Вы тут

Для аздараўлення планеты і ўстойлівай будучыні павінна развівацца ядзерная сфера


Па прагнозах МАГАТЭ, да 2050 года ўстаноўленая магутнасць атамных рэактараў складзе каля 870 ГВт, для чаго неабходна ў шэсць разоў павялічыць аб'ём інвестыцый. У будаўніцтва крыніц тых мінімум 600 ГВт энергіі, якія мусяць быць узведзены да гэтага часу, патрэбны дзясяткі мільёнаў людзей. А пасля мільёны будуць іх эксплуатаваць і несці чыстую энергію на планету. У свеце разгортваецца сур'ёзны энергетычны крызіс, звязаны з ростам цэн на энерганосьбіты і разбурэннем лагістычных ланцужкоў. У такіх умовах атамная энергетыка можа не толькі вырашыць бягучыя праблемы, з якімі сутыкаюцца эканомікі большасці краін свету, але і стаць драйверам для развіцця на дзесяцігоддзі наперад. Пра ўсё гэта не толькі гаварылі, але і паказвалі свае дасягненні ў галіне спецыялісты з больш як 65 краін падчас ХІІ Міжнароднага форуму «Атамэкспа», які прайшоў у Сочы пад дэвізам «Атамная вясна»: ствараючы ўстойлівую будучыню». У ім узяло ўдзел звыш 2,5 тысячы экспертаў, а вынікам шматлікіх мерапрыемстваў, што адбыліся ў межах форуму, стала падпісанне больш як 50 міжнародных дамоўленасцяў і мемарандумаў. Наша карэспандэнтка пабывала там разам з беларускай дэлегацыяй.


Міжурадавае пагадненне паміж Беларуссю і Расіяй аб супрацоўніцтве ў галіне абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам у межах міжнароднага форуму «Атамэкспа» падпісалі міністр энергетыкі Віктар КАРАНКЕВІЧ і генеральны дырэктар Дзяржкарпарацыі па атамнай энергіі «Расатам» Аляксей ЛІХАЧОЎ.

У межах саюзнай праграмы

У межах форуму было падпісана міжурадавае пагадненне паміж Беларуссю і Расіяй аб супрацоўніцтве ў галіне абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам (АЯП). Дакумент вызначае парадак транспарціроўкі АЯП у Расію з БелАЭС для часовага захоўвання з наступнай перапрацоўкай, а таксама вяртання ў Беларусь радыеактыўных адходаў.

Падобнае пагадненне з Беларуссю падпісана загадзя. Цяпер адпрацаванае паліва захоўваецца ў прырэактарных басейнах вытрымкі атамнай станцыі, а ўжо на мяжы 20-30-х гадоў спатрэбіцца далейшае абыходжанне з ім. Менавіта на такі тэрмін у стварэнні рэгулятарнага, кантрактнага і лагістычнага ланцужкоў у перапрацоўцы беларускіх ядзерных адходаў арыентуецца расійскі перапрацоўшчык — кампанія «Тэхснабэкспарт».

Беларусь зрабіла сур'ёзны крок на шляху дасягнення энергетычнай незалежнасці, а таксама забяспечыла сябе чыстай крыніцай энергіі на дзесяцігоддзі наперад. Сёння, калі многія дзяржавы, сутыкнуўшыся з вострым дэфіцытам вугляроднага паліва і высокімі цэнамі на яго, сталі заяўляць аб рашэннях будаваць уласныя АЭС, а таксама ўносіць змяненні ў энергетычныя стратэгіі з акцэнтам на карысць атамнай энергетыкі, наша краіна ўжо валодае крыніцай атамнай энергіі, заявіў на форуме Віктар КАРАНКЕВІЧ, міністр энергетыкі Беларусі:

— З моманту ўключэння першага энергаблока выпрацавана ўжо 10 млрд кВт·г электраэнергіі. Гэта дазволіла замясціць 2,8 млрд м3 газу, што супастаўна з 45 % гадавой патрэбы эканомікі краіны ў электраэнергіі, і прадухіліць выкід у атмасферу 4,3 млн тон парніковых газаў. З уводам другога энергаблока выкарыстанне прыроднага газу будзе працягваць памяншацца (па разліках, яго замяшчэнне дасягне 4,5 млрд м3). Значны ўклад будзе зроблены і ва ўмацаванне экалагічнай сітуацыі ў плане паляпшэння клімату ў рэгіёне за кошт скарачэння выкідаў вуглякіслага газу ў атмасферу ў памеры больш за сем мільёнаў тон на год.

Атамная станцыя дазваляе задаволіць попыт на электраэнергію, які працягвае расці, у шэрагу сектараў эканомікі. БелАЭС надасць новы інтэлектуальны, інавацыйны, тэхналагічны імпульс развіццю энергетыкі і ў іншых галінах: медыцыне, адукацыі, электратранспарту, запэўніў міністр:

— Узаемадзеянне з Дзяржкарпарацыяй «Расатам» надалей будзе пашырацца і закранаць і прадугледжваць навукова-тэхнічнае суправаджэнне эксплуатацыі АЭС і прадаўжэнне тэрмінаў яе службы, абыходжання з радыеактыўнымі адходамі і адпрацаваным ядзерным палівам, падрыхтоўку кадраў для атамнай энергетыкі. Усе гэтыя кірункі закладзены ў саюзную праграму развіцця атамнай энергетыкі Саюзнай дзяржавы.

Міністр нагадаў таксама, што ў межах саюзнай праграмы вядзецца работа па вызначэнні цанавых умоў паставак газу ў 2023 годзе і падрыхтоўка прынцыпаў фарміравання аб'яднанага газавага рынку на перспектыву.

Мадэль сучаснай атамнай станцыі — адзін з экспанатаў выставы на форуме.

Даследчы рэактар на хуткіх нейтронах

Энергетычная палітыка ў атамнай галіне спрыяе дасягненню энерганезалежнасці, павышэнню канкурэнтаздольнасці і ахове наваколля. Гэта чысты, танны і бяспечны прадукт, лічаць спецыялісты.

З атамных тэхналогій вырасла шмат лічбавых кампетэнцый і тых, што звязаны з новымі матэрыяламі: квантавыя вылічэнні, фатонныя тэхналогіі — гэта прынцыпова новы ўзровень ведаў і жыцця ў краінах свету. Аднак рэалізаваць атамны прадукт немагчыма не толькі без высокіх тэхналогій, але і без глыбокага ўзроўню эмацыянальнага даверу: асабістага і чалавечага, заўважыў генеральны дырэктар Дзяржкарпарацыі па атамнай энергіі «Расатам» Аляксей ЛІХАЧОЎ:

— На сусветныя выклікі і пагрозы атамная сям'я рэагавала згуртавана, мы практычна не разарвалі ніводнай камерцыйнай і навуковай сувязі з нашымі партнёрамі і бачым жаданне пераадолець складанасці, якія сёння, на жаль, пачынаюць па розных прынцыпах падзяляць нашу планету. Такім чынам, атамная індустрыя з'явілася носьбітам рэальнага, а не дэкларатыўнага падыходу да аздараўлення планеты.

 

Кожнай краіне, якая бачыць сябе ў атамнай энергетыцы, патрэбны даследчы рэактар. Аднак варта памятаць, што даследчы рэактар — выраб высокай складанасці і тэхналагічнасці, а таксама вялізнай капіталаёмістасці. Даследчы рэактар, які прапануецца расійскім бокам, можа выкарыстоўвацца для многіх задач, у прыватнасці, для вырабу медыцынскіх ізатопаў і матэрыялазнаўства, расказаў дырэктар «Русатам Бел» (краінавага офіса «Расатама» ў Беларусі) Станіслаў ЛЯВІЦКІ.

— Мы знаходзімся ў пастаянным кантакце з Аб'яднаным інстытутам энергетычных і ядзерных даследаванняў — «Сосны» НАН Беларусі і гатовыя прапаноўваць нашы рашэнні. Аднак рухацца наперад мы будзем толькі па ўзгадненні з беларускімі калегамі. Пакуль з «Соснамі» ўзгоднена канцэпцыя. Пытанне ў аб'ёмах напрацоўкі. Цяпер планаваць, зыходзячы з адносна невялікіх прагнозаў па развіцці радыефармацэўтычнай галіны ў Беларусі, не зусім карэктна. А мы павінны глядзець на перспектыву 10—20 гадоў.

Спецыялісты з многіх краін, якія хочуць уваходзіць у атамную галіну, хочуць займацца і даследаваннямі, таму быў створаны кансорцыум — міжнародны цэнтр даследаванняў на базе шматмэтавага наукова-даследчага рэактара на хуткіх нейтронах, расказаў спецыяліст:

— Удзел у кансорцыуме дазваляе выкарыстоўваць час работы на дадзеным даследчым рэактары. Падобных рэактараў у свеце толькі два, трэці пакуль праектуецца. У кансорцыуме цяпер працуюць вучоныя з больш як дзесяці краін, а ў кансультацыйным савеце — 13 міжнародных арганізацый. І мы рады прапанаваць беларускім калегам працаваць у межах кансорцыума. Гэта дазволіць атрымліваць неабходныя даследаванні з непараўнальна меншымі ўкладаннямі.

Энергетычны мікс з атамных і аднаўляльных крыніц энергіі

«Атамны рэнесанс» становіцца рэальнасцю, упэўненыя эксперты галіны. У Германіі, напрыклад, зацверджана рашэнне працягнуць работу трох апошніх рэактараў да сярэдзіны 2023-га. Працягваюць тэрмін работы сваіх АЭС і ў ЗША. У Японіі справа ідзе да перазагрузкі атамнай энергетычнай сістэмы і думак пра будаўніцтва атамных энергаблокаў. Францыя і Вялікабрытанія намерваюцца павялічыць долю атамнай генерацыі ў сваім энергабалансе на 22 і 24 ГВт адпаведна. А Паўднёвая Карэя адмаўляецца ад ідэі закрыць атамную станцыю. Стаўку на нізкавугляродныя крыніцы энергіі робяць таксама краіны-навічкі «ядзернага клуба»: Бангладэш, Узбекістан, Казахстан, Кіргізія, Турцыя, Егіпет, Саудаўская Аравія, а таксама краіны Афрыкі. Пры гэтым у свеце не забываюцца і на аднаўляльныя крыніцы энергіі (АКЭ).

Бразілія ў 2027 годзе плануе ўвесці ў работу трэці энергаблок АЭС, якая будуецца на поўначы краіны, а таксама разглядае перспектыву выкарыстання ў аддаленых раёнах модульных атамных рэактараў малой магутнасці, расказаў генеральны дырэктар бразільскай карпарацыі ЕNBРаr Ней Занела дос Сантас:

— Бразілія ніколі не спынялася ў развіцці ядзернай энергетыкі, а заўжды выступала амаль што піянерам у гэтым кірунку і прыкладала вялікія намаганні для яго развіцця. У краіне займаюцца, у прыватнасці, здабычай уранавай руды і плануюць вырабляць 2000 тон урану, а таксама пашыраць прысутнасць ядзерных тэхналогій у медыцыне і сельскай гаспадарцы. На працягу наступных 30 гадоў мы збіраемся павялічыць ядзерныя магутнасці на 10 ГВт.

Турцыі патрэбнае ўстойлівае забеспячэнне электраэнергіяй, таму яна разглядае энергетычны мікс з прыроднага газу, здабыча якога павялічылася амаль утрая, і ядзернай энергіі, якая павінна стаць неад'емным элементам энергетычнага рынку, расказаў намеснік міністра энергетыкі і прыродных рэсурсаў Турцыі Альпарслан Байрактар:

— Спецыялісты прааналізавалі, што да 2053 года наша краіна стане дзяржавай з вялікай нацыянальнай эканомікай. Таму Турцыя будзе займацца лічбавізацыяй энергетычнага сектара, выкарыстоўваць увесь патэнцыял аднаўляльных крыніц энергіі і паляпшаць эфектыўнасць энергетыкі ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці і іншых галінах. А яшчэ — займацца няядзернымі станцыямі. Краіне неабходна каля 20 тысяч МВт электрычнай магутнасці ад АЭС, таму Турцыя мае патрэбу яшчэ ў трох атамных станцыях.

З пункту гледжання таксанаметрыі, да зялёнай генерацыі цяпер аднесена ў тым ліку і атамная генерацыя. Яна з'яўляецца найбольш эфектыўнай з пункту гледжання выдачы магутнасці і найменш капіталаёмістай (нягледзячы на велізарныя затраты на саму атамную станцыю). Аднаўляльныя крыніцы энергіі вельмі важныя, бо перадаваць планету наступным пакаленням трэба ў тым выглядзе, у якім ёй нясорамна будзе існаваць, лічыць Станіслаў Лявіцкі:

— Аднак любая энергасістэма добрая, калі ўсе элементы генерацыі знаходзяцца ў балансе. Развіццё АКЭ ў любой краіне залежыць ад яе геаграфіі. Вятры ў Беларусі не настолькі моцныя, як, напрыклад, у Маньчжурыі, а энергію сонца варта выкарыстоўваць, калі ў краіне ёсць 200 сонечных дзён за год. У вашай краіне існуе шэраг невялікіх праектаў у сферы АКЭ, але ж удзельнічаць у іх пры існуючай тарыфнай палітыцы карпарацыі пакуль немэтазгодна. Аднак мы рады ўзаемадзейнічаць з пункту гледжання атрымання кампетэнцый і навыкаў, а таксама выкарыстання беларускіх кампаній у нашых вытворчых ланцужках.

У найбліжэйшыя 10—15 гадоў разам з будаўніцтвам энергаблокаў пакалення 3+ будзе развівацца і малая атамная генерацыя. А да сярэдзіны 2050-х вырашыцца пытанне пераходу да двухкампанентнай атамнай энергетыкі — адначасовай эксплуатацыі цеплавых і хуткіх рэактараў з замкнёным паліўным цыклам, спрагназаваў Аляксей Ліхачоў:

— У доўгатэрміновай перспектыве, праз 50 ці 100 гадоў, мы разлічваем на тэхналогіі тэрмаядзернага сінтэзу, калі чалавецтва атрымае ўнікальную крыніцу энергіі — рукатворнае сонца.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

г. Сочы

Загаловак у газеце: Атамны рэнесанс

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.