Вы тут

У прапанаваных абставінах. Калі мы самі не разумеем, што найважнейшае ў жыцці


Прыяцелька трапіла ў аварыю. Дзякуй богу, абышлося без калецтва, скончылася ўсё разбітым ілбом, якім стукнулася аб руль. Усё магло быць нашмат горш — недалёка ад кальцавой на яе машыну «вільнуў» МАЗ дарожнікаў, гружаны пяском. І так элегантна праехаў кузавам па правым боку легкавушкі, ад чаго дзверы ля пасажырскага сядзення і заднія па тым жа баку фактычна ўпляскала ў салон...


Цяпер у Наталлі бяда — машына новая, нядаўна падораная мужам на дзесяцігоддзе вяселля. Ходзіць, бы цень, збірае нейкія дакументы, шукае ў сацсетках сведак той аварыі — кіроўца МАЗа сцвярджае, што яна сама ехала, ледзь не прыціснуўшыся да яго грузавіка. На пытанне: «Як справы?» — толькі адмахваецца, уздыхае скрушна: «Вось табе будзе і Новы год...» Учора званіла, скардзілася на яшчэ адну праблему: машына нейкага адмысловага чырвонага колеру, і ва ўсіх майстэрнях, куды ні звярталася, ёй сказалі, што менавіта такога днём з агнём у нас не знойдзеш, бо — санкцыі. «Ты ўяўляеш, як я буду цяпер ездзіць з рознакаляровымі дзвярыма! У мяне палымяна-чырвоны, а яны прапануюць чырвоны аўтамабільны!» І ў голасе такая горыч, нібы сапраўды большай праблемы на планеце Зямля няма...

Мая знаёмая — не сіліконавая бландзінка, мае дзве вышэйшыя адукацыі, працуе ў гандлі. Але нават не па гэтай прычыне яе падобная рэакцыя мяне прыводзіць проста ў нямы ступар, калі доўга збіраешся з думкамі, не ведаючы, што адказаць. Падчас той аварыі з ёй у машыне быў... яе васьмігадовы сын. Дзякуй богу, сядзеў прышпілены ў бустары за сядзеннем маці. Хлопчык толькі спалохаўся, хаця маці кажа, што не вельмі. Я кожны раз спрабую перавесці размову на тэму: «Як там Мікіта?», але не вельмі паспяхова. «Як Мікіта — нармальна. На прадлёнцы... Ну ты ўяўляеш, вось такі будзе ў мяне Новы год...» І зноў — пра палымяна-чырвоны і пра дарожнікаў, якія, «гады, яшчэ і саскочыць могуць»... Я кожны раз збіраюся сказаць ёй штосьці кшталту: падзякуй Усявышняму, што сын жывы-здаровы і сама жывая засталася, але штосьці мне падказвае, што яна мяне не пачуе...

Модныя сёння псіхолагі могуць сказаць, што гэта, магчыма, ахоўная рэакцыя ў чалавека спрацоўвае, яна не хоча думаць пра горшае, таму канцэнтруецца на нечым менш важным, у дадзеным выпадку — на машыне. Можа, і так, я не спецыяліст, спрачацца не буду. Але цікава, што сказаў бы дыпламаваны псіхолаг пра яшчэ адзін выпадак, які для мяне асабіста стаў адным з самых моцных уражанняў у жыцці...

Ішоў, мусіць, чацвёрты ўрок, калі ў школу пазванілі: у нашай вёсцы пажар. Чыя хата гарыць, што там нарабілася, ніхто толкам яшчэ не ведаў, таму мы, падлеткі, ледзь даседзелі да канца заняткаў і подбегам па слізкай зімовай дарозе памчалі тыя два з паловай кіламетры да нашай вёскі. Паспелі: пажарныя на папялішчы хаты якраз даставалі Дзімку, дакладней, тое, што ад яго засталося. Скурчанае маленькае чорнае цельца. Яго доўга не маглі знайсці — ратуючыся, хлопчык забіўся ў самы далёкі куток падпечка.

Дні два вёска толькі аб гэтым і гаварыла. Пра тое, што маладыя бесталковыя бацькі хлопчыка кінулі яго на бабулю з дзедам, а самі з'ехалі ў горад. А бабуля з дзедам (таксама не сказаць каб надта талковыя) пайшлі на працу на ферму, замкнуўшы ўнука аднаго ў хаце, яшчэ і запаліўшы яму гірлянду на ёлачцы (усё здарылася дзесьці пад стары Новы год). З той старой гірлянды пажар і ўсчаўся. Пяцігадовы хлопчык апынуўся ў вогненнай пастцы. Пакуль прыехалі пажарныя, тушыць ужо фактычна не было чаго...

Дык вось, пра тое, што ўразіла тады нават больш, чым тое маленькае чорнае цельца. Дзімкава бабуля пасля хадзіла па вёсцы, збірала падаянне — яны ж фактычна засталіся ў тым, у чым пайшлі на ферму. І гаравала яна страшна... не па ўнуку, а па нажытым дабры. Так і казала: «Дзіця яны яшчэ адно зробяць, а вось хата і тое, што ў хаце было, — вось дзе бяда!»

З хатай у іх пасля ўсё склалася, праўда, у іншым месцы. Яны яе нават не будавалі самі — пераехалі ў іншы раён, дзе ў калгасе патрэбныя былі жывёлаводы, там і жыллё давалі. Рэчамі таксама абжыліся з часам. Праўда, гаспадар пацешыцца тым дабрабытам не паспеў: памёр, хоць было яму крыху за пяцьдзясят. А вось новага дзіцяці тыя маладыя сужэнцы, якія з'ехалі ўслед за бацькамі, так і не нарадзілі. Хутка разбегліся, муж праз нейкі час трапіў у калонію, жонка, казалі, у бутэльку ды ва ўсе цяжкія кінулася. Была сям'я — і не стала. Было маленькае жыццё — пакутліва абарвалася з-за абыякавасці дарослых, і нават ніхто не аплакаў як належыць... І тое, як усё наперакос пайшло пасля, — ці не вынік гэта паводзін людзей у абставінах, якія ў пэўны момант склаліся? (Бачыце, і ў мяне атрымліваецца, амаль як у псіхолага.)

На круглым стале аб узаемаадносінах пакаленняў, які праводзіла нядаўна ў рэдакцыі, не аднойчы прагучала думка, што нашы маладыя — больш матэрыялісты, чым мы. Магчыма, яно і так. Але, мне здаецца, што так было заўсёды, ва ўсіх пакаленнях былі, ёсць і будуць людзі, якія матэрыяльны дабрабыт ставяць вышэй за самыя важныя ў жыцці рэчы. Праўда, яно, жыццё, як правіла, расстаўляе ўсё на свае месцы, даючы зразумець, прычым, здараецца, вельмі жорстка, што насамрэч — самае важнае.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com/

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».