Вы тут

«Для нас важна, каб «Бярозка» не была безаблічнай»


Напярэдадні пленума па сучаснай дзіцячай літаратуры, які мае адбыцца ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі, мы вырашылі бліжэй пазнаёміцца з выданнямі для дзяцей і падлеткаў, зазірнуць па той бок вокладкі часопіса, пагутарыць з тымі, хто яго стварае. Імпануе, што выконваючая абавязкі галоўнага рэдактара «Бярозкі» Паліна Каралева — крэатыўны малады спецыяліст, а значыць, лепш чым хто разумее патрэбы сённяшніх юных чытачоў, бо сама яшчэ нядаўна спазнавала свет і сябе ў ім праз прызму падлеткавага светаадчування. Сёння Паліна распавядае, як ствараецца часопіс і чым пры гэтым кіруецца рэдакцыя.


Паліна Каралева.

— «Бярозка» — часопіс для падлеткаў. Гэта самая ўражлівая аўдыторыя, улічваючы асаблівасці ўзросту. Якім бачыце вашага чытача? 

— Добрае пытанне, бо любое выданне павінна мець свайго адрасата. Калі ён ёсць, то ёсць і мэты, і асаблівае стаўленне. Рэдакцыя «Бярозкі» разумее, што нясе адказнасць за тое, які прадукт штомесячна будзе атрымліваць чытач. Таму кожны новы нумар часопіса не павінен быць горшы за папярэдні. Размова не толькі пра змест і візуальны складнік, але і пра адносіны з чытачом. 

Для нас важна, каб «Бярозка» не была безаблічнай альбо бяздушнай. Таму на першых старонках, у рубрыцы «Ад рэдакцыі», мы стараемся пакідаць пасланне, цікавіцца жыццём чытачоў, а таксама распавядаем пра сябе і свае ідэі. Так ствараецца нябачны дыялог. 

Што тычыцца сукупнага вобраза нашага чытача, то ўяўляецца чалавек, якому цікава ўсё новае, хто гатовы акунуцца ў тэмы, якія раней падаваліся далёкімі, і глядзець на паўсядзённасць з дыяметральна супрацьлеглых пунктаў гледжання. Не сакрэт, што «Бярозка» раскрывае розныя тэмы, пры гэтым захоўваючы высокі літаратурна-мастацкі ўзровень матэрыялаў. Як засведчыла практыка асабістых сустрэч, у чытача гэта не выклікае складанасцей. Наадварот, якасць публікацый прываблівае больш дарослую аўдыторыю. І мы робімся не толькі падлеткавым выданнем, але і часопісам, здольным вырасціць чытача і заставацца з ім так доўга, наколькі гэта для яго магчыма. 

— Што, на вашу думку, найбольш цікава падлеткам і якім чынам імкнецеся адлюстраваць тое ў часопісе? 

— У часопісе мноства разнастайных рубрык. Мы пішам пра камп’ютарныя гульні, аналізуем навінкі сусветнай мультыплікацыі і кінематографа. Аднак, на мой погляд, чытач гатовы набыць тое выданне, што здзівіць яго. Калі змест прадказальны і тычыцца актуальных толькі сёння рэчаў, гэта сумна. Таму нашы аўтары не цураюцца экскурсаў у гісторыю і ў некаторай ступені становяцца дакументалістамі. 

Не менш важна, што мы расказваем і прыватныя гісторыі. Так, за кожным тэкстам стаіць асабісты досвед асобнага чалавека ці некалькіх людзей. Нехта шукае лакацыі, апісаныя ў сучасных беларускіх кнігах, іншыя вяртаюцца на малую радзіму і распавядаюць пра мясцовыя цікавосткі праз прызму згадак пра мінулае. «Бярозка» за тое, каб у тэксце прысутнічаў аўтар, каб ён распавядаў і натхняў чытача адчуваць тое ж самае. 

Мяркую, нам пашанцавала знайсці свайго чытача, які насамрэч гатовы да эксперыментаў і нечаканасцей. Яму цікава ўсё сучаснае, ён гатовы адкрываць новае. 

— Хто для падлетка пісьменнік? Ці можа ён стаць найлепшым сябрам і ці ёсць падобныя прыклады ў вашай практыцы? 

— Тут варта асаблівую ўвагу аддаць рубрыцы «Гісторыя поспеху», дзе публікуюцца інтэрв’ю, героі якіх ажыццявілі свае мары, што спачатку падаваліся нерэальнымі. Падобныя матэрыялы становяцца для чытачоў матывацыяй, штуршком для дзеянняў. Патлумачу, чаму гэта істотна. 

Стартавы ўзрост нашых падпісчыкаў — 12 гадоў. Па сабе кожны памятае, што гэта складаны перыяд, калі важна, каб цябе падтрымлівалі. «Бярозка» з’яўляецца ў некаторай ступені правадніком, апорай. Мы даём правераныя парады і ў цэлым распавядаем пра тое, што ведаем і бачылі самі. Галоўнае — не быць пустаслоўным і шчыра імкнуцца дапамагчы. 

Падчас прэзентацыі часопіса «Бярозка».

Не магу сказаць, наколькі цесна чытачы кантактуюць з асобнымі аўтарамі часопіса, але некалькі падобных гісторый маем. Былі выпадкі, калі пісьменнікі пачыналі сябраваць з падпісчыкамі, а пасля ў рэдакцыю прыходзілі падзякі. Многія аўтары ўвогуле выхоўваюць новае пакаленне журналістаў, чые матэрыялы ўжо друкуюцца ў «Бярозцы». 

Што тычыцца ўспамінаў майго юнацтва, то мне вельмі шкада, што не ведала пра такі часопіс. Таму многія матэрыялы дасюль дапамагаюць мне адважыцца на які-небудзь учынак, а героі тэкстаў (якія часта маладзейшыя за мяне) з’яўляюцца прыкладам смеласці. Таму, на мой погляд, «Бярозка» можа быць сябрам чытача менавіта як цэласнае выданне. Мы стараемся рабіць якасным усё: ад вокладкі да фінальных цітраў. 

— Існуе распаўсюджанае меркаванне, быццам падлеткі не чытаюць. Можаце аспрэчыць? 

— Пытанне з серыі супрацьстаяння бацькоў і дзяцей. Баюся, што нам заўжды будзе здавацца, быццам з малодшым пакаленнем нешта не так. Думаю, вы чулі фразу «КВЗ ужо не той». Але калі задумацца, праблема КВЗ у тым, што ён якраз і застаецца ранейшым, пакуль свет навокал і людзі змяняюцца. Вось і мы, як КВЗ, верныя сваім прынцыпам, у той час як рэальнасць імкліва бяжыць наперад, а юнае пакаленне падладжваецца пад новыя правілы, каб пачувацца ў гэтай гульні камфортна. 

Зрэшты, спрачацца з тым, што чытаць кнігі для сучасных падлеткаў не модна, не буду. Але гэта не значыць, што друкаваныя крыніцы я называю перажыткам мінулага. Тут справа тычыцца памкненняў да новых ведаў. Мы яшчэ на пачатку вызначыліся, што чытач нашага часопіса — той, хто сам прагне адкрываць нязведанае. Мы ўсяго толькі тыя, хто дае магчымасць пазбавіцца ад мораку няведання. Мы — каталог цікавых гісторый і падзей, якасная размінка для мозгу. Ад чытача патрабуецца перагарнуць першую старонку — і, як кажуць, шоу пачынаецца. Але для тых, хто не гатовы ўзяць выданне з паліцы, «Бярозка» не падыходзіць. 

Ёсць і іншая праблема акрамя падлеткавага нежадання чытаць. Многія проста не ведаюць пра існаванне «Бярозкі». Мы зразумелі гэта, калі пачалі актыўна весці сацыяльныя сеткі: людзі былі здзіўлены, што часопіс дасюль выходзіць. Цяпер задача № 1 — рэклама. Сустракаемся з дзецьмі ў школах і бібліятэках, арганізуем відэаканферэнцыі, і аддача ёсць. Так што наклад выдання не заўжды залежыць ад якасці зместу альбо праблемнай аўдыторыі. Часта проста не хапае рэкламы. 

Падводзячы вынікі, скажу, што не трэба спяшацца вінаваціць маладое пакаленне ва ўсіх грахах. Як пісаў Яўтушэнка, нецікавых людзей у свеце няма. Падлеткі гатовы чытаць па-беларуску айчынны кантэнт. Проста яны не заўжды ведаюць, дзе знайсці варты матэрыял. 

— А што вы самі любілі чытаць? 

— У падлеткавым узросце ў мяне не было пастаянных зацікаўленняў. Кідала ад японскіх хоку да Лаўкрафта з яго вар’ятам-арабам і Некранаміконам, часам на паліцы з’яўляўся амаль кананічны Віктар Драгунскі. Можна сказаць, што гэта быў час пошукаў і ўсебаковага ўзбагачэння, што прыйшлося вельмі дарэчы пазней, праз гады. Начытанасць дапамагае. Хаця і дасюль у хатняй бібліятэцы хаос. Найбольш сталыя яе жыхары — Іосіф Бродскі, Алан Мур і Фёдар Дастаеўскі. Вельмі люблю і айчынных класікаў за эпічныя гісторыі і адносіны да роднай зямлі. Якуб Колас у сэрцы назаўжды. А самым любімым творам застаецца «Ладдзя Роспачы» Уладзіміра Караткевіча. 

— Ці існуе ў нейкай форме супрацоўніцтва «Бярозкі» з пісьменнікамі, калі рэдактары, ведаючы бліжэй сваю чытацкую аўдыторыю, маглі б раіць літаратару пэўныя тэмы і сюжэты, якія ў падлеткаў прайшлі б на «ўра»? Пра што вы параілі б нашым творцам пісаць для падлеткавай аўдыторыі? 

— Мы супрацоўнічаем з вялікай колькасцю пазаштатных аўтараў, гэта добры спосаб разнастаіць старонкі часопіса. Але з той прычыны, што нумары амаль заўжды тэматычныя і прадумваюцца да дробязей, любы тэкст, яго структура і канцэпцыя абмяркоўваюцца загадзя. Недатыкальным застаецца толькі аўтарскі стыль і асабістыя развагі / высновы пісьменніка. Супрацоўніцтва працягваецца і ў працэсе напісання матэрыялаў: аўтары гатовы да правак, уносяць свае прапановы. У гэтым плане ў нас вялікая свабода, галоўнае — каб тэкст узбагачаў чытача і быў цікавы ў першую чаргу самому журналісту. 

— Ці можна зазірнуць па той бок вокладкі часопіса? 

— Важным складнікам застаецца візуальны вобраз часопіса. Цягам апошніх гадоў «Бярозка» супрацоўнічала са шматлікімі мастакамі, і кожны дадаваў нешта новае. На дзіва, калі працуеш у камандзе, дзе ўсе гатовы слухаць і чуць, выніковы прадукт пераўзыходзіць самыя смелыя чаканні. Мы імкнёмся, каб візуальна часопіс быў сучасны і ў меру яркі. Улічваем папулярнасць мінімалізму, але кожны нумар робім стылістычна асаблівым, каб ён адпавядаў тэматыцы: містыцы, Калядам, кіберпанку... 

Гаворачы пра камандную працу, варта адзначыць, што афіцыйная рэдакцыя «Бярозкі» — пяць чалавек, кожны з якіх, безумоўна, спецыяліст у той ці іншай галіне. Але самае цудоўнае ў гэтых людзях — ген эксперыментатарства. Апроч таго, гэта вялікія энтузіясты, якія хвалююцца за часопіс і хочуць зрабіць яго лепшым. І калі спытаць, хто найгалоўнейшы аматар «Бярозкі», то адказ будзе відавочны: гэта мы, рэдакцыя. 

Гутарыла Аліса БРАТКА 

Фота даслана Палінай КАРАЛЕВАЙ 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».