Вы тут

Канчаткова вызначыцца з прадметамі выпускнікам трэба да 1 сакавіка


У 2022-2023 навучальным годзе выніковая атэстацыя выпускнікоў агульнаадукацыйных школ пройдзе абсалютна ў новым фармаце. Прычым змяняецца як змест выпускнога іспыту, так і яго арганізацыя. 


Начальнік Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Марыя Кіндзірэнка адказала на самыя актуальныя пытанні, якія хвалююць адзінаццацікласнікаў і іх бацькоў. 

Новыя падыходы 

Калі раней выпускны экзамен праводзіўся ў пісьмовай і вуснай форме ва ўстановах адукацыі, то з 2023 года выніковая атэстацыя будзе праходзіць у форме адзінага цэнтралізаванага экзамену. Гэта тэставае заданне, якое выконваецца не ў школе, а на спецыяльных пляцоўках — у пунктах правядзення ЦЭ. І правяраецца яно не школьнымі педагогамі. 

Аргументы для змянення фармату выніковай атэстацыі відавочныя: гэта змяншэнне нагрузкі на вучняў (было чатыры экзамены — засталося два); сумяшчэнне выпускной і ўступнай кампаніі (вынікі выпускных экзаменаў залічваюцца пры паступленні ва ўстанову вышэйшай адукацыі); уніфікацыя форм правядзення выпускных і ўступных іспытаў (выпускнікам не патрабуецца дадатковая падрыхтоўка); больш матываваны выбар будучай прафесіі (яшчэ на этапе выбару прадмета для здачы цэнтралізаванага экзамену неабходна вызначыцца з далейшым профілем навучання); настаўнік рыхтуе навучэнцаў адначасова да выпускных і ўступных іспытаў (не патрабуюцца дадатковыя заняткі з рэпетытарам); павышэнне адказнасці настаўніка за вынікі сваёй працы і, як наступства, павышэнне якасці ведаў выпускнікоў.

Каму можна не здаваць ЦЭ? 

Цэнтралізаваны экзамен па дзяржаўнай мове — абавязковы для ўсіх. Адзінаццацікласнік выбірае, якую мову ён будзе здаваць: беларускую ці рускую. Другі прадмет для ЦЭ выпускнік 11-га класа выбірае з пераліку прадметаў, якія здаюцца на цэнтралізаваным тэсціраванні, каб у далейшым з яго вынікам можна было паступіць у ВНУ.
У адпаведнасці з Інструкцыяй па арганізацыі і правядзенні цэнтралізаванага экзамену, да 1 лютага 2023 года ва ўстановах адукацыі павінны быць зацверджаны камісіі па рэгістрацыі і забеспячэнні ўдзелу ў цэнтралізаваным экзамене. 

Адзінаццацікласнікі павінны вызначыцца з навучальным прадметам, які яны будуць здаваць на ЦЭ, да 1 сакавіка. Такім чынам, канчатковы выбар неабходна зрабіць у лютым. 

Зарэгіструе навучэнцаў на цэнтралізаваны экзамен у сістэме рэгістрацыі камісія ўстановы адукацыі. Навучэнцам нікуды ездзіць для гэтага не трэба. Для ўдзелу ў асноўны тэрмін правядзення цэнтралізаванага іспыту рэгістрацыя будзе праводзіцца з 1 па 20 красавіка 2023 года.

Змяненне звестак адносна выбраных вучэбных прадметаў і мовы прадастаўлення экзаменацыйных матэрыялаў (беларускай ці рускай) пасля рэгістрацыі немагчымае.

Усе пазіцыі допуску да ЦЭ дакладна прапісаны ў правілах атэстацыі навучэнцаў. 

Ад здачы цэнтралізаванага экзамену могуць быць вызвалены толькі пераможцы трэцяга (абласнога, Мінскага гарадскога) і заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах.

Пераможцы трэцяга (абласнога і Мінскага гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах вызваляюцца ад аднаго цэнтралізаванага экзамену — па вучэбным прадмеце, па якім навучэнец стаў пераможцам. У атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі па гэтым прадмеце выстаўляецца 10 балаў.

Пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах вызваляюцца ад усіх цэнтралізаваных экзаменаў. У атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі па вучэбных прадметах, па якіх вучань стаў пераможцам, выстаўляецца 10 балаў; па астатніх прадметах — гадавая адзнака.

Што датычыцца ўніверсітэцкіх алімпіяд, якія дэбютавалі сёлета, то нават уладальнікі дыпломаў I, II і III ступені будуць здаваць два ЦЭ. Хоць ужо ў сакавіку яны афіцыйна стануць студэнтамі-першакурснікамі (іх залічаць у тыя альма-матэр, дзе яны рэгістраваліся і праходзілі алімпіядныя выпрабаванні). Гэта тлумачыцца тым, што цэнтралізаваныя экзамены — форма выніковай атэстацыі за курс сярэдняй школы. 

Выпускнікі папярэдніх гадоў, выпускнікі сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў здаюць не цэнтралізаваны экзамен, а ЦТ. Яны маюць права здаць на цэнтралізаваным тэсціраванні тры дысцыпліны. 

Як і раней, пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах залічваюцца без экзаменаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі на спецыяльнасці, па якіх гэты прадмет з’яўляецца адным з профільных пры паступленні (напрыклад, пераможца алімпіяды па фізіцы не можа паступіць без экзаменаў у лінгвістычны ўніверсітэт).

Пераможцы трэцяга (абласнога, Мінскага гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, як і раней, маюць права паступіць у любую ўстанову вышэйшай адукацыі на педагагічныя і найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці, а з 2023 года — і ў рэгіянальныя ўстановы вышэйшай адукацыі на спецыяльнасці, па якіх гэты прадмет з’яўляецца адным з профільных пры паступленні.

Такім чынам, ільготы для пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах не толькі захаваліся, але і былі пашыраны.

На іспыт — у выхадны дзень 

Галоўная адметнасць ЦЭ — яго вынікі афармляюцца сертыфікатам, як і вынікі цэнтралізаванага тэсціравання. Ацэньваюцца яны па стобальнай шкале, затым пераводзяцца ў 10-бальную шкалу, і сярэдняе арыфметычнае гадавой адзнакі і вынікаў ЦЭ выстаўляецца ў атэстат, а сам сертыфікат залічваецца пры паступленні ва ўстанову вышэйшай адукацыі.

Афіцыйныя шкалы пераводу ў 10‑бальную адзнаку распрацаваны Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў па ўсіх прадметах. У найбліжэйшы час іх зацвердзяць і прадставяць грамадскасці. Але гэта не проста лінейны перавод. Пры складанні шкалы бралі пад увагу шэраг параметраў за некалькі гадоў. Напрыклад, дзесяць па рускай мове можна будзе атрымаць, набраўшы на ЦЭ ад 82 да 100 балаў.

Сертыфікат цэнтралізаванага экзамену, як і сертыфікат ЦТ, будзе дзейнічаць два гады. .

Змяненні, якія закрануць фармат правядзення цэнтралізаванага экзамену ў пунктах яго здачы, заключаюцца ў тым, што мясцовыя органы вызначаюць базы правядзення цэнтралізаваных экзаменаў. Пунктаў здачы ЦЭ будзе значна больш, чым пунктаў ЦТ. Плануецца адкрыць больш за 150 такіх пунктаў. І задача ўстановы адукацыі — вырашыць усе арганізацыйныя пытанні, якія датычацца дастаўкі выпускнікоў, знаходжання іх у пункце ЦЭ, харчавання і суправаджэння навучэнцаў. Акрамя таго, установа агульнай сярэдняй адукацыі бярэ на сябе функцыю выканання такіх этапаў, як рэгістрацыя на ЦЭ і фарміраванне спісаў ўдзельнікаў па ўсіх прадметах. 

Усе экзаменацыйныя матэрыялы ў пункты правядзення ЦЭ і назад — у Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў — будуць дастаўляцца ў апламбаваных валізах дзяржаўнай фельд’егерскай службай ( як і на ЦТ). Адзінаццацікласнікі будуць размяркоўвацца па аўдыторыях пункта правядзення ЦЭ з метадам лёсавання. 

Усе арганізацыйныя пытанні былі адпрацаваны падчас рэпетыцыйнага ЦЭ, якое прайшло на базе васьмі адміністрацыйных тэрыторый. У далейшым яно будзе праведзена ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны. Запланаваная дата «репетыцыі» — 28 студзеня.

Раней школьнікі пісалі і здавалі ўсе іспыты ў вуснай форме ў буднія дні. Цяпер пад экзамены адводзіцца нядзеля. Асноўныя даты правядзення цэнтралізаваных экзаменаў — 14 мая (па рускай або беларускай мове) і 21 мая (прадмет на выбар) — гэта нядзелі

Як будуць ацэньвацца вынікі? 

Цэнтралізаваны экзамен дае магчымасць атрымаць аб’ектыўны зрэз па ўсіх навучальных прадметах за курс агульнаадукацыйнай школы. Структура тэстаў зведала змены. Былі зменены працэнтныя суадносіны заданняў узроўню А і Б. Што гэта нам дае? Выключаецца магчымасць адказу наўздагад, калі можна проста выпадкова паставіць нейкі значок, і акажацца, што гэта правільна. У тэстах, якія распрацаваны Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў у гэтым годзе, колькасць заданняў часткі А зменшана. Адпаведна павялічваецца колькасць заданняў групы B. Для таго, каб адказаць на пытанні гэтых заданняў, трэба валодаць пэўным багажом ведаў.

Каб забяспечыць аб’ектыўнасць ацэньвання, Міністэрства адукацыі сфарміравала групу экспертаў для правядзення экспертызы заданняў для ЦЭ па ўсіх прадметах. У яе склад увайшлі спецыялісты Нацыянальнага інстытута адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і найлепшыя педагогі-прадметнікі з усёй краіны. Тэставыя заданні апрабіравалі пры правядзенні рэпетыцый ЦЭ, і праверка паказала, што яны даюць магчымасць вучню прадэманстраваць веды, атрыманыя ім за курс школы.

Навучэнцы, дарэчы, могуць не перажываць, калі будуць вызначацца з формай здачы іспыту, што ўзровень складанасці ЦЭ і ЦТ можа адрознівацца. Заданні і там, і там будуць раўнацэнныя і распрацоўваюцца выключна на аснове базавага ўзроўню асваення навучальных праграм.

Асобнай увагі заслугоўвае пытанне выніковай атэстацыі навучэнцаў са слабым слыхам, слабым зрокам і навучэнцаў, якія маюць парушэнні апорна-рухальнага апарата. Для іх прадугледжана права выбару: або здаваць цэнтралізаваны экзамен і, адпаведна, цэнтралізаванае тэсціраванне пры паступленні ва ўстанову вышэйшай адукацыі, або здаваць выпускны экзамен у школе, а пазней — унутраны экзамен ва ўстанове вышэйшай адукацыі. Пры гэтым яны мусяць ацаніць свае магчымасці па запаўненні бланка адказаў. Гэта неабходна растлумачыць і навучэнцам, і бацькам.

«Запасныя» дні 

Цэнтралізаваныя экзамены можна здаваць у асноўныя тэрміны і ў рэзервовыя дні. Рэзервовыя экзамены будуць арганізаваныя некалькі разоў — у маі, ліпені (гэтыя даты супадуць з рэзервовымі днямі ЦТ), а таксама ў жніўні.

Асноўныя дні: 14 мая — «Руская мова», «Беларуская мова»; 21 мая — прадмет па выбары.

Прадугледжаны рэзервовыя дні і іншыя тэрміны для тых, хто не змог узяць удзел у цэнтралізаваным экзамене па ўважлівай прычыне ва ўстаноўленыя даты. Яны таксама вызначаны. Рэзервовыя дні: 23 мая — «Руская мова», «Беларуская мова» і 25 мая — прадмет па выбары. У ліпені рэзервовыя дні для тых, хто здае ЦЭ, супадуць з рэзервовымі днямі для цэнтралізаванага тэсціравання. Апошняя магчымасць будзе ў жніўні: 21 жніўня — «Руская мова» і «Беларуская мова»; 23 жніўня — прадмет па выбары.

Тыя, хто здасць цэнтралізаваныя экзамены ў асноўныя тэрміны, у першыя рэзервовыя дні ( у маі) або ў ліпені, захоўваюць магчымасць паступлення ў ВНУ, яны паспяваюць падаць дакументы ў прыёмную камісію для ўдзелу ў конкурсе.

Праведзеная падрыхтоўчая работа, уключаючы рэпетыцыйныя экзамены, сведчыць, што і педагогі, і навучэнцы, і спецыялісты, што былі задзейнічаныя ў правядзенні ЦЭ на месцах, гатовы да рэалізацыі такіх падыходаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».