Вы тут

Як стаць легальным Дзедам Марозам і зарабіць на навагодніх святах


Ужо зусім мала часу засталося да таго моманту, калі на плошчах будуць прыгожа зіхацець святочным убраннем ёлкі, на вуліцах заззяюць навагоднія гірлянды, а на календары сустрэнуцца апошняя і першая лічбы адыходзячага і надыходзячага гадоў — 31 снежня і 1студзеня. У такія дні традыцыйна запатрабаванымі з’яўляюцца такія паслугі, як віншаванне з навагоднімі святамі і Калядамі ад Дзеда Мароза, яго ўнучкі Снягуркі і іншых казачных персанажаў, якія дапамагаюць зрабіць святы незабыўнымі, яркімі і падораць выдатны настрой і радасныя моманты чакання Новага года і Каляд. Акрамя таго, напярэдадні святаў павышаным попытам карыстаюцца і такія віды паслуг, як фота- і відэаздымка падзей, цырульніка, і касметолага, паслугі па манікюры і педыкюры, выступленні акцёраў, танцораў, музыкантаў, выканаўцаў размоўнага жанру, выступоўцаў індывідуальна, тамады і іншыя святочныя паслугі, якія можна ажыццяўляць па заяўным прынцыпе без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.


Фота: pixabay.com

—Творчыя і таленавітыя людзі, якія прапануюць святочныя паслугі, павінны ведаць, што такую дзейнасць яны могуць ажыццяўляць толькі пасля аплаты адзінага падатку, — расказалі ў Інспекцыі па падатках і зборах па Мінскай вобласці. Так, напярэдадні мерапрыемстваў грамадзяне, якія плануюць на святы стаць галоўнымі дзеючымі асобамі дзіцячых ранішнікаў і карпаратываў, павінны падаць у падатковы орган пісьмовае паведамленне, у якім трэба ўказаць, дзе і калі будзе ажыццяўляцца такая дзейнасць. Дарэчы, для гэтага неабавязкова ісці ў падатковую інспекцыю; такое паведамленне можна адправіць праз асабісты кабінет плацельшчыка, седзячы дома на канапе. У сваю чаргу, падатковы інспектар, атрымаўшы гэтае паведамленне, разлічыць суму адзінага падатку ў залежнасці ад месца ажыццяўлення дзейнасці, стаўкі падатку і наяўнасці льгот. Грамадзянін і сам можа даведацца пра суму падатку ў тым рэгіёне, дзе ён плануе ажыццяўляць дзейнасць. Для гэтага трэба проста патэлефанаваць на кароткі нумар 189, і спецыялісты кантакт-цэнтра падатковых органаў падрабязна растлумачаць, якія крокі пры выплаце адзінага падатку неабходна зрабіць самазанятаму грамадзяніну — будучаму Дзеду Марозу або казачнаму персанажу. 

Пры аказанні некалькіх з пералічаных вышэй паслуг з рознымі стаўкамі падатка адзіны падатак будзе выплачваць па найбольшай стаўцы. Адпаведна калі стаўкі па розных відах дзейнасці супадаюць, дастаткова будзе заплаціць падатак у памеры адной стаўкі падатку (напрыклад, калі фізічная асоба на працягу аднаго каляндарнага месяца будзе з’яўляцца Снягуркай, музыкантам ці акцёрам). Пры аплаце адзінага падатку фізічныя асобы ў залежнасці ад наяўнасці падстаў маюць права карыстацца льготамі. Так, правам на льготу ў памеры 20 адсоткаў ад сумы падатку (прынаяўнасці адпаведных дакументаў) могуць карыстацца, напрыклад, пенсіянеры па ўзросце, інваліды, бацькі шматдзетных сем’яў, а таксама бацькі, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў. 

Калі ў плацельшчыка адзінага падатку ёсць права на льготы па некалькіх падставах, то стаўка адзінага падатку будзе зніжана на 45 адсоткаў. Але ёсць і такая катэгорыя плацельшчыкаў, якая вызваляецца ад адзінага падатку пры наяўнасці адпаведных дакументаў, што пацвярджаюць такое права — гэта плацельшчыкі-бацькі (усынавіцелі, удачарыцелі), якія з’яўляюцца інвалідамі I і II груп і выхоўваюць непаўналетніх дзяцей або дзяцей, якія атрымліваюць адукацыю на дзённай форме навучання. Памер льготы па адзіным падатку для такіх грамадзян, якія плануюць зарабіць на навагодніх і іншых святах, складае 100 адсоткаў.

Акрамя таго, у інспекцыі падкрэслілі, што фізічныя асобы, якія працуюць па заяўным прынцыпе, у месцы аказання паслуг павінны мець дакумент аб выплаце адзінага падатку. І няхай святы запомняцца ўсім не толькі навагоднімі падарункамі, цудам, святочным настроем, эмоцыямі і радасцю, але і прынясуць грамадзянам, якія дапамагаюць зрабіць іх незабыўнымі і яркімі, дадатковыя даходы.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».

Эканоміка

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.