Вы тут

Новы том цыкла «Старажытныя сядзібы Гродзеншчыны» прэзентавалі ў Гродне


Гэта чацвёртая кніга з цыкла «Старажытныя сядзібы Гродзеншчыны», у якой аўтар расказвае пра аб’екты і паркі Свіслацкага і Слонімскага раёнаў. Папярэднія тры тома нарысаў — даследванняў ахапілі 13 раёнаў вобласці. На чарзе — Смаргонскі і Шчучынскі. Мяркуецца, што поўнасцю цыкл гродзенскіх сядзібаў будзе завершаны апошнім, пятым па ліку томам. Серыя цікавых нарысаў убачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». 


Вывучэннем сядзібна-паркавых комплексаў Анатоль Федарук заняўся яшчэ ў 90-х гадах. Вядомы навуковец, доктар біялагічных навук, прафесар пачаў даследаваць беларускія сядзібы, у тым ліку, з пункту гледжання паркавай культуры. Матэрыял збіраўся падчас шматлікіх экспедыцый у рэгіёны краіны. Анатоль Тарасавіч па некалькі разоў наведваў кожны аб’ект, ведаў не толькі прыродныя асаблівасці таго ці іншага сядзібнага комплекса, але і яго гісторыю, радавод уладальнікаў. Менавіта гэты матэрыял пасля ўвасобіўся ў шэрагу выданняў пад агульнай назвай «Старажытныя сядзібы». 

Чатыры тамы прысвечаны Гродзеншчыне, дзе захавалася самая вялікая колькасць падобных аб’ектаў. Як паведаміў намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» Уладзімір Мосін, першы том выйшаў у 2013 годзе, праз год — другі том. У 2020 годзе чытачы мелі магчымасць пазнаёміцца з трэцяй кнігай Анатоля Федарука. Ёсць намер выдаць і пяты том гэтай серыі. «Такі цыкл — вынік грунтоўнага вывучэння гістарычных аб’ектаў. А задача нашага выдавецтва — папулярызацыя гісторыі Беларусі, каранёў нашай дзяржавы, народнасці. А тут якраз ідзе гаворка пра нашу багатую спадчыну,» — зазначыў прадстаўнік выдавецтва.

У новым томе кнігі прадстаўлена гісторыя стварэння і развіцця сядзібаў Свіслацкага і Слонімскага раёнаў, а таксама іх сучасны стан. Усяго ў зборнік увайшло больш двух дзесяткаў падобных аб’ектаў, кожны з якіх мае сваю архітэктурную асаблівасць. Узгадваецца ў нарысах быт і стыль жыцця шляхетных асобаў, якія будавалі свае палацы, разбівалі паркі і аранжэрэі. На тэрыторыі кожнай сядзібы з’яўлялася свая культура гаспадарання. Аўтар-навуковец яшчэ вельмі шчыльна даследаваў флору тых мясцін. Кажуць, што некаторыя гаспадары аграсядзібаў зацікавіліся старажытнымі сартамі раслін і шукаюць іх там. 

— Анатоля Федарука без перабольшвання можна назваць галоўным спецыялістам па гісторыі сядзібных паркаў Беларусі. Ён дасканала апісаў сядзібы і паркі Брэсцкай, Мінскай і Гродзенскай абласцей. Як аказалася, менавіта на Гродзеншчыне самая вялікая колькасць такіх аб’ектаў. Таму багаты матэрыял па рэгіёну было вырашана апублікаваць у пяці тамах, а не ў адным, як у іншых выпадках. Чатыры кнігі ўжо ўбачылі свет, — падкрэсліла падчас прэзентацыі кнігі яе навуковы рэдактар, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Акадэміі ўпраўлення пры Прэзідэнце Вольга Папко.

Па яе словах, падчас работы над чацвёртым томам узніклі праблемы з ілюстрацыямі. Дзе іх набыць? Шукалі па розных крыніцах. Для гэтага тома ўпершыню былі падрыхтаваны генеалагічныя дрэвы тых радоў, якім належылі сядзібы. Вольга Папко ўзгадвае, як рэдактавала тэкст пра сядзібу Вердамічы Свіслацкага раёна. Ілюстрацыі да яе знайшла ў мемуарах дачкі апошняга ўладальніка палаца графа Юльяна Талочкі. Выкарыстана дзесятак цікавых фотаздымкаў тых часоў. 

Дарэчы, на сённяшні дзень ад былога палаца засталіся толькі фрагменты. Затое захаваўся паркавы комплекс, старажытная алея і капліца 1905 года пабудовы. Як паведаміла старшыня Вердаміцкага сельскага выканаўчага камітэта Алена Салавей, мясцовыя ўлады падтрымліваюць там парадак, абкошваюць тэрыторыю. Сам парк знаходзіцца на балансе мясцовай сельгастэхнікі. На думку старшыні сельвыканкама, паркавы комплекс варта прывесці ў больш прывабны стан, але для гэтага патрэбны значныя капіталаўкладанні. 

Наталля Федарук, дачка аўтара кнігі.

Між тым, гістарычная спадчына не застаецца без увагі. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сняжаны Куратчык, у рэгіёне клапоцяцца аб захаванні сваёй гісторыка-культурнай спадчыны. Менавіта з Гродзенскай вобласці паступае большая колькасць заявак у Фонд Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва. І на многія аб’екты выдзяляюцца сродкі.

На старажытныя сядзібы была звернута ўвага і дзякуючы выхаду ў свет кніг Анатоля Тарасавіча. Аб гэтым паведаміла рэдактар выданняў Вольга Папко. Не адзін дзесятак сядзібаў пасля выхаду кнігі набывалі гаспадароў і аднаўляліся. А Гродзенская вобласць атрымала сапраўдную энцыклапедыю сваёй сядзібна-паркавай спадчыны, за якой стаіць вынік вялікай працы навукоўца і даследчыка нацыянальнага культурнага пласта Беларусі. 

Так здарылася, што сам аўтар літаральна некалькі месяцаў не дажыў да выхаду сваёй чацвёртай кнігі. Яму было 83 гады. Яго дачка, Наталля Федарук, выказала ўдзячнасць усім, хто з ім працаваў. У першую чаргу, навуковаму рэдактару кнігі Вользе Папко, стылісту Таццяне Мартыненка, а таксама яго сябру Дзмітрыю Мурашка, з якім Анатоль Тарасавіч ездзіў у экспедыцыі. Менавіта ён настойваў на тым, каб захаваць нейкія аўтарскія словы, якія датычылі той ці іншай мясцовасці. 

На сённяшні дзень у выдавецтва «Звязда» ёсць планы працягваць гэту серыю. 

У хуткім часе пачнецца работа над пятым томам «Старажытных сядзібаў Гродзеншчыны». Цыкл даследванняў па рэгіёну завершыць Смаргонскі і Шчучынскі раёны. Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта мяркуе, што прэзентацыя заключнага выдання павінна адбыцца ў Шчучыне, у былым палацы Друцкіх-Любецкіх. Сама яна памятае Анатоля Федарука як чалавека апантанага, сціплага і вельмі дасведчага. 

Не аднойчы Анатоль Тарасавіч прымаў удзел у навукова —практычных канферэнцыях у Шчучыне. Адна з іх была прысвечана 250-ці годдзю з дня нараджэння Станіслава Юдзіла, які адзін з першых напісаў падручнік па батаніцы і заклаў у Шчучыне першы батанічны сад. 

- Але дзе той сад? Пачалі яго шукаць і звярнуліся да Анатоля Тарасавіча, каб ён дапамог вызначыць узрост старога дуба, які мог быць з таго сада. І ён па сваіх тэхналогіях зрабіў вынік, што дубу больш за 250 год, значыць, гэта дуб Юндзіла. І цяпер гэта наш турыстычны аб’ект, куды прыязджаюць турысты, бяруць жолудзі — на шчасце. Вельмі прыемна, што наступны том Анатоля Тарасавіча будзе прысвечаны Шчучынскаму раёну, — акцэнтуе ўвагу старшыня дэпутацкага корпуса вобласці. 

Што датычыць чацвёртага тома, ён выйшаў з друку ў кастрычніку накладам 500 экзэмпляраў. Больш за 160 ужо прададзена. Кошт складае 67 рублёў. Плануецца, што ў хуткім часе паступіць у гродзенскія крамы ААТ «Белкніга». 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».