Вы тут

Маштаб Якуба Коласа


Гэта ўжо стала традыцыяй — выпускаць да юбілеяў айчынных класікаў спецыяльныя нумары, якія б праз многія тэмы адлюстроўвалі ўсю шматаблічнасць жыцця і творчасці стваральнікаў беларускай нацыянальнай літаратуры. Адзнакай 140-годдзя з дня нараджэння Коласа «роднасловаўцы» і зрабілі такі адмысловы выпуск. 


Нумар адкрываецца прадмовай гадоўнага рэдактара часопіса Наталлі ШАПРАН — «Маштаб яго постаці»: «Увага да спадчыны класікаў беларускай літаратуры актывізуецца ў гады юбілейных вех. Гэта адлюстроўвае і своеасаблівы святочны каляндар іх уганаравання. Грамадска-культурныя і навукова-асветніцкія імпрэзы самага рознага кшталту праходзяць па ўсёй краіне. І толькі тыя ўрачыстасці, што звязаныя з імем Якуба Коласа, маюць уласнае найменне — Каласавіны... Гэтае ўтульнае слова сваім традыцыйным гучаннем падаецца блізкім да тэрміналагічнай лексікі народнага календара, таму і адчуваецца такім жа ўгрунтаваным у беларускай культуры, як і спадчына самога Песняра. 

Сёлетнія Каласавіны „Роднага слова“ ўвасобіліся ў часопісным нумары-альманаху. Ён працягвае і ўмацоўвае традыцыю выдання тэматычных нумароў, бо ствараўся ў супольнасці з тымі аўтарамі, чые даследаванні найбольш ярка адлюстроўваюць панараму сучаснага коласазнаўства. 

Сённяшнія навукоўцы з асаблівай пільнасцю ставяцца да кожнага дробнага „зернятка“ лёсу пісьменніка. Аднак з такой скрупулёзнасцю вырастае бачанне грандыёзнага маштабу Коласавай постаці...»

У нумары-альманаху выступаюць дасведчаныя літаратуразнаўцы і мовазнаўцы, метадысты ў галіне выкладання беларускай літаратуры і беларускай мовы. Доктар філалагічных навук Алесь БЕЛЬСКІ адрасуе чытачу артыкул «Не дай, Божа, сэрцам знікнуць...»: Малітва ў паэтычнай творчасці Якуба Коласа«. Доктар філалагічных навук Анжэла МЕЛЬНІКАВА звяртаецца да легендарнага твора беларускай паэзіі — у артыкуле «Эстэтычная экзістэнцыя беларуса»: «Новая зямля» Якуба Коласа«. Кандыдат філалагічных навук Ганна МЯТЛІЦКАЯ выступае з артыкулам «Натурфіласофскія стыхіі зямлі і вады ў зборніку „Казкі жыцця“ Якуба Коласа». Прыцягнуць увагу шырокага кола цікаўных да беларускай літаратуры, культуры чытачоў і наступныя даследванні: «Колас» як аўтавобраз ў творах народнага паэта" Анатоля ТРАФІМЧЫКА, «І ты закрасуеш, наш Мінск старадаўны...»: Мінскія рэаліі ў паэзіі Якуба Коласа«, «Парыжскі кангрэс 1935 года і Якуб Колас: стратэгіі і рэсурсы гістарычнай рэканструкцыі» Міколы ТРУСА, «Гумар Якуба Коласа» Паўла КАРАЛЁВА, «Субраты па пяры: Якуб Колас і Аляксандр Твардоўскі», «Жыццяпіс гераічнай постаці: Пераклад аповесці „Дрыгва“ Якуба Коласа на кітайскую мову» Веранікі КАРЛЮКЕВІЧ. 

Не меней грунтоўныя і астатнія публікацыі нумара-альманаха. Фактычна лістападаўскі выпуск «Роднага слова» падаецца такой міні-энцыклапедыяй «Якуб Колас» і нагадвае, што даўно наспела патрэба выпусціць персанальную Коласаўскую знцыклапедыю. Ёсць жа ў нас выданні такога кшталту, прысвечаныя Янку Купалу, Максіму Багдановічу, Уладзіміру Караткевічу. 

А часопісу «Роднае слова» застаецца пажадаць магістральнай працы над выпускам нуамроў-альманахаў. Наперадзе ж юбілеі іншых значных постацяў беларускай літаратуры: напрыклад, у 2024 годзе — 110 год з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Аркадзя КУЛЯШОВА; 100 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля БЫКАВА... 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.