Вы тут

Пад акампанемент «селесаа». Пасольства Бразіліі наладзіла незвычайную імпрэзу


Пасольства Бразіліі працягвае ладзіць неардынарныя святочныя мерапрыемствы, якія прысвечаны юбілейнай даце — 30-годдзю ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі.


І, калі шчыра, бразільцы зноў здзівілі. Калі раней мы атрымалі асалоду ад гарачай басановы, то чарговая шчырая сустрэча прайшла пад акампанемент... футбола. Ну вядома ж, бразільцы ад усёй сваёй шырокай душы запрасілі беларускіх сяброў (сярод якіх не толькі работнікі беларускага знешнепалітычнага ведамства і іншых міністэрстваў, прадпрыемстваў, а і калегі з дыпламатычных прадстаўніцтваў шэрагу дзяржаў, парламентарыі, журналісты) пабалець за сусветна вядомых і любімых «селесаа», якія маюць шматлікіх прыхільнікаў у нашай краіне.

Гасцей вітаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Рэспубліцы Беларусь Бернард Жорг Леапольд дэ Гарсія Клінгл.

— Для нас вялікі гонар адзначаць 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Бразіліяй і Беларуссю, — адзначыў дыпламат. — За гэты час удалося атрымаць заўважныя вынікі ад нашага плённага супрацоўніцтва. Галоўнае — нягледзячы на вялікую адлегласць, нашы народы сталі бліжэй. Мы спадзяёмся, што з кожным днём шчырае сяброўства будзе паглыбляцца.

Футбол — адзін з такіх мастоў. «Сёння свята», — заўважыў Бернард Жорг Леапольд дэ Гарсія Клінгл. Пасол заклікаў усіх на захапляльную гульню зборных Бразіліі і Харватыі, за якой без перабольшвання сачыў увесь свет.

І — панеслася. Мы быццам насамрэч апынуліся на стадыёне «Эдзьюкейшн Сіці» у Эр-Раяне. На бразільскай трыбуне. Эмоцыі — праз край. Здаецца, побач — легендарны «Зубасцік» — Раналда, які ў Катары падтрымліваў футбалістаў. У першай палове матча каманды быццам прыглядаліся адна да адной (пры гэтым папярэдняя статыстыка сустрэч была на карысць бразільцаў) і не стварылі ніводнага небяспечнага моманту.

У перапынку — гарачая самба, якая перанесла праз акіян — у чароўную Бразілію. А пасля — зноў на «Эдзьюкейшн Сіці». Падапечныя Ціце неаднойчы былі блізкія да таго, каб забіць, але…

Асноўны час матчу так і скончыўся з сумным лікам 0:0. Дадатковы атрымаўся драматычным. Пяціразовым чэмпіёнам свету ўдалося «распячатаць» галкіпера «шашачных» Лівакавіча. Наперад Бразілію вывеў шматгадовы лідар зборнай Нэймар, які дагнаў па галах за нацыянальную каманду легенду сусветнага футбола Пеле (77 мячоў). Аднак радаваліся «селесаа» нядоўга: на 117-й хвіліне форвард харватаў Бруна Петкавіч зраўняў лік. Дарэчы, гэта быў першы і адзіны ўдар балканцаў у створ варот бразільцаў за ўсю гульню.

Пераможца сустрэчы вызначыўся падчас серыі 11-метровых, дзе каманда Харватыі аказалася менш эмацыйнай і больш дакладнай. Вынік — 4:2. Пяціразовыя чэмпіёны свету засталіся без паўфіналу чацвёрты раз з пяці апошніх спроб.

Эмоцыі, канешне, праз край. Вы, напэўна, бачылі, як рэагавалі трыбуны і самі «селесаа». Але ж гэта футбол. І шоў, як спяваў Фрэдзі Мэркьюры, павінна працягвацца. Бразільцы зноў падаравалі нам сапраўднае свята. У снежным Мінску было горача. Далёкая Бразілія стала да нас бліжэй. Гэта — галоўнае.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.