Вы тут

Аглядальнік «Звязды» абрана старшынёй Беларускай асацыяцыі спартыўнай прэсы


Абраны новы кіруючы састаў Беларускай асацыяцыі спартыўнай прэсы (БАСП). Справаздачна-выбарная канферэнцыя гэтай грамадскай арганізацыі адбылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. На пасаду старшыні БАСП абрана Валерыя Сцяцко, аглядальнік газеты «Звязда», аўтар кнігі «Нязломны. Аляксей Талай», пераможца Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Лепшы дэбют» 2022 года. Раней пасаду старшыні БАСП займала Анастасія Марыніна, генеральны сакратар-выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі баскетбола. Генеральным сакратаром асацыяцыі абрана Кацярына Лісіца (генеральны сакратар Беларускай тэніснай федэрацыі), намеснік старшыні — Наталля Апанчук (дырэктар Беларускай алімпійскай акадэміі).


«Дзякую былому кіраўніцтву Беларускай асацыяцыі спартыўнай прэсы і асабіста Анастасіі Уладзіміраўне Марынінай за плённую працу. Была праведзена велізарная праца, якую мы будзем з энтузіязмам працягваць, і з яшчэ большым энтузіязмам будзем ствараць свае праекты. Нашая каманда плануе рабіць акцэнт на прыцягненні маладых спецыялістаў і адукацыйных праграмах для журналістаў і прэс-сакратароў. Спадзяюся, што дзякуючы нашай зладжанай інфармацыйнай працы, мы дапаможам любімаму беларускаму спорту быць яшчэ цікавейшым і яшчэ лепшым», — адзначыла Валерыя Сцяцко.

Грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя спартыўнай прэсы» створана ў 1991 годзе. У склад БАСП уваходзяць беларускія журналісты, спецыялісты па сувязях з грамадскасцю спартыўных арганізацый, заслужаныя спартсмены, алімпійскія чэмпіёны. Асацыяцыя цесна супрацоўнічае з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Беларусі, Міністэрствам спорту і турызму, Міністэрствам інфармацыі, рэспубліканскімі федэрацыямі, саюзамі і асацыяцыямі па відах спорту. Пры падтрымцы БАСП у 2015 годзе ў Мінску прайшоў кангрэс еўрапейскіх спартыўных журналістаў, арганізаваны паводле праграмы Алімпійскай салідарнасці ЕАК. Асацыяцыя таксама выступіла ініцыятарам правядзення конкурсу «Медыя Алімп» у 2014 і 2016 гадах, а таксама — конкурсу «Энергія яркіх перамог» у 2019 годзе.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?