Вы тут

Стаць студэнтам можна... у сакавіку


28 студзеня ў краіне, як плануецца, пройдзе масавая рэпетыцыя будучага цэнтралізаванага экзамену. Першая рэпетыцыя, якая ахапіла восем адміністрацыйных адзінак, прайшла раней, і, як запэўніваюць у Міністэрстве адукацыі, падчас яе ўсе змястоўныя і арганізацыйныя моманты былі адпрацаваныя. Навучэнцы, педагогі і спецыялісты, якія будуць задзейнічаны ў правядзенні ЦЭ, да рэалізацыі новых падыходаў у выніковай атэстацыі падрыхтаваныя. Усяго напрыканцы навучальнага года цэнтралізаваныя іспыты будуць здаваць 52 904 адзінаццацікласнікі.


ЦТ і ЦЭ

Як расказала начальнік галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Марыя Кіндзірэнка, што датычыцца допуску навучэнцаў да ЦЭ, то ўсе пазіцыі дакладна прапісаны ў правілах атэстацыі. Таксама прадугледжана магчымасць вызвалення ад яго здачы пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды і вызвалення ад аднаго цэнтралізаванага экзамену па прадмеце пераможцаў трэцяга абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды.

Цэнтралізаваныя экзамены будуць праходзіць не ў школах, а ў пунктах правядзення ЦЭ 14 і 21 мая. Калі па ўважлівай прычыне выпускнік прапусціць экзамен, ён зможа скарыстацца рэзервовымі днямі — 23 і 25 мая. Таксама такая ж магчымасць будзе ў ліпені, і гэтыя даты супадуць з рэзервовымі днямі ЦТ. Такім чынам выпускнік яшчэ паспее падаць свае дакументы ў ВНУ і на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Акрамя таго, рэзервовыя дні будуць і ў жніўні.

Розніцы ў тым, у якім фармаце (цэнтралізаванага экзамену або цэнтралізаванага тэсціравання) здаваць профільныя іспыты для паступлення ў ВНУ, няма, сцвярджаюць прадстаўнікі галоўнага адукацыйнага ведамства. І цэнтралізаваны экзамен, і цэнтралізаванае тэсціраванне праводзяцца ў форме тэста.

Напрыклад, для паступлення ў медыцынскі ўніверсітэт абітурыенту трэба здаць профільныя экзамены па біялогіі і хіміі. Малады чалавек можа здаць ЦЭ за курс школы па біялогіі, а потым ЦТ па хіміі. Ці наадварот. Як заўважыла Марыя Кіндзірэнка, тэсты сёлета зведалі змены. У прыватнасці, у іх зменшылася колькасць заданняў, дзе правільны адказ можна ўгадаць з прапанаваных варыянтаў. Пры гэтым павялічылася колькасць заданняў у вобласці B, для адказу на якія неабходна валодаць пэўным багажом ведаў.

Каб адпрацаваць аб'ектыўнасць падыходу і змястоўную кампаненту тэставых заданняў, Міністэрствам адукацыі была сфарміравана група экспертаў для правядзення экспертызы заданняў, якія будуць прадугледжаны на цэнтралізаваным экзамене па ўсіх вучэбных прадметах. У яе склад увайшлі спецыялісты Нацыянальнага інстытута адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і найлепшыя педагогі-прадметнікі з усёй краіны.

Правядзенне рэпетыцыі ЦЭ паказала, што прапанаваныя заданні дазваляюць вучню прадэманстраваць веды, якія ён атрымаў за курс агульнаадукацыйнай школы.

Марыя Кіндзірэнка патлумачыла, што вынікі цэнтралізаванага экзамену будуць афармляцца сертыфікатам, як і ЦТ. Веды выпускнікоў ацэньваюцца па 100-бальнай шкале, а затым гэтыя балы пераводзяцца ў 10-бальную сістэму ацэньвання. Сярэдняе арыфметычнае гадавой адзнакі і вынікаў ЦЭ выстаўляецца ў атэстат, а сам сертыфікат залічваецца пры паступленні ва ўстанову вышэйшай адукацыі.

— Мясцовымі органамі вызначаны пункты правядзення ЦЭ — іх больш за 90 па краіне. Задача ўстаноў адукацыі — вырашыць усе арганізацыйныя пытанні, якія датычацца дастаўкі выпускнікоў у пункты ЦЭ і іх суправаджэння, — падкрэсліла Марыя Кіндзірэнка. — Акрамя таго, установа адукацыі бярэ на сябе такую важную функцыю, як рэгістрацыя адзінаццацікласнікаў на ЦЭ і фарміраванне спісаў па прадметах для здачы цэнтралізаванага экзамену. На ЦТ абітурыенты рэгіструюцца самі.

Выпускнікі канкрэтнай школы будуць замацаваны за канкрэтным пунктам здачы цэнтралізаванага экзамену, але яны будуць знаходзіцца ў розных аўдыторыях у залежнасці ад таго, якія прадметы выбралі. У адной аўдыторыі, дзе будуць здаваць, напрыклад, фізіку, могуць знаходзіцца прадстаўнікі чатырох-пяці розных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Правядзенне ў адзін дзень цэнтралізаванага экзамену па розных прадметах на выбар арганізацыйна нічым не складаней за правядзенне аднаго (здачы ЦЭ па рускай ці беларускай мове), — запэўніваюць у Міністэрстве адукацыі.

Кадры — на заказ

Адметнасцю будучай прыёмнай кампаніі стане пашырэнне мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў. З аднаго боку, цяпер знятыя абмежаванні на месца знаходжання арганізацый — заказчыкаў кадраў. Калі раней мэтавая падрыхтоўка распаўсюджвалася толькі на пэўныя населеныя пункты (чарнобыльскія, сельскія рэгіёны, гарады з насельніцтвам да 20 тысяч), то цяпер дагаворы на мэтавую падрыхтоўку могуць заключаць арганізацыі і прадпрыемствы, размешчаныя ў тым ліку ў сталіцы і абласных цэнтрах. Адначасова з гэтым прадугледжана павелічэнне гранічных квот у рамках мэтавай падрыхтоўкі: на сельскагаспадарчых спецыяльнасцях — да 70 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму, па медыцынскіх — да 80 працэнтаў і па іншых спецыяльнасцях — да 60 працэнтаў.

Вядома, што 60, 70 і 80 працэнтаў — гэта максімальная планка. І тут ёсць шмат акалічнасцяў. Ці знойдзецца столькі заказчыкаў, гатовых пралічыць свае патрэбы ў кадрах на 4-5 і больш гадоў наперад? Ці будуць гатовыя абітурыенты заключаць дагавор на мэтавую падрыхтоўку? Сёння такія дагаворы заключаюцца на пяць гадоў адпрацоўкі на заказчыка кадраў пасля атрымання вышэйшай адукацыі і на тры гады — пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

— Мэтавая падрыхтоўка спецыялістаў — гэта найвышэйшая форма дзяржаўнага заказу кадраў, — разважае начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч. — Найвышэйшая — у плане сваёй эфектыўнасці.

Мэтавая падрыхтоўка мае на ўвазе папярэдняе заключэнне дагавора паміж абітурыентам і заказчыкам кадраў яшчэ да правядзення этапу адбору, а пасля яго ўдачнага праходжання — таксама і з ВНУ, дзе будуць рыхтаваць маладога спецыяліста. Прычым гэта будзе вельмі індывідуальная падрыхтоўка: тэмы курсавых работ і дыпломнага праекта будзе заказваць будучы наймальнік, усе практыкі таксама будуць праходзіць на базе заказчыка кадраў. У выніку мы атрымліваем не проста спецыяліста з фундаментальнымі ведамі, але і выпускніка, гатовага хутка ўліцца ў шэрагі спецыялістаў канкрэтнага прадпрыемства або арганізацыі.

Калі казаць аб новых падыходах, то сёлета для будучых мэтавікоў уводзіцца ўнутраны вусны экзамен з папярэдняй падрыхтоўкай па пытаннях у экзаменацыйным білеце і выкладаннем сутнасці сваіх адказаў экзаменацыйнай камісіі. Вусны экзамен дазваляе ўбачыць абітурыента і ацаніць яго матывацыю. Конкурс будзе фарміравацца, зыходзячы з сумы сярэдняга бала атэстата і ўнутранага вуснага экзамену. Такім чынам, усе абітурыенты будуць праранжыраваныя.

«Так, мы разумеем, што мэтавая падрыхтоўка магчымая толькі пры наяўнасці трох зацікаўленых бакоў, — падкрэслівае Сяргей Каспяровіч. — Таму ўжо сёння ва ўзаемадзеянні з мясцовымі органамі ўлады Міністэрствам адукацыі разгортваецца сур'ёзная інфармацыйная работа, ствараюцца пляцоўкі, каб заказчык мэтавай падрыхтоўкі і нашы выпускнікі знайшлі адно аднаго. Хацеў бы спыніцца яшчэ на адным важным аспекце. Усім абітурыентам, у тым ліку і тым, што паступаюць на мэтавыя месцы, трэба будзе падаць у прыёмную камісію такі новы дакумент, як характарыстыка.

Напісанне характарыстыкі не будзе вольнай творчасцю. Яе форма зацвярджаецца Міністэрствам адукацыі. З нашага пункту гледжання, яна будзе аб'ектыўна адлюстроўваць не толькі вучэбныя дасягненні абітурыента (для гэтага ёсць атэстат), але таксама дзелавыя і асабістыя якасці выпускніка: яго актыўнасць, удзел у акцыях грамадзянска-патрыятычнага характару, чым ён захапляецца, спартыўныя дасягненні, нават хобі маладога чалавека. На падставе атрыманай інфармацыі ўсе службы дэканата, куратары, выхаваўчае падраздзяленне, кіраўнікі творчых калектываў, спартыўных секцый змогуць хутка сарыентавацца і прапанаваць першакурсніку тыя актыўнасці, якія могуць быць яму цікавыя. Гэта будзе фактычна індывідуальная траекторыя выхаваўчай работы».

Абітурыенты, якія плануюць навучацца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, падаюць дакументы з 3 па 8 чэрвеня. Уступныя іспыты пройдуць з 4 па 10 чэрвеня. Залічэнне — па 13 чэрвеня.

Калі абітурыенты не пройдуць па конкурсе (а такое магчыма, калі на адно месца будуць прэтэндаваць некалькі чалавек), яны змогуць паспрабаваць свае сілы пры паступленні на бюджэтную або платную формы навучання. Для гэтага выпускнікам бягучага года неабходна будзе здаць адзін прадмет на ЦТ, таму для падстрахоўкі ў маі на яго трэба будзе зарэгістравацца, каб не ўпусціць сваю магчымасць. Ці можна задзейнічаць варыянт з паступленнем на спецыяльнасці, дзе праводзіцца ўнутраны экзамен.

Ільготы і прывілеі

Яшчэ адзін новы механізм адбору таленавітай і адоранай моладзі — правядзенне ўнутрыўніверсітэцкіх алімпіяд, якія, дарэчы, ужо стартавалі.

У лютым пройдзе заключны этап універсітэцкіх алімпіяд, а ў пачатку сакавіка іх пераможцы ўжо будуць залічаны ва ўніверсітэты, гэта значыць, яшчэ да заканчэння школы. «Лічым, што гэта вельмі магутны стымул для таго, каб выпускнікі доўга не разважалі, ці трэба ім выбраць той ці іншы ўніверсітэт, тую ці іншую спецыяльнасць, а скарыстаюцца дадзеным шанцам», — каменціруе новаўвядзенне міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Паводле яго слоў, правядзенне ўніверсітэцкіх алімпіяд дазваляе ўбачыць таленавітую моладзь і не страціць яе. Алімпіяды пройдуць ва ўсіх рэгіянальных універсітэтах. Іх пераможцы, як чакаецца, змогуць заняць да 15 працэнтаў бюджэтных месцаў у ВНУ. Дарэчы, спецыяльнасці, куды змогуць паступаць пераможцы такіх алімпіяд, ВНУ вызначалі самастойна, зыходзячы з патрэб рынку працы ў сваіх рэгіёнах.

Ільготы пры паступленні атрымаюць у 2023 годзе і выхаванцы Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, створанага па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Хлопцы і дзяўчаты, якія туды трапляюць, праходзяць чатырохступенчатую структуру адбору. Тыя з іх, хто паспяхова прайшлі навучанне ў дзіцячым тэхнапарку і атрымалі рэкамендацыю назіральнага савета гэтай установы, змогуць паступіць у сталічныя і рэгіянальныя ўніверсітэты на адпаведны профіль па гутарцы. Колькасць такіх абітурыентаў можа быць дастаткова вялікай — каля 400 хлопчыкаў і дзяўчынак штогод.

Андрэй Іванец заўважыў, што ў Беларусі ўжо ёсць станоўчы вопыт прыёму абітурыентаў у фармаце гутаркі. Гэта датычыцца выпускнікоў профільных педагагічных і аграрных класаў. «Сёлета да іх далучацца выпускнікі ваенна-патрыятычных класаў і ваенна-патрыятычных клубаў, якія паспяхова функцыянуюць на базе ўнутраных войскаў МУС, Міністэрства абароны і Дзяржпагранкамітэта, — дадаў ён. — Хлопцаў і дзяўчат, якія паспяхова прайшлі там навучанне, змогуць па-за конкурсам залічыць у спецыялізаваныя ўстановы вышэйшай адукацыі».

Без выпрабаванняў ва ўсе ВНУ змогуць паступаць пераможцы апошняга рэспубліканскага этапу алімпіяд для школьнікаў па вучэбных прадметах. А пераможцы абласнога этапу змогуць паступаць без экзаменаў у абласныя ВНУ.

Таксама без выпрабаванняў на завочную форму навучання ў ВНУ змогуць паступіць абітурыенты, якія атрымалі сярэднюю спецыяльную педагагічную адукацыю, калі яны плануюць працягваць навучанне на педагагічнай спецыяльнасці.

Хутчэй за ўсё, права паступлення без экзаменаў атрымаюць у 2023 годзе таксама выпускнікі Ліцэя БДУ пры ўмове, калі яны плануюць працягнуць навучанне ў Белдзяржуніверсітэце. «Мы будзем развіваць далей мадэль ліцэйскай адукацыі, асабліва мадэль адукацыі ў ліцэях, створаных пры ВНУ, — патлумачыў міністр адукацыі. — І на перспектыву прыйдзем да таго, што ў правілах прыёму прапішам, што выпускнікі ўсіх ліцэяў, якія дзейнічаюць пры ўніверсітэтах, могуць паступаць у іх без экзаменаў, зразумела, пры наяўнасці пэўнай паспяховасці. У 2023 годзе плануем апрабаваць гэту мадэль на Ліцэі БДУ і, магчыма, на Ліцэі БНТУ. У выпадку ўдалай апрабацыі распаўсюдзім гэты вопыт і на іншыя ліцэі. Гэта дазволіць нам узняць прэстыж ліцэйскай адукацыі. Праект указа кіраўніка дзяржавы, які зацвердзіць правілы прыёму, яшчэ рыхтуецца. Мяркуем, што права вызначаць пералік ліцэяў, якія будуць мець ільготныя прывілеі, будзе дэлегіравана Міністэрству адукацыі для таго, каб мы маглі прымаць такія рашэнні аператыўна, так, як мы, напрыклад, кожны год зацвярджаем пералік міжнародных алімпіяд і конкурсаў для льготнага залічэння іх пераможцаў і лаўрэатаў ў беларускія ВНУ».

Таксама, згодна з новымі правіламі прыёму, права залічэння па-за конкурсам будзе дадзена ўдзельнікам заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, узнагароджаным пахвальнымі водгукамі пры паступленні на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці.

Абітурыентам і іх бацькам будзе карысна ведаць, што ў Міністэрстве адукацыі з 6 па 30 снежня працуе гарачая тэлефонная лінія па пытаннях уступнай кампаніі. Усе важныя нюансы лепш удакладняць у спецыялістаў. Зрабіць гэта можна ў буднія дні з 14.00 да 18.00 па тэлефоне (017) 222 43 12.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Апошняя цыгарэта. Неасцярожнае абыходжанне з агнём пагражае сур'ёзнымі наступствамі

Апошняя цыгарэта. Неасцярожнае абыходжанне з агнём пагражае сур'ёзнымі наступствамі

Летась у краіне адбылося 5958 пажараў, на якіх загінулі 627 чалавек.

Здароўе

Мароз і сэрца: што такое халадовы інфаркт, каму ён пагражае і як яго пазбегнуць?

Мароз і сэрца: што такое халадовы інфаркт, каму ён пагражае і як яго пазбегнуць?

Расказала ўрач-тэрапеўт, загадчык аддзялення прафілактыкі 11-й гарадской паліклінікі Мінска Святлана ЯНУШКА.

Спорт

Алег Шэпель: Сусветны паралiмпiйскi рух многае страцiў ад нашай iзаляцыi

Алег Шэпель: Сусветны паралiмпiйскi рух многае страцiў ад нашай iзаляцыi

Гiсторыя паралiмпiйскага спорту — паказчык развiцця краiны.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​