Вы тут

У нядзелю моцны снег, месцамі моцны мокры снег з дажджом...


У апошнія гады мы зімой добрага снегу не бачылі. У гэтым сезоне атрымаем усе сто разоў. Дастаткова актыўныя снегапады будуць у нас ужо ў гэтыя выхадныя, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота: pixabay.com

Як гаворыцца, сінаптычная ўлада мяняецца. Перыяд антыцыкланальнага і халоднага надвор'я падышоў да канца. Панаванне халоднага сібірскага антыцыклону ўжо скончылася, а надвор'ем у нашай краіне сталі кіраваць цыклоны і атмасферныя франты. Значыць, павялічваецца вышыня снежных гурбаў. Так, па апошніх даных, на раніцу 8 снежня вышыня снежнага покрыва па краіне вагаецца ад 1 да 27 сантыметраў. І гэта толькі пачатак...

У пятніцу на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдзе снег, мокры снег, ноччу месцамі слабая завіруха. У асобных раёнах слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Максімальная тэмпература паветра ўдзень складзе ад мінус 4 градусаў да 2 цяпла.

Сюрпрызы пачнуцца ўжо ў суботу. У гэты дзень на большай частцы нашай тэрыторыі пройдуць ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу, па паўднёвым усходзе з дажджом. Днём па ўсходзе месцамі ападкі моцныя. У асобных раёнах туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад 0 да мінус 7 градусаў, а па поўначы пры праясненнях — да 8—11 марозу. Днём ад мінус 5 градусаў па паўночным захадзе да плюс 3 па паўднёвым усходзе.

«Каравул» пачнецца ў нядзелю. У начныя гадзіны гэтых сутак тэрыторыя Беларусі апынецца ў полі паніжанага атмасфернага ціску, таму кароткачасовы снег чакаецца лакальна па краіне. А вось у ранішнія і дзённыя гадзіны пачне адбівацца ўплыў паўночнай перыферыі паўднёвага шырокага цыклону. Пад яго уплывам у краіне чакаюцца сапраўды складаныя ўмовы надвор'я.

Па словах сіноптыкаў, 11 снежня на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу (пераважна па паўднёва-ўсходняй палове з дажджом), месцамі моцны мокры снег, наліпанне мокрага снегу, мяцеліца і ўзмацненне ветру парывамі да 15—20 м/с, а таксама галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы апусціцца да мінус 7 градусаў, а па паўночным захадзе — да мінус 9. Тэмпература паветра ўдзень будзе вагацца ад 5 градусаў марозу на паўночным захадзе да 5 градусаў цяпла на паўднёвым усходзе краіны.

У панядзелак тэрыторыя нашай краіны ўсё яшчэ будзе знаходзіцца ў арбіце ўплыву цыклону, які працягне перамяшчацца з Украіны на тэрыторыю Беларусі. Захаваюцца складаныя ўмовы надвор'я. У многіх раёнах ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу і дажджу. Месцамі моцны мокры снег, наліпанне, мяцеліца і ўзмацненне ветру парывамі да 15—20 м/с, галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Пры гэтым тэмпературны фон будзе дастаткова кантрасны: у начныя гадзіны тэмпература паветра складзе ад нуля да мінус 6 градусаў, а днём будзе знаходзіцца ў межах мінус 4 — плюс 3 градусы. Па паўднёвым усходзе краіны ноччу прагназуецца 1—4 градусы цяпла, а ў сярэдзіне дня — 4—8 градусаў вышэй за нуль.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у аўторак цыклон перамесціцца на краіны Балтыі, а Беларусь апынецца ў яго халоднай тылавой частцы. Ноччу на большай частцы тэрыторыі, а ўдзень месцамі па краіне пройдзе снег. Па ўсходзе краіны чакаецца мокры снег і дождж. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра мінімальная ўначы будзе 0 — мінус 7 градусаў, а ўдзень — ад нуля да 5 марозу. Па паўднёвым усходзе на працягу сутак чакаецца 1—3 цяпла.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?