Вы тут

«Вясёлыя гісторыя чытачоў». Калі муж — дыпламат...


Калі муж — дыпламат...

Жанчыны, разгаварыўшыся, чаго не раскажуць!


Фота: pixabay.com

Былая каляжанка аднойчы прызналася, як яе на грошы развялі, прычым мілыя такія дзяўчаткі...

Пазванілі ў дзверы, сказалі, што іх фірма гандлюе вельмі якасным імпартным посудам, што часам аб'яўляе зніжкі, што якраз сёння за паўцаны і на выедзе яны пяцьдзясят набораў каструль прадалі, толькі два засталіся. «Хочаце паглядзець?»

Яна, дурніца, згадзілася, пусціла дзяўчат у кухню. На фоне яе старэнькіх каструль новыя і сапраўды выглядалі марай... Аж два наборы ўзяла. Потым дазналася, што ў краме яны ўтрая таннейшыя...

Я тады паспачувала жанчыне, а вось наша Кіра Валер'еўна як адрэзала: «А не трэ, маўляў, вушы развешваць... Са мной такі нумар ніколі не пройдзе!»

Мусіць, праўда: ніколі не кажы «Ніколі!»

...Як той снег на галаву, зваліўся каранавірус і рэзка змяніў жыццё. Найболей — людзей пажылых: ну як жа — з хаты не вылазь, з людзьмі не сустракайся... Сядзі на сваёй канапе, глядзі тэлевізар. А там увесь час рэклама, і тарка для бульбы выглядала такой удалай...

Кіра Валер'еўна заказала. Праз тыдзень атрымала, муж замацаваў на стале, ручку крутануў, — тарка вобзем.

Потым у ванны пакой ёй кранштэйн захацелася. Па тэлевізары сказалі, што рэч патрэбная, асабліва пажылым.

Кіра Валер'еўна замовіла, атрымала, прыляпіла да сцяны (муж на дачы быў), узялася, каб сесці і... З капытоў, што называецца! Шчасце, што нічога не зламала...

І нічога пасля гэтага не купляла б. Але ж сядзіць увесь час... Лішняя вага, задышка... Наглядзеўшыся рэклам, велатрэнажор замовіла купіць, з дастаўкай...

Не, яе не падманулі: прывезлі, паставілі, паказалі, як уключаць ды выключаць... Усё, здавалася б, круці педалі!

Кіра Валер'еўна, мусіць, перастаралася: арытмію нажыла, яшчэ болей задыхацца стала. «Гэта ад таго, што ў нас падушкі старыя», — сказала мужу і (без мэты купіць) пайшла на прэзентацыю новых. Па тэлевізары казалі: хворым на такую ляжаш, здаровым устанеш. «Хоць пагляджу ды памацаю, што там», — падумала Кіра Валер'еўна.

Але ж спачатку яна паслухала і... Быццам у нірвану нырнула!

А вынырнула — у руках два камплекты падушак: 12 штук памерам 70 на 70 і дзве думачкі ў прэзент. Прыйшлося мужа выклікаць, каб прыехаў на машыне і забраў яе.

...Цяпер Кіра Валер'еўна спіць, як тая прынцэса: адна падушка пад галавой, дзве пад каленямі, дзве пад пахамі і побач котка на думачках.

Другі камплект жанчына ў запасе трымае: доўга жыць збіраецца, ведама, з такімі падушкамі і за добрым мужам.

Ён, дарэчы, сваю палавіну (па «аб'ёме» — дзве трэці) заве КаВэ. «Па ініцыялах», — думае Кіра Валер'еўна. І мае рацыю. Вось толькі літаркі гэтыя не столькі яе, колькі... Кліма Варашылава. Імі ў вайну легендарныя танкі звалі, адметныя тым, што нічым не спыніш...

Назаві ён танкам сваю Кіру Валер'еўну, — можа, і есці не даць! А так...

Муж як быццам і падкалоў яе, і згоды ў сям'і не парушыў.

Вось так яны і жывуць: добра, калі муж дыпламат.

Л. МІХАЛЕВІЧ

г. Магілёў


Сарамлівая нявестка, альбо Мы выбіраем, не выбіраем...

Гадоў колькі таму выпадкова, праездам апынуўся я ў адным з нашых мястэчак. Меў час: абышоў там усе славутасці і нарэшце засеў на станцыі ў чаканні аўтобуса. Ні газет, ні кніжкі з сабой не было, смартфонаў на той час яшчэ не прыдумалі, а таму паступова і міжволі я настроіўся на прамую... праслухоўку. Справа ў тым, што зусім непадалёк размясціліся ну вельмі гаваркія кабеты, і так жа хораша гаманілі, так шчыра смяяліся...

Што-нішто з пачутых гісторый помніцца да сёння.

У адной з жанчын суседкай была Мар'ечка — маці-адзіночка з сынам. Той рос харошым хлопцам і вельмі ж паслухмяным! Калі надумаў жаніцца, у маці дазволу спытаў. Тая не пярэчыла, нават рада была, але ж папрасіла, каб ён хаця не спяшаўся, каб прыглядаўся, каб жонку шукаў працавітую.

Часу на гэта нямала пайшло. Пра адных дзяўчат хлопец маці расказваў, і яна іх адразу ж адмятала, бо з дрэннага боку ведала бацькоў, другіх — паказваў на фотках (знешнасць не падабалася), трэціх прыводзіў дадому...

І цуд нарэшце адбыўся: дагадзіў сынок! І такая яна, і гэтакая... Маці казала: «Па ўсіх пунктах мне падыходзіць! А да ўсяго — яшчэ і сарамлівая... Ну проста Настачка з казкі «Марозка»!

Згулялі маладыя вяселле, прыйшла тая нявестка ў дом, і сталі яны жыць-пажываць ды дабра нажываць, прычым так хутка, што яго ні пакласці, ні паставіць: хворая свякроў шмат месца займае. І замінае...

Што заставалася рабіць? Прапанавалі ёй перабрацца — пажыць у летняй кухні. А што — печка там ёсць (свінням жа есці вараць), тапчан стаіць, нават акенца прарэзана, каб на вуліцу паглядзець...

Карацей — перасялілася Мар'ечка, стала жыць, як тая царыца ў «цераме». Сама ўжо нікуды не выходзіла (здароўе не дазваляла), дык есці ёй на месца прыносілі... А калі і забываліся...

Шкадавала расказчыца Мар'ечку, казала, што па вечарах гукала яе з-за плоту, пыталася, ці жывая? А тая — нават і не скардзілася. Маўляў, бачылі вочы, што куплялі, — то цяпер хай не плачуць. Яна ж сама выбірала нявестку.

...А вось у нашай вёсцы якраз наадварот было, — паўздыхаўшы ды пашкадаваўшы Мар'ечку, пачынала расказваць другая жанчына. — У нас адзін халасцяк гадоў да сарака не жаніўся — усё па заробках, па свеце гойсаў. Адтуль і жонку прывёз: маўляў, прымай, матуля.

Але ж як ёй прыняць, калі тая жонка не тое якутка, не тое нанайка: маленькая, скуластая, вочкі вузкія... Вяскоўцы на яе ледзь не пальцамі тыкалі, пыталі: «Сваіх дзяўчат бракавала ці што?!»

Маці акурат таксама думала: моцна перажывала.

А прыезджай, як выглядала, усё да ліхтара! Яна мігам асвоілася, на сябе ўзяла дом з гаспадаркай, на работу пайшла, мужа глядзела, а ўжо ж маці яго шанавала — усім на зайздрасць... Збяруцца, бывала, у грыбы ці ў ягады, на прыроду, на рэчку, — абавязкова старую з сабой вязуць, каб і яна разам з імі...

Ды што там — нейкім летам яны ўсёй сям'ёй у Турцыю злёталі. Нявестка дакументы зрабіла, дамовілася з раднёй, каб гаспадарку дагледзелі і гайда... Самалётам...

Свякроў перад гэтым доўга баранілася: казала, што не хоча, што баіцца вышыні, што куды ёй на нейкі пляж... Але ж сын з нявесткай пераканалі, што ёй трэба — і здароўе паправіць, і мора ўбачыць, і свет паглядзець, што яна заслужыла.

Пасля гэтага ніхто больш не казаў, што нявестка ў Ганны чужая, што яна непрыгожая. А бабы дык яшчэ і зайздросцілі.

...Каб жа ведаў, дзе яма, то пераступіў бы.

Іван ГАРАЛЬЧУК

г. Мінск


«Куба — любовь моя!» І не толькі...

Новы год, Каляды — чаканне цудаў... І час успамінаў.

Мы з татам едзем у лес, выбіраем елку: вось гэтую, невысокую? Ці вось тую — пад самую столь?

Потым я, з усіх сіл «цаляючы» ў сляды, крочу за татам, і маё сэрца заходзіцца ад радасці: у нас будзе самая прыгожая ёлка і самы сапраўдны Дзед Мароз!

Як жа мы чакалі яго! Ні пра якую Лапландыю размоў тады не было: лічылася, што дзядуля жыве ў Сібіры, што прыязджае ў вазку, запрэжаным тройкай коней.

...Да сустрэчы з ім мы з сяброўкай Ірынай Козел рыхтавалі адмысловы нумар. У той год на слыху быў востраў Куба, імя Фідэль.

Мы вырашылі прыбрацца ў кубінак: чорныя сарочкі, чорныя берэты... Але ж гэтага было мала. Ірын дзядзька працаваў кінамеханікам у раённым Доме культуры, іграў там у драмгуртку, меў набор грыму, у тым ліку чорнага.

Мы вымазалі ім свае твары ды так, што толькі вочы блішчэлі! Убачыўшы нас, Ірына бабуля аж перахрысцілася, але, пасмяяўшыся, прапанавала дапоўніць грым яшчэ і сажай з печы.

У выніку відовішча было яшчэ тое: па ўезджанай дарожцы праз замеценае снегам возера Мястра ідуць дзве юныя чарнаскурыя асобы...

Конь, што імчаў нам насустрач, з перапуду ледзь не выкінуў з вазка старшыню калгаса. Мароз градусаў пад дваццаць шчыпаў нашы твары. Але ж гэта хіба пакуты ў параўнанні з тым, што перажываў гераічны кубінскі народ? Не! І яшчэ раз не! Мы рашуча ішлі на школьнае свята.

...Ці трэба казаць, што нашы касцюмы, наш нумар быў прыняты на «ура»! Мы толькі заспявалі: «Куба — любовь моя! Остров зари багровой...», як песню падхапілі ўсе, як нас — на крэслах — паднялі над натоўпам дзяцей.

Бедны Дзед Мароз! Ён аддаў нам столькі падарункаў! Самымі экзатычнымі ў яго салодкім наборы былі грэцкія арэхі, якія мы каштавалі толькі на Новы год.

А наогул, дзякуючы творчай фантазіі нашых мам, іх залатым рукам, кім толькі мы ні былі на навагодніх святах?! Папялушкамі, кубінкамі, феямі, сняжынкамі, а я дык вясной і елачкай... Колькі радасці і аптымізму дарыла сама падрыхтоўка да свята!

Усё гэта аж да сёння згадваецца з самымі светлымі і шчымлівымі пачуццямі.

Тамара КРУЧЭНКА

г. Гомель

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР


Ад яе ж і яшчэ раз сумнае: «Апошнія лісткі ў календары, сыходзіць год — самотны і стары...». А гэта значыць, завяршаецца конкурс на найлепшую вясёлую і праўдзівую гісторыю, надрукаваную ў 2022-м, «малюецца» адмысловая табліца, дзе будуць пералічаны ўсе да адной — з прозвішчамі аўтараў, з датамі публікацый... І дзе потым, у новым годзе, з'явяцца балы...

Нагадаем, што выставіць іх — свае ўласныя, вызначыць дзясятку тых, што найбольш спадабаліся, і даслаць у рэдакцыю — права кожнага з чытачоў. Дык чаму б не скарыстацца ім, не дапамагчы невялічкаму рэдакцыйнаму журы падвесці вынікі?..

На пачатку 2023-га мы аб'явім іх: назавём прозвішчы пераможцаў з усімі адсюль наступствамі ў выглядзе ганаровых дыпломаў, прызоў...

Зрэшты, не будзем смяшыць бога — расказваць пра нашы планы. Будзем жыць! Пішыце.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».