Вы тут

«Вогненныя вёскі. Нельга забыць». Трагедыя на Купалле


Мемарыял «Шавулічы» — адзін з буйнейшых помнікаў Беларусі, які прысвечаны трагедыі «вогненных вёсак». Падчас карнай аперацыі ранкам 7 ліпеня 1943 года немцы расcтралялі 366 жыхароў, а саму вёску спалілі. Пасля крывавай расправы Шавулічы так і не адрадзіліся. Людзі папросту не маглі будавацца на брацкіх могілках. Цяпер усю плошчу вёскі займае вялікі мемарыяльны комплекс.


Падарожжа па вёсцы-фантоме

Ад Ваўкавыска выязджаем разам з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Іванам Маржалам і дырэктарам гарадскога ваенна-гістарычнага музея імя Баграціёна Ягорам Гізам.

Дабірацца да мемарыяла, можа, хвілін 15—20. З трасы зварочваем па ўказальніку. Яго відаць здалёк, а літаральна праз які кіламетр-паўтара нібы каменны ахоўнік вырастае вялікі чатырохгранны абеліск з пяціканцовай зоркай на версе. Ад абеліска цягнецца сцяна з гранітных пліт. Уся яна распісана прозвішчамі жыхароў вёскі, што загінулі ад рук нямецкіх акупантаў. Лік ідзе не на дзясяткі — на сотні чалавек. Таму і сцяна такая доўгая. Але ніводны не забыты, нават дзеці, якія і пажыць не паспелі. Толькі-толькі нарадзіліся. Яны разам з іншымі жыхарамі ляжаць пад гэтым абеліскам у агульнай магіле. Усяго 120 дзяцей і 246 дарослых — звычайных вяскоўцаў, якія жылі ў сваёй роднай вёсцы, на зямлі сваіх продкаў. Так думалася каля гэтых маўклівых пліт...

Ідзём па былой вуліцы. Незвычайнае пачуццё выклікае дарога. Тут захаваўся той самы брук, які ляжаў і тады, калі вёска была яшчэ жывая. Не зніклі камяні і пасля трагедыі. Здаецца, што гэта дарога вядзе ў вечнасць. Насамрэч, так і ёсць, бо нічога жывога тут ужо няма. А на месцы былых дамоў толькі імправізаваныя счарнелыя зрубы. Яны раскіданы па ўсім наваколлі — так некалі стаялі дамы. Як напамін аб тых жахах.

— У дамах яшчэ захаваўся фундамент, казалі, што вёска была заможная, людзі будаваліся грунтоўна, былі добрымі гаспадарамі. Гэтаму спрыяла і тое, што яна знаходзілася на выгадным перасячэнні гандлёвых шляхоў. З аднаго боку праз Масты ішла прамая дарога да Гродна. У самой вёсцы быў нават трохпавярховы млын, гэта таксама рэдкасць для вёсак. У Ваўкавыскім раёне былі толькі тры такія вялікія млыны — у Росі, Воўпе і Шавулічах, — дае гістарычную даведку дырэктар Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея Ягор Гіза.

Як відаць, млын таксама спалілі. Крыху ў баку ад дарогі ў вочы кідаецца каменны помнік, які звычайна ставяць на могілках. Але тут ён стаіць на рэштках старога фундамента. Прыцягвае ўвагу сямейны фотаздымак — яшчэ, мабыць, даваенны. На ім маці, бацька і іх малая дачка. На помніку надпіс: «Тут жылі Парэмскія: Іван Адамавіч, 1908 года нараджэння, Стэфаніда Аляксееўна, 1912 года, іх дзеці — Ніна, 1932 года і Дзмітрый, 1938 года нараджэння». Зусім яшчэ малыя дзеці, малодшаму толькі пяць было. Відаць, нейкі сваяк паставіў помнік па сваіх родных асобна, на месцы іх хаты, хоць яны і ляжаць у агульнай магіле.

Звярнула ўвагу на дату — 1932 год. Гэта ж і год нараджэння маёй маці, якая таксама жыла пры нямецкай акупацыі, але ў Шчучынскім раёне. Было нямала жудасных момантаў, але ёй пашанцавала выжыць. Выйшла замуж пасля вайны, нарадзіла дзяцей. Пражыла 80 гадоў. Вось і тая Ніна з сямейнага фотаздымка на помніку магла мець іншы лёс. Як, дарэчы, усе іншыя 119 дзяцей. Мяркуючы па колькасці дзіцячага насельніцтва, Шавулічы мелі добрую перспектыву. Напярэдадні вайны тут нават школу двухпавярховую цагляную пабудавалі. Ад яе таксама засталіся толькі рэшткі.

...Калі пайсці ў другі канец вёскі-фантома, каля тых жа абпаленых зрубаў і гранітных абеліскаў можна ўбачыць вялікі стэнд з планам Шавуліч. Уздоўж галоўнай вуліцы пазначаны ўсе 77 падворкаў і прозвішчы гаспадароў. Большасць з іх паўтараецца — Тарасевічы, Парэмскія, Новікавы, Рабазэль, Кудзелькі... Як правіла, у вёсках пражывала нямала сем'яў сваякоў.

Адсюль, з ускрайку, можна ўбачыць метраў за 500 рэшткі будынка і абеліск. Гэта тая самая двухпавярховая школа. З яе пачалася трагічная гісторыя Шавуліч ранкам 7 ліпеня 1943 года. Якраз на Купалле...

«Акцыя помсты»

Трэба сказаць, што жыхары вёскі не ведалі, які жудасны лёс іх чакае. Нішто не прадракала бяды.

Па словах маіх спадарожнікаў, Шавулічы знаходзіліся ў баку ад асноўных дарог, таму да 1943 года ваенныя дзеянні вёскі не закранулі. Але раптам сітуацыя змянілася. Шавулічы трапілі ў межы карных аперацый, якія праводзілі акупанты ў 1943-1944 гадах на тэрыторыі Беларусі. Дырэктар музея Ягор Гіза выказаў меркаванне, што такім чынам немцы помсцілі мірнаму насельніцтву за цэлы шэраг правальных аперацый і адступленне нямецкай арміі. Каб знішчыць цэлыя вёскі, хапала любой зачэпкі.

Такая нагода з'явілася якраз напярэдадні Івана Купалы, 6 ліпеня. У той дзень па шашы на Ваўкавыск, непадалёку ад павароту на Шавулічы, група партызан зладзіла засаду, падчас якой быў абстраляны нямецкі аўтамабіль. У выніку загінуў урач-афіцэр Мазур, а яго вадзіцель быў паранены. Ён змог дапаўзці да бліжэйшай вёскі і паведаміць пра выпадак. Рэакцыя нямецкага камандавання была маланкавая. Літаральна за паўдня была выкананая карная экспедыцыя. Ніхто не займаўся высвятленнем справы і дэталямі падзеі. Карнікі абралі радыкальны спосаб расплаты. Імі было прынята рашэнне аб правядзенні «акцыі помсты». І аб'ектам абралі самую вялікую з наваколля вёску — Шавулічы.

— На досвітку 7 ліпеня ў бок вёскі рушыў атрад карнікаў нямецкага гарнізона, што знаходзіўся ў Ваўкавыску, — расказвае Ягор Гіза. — Пачалося акружэнне вёскі адразу з трох бакоў. Немцы ўрываліся ў дамы і выганялі людзей на вуліцу. Тых, хто не выходзіў, выпіхвалі сілай. Нямецкі афіцэр праверыў усіх строга па спіску. Задача ў немцаў была адна — ніхто з мясцовых жыхароў не павінен уцячы ад так званай помсты.

Жанчын і дзяцей замкнулі ў будынку школы, падлеткаў і сталых мужчын — у вялікім гумне ў цэнтры вёскі. Астатніх мужчын пагналі капаць вялікія ямы — адну ў пачатку вёскі, другую — у канцы.

Тым часам з навакольных вёсак прыгналі калоны падводаў, якія стаялі паводдаль. На іх пазней немцы загружалі і вывозілі нарабаваную ў Шавулічах маёмасць. Вознікі сталі сведкамі жудаснай расправы. Многія з іх, едучы па ўскрайку вёскі, чулі моцны брэх сабак, роў хатніх жывёл, крыкі і плач замкнутых людзей. Жанчыны спявалі заўпакойныя песні...

Калі сонца паднялося над лесам, ямы былі выкапаны. Расстрэльная каманда ў абодвух месцах устанавіла кулямёты. Немцы выводзілі людзей па адным, падводзілі да краю выкапаных ям і расстрэльвалі. І параненыя, і забітыя падалі адно на аднаго. Праз паўгадзіны 366 жыхароў Шавуліч і навакольных хутароў ляжалі ў дзвюх брацкіх магілах. У адной — мужчыны, у другой — жанчыны і дзеці.

Карнікі ў гэты час пачалі вывозіць з дамоў маёмасць. З хат выносілі ўсё, што можна — ад адзення да бытавых рэчаў. У мяхі збіралі бульбу, збожжа і іншыя прадукты. Калі падводы са скарбам пакінулі вёску, немцы пачалі яе паліць. Да вечара ад дамоў, хлявоў і садоў засталіся толькі абпаленыя руіны і попел. Спалілі і Паклонны крыж на скрыжаванні дарог, які жыхары ўстанавілі ўжо падчас вайны.

Крыж аднавілі. Зараз на мемарыяле не адзін, а два Паклонныя крыжы — праваслаўны і каталіцкі. Насупраць іх расце вельмі старая таполя. Якраз каля дарогі. Выказваю меркаванне, што дрэва магло быць сведкай трагедыі, да таго ж і расце якраз каля ямы, дзе расстрэльвалі, а потым закопвалі жыхароў. Мае спадарожнікі пагаджаюцца. Маўляў, так і ёсць. Сведка. Старая, маўклівая таполя...

Людзі тут не жывуць

Вёска, якая толькі нядаўна жыла сваімі клопатамі, за імгненне знікла з зямлі назаўсёды, пакінуўшы пасля сябе папялішча і брацкія магілы.

...Прырода была ў роспачы. Пасля масавага забойства ноччу пачаў ісці дождж і ліў два дні. На трэці дзень немцы знялі ачапленне, і сваякі загінулых кінуліся ў Шавулічы. Яны ўбачылі страшную карціну знішчанай вёскі — паўсюль толькі чорныя коміны печаў і закіданыя зямлёй магілы з крывавым пяском.

— Мая бабуля жыла ў суседняй вёсцы Заляшаны. Яна ведала многіх месцічаў. Вельмі перажывала з-за гэтай трагедыі. Іншы раз расказвала аб гэтым, хоць ёй было цяжка ўспамінаць тыя падзеі. Ніхто нават не ўсвядоміў — так хутка ўсё рашылася, літаральна за некалькі гадзін не стала вёскі. Потым па апусцелым наваколлі бегалі галодныя сабакі, якія засталіся без гаспадароў, страшна вылі суткамі, — перадае расказ бабулі мой субяседнік Іван Маржала.

Кажуць, што колькасць загінулых — 366 — фатальная лічба. Роўна столькі дзён выпадае на высакосны год, які лічаць нешчаслівым. У Ваўкавыскім раёне гэта адзіная вёска, якая згарэла датла і не адрадзілася. Хоць хтосьці са сваякоў спрабаваў сюды вярнуцца.

Выжыў Павел Рабазэль, якога немцы ўзялі ў палон. З нямецкага палону ён трапіў у сібірскі лагер. Вярнуўся адтуль у 1947 годзе і паехаў у родную вёску. Тут у яго жылі жонка з сынам, брат, дзве сястры з сем'ямі. Ён ведаў, што стала з вёскай і яе жыхарамі, але спадзяваўся, што як-небудзь зможа тут уладкавацца, а можа нават і новы дом пабудаваць. Казалі, што трое сутак ён там прабыў, а больш не змог. Прызнаваўся потым, што адчуваў, як смерць глядзіць з усіх бакоў. Пайшоў да знаёмых у суседнюю вёску. Там і пражыў усё астатняе жыццё. Праўда, ні сям'і, ні дзяцей больш не меў.

Некаторыя ўспаміны відавочцаў той страшнай трагедыі захоўваюцца ў кнізе «Памяць» Ваўкавыскага раёна.

...Сёстры Анастасія і Марыя Кудзелькі выйшлі замуж за год да трагедыі і пераехалі ў розныя вёскі. А 7 ліпеня, якраз на Купалле, Насця зранку ўбачыла дым і пачула ад людзей, што гараць Шавулічы, дзе засталіся яе родныя. Яна пакінула нованароджанае дзіця і пабегла ў вёску. Немцы ні яе, ні сястру не пусцілі. А ноччу пачаўся дождж. Толькі на трэці дзень сёстры з іншымі людзьмі змаглі падысці да Шавуліч. Яны ўбачылі чорныя коміны, галодных сабак і дзве вялікія, асеўшыя ад дажджу ямы. У Марыі і Насці тут загінулі 13 чалавек радні.

Часта да мемарыяла прыязджае былая настаўніца Алена Блажыеўская. Яна выступае падчас памятных мерапрыемстваў і расказвае пра сваю знаёмую, чые родныя загінулі падчас карнай аперацыі. «Мая прыяцелька толькі выйшла замуж у іншую вёску, нарадзіла дзіця. А перад святам Яна, 6 ліпеня, да яе прыйшла маці з Шавуліч. Дачка прасіла яе застацца начаваць, але тая адмовілася і вярнулася дамоў, да мужа і сына. Зранку маладая жанчына пачула роў матацыклаў, брэх сабак. Пабегла ў бок Шавуліч, але вёску ўжо ачапілі, і немцы пачалі крычаць, што будуць страляць, калі яна не адыдзе. Тады сведка залезла на дрэва. Што яна там убачыла, страшна ўявіць», — распавядала Алена Блажыеўская сёлета падчас мітынгу.

Звініць звон, шумяць бярозкі...

У спаленую вёску, а цяпер на мемарыяльны комплекс, штогод прыязджаюць сваякі загінулых вяскоўцаў. Якраз на Купалле, ці як кажуць месцічы, «на Яна». Тут праходзяць раённыя дні памяці як у гадавіну трагедыі, так і ў Дзень Перамогі. У 50-я гады ўстаноўлена скульптурная кампазіцыя «Воін і падпольшчыца». А пазней, у 1975-м, з'явіліся яшчэ два абеліскі з гранітнымі плітамі на месцы брацкіх могілак. Такіх пахаванняў на тэрыторыі мемарыяла некалькі.

— Гаворка пра стварэнне мемарыяльнага комплексу пачалася адразу пасля вайны, і напачатку 50-х быў устаноўлены цэнтральны абеліск, — расказвае ідэолаг Іван Маржала. — Паступова з'яўляліся новыя аб'екты, ішло аднаўленне існуючых. Да 70-годдзя трагедыі старыя пліты каля галоўнага абеліска замянілі новымі, гранітнымі. У 2015 годзе адбылася даволі маштабная рэканструкцыя комплексу. На месцы спаленых дамоў паставілі фрагменты драўляных зрубаў з памятнымі таблічкамі, дзе ўказаны нумары дамоў і прозвішчы гаспадароў. У сэрцы мемарыяла — бронзавы звон вагой 62 кілаграмы.

...Дзынь... дзынь... Па наваколлі разносіцца працяглы гук і знікае ў вышыні. А можа ў гэтых счарнелых зрубах, на месцы якіх стаялі трывалыя хаты. Ад той вёскі засталіся толькі старыя яблыні ды дарожны брук. Уздоўж дарогі растуць маладыя дрэўцы. Крыху далей яшчэ адна, з маладых бярозак.

— За тэрыторыяй комплексу замацаваны арганізацыі раёна. У кожнага ёсць свой участак, бо плошча даволі вялікая. Тут і траву абкошваюць, і дарогу даглядаюць, каб не зарастала. За парадкам назіраюць і грамадскія аб'яднанні, — каментуе Іван Маржала.

У наступным 2023 годзе споўніцца 80 гадоў трагедыі вёскі Шавулічы. Зараз на яе месцы толькі абеліскі і помнікі. І ўсё ж сюды не зарастае сцежка. Масавыя мітынгі і дні памяці з удзелам шырокай грамадскасці, улад і моладзі традыцыйна праходзяць некалькі разоў на год. Прыязджаюць да мемарыяла турыстычныя групы. Заварочваюць сюды і вандроўнікі, якія едуць у падарожжа па Беларусі. Да жалобнага месца прывозяць мясцовыя жыхары і сваіх родных, што прыязджаюць здалёк. Кладуць кветкі, запальваюць лампадкі.

Гэта трагедыя — боль не толькі тых родаў, чые сваякі пахаваны ў вялікіх брацкіх магілах. Боль пранізвае сэрца кожнага сумленнага чалавека. Прымушае адчуць, якая гэта каштоўнасць — мір.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.