Старшыня Ваўкавыскага райвыканкама Міхаіл Сіцько расказаў аб самых значных праектах гарадской інфраструктуры.
— Міхаіл Міхайлавіч, вы адзначылі, што ў горада грандыёзныя планы ў будаўніцтве. Што гэта за планы, раскажыце, калі ласка.
— Пачну з медыцынскай тэмы. Некалькі год таму ў горадзе ўведзены ў эксплуатацыю новы корпус раённай бальніцы. Гэта ўстанова — прыклад сучаснага медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Прычым, не толькі для жыхароў нашага раёна, але і для суседніх, бо аб'ект мае міжрэгіянальны ўзровень.
Цяпер мы марым пра тое, каб пабудаваць у горадзе сучасную дзіцячую паліклініку. Чаму гэта важна? Справа ў тым, што той будынак, дзе зараз месціцца паліклініка, уступіў у строй яшчэ ў 1950-я гады. Але дзіцячае насельніцтва за гэты час павялічылася, ды і сама медыцынская база патрабуе аднаўлення. Таму на парадак дня мы паставілі пытанне аб будаўніцтве новага корпуса. Як і планавалі, летась з'явілася праектна-каштарысная дакументацыя, мы трапілі ў абласную інвестпраграму. З яе нам выдаткавалі 430 тысяч рублёў, што складае толькі 10 працэнтаў патрэбнай сумы. Кошт усяго будаўніцтва — 4,5 мільёна рублёў. Раёну не справіцца з такімі інвестыцыямі, таму мы звярнуліся да губернатара па дапамогу. Дарэчы, у звароце прапісаны і іншыя аб'екты, будаўніцтва якіх маем намер ажыццявіць.
Яшчэ адзін важны сацыяльны аб'ёкт, які патрэбен гораду, гэта фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Нашы гараджане, як і ўсе беларусы, скіраваны на здаровы лад жыцця. Але існуючы комплекс хутчэй можна назваць «лядоўняй», чым месцам для камфортных заняткаў. Ён будаваўся ў 1970-я гады па тыпавых на той момант праектах з вялікім расходам энергарэсурсаў. За паўстагоддзя і сам басейн, і ўмовы перасталі адпавядаюць сучасным патрабаванням. Мы вырашылі адмовіцца ад мадэрнізацыі, бо яна пацягне больш сродкаў, чым новабудоўля. Ды і эфект ад рэканструкцыі не той.
У нас ёсць новы праект басейна. Мы не адзін год падступаліся да яго і зараз, нарэшце, вызначыліся. Будзем будаваць «з нуля». Падобны комплекс нядаўна з'явіўся ў Навагрудку. Калі мы зробім такі ж, нашы жыхары не будуць ездзіць у басейны ў Гродна і Брэсцкую вобласць, а змогуць прыйсці сюды і будуць удзячны за такі падарунак. Мяркуем, што праект хутка сябе акупіць. Разлічваем яго рэалізаваць да 2024 года. Будаўнічых магутнасцяў хапае. А стары будынак выставім на продаж.
— А якія планы па жыллёвым будаўніцтве?
— Сёлета здадзена 77 кватэр у гарадскім пасёлку Рось, з якіх амаль палова для шматдзетных сем'яў, 12 кватэр атрымалі работнікі мясцовай гаспадаркі, астатні фонд — для камерцыйнага выкарыстання. Што датычыцца самога райцэнтра, у Ваўкавыску літаральна ў гэтым месяцы здаецца шматпавярховік, у якім кватэры атрымаюць шматдзетныя сем'і і сем'і ваеннаслужачых. У наступным годзе ў горадзе мяркуем увесці 77 кватэр. Прыярытэт ізноў жа шматдзетным сем'ям. У Ваўкавыскім раёне на чарзе 467 сямей гэтай катэгорыі, з іх амаль 280 пражывае ў Ваўкавыску.
Разам з тым злабадзённай тэмай для Ваўкавыска з'яўляецца забеспячэнне сацыяльным жыллём. Яго не хапае. Праблема расце і патрабуе вырашэння, бо кожны чацвёрты зварот да раённых уладаў датычыцца менавіта гэтага пытання. На жаль, тая квота, якая выдзяляецца з вобласці, не задавальняе запыты раёна на такія кватэры. Для таго каб закрыць пытанне, стабілізаваць сітуацыю на гэтым кірунку, нам трэба пабудаваць на наступны год каля паўсотні аднапакаёвых кватэр.
Сацыяльнае жыллё будуецца для дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, гэта катэгорыя найбольш уразлівая. Жыллё стане для іх добрым стартам у жыцці. Каб вырашыць праблему сацыяльнага жылля, разлічваем на квоты з абласнога бюджэту.
— Ці будуць будавацца аб'екты, цікавыя для горада ў іншых кірунках?
— Так. Мы мяркуем ажыццявіць праект, які датычыцца перапрацоўкі другаснай сыравіны. Гэта тэма таксама даўняя, мы не адзін год яе абмяркоўваем, і зараз вельмі шчыльна падышлі да яе вырашэння. Наш праект адобраны, і мы плануем яго ажыццявіць на працягу двух гадоў.
Гаворка ідзе аб будаўніцтве рэгіянальнага комплексу па выкарыстанні цвёрдых бытавых адходаў, у рамках якога плануецца ажыццяўляць выпуск RDF-паліва. Для Ваўкавыска гэта вельмі актуальна. У першую чаргу таму, што тут няма ніводнай лініі па сарціроўцы бытавых адходаў, толькі невялікая іх частка раздзяляецца насельніцтвам, большасць ідзе на палігон. І гэта ў той час, калі ў раёне ёсць завод, дзе працуе лінія па выкарыстанні такога віду паліва, і яна не заўсёды загружана. Гэта наш гігант прамысловасці «Краснасельскбудматэрыялы». RDF-паліва дазваляе ў значнай ступені эканоміць расход газу.
Сучасны комплекс будзе будавацца непасрэдна на тэрыторыі палігона бытавых адходаў. Тут смецце пройдзе сарціроўку, яго будуць цюкаваць і адпраўляць на завод у якасці паліва.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Думаць пра тое, чым харчуецца ваша дзіця ў школе, гэтак жа важна, як і пра тое, якім прадметам яго там вучаць.
Адной з найбольш даступных і захапляльных моў дыпламатыі з'яўляецца спорт.
Міжнародны дзень тэатра добра было б адзначыць у глядзельнай зале.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.