Вы тут

Рэктары: Урыўкі з новай кнігі (працяг)


З рэктарам Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, акадэмікам, доктарам сельскагаспадарчых навук, прафесарам Вітольдам Казіміравічам Песцісам я пазнаёміўся раней, чым з яго ўніверсітэтам. ВНУ сельскагаспадарчага профілю ў Горках, Мінску, Віцебску і Гродне своеасаблівыя і па сваёй структуры, і па арганізацыі навучальнага працэсу. Яны "прыземленыя", маюць у сваёй гаспадарцы ўчасткі зямлі, мехдвары і фермы, доследныя ўчасткі і ветлякарні, пасекі і лясныя ўгоддзі. З іх патрабуюць не толькі падрыхтоўку спецыялістаў для працы на вёсцы, але і селекцыю жывёл, новыя гібрыдныя сарты раслін і высокія ўраджаі ў вучэбных гаспадарках. Таму і падначальваюцца гэтыя ВНУ не Міністэрству адукацыі, а Міністэрству сельскай гаспадаркі. Зразумела, што ў першы час працы міністрам адукацыі мне было не да іх, і з Песцісам я грунтоўна пазнаёміўся перш за ўсё як з палітыкам, а ўжо пасля ацаніў маштаб гэтай асобы і як рэктара.


У 2004 годзе прыхільнікі Прэзідэнта Беларусі А. Р. Лукашэнкі на Гродзеншчыне вырашылі аб'яднацца, стварыўшы грамадскую арганізацыю "Белая Русь". Гэты палітычны рух быў заканамерным: праціўнікі Прэзідэнта, яго апапазіцыя, арганізаваны ў партыі і ўсялякія грамадскія структуры, а мы, прыхільнікі, не. Маўляў, нас і так абсалютная большасць — навошта нам яшчэ і неяк структуравацца? Аднак эфектыўная палітычная праца патрабуе яе арганізаванасці — вось у Гродзенскай вобласці і ўзнікла "Белая Русь". І, відаць, самымі актыўнымі яе арганізатарамі сталі намеснік старшыні аблвыканкама Марыя Міхайлаўна Бірукова і... рэктар Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта Вітольд Казіміравіч Песціс. Іх ідэя аказалася настолькі своечасовай і запатрабаванай, што ў 2007 годзе была створана рэспубліканская арганізацыя "Белая Русь" і мяне выбралі яе старшынёю. З таго часу мы з Вітольдам Казіміравічам неразлучныя. Ён часта бываў у мяне ў міністэрстве, пры гэтым не толькі як рэктар, але і як член Савета Рэспублікі (дарэчы, трох скліканняў!). Мы сустракаліся і ў Акадэміі навук, дзе я быў членам прэзідыума, а ён — членам-карэспандэнтам, а пасля — сапраўдным членам. Абласныя арганізацыі "Белай Русі" ўзначалілі нашы з Песцісам калегі-рэктары, таму і ў рэспубліканскім штабе гэтай арганізацыі нашы размовы ад палітычных тэм непазбежна пераходзілі да пытанняў развіцця вышэйшай школы і ўвогуле адукацыі ў краіне. Але ж Прэзідэнт мяне так і скіроўваў: "Сістэма адукацыі — перадавы ідэалагічны фронт!"

З Вітольдам Казіміравічам у мяне размовы заўсёды былі грунтоўныя і глыбокія. Любілі мы гутарыць удвух. Аб стратэгіі развіцця сельскай гаспадаркі, аб праблемах ў сістэме вышэйшай школы, аб празмернай карпаратыўнасці ў Акадэміі навук, аб партыйным будаўніцтве. Нашы гутаркі былі настолькі даверлівыя, што не пра ўсё я і зараз магу расказваць. Мне падабалася яго жыццялюбства, заўсёды ўласцівы яму аптымізм. І ўсе рэктары, і ўся "Белая Русь" не раз слухалі з яго вуснаў устаноўку на жыццё:

Не знаю, сколько жить еще осталось,

Но заверяю вас, друзья:

Работу можно отложить на старость

Любовь на старость отложить нельзя.

Аўтарытэт рэктара Песціса грунтоўны і маштабны, Вітольд Казіміравіч уяўляе сабою ў маім разуменні аптымальнае спалучэнне асабовых якасцяў для гэтай пасады — палітык, вучоны, педагог, гаспадарнік і проста добры чалавек. Таму і кіруе сваім універсітэтам з 1995 года па сёння.

Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт таксама ўяўляе сабою бастыён нашай краіны на заходніх межах, але ўжо ў ахове здароўя. Ён быў адчынены ў 1958 годзе для забеспячэння медыцынскімі кадрамі заходняга рэгіёна Беларусі. Я добра ведаў двух рэктараў гэтага ўніверсітэта — доктара медыцынскіх навук, прафесара Пятра Васільевіча Гарэліка і члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук, доктара медыцынскіх навук, прафесара Віктара Аляксандравіча Сняжыцкага. Але, відаць, яшчэ болей — першага прарэктара гэтага ўніверсітэта, доктара медыцынскіх навук, прафесара Ігара Георгіевіча Жука. Рэктары медыцынскіх універсітэтаў адрозніваліся ад сваіх калег, кіраўнікоў іншых ВНУ, знешнім спакоем, саліднасцю, нават нейкай дыстанцыяванасцю ад жыццёвай мітусні і прыкметнай незалежнасцю. Мяркую, гэта таму, што ўсе яны былі ўрачамі-практыкамі, пры гэтым даволі добрымі. Ведалі сабе цану. Бо, як бы перад ім не гарачыўся начальнік, нават знешне маглі вызначыць, што ў яго, напрыклад, хворыя ныркі, ці гіпертанія, ці пачынаецца прастуднае захворванне, і ён ужо прыйдзе да іх жа на прыём у прасцецкім выглядзе, здыме перад імі пінжак і кашулю (і гэта ў лепшым выпадку). Ды і мы да іх рэгулярна звярталіся з просьбамі дапамагчы ў лячэнні сябе ці блізкіх. Я, напрыклад, яшчэ гадоў пятнаццаць назад спытаў у прафесара Жука:

— Ігар Георгіевіч, ці трэба штогод прышчэплівацца ад грыпу? Мы ж не навучыліся прадугледжваць яго новыя штамы і ўсё адно можам захварэць.

— Абавязкова! Па-першае, гэта дае большую верагоднасць выжыць у час эпідэміі. Па-другое, нават калі са штамам мы не адгадалі, усё адно хвароба будзе працякаць мякчэй.

Заўважце, ні я, ні ён тады і падумаць не маглі, што да нас прыйдзе нават не эпідэмія, а пандэмія каранавіруса.

Віктар Аляксандравіч Сняжыцкі быў прызначаны рэктарам, калі я ўжо не працаваў міністрам адукацыі. Але нас цягнула адзін да аднаго. Калі мы траплялі ўдвух на які-небудзь палітычны ці адукацыйны форум, то абавязкова знаходзілі адзін аднаго, каб перакінуцца хаця б словам. Гэта было для нас неабходна. Ён запрашаў мяне ў свой універсітэт выступіць перад студэнтамі па пытаннях сучаснай дзяржаўнай ідэалогіі. Не атрымалася. І я адчуваю сваю віну перад ім.

Паважлівае стаўленне да рэктара Сняжыцкага было не толькі ў яго ўніверсітэце, у сістэме аховы здароўя і ў Акадэміі навук. Гродзенцы абралі яго сваім прадстаўніком і ў Савет Рэспублікі.

Першы прарэктар медыцынскага ўніверсітэта прафесар Жук у 2009 годзе быў прызначаны намеснікам старшыні аблвыканкама, а ў 2014-м яго выбралі старшынёю абласнога Савета дэпутатаў. Рэктары і прарэктары ўніверсітэтаў па ўсёй краіне працягваюць забяспечваць кадравы рэзерв кіраўнікоў краіны і яе рэгіёнаў.

З Ігарам Георгіевічам мы ўжо сталі болей разам працаваць у палітычнай сферы. Ён са сваімі калегамі часта прыязджаў на нарады ў Адміністрацыю Прэзідэнта, на пасяджэнні Савета Рэспублікі, членам якога ён быў. І, канешне ж, усе нашы размовы непазбежна датычыліся яго роднага Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта. У 2018 годзе Ігар Георгіевіч узначаліў абласную арганізацыю "Белай Русі". Так ці іначай і грамадскія лідары фарміруюцца, як правіла, ва ўніверсітэтах.

З 2020 года Гродзенскі ўніверсітэт узначальвае яго выпускніца, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Алена Мікалаеўна Краткова (зараз — першы намеснік міністра аховы здароўя Беларусі — заўвага рэд.). Алена Мікалаеўна — з практыкуючых дактароў-практыкаў і арганізатараў сістэмы аховы здароўя. Участковы доктар, намеснік галоўнага ўрача, галоўны ўрач абласной бальніцы, начальнік упраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама — цяпер яна са сваім багатым вопытам у якасці рэктара будзе рыхтаваць новыя пакаленні дактароў для нашай краіны.

Тры гродзенскія ўніверсітэты — нашы заходнія фарпосты ў навуцы, адукацыі, медыцыне і сельскай гаспадарцы. А разам — і ў нацыянальнай ідэалогіі. Рэктары ўніверсітэтаў заўсёды разумелі сваё прызначэнне для гэтых задач і з годнасцю іх вырашалі.

...Яшчэ са школы мяне непакоіла пытанне: чаму на тэрыторыі Беларусі Тураўскае княства самае старажытнае? Зразумеў гэта тады, калі прыехаў у Тураў і там мне расказалі, што ў гэтых мясцінах самыя ўрадлівыя глебы на нашай тэрыторыі. Тады я задумаўся: Радзівілы пасяліліся ў Нясвіжы, першая ў нашай краіне сельскагаспадарчая ВНУ была арганізавана ў Горках. А там таксама вельмі добрая зямля! У Магілёўскай вобласці цэлая града, якая працягнулася ад Мсціслаўскага праз Горацкі, Шклоўскі і Круглянскі раёны. Аднойчы я ад усёй душы віншаваў губернатара Брэсцкай вобласці Канстанціна Андрэевіча Сумара з высокім ураджаем збожжавых:

— І надвор'е ў гэтым годзе было не самае лепшае, а вы сабралі мільён тон!

А ён толькі ўздыхнуў:

— А калі б мне яшчэ такая зямля, як у вас у Магілёўскай вобласці!

Горы-Горацкая земляробчая школа (цяпер Беларуская (Горацкая) сельскагаспадарчая акадэмія, БСГА) — сельскагаспадарчая навучальная ўстанова Расійскай імперыі — была заснавана 24 красавіка 1836 года. З таго часу яе кіраўнікамі былі многія вартыя вучоныя і педагогі. Напрыклад, яшчэ са сваіх студэнцкіх гадоў памятаю прозвішча рэктара БСГА Сонцава. У Магілёўскім педінстытуце мае выкладчыкі вымаўлялі яго з непрыхаванай павагай. Пазней я даведаўся, чаму.

Акадэмік УАСГНІЛ, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Канстанцін Міхайлавіч Сонцаў — вядомы вучоны фізіёлаг. Ён быў рэктарам БСГА з 1964 да 1977 года. Распрацоўваў тэарэтычныя асновы рацыянальнага кармлення буйнай рагатай жывёлы і свінняў, методыкі захоўвання кармоў, тэхналогіі вытворчасці і выкарыстання кармавых антыбіётыкаў. Рэзультаты яго даследаванняў адразу выкарыстоўваліся ў мясамалочнай прамысловасці. Да гэтага часу яго імя ў Горацкай акадэміі вымаўляюць з піетэтам.

Пасля акадэміка Сонцава БСГА два гады ўзначальваў вядомы вучоны-генетык і селекцыянер, член-карэспандэнт АН БССР, доктар біяолагічных навук, прафесар Усевалад Яўстаф'евіч Борматаў. Вынікі яго даследаванняў пшанічна-жытнёвых гібрыдаў, паліплоідных сартоў цукровых буракоў і цяпер выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы.

Пераклаў з рускай мовы Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».