Вы тут

Савіных: Германія на парозе вельмі сур’ёзных унутраных канфліктаў


Заява экс-канцлера ФРГ Ангелы Меркель аб Мінскіх пагадненнях набыла шырокі грамадскі рэзананс. У інтэрв’ю нямецкай газеце Die Zeit былы канцлер Германіі адзначыла, што Мінскія пагадненні, заключаныя паміж Расіяй і Украінай у 2014 годзе, былі «замарозкай» канфлікту, а не яго рашэннем, і далі Украіне «каштоўны час», каб стаць яшчэ больш моцнай. 


Фота: БелТА

Сваё стаўленне да гэтай гучнай заявы-прызнання выказаў на палях саміту ЕАЭС падчас размовы з журналістамі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. «Калі гэта так было б, як яна кажа, гэта агідна. Але гэта не так. І тое, як ёсць насамрэч, гэта не проста агідна — гэта мярзотна... Яна паступіла дробязна, агідна. Яна жадае быць у трэндзе. Мінскія пагадненні і пазіцыя Меркель, як і іншых, у тым ліку і Парашэнкі, былі тады вельмі сур’ёзныя. Уяўляеце, пасля мінскіх паседжанняў увесь свет гаварыў аб тым, што нарэшце зрабілі крок і падпісалі гэтыя дамовы. Спынілася вайна, перасталі гінуць людзі. Усё гэта пазітыўна ацэньвалі», — сказаў Прэзідэнт.

Атрымліваецца, дзеля хайпа, дзеля таго, каб пра цябе ўспомнілі, можна вось так — перакруціць усё на новы лад, пагрэбаваць і ўласнай рэпутацыяй, і прынцыпамі дыпламатыі? Што гэта — новыя «трэнды» сучаснай палітыкі? Сваім меркаваннем наконт заявы Меркель з карэспандэнтам «Звязды» падзяліўся старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Андрэй САВІНЫХ.

— Андрэй Уладзіміравіч, даючы інтэрв’ю нямецкаму выданню, спадарыня Меркель фактычна падтрымала вайну ва Украіне. Вы назвалі гэтую заяву сенсацыяй. Чаму? 

— Ніколі раней заходнія палітыкі або прадстаўнікі заходніх эліт такога ўзроўню не рабілі падобных сенсацыйных і адкрытых заяў аб мэце сваёй палітыкі. Як правіла, гэтыя элітарыі з’яўляюцца цудоўнымі акцёрамі і ўмеюць хаваць свае сапраўдныя намеры лепш, чым прафесійныя прытворшчыкі. У гэтай сувязі заява Меркель сведчыць пра вельмі многае. Захад разумее праблему свайго развіцця, разумее, што без вайны ён не можа вырашыць гэтыя праблемы, і рэальна спрабуе перанесці выдаткі трансфармацыі свету на сваіх канкурэнтаў. Прычым робіць гэта любымі спосабамі, у тым ліку праз кровапраліцце. Справа ў тым, што сапраўдныя намеры ўдзельнікаў становяцца зразумелымі потым. Часам праз дзесяцігоддзі — ніяк не раней. Цяпер жа Захад знаходзіцца ў вельмі складаным становішчы. Разбураюцца аднапалярны свет, эканамічная сістэма, грамадска-эканамічная фармацыя, пабудаваная на рынку, канкурэнцыі і пазыковым капітале. Прычым адбываецца ўсё гэта імкліва. І заможнае саслоўе краін калектыўнага Захаду — уладальнікі транснацыянальных карпарацый, фінансавага сектара — ва ўмовах разбурэння старой сістэмы спрабуюць захаваць як мага больш рэсурсаў пад сваім кантролем, перакладаючы гэтыя выдаткі на іншых, ствараючы ачагі напружанасці ў надзеі, што ва ўмовах хаосу яны здолеюць вырашыць свае праблемы больш вынікова. Таму з гэтага пункту гледжання прызнанне, якое паступіла ў тым ліку ад Меркель, — яшчэ і відавочная прыкмета таго, што ў гэтых элітных колах існуюць вельмі сур’ёзны разлад, канфлікт і размежаванне. 

— Вы падкрэсліваеце, што раней такога ў міжнароднай практыцы ніколі не было...

— Гэта адбываецца ўпершыню. Цяпер канфліктуюць элітныя групы, якія кантралююць рэальны сектар эканомікі, прамысловасць, знаходзяцца ў канфлікце з глабальнымі фінансістамі і ўладальнікамі карпарацый, якія забяспечваюць сферу паслуг і тэлекамунікацый, інфармацыйную або сэрвісную эканоміку. Хто з іх страціць больш, а хто менш — гэта ўнутраны канфлікт. Таксама канфлікт адбываецца ў іх і па краінавай прыкмеце. Становіцца абсалютна відавочна, што амерыканскія алігархі для таго, каб вырашыць свае праблемы, вымушаны рабаваць сваіх саюзнікаў. Галоўнай ахвярай такой палітыкі становіцца кантынентальная Еўропа і перш за ўсё Германія. Германія, якую нельга ў поўнай меры назваць суверэннай краінай, паколькі яе ваенная і палітычная бяспека на працягу дзесяцігоддзяў забяспечвалася Злучанымі Штатамі Амерыкі праз НАТА, разумее, што ў канчатковым выніку менавіта за яе кошт будуць аплачаны ўсе гэтыя канфлікты ў Еўропе. Будзе гэта рэалізавана праз вываз капіталу, дэіндустрыялізацыю і нават, магчыма, стварэнне ўмоў, калі найбольш кваліфікаваная частка нямецкага грамадства вымушана эмігрыруе ўслед за нямецкімі прадпрыемствамі, якія будуць стварацца ў іншых краінах. Нацыянальныя нямецкія эліты пачынаюць гэта ўсведамляць, таму ўнутры іх расце і шырыцца канфлікт. Заява ж Меркель супала з іншай рэзананснай падзеяй, якую пяць гадоў таму мы не маглі сабе нават уявіць, — так званай змовай пенсіянераў. Частка нямецкіх прамысловых колаў, былыя ўрадавыя чыноўнікі пачынаюць разумець, у якой сітуацыі аказваецца іх краіна, і спрабуюць гэтаму супрацьдзейнічаць. Гэтыя дзве падзеі сведчаць аб тым, што Германія на парозе вельмі сур’ёзных унутраных узрушэнняў і канфліктаў.

— Ці можна сказаць, што заява Ангелы Меркель поўнасцю мяняе ўспрыняцце яе як аўтарытэтнай палітычнай фігуры, якая імкнулася да ўрэгулявання любых сітуацый мірным шляхам?

— Ні спадарыня Меркель, ні які-небудзь іншы аўтарытэтны кіраўнік заходняй краіны ніколі не імкнуўся да пэўных мірных урэгуляванняў. Яны заўсёды былі заклапочаныя захаваннем глабальнай іерархічнай сістэмы, у якой іх і матэрыяльныя, і фінансавыя рэсурсы несправядліва пераразмяркоўваліся ў інтарэсах іх краін. Захаванне дамінавання ў свеце было іх не адзінай задачай. Іншае пытанне, як я ўжо казаў, яны цудоўныя прытворшчыкі, таму спрабавалі надаць усёй сваёй дзейнасці максімальна добрапрыстойны характар. Крызіс, канфлікт — гэта час, калі заўсёды злятаюць маскі і рэальны змест працэсаў становіцца відавочным. Гэта адбылося з Меркель, але, думаю, што так будзе практычна з усімі палітычнымі коламі Захаду. 

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?