Вы тут

Там, дзе ў снежні квiтнеюць лімоны


Снежаньская завея гуляе па алеях Цэнтральнага батанічнага сада Нацыянальнай акадэміі навук. Грувасціць сумёты вакол старых дрэў, а пад шкляным дахам будынка ліманарыя светла і цёпла. Менавіта тут сярод марознай зімы вас чакаюць сапраўдныя тропікі.


Палюбуйцеся, як квітнеюць нашы лімоны, — запрашае на экскурсію адказны за гэты адзіны ў Беларусі ліманарый яго галоўны даглядчык Антон Алехна. На адных галінках зорачкамі святлеюць духмяныя пяшчотныя кветкі, на другіх саспяваюць плады. Тут у нас больш за сто відаў цытрусавых: ёсць лімоны, мандарыны, апельсіны, грэйпфруты. Найбольш рэдкасныя цытрусавыя — каламандзін, бергамот, памела... Зараз на нашых шыротах зіма, але гэтыя экзатычныя расліны па-ранейшаму жывуць па свайму календару. Вось і атрымліваецца, што пладаносіць ім выпадае ў самыя халодныя месяцы года. Адпаведна даглядаем іх: насычаем вільгаццю паветра, падтрымліваем тэмпературу, калі трэба — падкармліваем.

Сярод гэтай дзіўнай разнастайнасці вялікіх і маленькіх раслін, жоўтых, чырвоных, аранжавых, зялёных пладоў ёсць сапраўдныя рэкардсмены. Напрыклад, навазеландскі лімон, плод якога важыць амаль паўтара кілаграма. Або самая высокая і важкая трава, дарэчы, — усім добра вядомая, бо завецца яна банан.

Гуляючы па трапінцы ліманарыя можна зрабіць кафейны прыпынак і адпачыць пад кафейным дрэвам, на галінках якога вісяць зялёныя зярняткі. Пачаставацца, на жаль, немагчыма, але адчуць водар Арабікі можна. Кажуць, што з лісця такога дрэва, а не з яго пладоў калісьці гатавалі кававы напой афрыканскія плямёны.

Знаёмства з раслінамі — гэта знаёмства з рознымі кантынентамі планеты. Слухаеш напрыклад, расповед экскурсавода Маргарыты Стомы пра аранжавыя мандарыны і ўяўляеш краявіды Паднябеснай, адкуль у даўнія часы прыйшлі да нас гэтыя прыгажуны. Але не толькі замежныя расліны ўпрыгожваюць рэдкую калекцыю ліманарыя. Ёсць тут і ўласныя цытрусавыя выведзеныя беларускімі селекцыянерамі.

Безумоўна, такая каштоўнасць, як калекцыя ліманарыя патрабуе адпаведнага антуража — гэта ружовы фламінга сярод кустоў (не сапраўдная птушка, але вельмі падобная) і самыя сапраўдныя залатыя рыбкі ў міні-басейчыку.

Яўген ПЯСЕЦКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».