Вы тут

Лукашэнка: «Дысцыпліна — гэта той рэзерв, які мы павінны рэалізаваць»


Новы рабочы тыдзень у Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пачаўся з разгляду кадравых пытанняў. 


Кіраўнік дзяржавы назначыў Дзяніса Капскага намеснікам Старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь. 

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне Вадзіма Краўчука намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама, Андрэя Кузьміча — старшынёй Жабінкаўскага райвыканкама, Рамана Жука — старшынёй Маларыцкага райвыканкама. Вячаслаў Мятліцкі прызначаны старшынёй Бярозаўскага райвыканкама, Уладзімір Прывалаў — старшынёй Гомельскага гарвыканкама, членам Гомельскага аблвыканкама, а Дзмітрый Алейнікаў — намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкама. Дзмітрый Шабетнік з панядзелка займае пасада старшыні Светлагорскага райвыканкама, Сяргей Савіцкі — першага намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама, Алег Корзун — намесніка старшыні Мінскага гарвыканкама. З панядзелка новы генеральны дырэктар у ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» — Аляксандр Батвіннік. Аляксандр Балашэнка — новы намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва, Дзмітрый Касцюкевіч — новы намеснік міністра юстыцыі. Алена Маргунова прызначана першым намеснікам старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, Ірына Казлова — намеснікам начальніка Дэпартамента фінансаў і бюджэтнай палітыкі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. Сяргей Трус — начальнік Дэпартамента абароннай прамысловасці і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, а Дзмітрый Санько — намеснік начальніка арганізацыйна-аналітычнага дэпартамента Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.

Ільготы — ІТ-сектарам прадпрыемстваў

Па традыцыі кадравых дзён Прэзідэнт акрэсліў патрабаванні і задачы да атрымаўшых новыя пасады. Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да Аляксандра Батвінніка, які да прызначэння на пасаду генеральнага дырэктара ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Мінскі маторны завод» працаваў першым намеснікам генеральнага дырэктара БелАЗа. На гэтым прадпрыемстве ён дзе курыраваў сферу стратэгічнага развіцця, інавацыйнай дзейнасці і інфармацыйных тэхналогій.

«Бытуе меркаванне, што IT-парк адыграў станоўчую ролю ў развіцці інфармацыйных тэхналогій у краіне. Але сёння любое прадпрыемства, Акадэмія навук, установы адукацыі маюць дастатковыя кампетэнцыі ў інфармацыйных тэхналогіях. І калі не дай бог нешта здарыцца з IT-паркам, то наш рэальны сектар, сацыяльная сфера абыдуцца без яго, развіваючы ўласныя інфармацыйныя тэхналогіі. Як ставіцеся да такога пункту гледжання і наколькі інфармацыйныя тэхналогіі развіты сёння, дапусцім, у прамысловасці?» — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Батвіннік расказаў, што на БелАЗ усё праграмнае забеспячэнне і софт з’яўляюцца ўласнымі распрацоўкамі: «Мы не прыцягвалі ніякіх спецыялістаў, кампаній для распрацоўкі гэтага праграмнага забеспячэння, забяспечыўшы тым самым сваю інфармацыйную бяспеку». Таксама Беларускі аўтамабільны завод разглядае пытанне стварэння ў 2023-2024 гадах уласнай кампаніі — рэзідэнта ПВТ для атрымання адпаведных падатковых ільгот. Увогуле, усе распрацоўкі спецыялісты завода могуць выканаць уласнымі сіламі. 

Прэзідэнт даручыў разгледзець пытанне, каб неабходныя льготы і ўмовы працы даваліся ІТ-сектарам прадпрыемстваў без уваходжання ў ПВТ. Ён падкрэсліў, што гэта цалкам магчыма і цягнуць прадпрыемствы ў Парк высокіх тэхналогій толькі дзеля льгот не варта. Аляксандр Батвіннік пагадзіўся, што для прадпрыемстваў гэта прымальны варыянт. 

«Гэта значыць Парк высокіх тэхналогій усё ж такі нейкі штуршок даў развіццю гэтага напрамку ў Беларусі, асабліва ў падрыхтоўцы кадраў і гэтак далей. Але абысціся без яго мы можам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён пацікавіўся у Аляксандра Батвінніка, які той бачыць асноўны недахоп ПВТ, які трэба выправіць у першую чаргу. «Стварэнне прадуктовых лінеек. Мы доўга вывучалі пытанне ўзаемадзеяння з ПВТ, неаднаразова з імі сустракаліся, але, на жаль, рэзідэнты ў асноўным былі накіраваны не на стварэнне прадуктаў у Рэспубліцы Беларусь. Між тым менавіта стварэнне паўнацэннага гатовага прадукту, які ў далейшым будзе запатрабаваны як унутры краіны, так і мець дастаткова высокі экспартны патэнцыял, дае вялікую маржынальнасць», — адказаў спецыяліст. 

Іншымі словамі, рэзідэнты парка займаліся стварэннем праграмнага забеспячэння для нейкай умоўнай замежнай «матаролы», грэбуючы аналагічнымі праектамі на ўнутраным рынку. І кампаніі-рэзідэнты парку былі падраднымі арганізацыямі. «Гэта значыць, у іх не было выніковага тэхнічнага задання і яны не з’яўляўся ўладальнікам выніковага праграмнага прадукту», — удакладніў Аляксандр Батвіннік.

«Калі мы зараз перад тымі рэзідэнтамі ПВТ, якія існуюць і якія прыйдуць, на перспектыву паставім жорсткую задачу: хлопцы, не толькі вы там на падрадзе і не столькі на зарадзе, але гатовы прадукт стварыце, тады мы з вамі і будзем размаўляць,» — сказаў Аляксандр Лукашэнка

«Яны будуць здольныя гэта зрабіць. Кампаніі ПВТ могуць ствараць прадукт як для ўнутранага спажывання, так і на экспарт», — упэўнены Аляксандр Батвіннік. 

Сышлі гаспадары — да пабачэння

Падчас разгляду кадравых пытанняў Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся, што рабіць з пакінутымі замежнікамі прадпрыемствамі. Размова на гэтую тэму зайшла пры ўзгадненні кандыдатуры Дзмітрыя Шабетніка на пасаду старшыні Светлагорскага райвыканкама. Кіраўнік дзяржавы цікавіўся, наколькі той ведае горад і раён. Новы старшыня райвыканкама згадаў аб заводзе зварачных электродаў, які пакуль прыпыніў работу з-за сыходу прадстаўнікоў украінскага бізнесу. Цяпер завод гатовы да работы, але вырашаецца пытанне змены ўласніка. 

«Якая змена ўласніка? Я даў указанне: сышлі гаспадары — да пабачэння, мы вас не ведаем, вы нас ведаць не жадаеце.З гэтага моманту прадпрыемства нацыяналізавана. Што мы яшчэ чакаем, якой змены ўласніка , і як мы будзем вырашаць пытанне ва ўрадзе па паўгода — па годзе?!», — адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Па яго словах, замежным інвестарам, якія заснавалі і атрымалі прадрыемствы пасля прыватызацыі, а сёння сышлі, трэба памахаць рукой. Прэзідэнт параіў перахрысціцца і парадавацца, што яны пакінулі ўласнасць. «Я ж вам на прыкладзе „Макдоналдса“ гэта гаварыў. Працаваў і працуе. І людзі прыходзяць. І прадукцыю вырабляюць нармальную. Але гэта наша ўжо прадпрыемства. Не захацелі працаваць — ну, як хочаце. Нашы людзі не дурнейшыя, каб, як я казаў, гэтую булачку разрэзаць і ўпіхнуць туды лісце салаты або кавалак каўбасы. Таксама так і тут. Усё ж засталося. Яны ж з сабой нічога не забралі. Але калі б забралі, дык я б паздымаў галовы з адказных людзей. Ніхто нічога не павінен забраць. Вы не павінны гэтага дапусціць», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка даў Дзмітрыю Шабетніку канкрэтнае даручэнне: «Лічыце, што гэта прадпрыемства ваша. І па прыездзе неадкладна рэалізуйце гэта ўказанне. Не чакайце нейкіх дакументаў. Накіруйце ва ўрад. Яны вам адказ дадуць. Думаю, пасля сённяшняга яны вам да новага года памяняюць уласніка». 

Падобная сітуацыя і на прадпрыемстве ІКЕА. «Ах, „ІКЕА“!.. Да пабачэння! Мы гэтыя табурэты, крэслы і іншае зробім. Ці дэталі для ложкаў. Яны ж у асноўным дэталі для кухні, для ложкаў, мэблі рабілі. Што, мы не можам зрабіць? Тым больш яны жа нічога не забралі і людзі засталіся. Пайшоў гаспадар — ну і ідзі. На рынку попыт прыстойны, на тым жа рынку ў Расіі, Беларусі і гэтак далей мы можам вырабляць гэтыя дэталі і ім пастаўляць, як пастаўлялі. Хтосьці там прыйшоў-сышоў... Добра. Яны ўклаліся туды, тэхналогіі прывезлі, тая ж „ІКЕА“ ці ўкраінцы (выраблялі электроды), абсталяванне прывезлі. Яны інвеставалі. Чыста палітычны момант: ім сказалі „сыходзьце“ — яны сышлі. Да пабачэння. А вось вернем мы іх назад ці не — пытанне», — заявіў беларускі лідар.

«Дайце эканоміку»

Новаму першаму намесніку старшыні Магілёўскага аблвыканкама Сяргею Савіцкаму Прэзідэнт даў асаблівае пажаданне і папярэдзіў аб важнасці і складанасці работы ў той сферы, за якую ён будзе адказваць — сельскую гаспадарку. 

«На гарачую патэльню сядаеце. Вы гэта цудоўна ведаеце. Магілёўская вобласць валодае каласальнымі магчымасцямі. Там якраз пояс сельскагаспадарчых зямель, адкуль мы павінны атрымаць добрыя ўраджаі. Вы, напэўна, іх ведаеце: ад Мсціслава — праз Шклоўскі раён, Горацкі раён, Бялыніцкі — да Мінскай вобласці. Мы павінны там атрымаць добры ўраджай. Там не хапае дысцыпліны», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы арыентаваў новых кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады на чулае стаўленне да людзей і запатрабаваў удзяліць прыярытэтную ўвагу пытанням эканамічнага развіцця.

«Што тычыцца людзей, мы перажылі 2020 год. Я часта да гэтай праблемы звяртаюся. Гэта быў для нас добры ўрок. Вы ўсе пры гэтым былі на розных пасадах. Цяпер вы кіраўнікі сваіх раёнаў і абласцей. Не забудзьцеся пра гэтыя ўрокі. Не думайце, што усё ўціхамірылася. Дай бог прайсці нам вось гэты перыяд у нашым жыцці ціха і спакойна. У гэтым наша задача. Пройдзем, калі будзе працаваць эканоміка», — адзначыў беларускі лідар. Ён нагадаў, што часта просіць чыноўнікаў «даць эканоміку», каб людзі былі забяспечаны настолькі, наколькі трэба. Каб прадпрыемствы працавалі, працоўныя месцы былі. «Усё астатняе за мной. Гэта ваша задача. Ну і вельмі чула і ўважліва ставіцеся да людзей» , - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на зарплаты работнікаў выканкамаў на месцах. Адзін са шляхоў іх павышэння, па яго словах, аптымізацыя колькасці адпаведных структур пры захаванні існуючага фонду заработнай платы. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней быў выпрацаваны падыход, пры якім магчыма павышэнне зарплат пры скарачэнні кіраўніцкага апарату. «А нам можна ў цяперашняй сітуацыі, павысіўшы дысцыпліну выканальніцкую і тэхналагічную, палову мець у райвыканкаме. Я справіўся б з 45-цю. А ўвесь астатні фонд падзеліце так, як вы лічыце патрэбным, сярод астатніх. І нешта потым — будзе эканоміка развівацца — з бюджэту дададзім», — сказаў ён. Прэзідэнт папярэдзіў, што гэта тычыцца не толькі чыноўнікаў. Ён нагадаў, што нядаўна прынята рашэнне па ўсіх бюджэтніках.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз заклікаў паглядзець, колькі рэальна трэба чалавек у тым ці іншым райвыканкаме ці гарвыканкаме. Ён адзначыў, што не трэба трымаць залішнюю колькасць. «Фонд зарплаты ў вас як быў на той час, калі я прымаў рашэнне, ён так і застанецца. Ніхто гэтыя грошы не забярэ і не ўкрадзе. Гэта я вам гарантую. Таму рэалізуйце вось гэтыя рэчы. На два чалавекі скароціцеся — пакідайце фонд зарплаты ў сябе», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Тыя кадры, якія ў гэтым выпадку вызваляцца, Прэзідэнт прапанаваў накіроўваць на іншыя адказныя ўчасткі працы, напрыклад, у сельскую гаспадарку: «Слухайце, у мае часы пайсці з райкама партыі і з райвыканкама дырэктарам саўгаса або старшынёй калгаса неймаверны быў гонар. У чарзе стаялі. Ну калі яны надзейныя, моцныя ў вас кадры ў райвыканкаме, ну , ідзіце папрацуйце». Ён таксама звярнуў увагу, што кошт узбуйнення і аптымізацыі скарацілася і колькасць гаспадарак. І гэты працэс будзе працягвацца. 

«Ні ў якім разе не забывайце ўрокі мінулых гадоў. Усё залежыць ад вас. Вы непасрэдна з людзьмі сутыкаецеся. І выключыце з сістэмы, стылю сваёй працы цяганіну і бюракратызм. Каб не было так, як нядаўна я глядзеў: журналісты зрабілі сюжэт па Сокале ( мікрараён Мінска за межамі МКАД, дзе толькі пасля ўмяшання Прэзідэнта былі вырашаны праблемы з жыллём для шматдзетных сем’яў. -Зв.) Пакуль не стукне Прэзідэнт сякерай камусьці па галаве або галаву не знясе, вырашэння пытання няма. Калі вы прынялі рашэнне, пракантралюйце, каб гэта было выканана. І пытайце за выкананне. Указанні кіраўніка павінны няўхільна выконвацца. Дысцыпліна — гэта той рэзерв, які мы павінны рэалізаваць», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Вязовіч: Слабыя характары з каманды адсяваюцца адразу

Сяргей Вязовіч: Слабыя характары з каманды адсяваюцца адразу

Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.

Рэгіёны

Селішчынскі ФАП цяпер аказвае дапамогу па новым адрасе

Селішчынскі ФАП цяпер аказвае дапамогу па новым адрасе

У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.