Вы тут

Сімбіёз тэхнікі XIX ст. і нейрасетак у галерэі Беларускага саюза дызайнераў


Сімбіёз тэхнікі XIX стагоддзя і нейрасетак можна пабачыць у галерэі Беларускага саюза дызайнераў на выстаўцы альтэрнатыўнай фатаграфіі «З лічбы ў жывапіс».


Дзмітрый Кульпановіч «Погляд у будучыню», 2022 г.

Сумесная праца шасці беларускіх фатографаў Дзмітрыя Кульпановіча, Ігара Калашнікава, Анатоля Дрыбаса, Віктара Ведзеня, Віталя Ціхамірава і Андрэя Кабанава дэманструе майстэрства гуміярабікавага фотадруку.

У экспазіцыі прадстаўлены фатаграфіі розных жанраў: пейзаж, нацюрморт, партрэт, стрыт і графіка. Для калектыву фатографаў выстаўка — вынік працы апошніх трох гадоў. Наведвальнікі маюць магчымасць убачыць каля 30 работ, створаных у тым ліку адмыслова для выстаўкі.

Арганізатары абяцаюць правядзенне майстар-класаў для тых, хто жадае атрымаць уласны досвед у стварэнні незвычайных фотаздымкаў.

Аб невядомай і складанай тэхніцы гуміярабікавага фотадруку распавёў адзін са стваральнікаў выстаўкі фатограф Ігар Калашнікаў:

— Для пачатку на камп’ютары апрацоўваецца фотаздымак. Ён можа быць зроблены і на лічбавы фотаапарат, і на плёнку. Выбраць здымак — асобная гісторыя. Ніколі не здагадаешся, які атрымаецца, а які давядзецца забракаваць.

З дапамогай праграм фатаграфію неабходна перавесці ў графіку. Пасля апрацаваны здымак раздрукоўваецца на спецыяльную фотаплёнку. Яна робіцца асновай таго, што потым пераносіцца на адмысловы аркуш. Плёнку можна выкарыстаць шмат разоў, але вынік на кардоне кожны раз будзе новы, мець адрозненні. Справа ў тым, што на вялікі аркуш наносіцца святлоадчувальная эсэнцыя, якая асобным слоем пакрывае аснову і дапамагае стварыць унікальны эфект.

Перанесены на аркуш фотаздымак засвятляецца ўльтрафіялетавай лямпай. Калі прыбріюць плёнку, атрымліваецца аранжавы малюнак. Справа ў тым, што ўльтрафіялет, трапіўшы на аркуш, робіць святлоўспрымальны слой разам з фарбай задубелым. Кардон у белых кавалках робіцца цалкам цвёрдым і фарбу не ўбірае, а ў цёмных кавалках — наадварот.

Падчас змыцця засохлая фарба вымываецца з белых кавалкаў, а на чорных застаецца. Так і атрымліваецца малюнак, выкананы ў дадзенай тэхніцы.

Здымкі, аддрукаваныя гумбіхроматным спосабам, больш дўгавечныя за вырабленыя метадам пігментнага фотадруку, паколькі схільны да старэння і грыбковага заражэння жэлацін выкарыстоўваецца толькі для праклейвання папяровай асновы.

Работы з гуміярабіку выглядаюць аднародна, нельга западозрыць, што дагэтуль адбыліся такія складаныя працэсы. Пры гэтым яны захоўваюць вытанчанасць, рэзкасць і кантраст фотаздымка.

Адзіны недахоп тэхнікі, на думку аўтараў, — непрадказальнасць вынікаў. Не па плане ўсё можа пайсці на любой стадыі стварэння, і да гэтага варта быць гатовымі заўсёды. Нават тэмпература ў пакоі мае ўплыў на выгляд работы і насычанасць колеру. Сам працэс можа цягнуцца некалькі дзён.

Ігар Калашнікаў «Старажытны Менск», 2022 г.

Фатографы пазнаёміліся ў народым фотаклубе «Мінск» — самым старым аб’яднанні фатографаў у гісторыі Беларусі, створаным у 1960 годзе. Першым працаваць з такім спосабам стварэння фота стаў Дзмітрый Кульпановіч. Унікальнай тэхнікай у нашай краіне валодаюць толькі шэсць чалавек, а ў свеце гэтая лічба дасягае пятнаццаці.

Дэбютная сумесная выстаўка работ у тэхніцы гуміярабікавага фотадруку пад назвай «Гумоіл» адбылася ў сакавіку гэтага года ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры». Наведвальнікі маглі пазнаёміцца з сарака дзвюма работамі майстроў. Улетку выстаўка адбылася ў Гродне. Жыхарам горада дэманстраваліся ўнікаль­ныя творы.

— Па-першае, гэтым вельмі цікава займацца. — падкрэслівае Ігар Калашнікаў. — Па-другое, тэхніка цалкам унікальная, і ты яе пакідаеш пасля сябе ў гісторыі, у фотамастацтве Беларусі.

Выстаўка «З лічбы ў жывапіс» працуе да канца года.

Яна ЦЭГЛА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.