не толькі начлег і харчаванне, але і экскурсіі, турпаходы, анімацыйныя праграмы, квэсты, фестывалі, вырабы народных промыслаў. Налібоцкая пушча асноўная «фішка» ў гэтым маршруце.

У заказніку ёсць дзве экалагічныя сцежкі: «Сябрынскае скрыжаванне» (960 м) і «Белакорац» (1260 м). Акрамя таго, па тэрыторыі заказніка праходзіць чатыры веламаршруты («Валожынскія гасцінцы» — 150 км, «Еўрабайк» — 42 км, EURO VELO-2 — 72 км, «Дарогамі Налібоцкай пушчы» — 5, 16 і 30 км), «Прыгажосці Налібоцкай пушчы» (57 км) і два водныя маршруты па рэках Іслач і Бярэзіна. Тут абсталяваны прыпыначныя пункты для байдарачнікаў і веласіпедыстаў на Іслачы і тэрыторыі заказніка (Сутокі, Млявае, Белакорац, Марчэха, хутар Садоўскага, Рудня Налібоцкая, Жоўта-Нёманскі канал). Дадаткова добраўпарадкаваны чатыры прыпыначныя пункты на веласіпедным маршруце «Дарогамі Налібоцкай пушчы».

Паназіраць за глушцамі і тарпанападобнымі конямі

У заказніку развіваюцца спецыфічныя аб'екты, напрыклад, гадавальнік па вырошчванні глушцоў. Спачатку ён ствараўся як спецыяльны прыродаахоўны праект. Але аказалася, што гэта вельмі цікава для турыстаў. Глушэц — птушка асцярожная, іх рэдка можна проста так убачыць у лесе. У гадавальніку глушцоў падгадоўваюць і засяляюць у натуральнае асяроддзе.

Адметнасцю заказніка таксама з'яўляецца рэвайлдынг-праект па аднаўленні папуляцыі тарпанападобных коней. Гэта адзінае ў Беларусі месца, дзе можна паглядзець на дзікіх коней.

— Гэта новы кірунак дзейнасці, якім мы актыўна пачалі займацца толькі сёлета, — расказаў намеснік дырэктара — начальнік аддзела турызму УП «Белдзяржпаляванне» Аляксандр Іваноў. — Распрацавалі некалькі маршрутаў сплаву на байдарках, закупілі неабходнае абсталяванне, уладкавалі пункт прыпынку, на якім адразу можа размясціцца некалькі кампаній турыстаў. Нашы супрацоўнікі прайшлі курс лекцый пры АСВОД па праграме «Матрос-выратавальнік». Аматарам актыўнага адпачынку мы можам прапанаваць разнастайныя варыянты — пешыя, веласіпедныя прагулкі па экасцежках, паход на байдарках, экасафары з назіраннем за дзікімі жывёламі і птушкамі ў іх прыродным асяроддзі пасялення, а таксама проста прагулкі і адпачынак у цішыні з сузіраннем прыгажосці. Таксама нашы паляўнічыя гаспадаркі могуць прапанаваць адпачынак у лесапаляўнічых комплексах з рознай інфраструктурай, прагулкі і забавы на прыродзе.

Рыхтуецца інтэрактыўная карта прыродных тэрыторый

Усю неабходную інфармацыю аб магчымасцях размяшчэння і маршрутах можна знайсці ў анлайн-рэжыме на сайце або спецыялізаваным партале. Там жа можна забраніраваць любы маршрут або паляўнічую базу. Увогуле ж, у Беларусі хутка плануецца стварыць інтэрактыўную карту ўсіх прыродных тэрыторый. Плануецца, што яна з'явіцца ўжо сёлета.

— Мы прапрацоўваем стварэнне інтэрактыўнай карты з поўным нанясеннем на яе ўсіх асабліва ахоўных прыродных тэрыторый рэспубліканскага і мясцовага значэння. Таксама там будзе мноства прыгожых фатаграфій не вельмі вядомых мясцін, якія варта наведаць. Запэўніваю, што для аматараў падарожжаў па нашай краіне знойдзецца шмат новых цікавых месцаў. Да таго ж, усё будзе наглядна і інтэрактыўна, але трэба крыху пачакаць, — расказала намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Людміла Барташэвіч.

Куды паехаць з дзецьмі пад Новы год?

У снежаньскія пераднавагоднія дні турызм па прыродных мясцінах таксама мае свой попыт, асабліва ў сем'яў з дзецьмі. Прычым Белавежская пушча далёка не адзінае месца, дзе можна сустрэцца з казачнымі персанажамі. Такія месцы ёсць і ў іншых абласцях нашай краіны.

— Напрыклад, у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці на турбазе «Азёры» з'явіўся новы персанаж Дзед Бай, — расказала намеснік дырэктара — начальнік аддзела планавання і арганізацыі турысцкай дзейнасці Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Кацярына Нікіціна.

Вобраз Дзеда Бая — гэта даніна павагі творчасці паэта, пісьменніка і перакладчыка Уладзіміра Дубоўкі. У яго творы «Чароўная находка» галоўным персанажам з'яўляецца Дзед Бай — вясёлы апавядальнік і казачнік, які прыйшоўся даспадобы дзіцячай аўдыторыі. Па сюжэце казак, напісаных Уладзімірам Дубоўкам, ствараюцца анімацыйныя праграмы, героі якіх удзельнічаюць у тэатралізаваных паказах на сцэне комплексу. Таксама сёлета з тэатралізаваным паказам на турбазу «Азёры» вернецца яшчэ адзін фальклорны пастаўскі персанаж — Зюзя Паазерскі.

Акрамя таго, яна падкрэсліла, што яшчэ адной альтэрнатывай можа быць паездка ў Нацыянальны парк «Прыпяцкі» ў Гомельскай вобласці. Тут таксама пабудавана рэзідэнцыя Дзеда Мароза, у якога нават ёсць свой алень. Да святаў будзе арганізавана навагодняя праграма. З дадатковых адметнасцяў можна наведаць Музей палешука.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: У госці да Дзеда Бая

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».