Вы тут

Выслухаць і знайсці рашэнне — галоўная задача ўчастковых інспектараў міліцыі


На апорным пункце Першамайскага раёна сталіцы карэспандэнты «Звязды» высвятлялі, як праходзіць прыём грамадзян. З першых вуснаў даведаліся, якімі праблемамі да супрацоўнікаў міліцыі звяртаюцца жыхары раёна.


Шумяць суседзі, робяць рамонт, паступаюць падазроныя паведамленні на тэлефон — з такімі зваротамі грамадзяне прыходзяць да ўчастковых. Міліцыянеры не пакідаюць без увагі ніводнае паведамленне — несур’ёзных і нетэрміновых праблем не бывае. Кожная сітуацыя разглядаецца індывідуальна, да кожнага грамадзяніна — асаблівы падыход. 

У апорным пункце № 606 прыём вёў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Першамайскага РУУС сталіцы маёр міліцыі Аляксандр Безбародаў. Першай звярнулася жанчына, якая расказала, што напярэдадні ветлівы мужчына ў форме супрацоўніка міліцыі тэлефанаваў ва ўсе кватэры іх шматпавярхоўкі, задаваў пытанні. У сувязі з частымі выпадкамі махлярства яна вырашыла гэтую інфармацыю пераправерыць.

Міліцыянер удакладніў дату і час, у які быў заўважаны супрацоўнік органаў унутраных справаў. Зверыўся з графікамі і супакоіў жанчыну: «Не хвалюйцеся, гэта сапраўды наш супрацоўнік — участковы інспектар міліцыі, які прыходзіў пазнаёміцца і пакінуць свой кантактны нумар тэлефона. Трэба, каб насельніцтва ведала міліцыянера, які адказвае за парадак на іх тэрыторыі, і ў выпадку неабходнасці людзі маглі аператыўна з ім звязацца».

Пры гэтым Аляксандр Безбародаў звярнуў увагу, што пільнасць грамадзянкі небеспадстаўная — у дачыненні да жыхароў пачасціліся выпадкі махлярства. У сувязі з гэтым супрацоўнік органаў унутраных спраў даў параду — калі прыходзіць супрацоўнік міліцыі, не саромейцеся папрасіць яго прадставіцца, паказаць службовае пасведчанне. Такая рэкамендацыя датычыцца ўсіх грамадзян. 

Пажылыя мужчына і жанчына прыйшлі на прыём у апорны пункт з просьбай паразмаўляць з суседзямі з верхняга паверха. Маладая сям’я з дзецьмі і сабакам весела і вельмі гучна бавяць вечары: скачуць, смяюцца, слухаюць музыку. Усе дзеянні адбываюцца не пазней за 23:00, але спаць заяўнікі кладуцца нашмат раней, таму ім хацелася б цішыні. Муж і жонка прызналіся, што самі яны размаўляць з суседзямі не спрабавалі, саромеюцца і спадзяюцца на супрацоўнікаў міліцыі.

— Згодна з артыкулам 22.12 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, шумець забаронена з 23:00 да 7:00, — удакладніў праваахоўнік. — Аднак ёсць і чалавечы фактар. Мы пагутарым з вашымі суседзямі упэўнены, што яны прыслухаюцца да вашых пажаданняў.

Не адкладаючы ў доўгую скрыню, Аляксандр Безбародаў патэлефанаваў суседзям тых, хто звярнуўся. Як высветлілася, у гэтую кватэру, адкуль даносіцца шум, яны пераехалі нядаўна, яшчэ не з усімі суседзямі пазнаёміліся. Пачуўшы, што камусьці перашкаджаюць, знерваваліся і паабяцалі па вечарах не шумець. Паколькі рамонт у іх кватэры яшчэ ідзе, гаспадары, даведаўшыся аб тым, што гэта перашкаджае іх суседзям, вырашылі зрабіць дадатковую шумаізаляцыю.

Напрыканцы прыёму грамадзян прыйшла маладая жанчына, якая занепакоена тым, што пажылая суседка доўга не выходзіць на вуліцу — дзверы не адчыняе. Начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі адразу ж патэлефанаваў участковаму, які замацаваны за гэтым домам. Аказалася, калі міліцыянеры ў рамках праводзімых прафілактычных мерапрыемстваў наведвалі гэтую пажылую жанчыну апошнім разам, яна паскардзілася на тое, што не можа сама хадзіць у магазін, прыбіраць у доме, гатаваць ежу. Жанчына пастаянна выклікае ўрача ў сувязі з дрэнным самаадчуваннем. Паколькі сваякоў у яе няма, папрасіла дапамагчы змясціць яе ў спецыяльную ўстанову для пажылых грамадзян для пастаяннага там пражывання. Участковы паведаміў сацыяльным службам, што жанчына цяпер знаходзіцца пад медыцынскім наглядам, за ёй ажыццяўляецца пастаянны догляд.

— Маленькіх праблем не бывае, — рэзюмаваў вынікі прыёму грамадзян Аляксандр Безбародаў. — Мы заўсёды зацікаўлены дапамагчы грамадзянам, у гэтым сэнс нашай працы.

Нагадваем, што кожную сераду з 17.00 да 20.00 ва ўсіх гарадскіх апорных пунктах аховы правапарадку краіны і з 10.00 да 13.00 у сельскай мясцовасці ўчастковыя інспектары міліцыі праводзяць прыём грамадзян. 

Вераніка КАНЮТА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.