Вы тут

Новы год да нас імчыцца. Прыцаніліся да святочнага настрою


Як вядома, навагоднія ўрачыстасці пачынаюцца не з дванаццатым ударам гадзінніка 31 снежня. Не з шампанскага пад тост «Праводзім стары год!» за гадзіну да гэтага моманту. Не з карпаратыву на працы. І нават не з ўпрыгожвання ёлкі і набыцця падарункаў. Новы год пачынаецца са штогадовага паходу на навагодні кірмаш па ёлачныя цацкі, дожджык, мішуру і іншыя атрыбуты свята. І для такога паходу цяпер — самы час.


Дэкор па модзе

Здавалася б, навагодніх цацак застаецца дастаткова з мінулых Новых гадоў, і няма чаго грошы марнаваць — усё роўна тыдні праз два-тры ўсе гэтыя шарыкі і зайцы адправяцца на антрэсолі, у каморы і на балконы. І ўсё ж кожны год у снежні навагоднія кірмашы збіраюць мноства апантаных, згодных заплаціць за ўвесь гэты бляск і ззянне, за мімалётнае бутафорскае срэбра і золата, за навагодні настрой. І праўда, як не абнавіць убор для ёлкі? Тым больш што каштуе ўсё гэта нядорага...

Наконт нядорага — гэта, на жаль, не так. Паштучна ўся гэтая мілата і сапраўды пераважна адносна недарагая. Але велізарны асартымент, атмасфера, клапатліва створаная маркетолагамі, ды і само прадчуванне свята (якое ахоплівае жаночую палову краіны двойчы ў год — перад Новым годам і 8 Сакавіка: ці трэба казаць, што большасць наведвальніц навагодніх кірмашоў — жаночага полу?) спрыяюць таму, што тут можна лёгка пакінуць палову зарплаты.

Але аб цэнах пагаворым пазней. А пакуль — аб навагодняй модзе. Як любая сфера, звязаная з дызайнам і творчасцю, навагодні дэкор падуладны модзе, і змяняецца гэтая мода штогод. Зараз у трэндзе пастэльныя тоны навагодняга дэкору — далікатна-блакітны і бледна-ружовы, лавандавы і фісташкавы, усе адценні ліловага і бэжавага (і гэтая тэндэнцыя, калі вы заўважылі, адлюстравана і на паліцах навагодніх кірмашоў, і ва ўборы святочных ялінак у розных установах). Далікатныя тоны і някідкія адценні закліканы стварыць атмасферу дамашняй утульнасці — найлепш тэндэнцыю можна адлюстраваць скандынаўскім паняццем «хюге». Тэрмін паходзіць ад старажытнага нарвежскага слова, якое перакладаецца як «утульнасць», «дабрабыт». У больш шырокім сэнсе ён азначае атмасферу камфорту і спакою, шчасце ў сваім доме, уменне запаволіцца, каб адчуць смак моманту. Такім чынам, яркія колеры цацак і мішуры, якія віталіся ў мінулыя гады, у канцэпцыю сёлетняга свята не ўпісваюцца. І менавіта ў рэчышчы гэтай канцэпцыі ў цяперашні Новы год пры ўпрыгожванні ёлкі дызайнеры раяць выкарыстоўваць вінтажныя (або псеўдавінтажныя) цацкі — быццам з дзяцінства або з бабулінага куфра. А таксама цацкі, зробленыя сваімі рукамі. Спалучаць усё гэта някідкае зачараванне (свята ўсё ж ніхто не адмяняў!) рэкамендуецца з колерамі срэбра і золата. Так ваша ёлка не будзе выглядаць сціпла.

Калі казаць пра форму ёлачных цацак, сёлета варта выбіраць простыя формы — шарыкі без складанага дэкору, шышкі, ледзяшы, зорачкі. Купляць іх лепш наборамі: і з пункту гледжання эканоміі, бо наборамі танней, і з пункту гледжання эстэтыкі — стракатасць разнастайных цацак у гэтым годзе не вітаецца.

А вось самі штучныя ялінкі могуць быць як звычайнымі, зялёнымі, так і сінімі, белымі, ружовымі. І нават з чырвонай ігліцай! Ну, чырвоных, сініх і ружовых ялінак з ПВХ у нашых шыротах заўважана не было, а вось белых на навагодніх кірмашах дастаткова.

Галоўная гераіня

Каля ўвахода на навагодні кірмаш у ЦУМе — лес штучных ялін рознага памеру. Паводле статыстыкі, штучную ёлку выбірае кожны другі сучасны гараджанін — па розных прычынах. Хтосьці — з пазіцыі іх экалагічнасці, лічачы, што выбар на карысць штучнай ялінкі захавае жыццё дрэвам жывым. Хтосьці — з меркаванняў эканоміі. Калі выраб якасны, вытворца дае гарантыю да 10 гадоў. Але звычайна ялінка служыць даўжэй. Натуральная ёлка — штогадовыя выдаткі. Штучная ж эканоміць сілы і час: не трэба ісці на ёлачны базар і марнаваць грошы — проста ўсталявалі і прыбралі. Хтосьці аддае перавагу штучнай ёлцы з ахайнасці: не любіць сухіх іголак, якія пасля «жывой» ёлкі даводзіцца вымятаць з дываноў і прыбіраць з канап яшчэ тыдзень, а то і месяц. Вядома, штучная ялінка не пахне ігліцай. Але гэта не крытычна.

— Я ўжо шмат гадоў стаўлю толькі штучную ёлку, — падзялілася Ксенія, наведвальніца навагодняга кірмашу ў ЦУМе. — Сёлета вырашыла купіць новую: старая праслужыла мне 12 гадоў. А каб дадаць хвойнага паху, выкарыстоўваю дома эфірныя алеі яліны або піхты.

Выбіраць штучную ёлку прадаўцы раяць уважліва, бо гэта купля на гады. Перш за ўсё, з дапамогай нюху: штучная ёлка не павінна пахнуць ні гумай, ні пластмасай. Калі ёсць такі пах, выраб няякасны. Другі этап — візуальны: паміж ігліцай не павінен прагледжвацца дрот. На наступным этапе спатрэбіцца дотык: некалькі разоў правядзіце пальцамі па галінцы супраць «шэрсткі»: калі іголкі выпадаюць, ад куплі лепш устрымацца. І, нарэшце, удакладняем у прадаўца, ці пажаранебяспечны выраб. Якасная штучная ёлка альбо робіцца з вогнетрывалага матэрыялу, альбо мае вогнетрывалае пакрыццё. Гэта вельмі важны аспект, і пра яго нельга забываць.

А наогул, крытэрыі выбару штучнай ёлкі ў кожнага свае: да вышэйназваных дадаюцца асабістыя перавагі ў дызайне і, часам, нечаканыя патрабаванні.

Ірына прыйшла выбіраць штучную ёлку з васьмігадовай дачкой. Больш за ўсё абедзвюх цікавіць тое, наколькі ўстойлівая крыжавіна і ці надзейна ў яе ўстаўляецца само дрэва.

— У нас у доме два каты, і кожны Новы год яны перакульваюць ёлку. Так што для нас галоўны крытэрый выбару — устойлівасць, — смяецца Ірына.

Яна кажа, што ёй важна, каб крыжавіну ёлкі зручна было ўмацаваць пры дапамозе пластыкавых бутэлек з вадой, гантэлей або іншых цяжкіх прадметаў.

Што датычыцца дэкору навагодніх ялінак, варыянтаў некалькі. Ёсць проста зялёныя, ёсць са штучным напыленнем, якое імітуе снег. Ёсць ялінкі — аналагі «блакітнага» сорту ёлак. Атрымалася знайсці ялінкі з шышкамі (можна амаль не ўпрыгожваць — толькі накінуць дожджык). Маюцца ў продажы, як ужо гаварылася, зусім белыя ялінкі рознай вышыні (пашукаць такія варта ў ГУМе) — упрыгожаныя цацкамі ў пастэльнай гаме, яны будуць выглядаць чароўна. Каштуе якасная штучная ёлка нятанна. Але калі падзяліць гэты кошт на дзесяць гадоў, якія ялінка гарантавана павінна праслужыць гаспадару, атрымліваецца досыць прымальна. Асабліва калі ўлічыць, што пры правільным захоўванні «дрэўца» можа пражыць і даўжэй. Пухнатая сінтэтычная яліна айчыннай вытворчасці вышынёй 150 см з імітацыяй снегу на галінках каштуе 461 рубель. Замежны аналаг з шышкамі — 365 рублёў. Беларуская ялінка без «снегу» на галінках вышынёй 1,3 м абыдзецца ў сярэднім рублёў у 210—220. Айчынная ж «піраміда ёлачная» (маленькі аналаг тых ёлак, што ставяць на плошчах) вышынёй 240 см каштуе 1046 рублёў і 52 капейкі. Зрэшты, рэальна знайсці «такую ж, але без крылаў»: з іншага матэрыялу і ў іншым дызайне, але той жа вышыні. Такі «ёлачны конус» можна набыць за 605 рублёў 88 капеек. Для эканомных ёсць маленькія сціплыя ялінкі да метра, кошт якіх пачынаецца з 42 рублёў.

Пачым Дзед Мароз?

Як ужо адзначалася, колеравая гама ёлачных цацак у гэтым годзе някідкая. Вытворчасць — часцей за ўсё Кітай, матэрыял — пераважна пластык. Пластыкавыя цацкі, якія не б'юцца, — бяспечныя (калі ў сям'і ёсць маленькія дзеці, гэты варыянт наогул адзіна магчымы), даўгавечныя і часам могуць выглядаць зусім як шкляныя. Да таго ж яны значна таннейшыя за шкло — і за гэта іх любіць спажывец. Шкляныя ёлачныя шары ў нашы дні — гэта хутчэй варыянт навагодняга падарунка. Дызайнерскае афармленне цацкі, ручны роспіс і, зразумела, немалая цана.

Пластыкавыя шарыкі прадаюцца паштучна і ў наборах. Паштучна шарыкі дыяметрам 8 см (вытворчасць — Кітай) у ружова-фіялетавай гаме з залатым напыленнем на навагоднім кірмашы ў ЦУМе каштуюць без васьмі капеек 5 рублёў. Такога ж памеру, таксама кітайскія, у пастэльнай гаме, з буйнымі бліскаўкамі — 6,67 за штучку. Проста бліскучыя без выкрунтасаў — 4,43. Набор (каля 20 шарыкаў розных фактур дастаткова, каб цалкам упрыгожыць невялікую ялінку) абыдзецца пакупніку ў суму каля 25—29 рублёў. З мінулага года не сышла мода на пухнатыя ёлачныя цацкі — з пёркамі, футрам, ворсам, што, улічваючы пухнаты сімвал года, цалкам чакана. Выбар велізарны, колеравая гама ў асноўным белая (але ёсць і іншыя светлыя тоны). Каштуюць «пухнацікі» на ёлку — трусы, совы, пінгвіны і іншыя птушкі, а таксама белыя медзведзяняты — ад 8 да 25 рублёў за штучку ў залежнасці ад памеру і складанасці. Кошт дожджыку і мішуры пачынаецца з 6 рублёў (за 2,5 метра), каралі на ялінку абыдуцца ад 4,5 рублёў да 15—17 у залежнасці ад даўжыні. Святлодыёдныя гірлянды, абавязковы навагодні атрыбут, каштуюць па-рознаму. Але мінімальна трэба разлічваць на 20 рублёў.

Зразумела, навагоднія кірмашы ў гэтым годзе проста акупаваныя даўгавухімі самых розных колераў, фактур і прызначэння. Гэта ёлачныя цацкі, а таксама бірулькі, сувеніры, скарбонкі, статуэткі... Калі перад Новым годам прынесці ў свой дом фігурку труса, гэта прыцягне ў жыццё поспех у наступным годзе, кажуць прадаўцы. Дарэчы, для тых, каму больш падабаецца лічыць надыходзячы 2023-ы годам Ката, ёсць і самыя розныя фігуркі катоў і кацянят. Хоць іх усё ж менш, чым трусоў.

Пад ёлку ў нашым дзяцінстве ставілі Дзеда Мароза і Снягурку. Зараз на навагодніх кірмашах Снягурак у продажы амаль няма, а вось Дзядоў Марозаў — колькі заўгодна. Каштуе зімовы чараўнік пад ёлку ў залежнасці ад убору і росту. Ад 127 рублёў за Мароза ростам з таго класічнага савецкага дзеда (памятаеце?) да 300 і больш за дзядулю вышэй.

Сакрэты навагодняй эканоміі

Эканомія — адно з ключавых слоў адыходзячага года. Пра тое, як сэканоміць на падрыхтоўцы да свята, ужо цяпер кажуць і пішуць літаральна ўсе. Абагульнім парады эканамістаў і псіхолагаў.

• Сэканоміць на навагодніх цацках можна, калі частку з іх зрабіць сваімі рукамі — майстар-класаў у гэтым годзе ў сацсетках шмат як ніколі. Матэрыял для такога хэндмэйду рэкамендуецца не купляць, а знайсці — дома або побач (спатрэбяцца шышкі, галінкі, рознакаляровыя ніткі, гузікі, тасьма, карункі і стужкі). Праўда, прыйдзецца выдаткавацца на клей.

• Варыянт для лянівых, але камунікабельных: памяняцца цацкамі з сябрамі. Вам за некалькі гадоў надакучылі ёлачныя цацкі, але і сябры, напэўна, не супраць абнавіць «убор» для ялінкі. Не трэба купляць — памяняйцеся! А, улічваючы моду на вінтажныя цацкі, можна пашукаць такія ў мамы ці бабулі.

• А наогул, ёлачныя цацкі разумней за ўсё купляць... пасля Новага года (у разліку на наступны). Ёлачныя кірмашы яшчэ працуюць і распрадаюць рэшткі з вялізнымі зніжкамі. Акрамя таго, няма чэргаў і гармідару.

• І яшчэ адна парада: умейце супрацьстаяць хітрыкам маркетолагаў і ўласнаму настрою чакання свята. Каб выключыць імпульсіўныя пакупкі, загадзя, яшчэ да паходу на навагодні кірмаш, дакладна вызначыцеся з сумай, якую можаце дазволіць выдаткаваць на сустрэчу Новага года — на ёлку і дэкор, падарункі, навагодні стол і на «папесціць сябе, свята ж!». Эканамісты сцвярджаюць, што, спланаваўшы навагоднія траты, можна сэканоміць да 15—20 % святочнага бюджэту.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.