Вы тут

У Гродзенскай вобласці вызначылі стратэгію работы з аварыйнымі дамамі


Падыход да праблемы пустуючых дамоў з кожным годам становіцца ўсё больш радыкальным. Значныя паўнамоцтвы па распараджэнні такой маёмасцю вызначаны ў 116-м Указе «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі», які ўступіў у дзеянне напрыканцы верасня мінулага года. Згодна з ім, кожны сельскі Савет да лютага будучага года павінен сфарміраваць поўную базу пустуючых дамоў. Усе звесткі ўвойдуць у адзіны дзяржаўны інфармацыйны рэсурс, дзе ў адкрытым доступе гэта маёмасць будзе прапанавана. На пасяджэнні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў ішла гаворка аб прымяненні на практыцы нарматыўных дакументаў і ўдасканаленні работы ў гэтым кірунку.

Сітуацыю з пустуючымі жылымі дамамі, у прыватнасці, іх сваечасовым зносам, прааналізавалі і ў КДК Гродзенскай вобласці.


«Патрэбен правільны падыход»

Апошнім часам тэма пустуючых дамоў гучыць даволі часта ў розных галінах улады. Літаральна днямі ў Гродзенскім аблвыканкаме прайшла нарада, на якой разглядалася гэта пытанне ў кантэксце навядзення парадку на зямлі. Да вырашэння праблем павінен больш актыўна далучыцца і дэпутацкі корпус. Па словах старшыні абласнога Савета дэпутатаў Алены Пасюты, трэба наладзіць міжведамаснае ўзаемадзеянне па навядзенні парадку на зямлі.

— Мы падключылі сельскія Саветы, стараст, рэалізуем праекты па добраўпарадкаванні, аднак патрабуюцца сур'ёзныя рабочыя ўкладанні і з боку людзей, якія адказваюць за канкрэтныя пытанні, — зазначыла кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці.

Пытанні па ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі былі абмеркаваныя на нарадзе ў абласным Савеце дэпутатаў. У прыватнасці, акцэнт зроблены на тлумачэнне Указа Прэзідэнта №116».

— Указ дазваляе нам навесці парадак на зямлі, гэта значыць, падысці да гэтага пытання па-гаспадарску. Штосьці прыбраць, трухлявае знесці, лепшыя дамы прадаць. Для гэтага ўсё ёсць — заканадаўчая база, выбудаваныя алгарытмы дзеянняў на ўзроўні вобласці і раёнаў, выдзяляюцца сродкі, — падкрэсліла Алена Пасюта. — Ад прадстаўнікоў улады патрабуецца правільны падыход і адказныя адносіны.

У Гродзенскай вобласці за апошнія 15 гадоў выяўлена амаль чатыры тысячы пустуючых дамоў. А ўжо сёлета на 1 кастрычніка ў такім рэестры дадалося 752. На снежань запланаваны знос больш чым 40 старых аварыйных жылых дамоў, што складае амаль 16 % агульнай колькасці «аварыек».

Удасканаліць работу на месцах

Нарада стала свайго роду лікбезам для раённых Саветаў дэпутатаў: як працаваць з пустуючымі дамамі, як іх правільна ўтылізоўваць, як знайсці гаспадароў для больш прыдатных жыллёвых пабудоў. Падчас нарады быў зроблены акцэнт на прававыя аспекты указа — менавіта на тыя нормы, якія даюць больш падстаў для вырашэння лёсу закінутых гаспадарамі хат.

Як нагадала начальнік упраўлення ЖКГ Гродзенскага аблвыканкама Наталля Гулімава, Указ №116 значна спрашчае парадак адчужэння жылых дамоў у сельскай мясцовасці, якія эксплуатаваліся да мая 2003 года. Яны могуць адчужацца без наяўнасці прававызначальных дакументаў на іх. Дастаткова падпісаць дагавор куплі-продажу паміж прадаўцом і пакупніком і зарэгістраваць яго ў адпаведным мясцовым органе выканаўчай улады. Другі важны аспект датычыцца стварэння ўмоў для ўцягвання ў абарот жылых дамоў, якія пустуюць тры гады ці больш і знаходзяцца ў аварыйным стане. Алгарытм дзеянняў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў прапісаны ў пастанове Савета Міністраў, прынятай у рамках указа.

— У кожным выканкаме створана спецыяльная камісія, якая праводзіць абследаванне не менш як два разы на год. Таксама імі вядзецца работа па пошуку ўласніка жылога памяшкання. Часта зрабіць гэта складана, бо ён не пражывае ў данай мясцовасці ці наогул з'ехаў за межы краіны. Гэта зацягвае працэс, — зазначае Наталля Гулімава.

Калі ж уласніка адшукалі, ён атрымлівае паведамленне, што на працягу года павінен прывесці дом у належны стан. Калі гэтага не адбываецца, дом прызнаецца пустуючым, падаецца заява ў суд аб прызнанні яго безгаспадарчым. Пасля судовага вердыкту райвыканкам прымае рашэнне — альбо зносіць, альбо прадаць, ці пакінуць ва ўласнасці сельскага Савета.

Сёлета ў рэгіёне знесена каля 140 дамоў, 37 прададзена і 66 пакінута ва ўласнасці мясцовых органаў улады.

Будзе агульны рэестр

Згодна з указам, кожны сельскі Савет павінен за гэты год сфарміраваць рэестр пустуючых дамоў. Гэтыя даныя затым увойдуць у агульную базу адзінага дзяржаўнага інфармацыйнага рэсурсу, дзе ў адкрытым доступе будзе выстаўлена гэта маёмасць. Там будзе акумулявацца інфармацыя ад выканкамаў у рэжыме рэальнага часу па меры паступлення такіх аб'ектаў на ўлік. Чалавек у любым месцы краіны зможа ўбачыць спіс дамоў і пры жаданні набыць такі пустуючы дом. Увайсці ў такую базу можна будзе з лютага 2023 года.

Як ацэньваюць такі рэестр мясцовыя ўлады і як яго фарміруюць?

На думку старшыні Азерніцкага сельвыканкама Слонімскага раёна Ганны Пяцько, гэта мерапрыемства накіравана на ўдасканаленне работы с пустуючымі дамамі. Бо ў ім будуць звесткі па ўсіх дамах, якія маюць статус пустуючых. Напрыклад, на тэрыторыі Азерніцкага сельсавета такіх дамоў каля 200.

— На сённяшні дзень мы правялі інвентарызацыю чатырох населеных пунктаў — прайшлі вёскі да апошняй хаты, запісалі характарыстыкі дамоў, памеры, што як размешчана, якія ёсць пабудовы, з якіх яны будаўнічых матэрыялаў. Гэта вялікая работа, — канстатуе старшыня сельвыканкама.

На яе думку, нарматыўных дакументаў у гэтай справе дастаткова, але ёсць пэўныя складанасці з-за патэнцыйных нашчадкаў, многія з якіх знаходзяцца за межамі Беларусі. Бывае, што дом амаль развалены, але яго складана знесці менавіта з-за цяжкасцяў у пошуку законнага ўласніка. Між тым, ёсць вёскі, дзе з 80 дамоў 60 пакінутыя.

— Наш сельсавет аддалены ад горада, тут не асабліва прывабныя месцы для турызму, няма леса і водных аб'ектаў. Таму мала ахвотнікаў набыць дамы. Найбольш карыстаецца попытам нерухомасць ў Вялікай Кракотцы. У нас там мужчынскі манастыр. Маёмасць тут добра цэніцца. Дагледжаныя дамы каштуюць ад 6 тысяч і вышэй, — расказвае Ганна Пяцько.

Вядома, у сельсавеце зацікаўлены ў тым, каб дамы не пуставалі. Імкнуцца іх прадаць з той мэтай, каб новы гаспадар адрамантаваў і навёў парадак, а не проста купіў, штосьці вывез і кінуў. Калі ж дамы старыя, трухлявыя, іх разбіраюць. У асноўным гэту работу праводзіць мясцовая сельгаспадарка. Штосьці ідзе на дровы, а цэментныя рэшткі, стары шыфер вывозяць на палігон адходаў.

— У гэтым квартале мы выканалі работы па зносе чатырох дамоў — адразу, як атрымалі сродкі. Дамы ў розных вёсках, у тым ліку і ў аграгарадку Азерніца. Гэта планавыя тэрміны. Сумесна з раённай камісіяй правялі агляды дамоў, склалі акты яшчэ па дваццаці, каб прызнаць іх пустуючымі. Будзем прымаць рашэнні — штосьці зносіць, штосьці выстаўляць на продаж, — патлумачыла кіраўнік сельсавета.

Парадак наведзены не ўсюды

У рэгіёне ход работ па навядзенні парадку з пустуючымі дамамі і своечасовым ўцягванні зямель у севазварот кантралюе КДК Гродзенскай вобласці. У 2022 годзе інспекцыя праведзена ў дзевяці раёнах. Вынікі кантрольных мерапрыемстваў сведчаць, што ў некаторых раёнах пытанне з пустуючымі дамамі вырашаецца марудна ці толькі «на паперы».

Напрыклад, у Ваўкавыскім раёне не знесены два дамы, рашэнні па якіх прынятыя яшчэ ў 2019 годзе. У Гродзенскім раёне аналагічная гісторыя цягнецца ажно з 2015 года, гаворка ідзе пра дом у вёсцы Падліпкі. Такая ж сітуацыя з пустуючым домам у Асочніках.

А вось у Зэльвенскім раёне выяўлена 19 старых дамоў, рашэнні па зносе якіх прымаліся ад двух да шасці гадоў таму. У КДК звернута ўвага і на недасканалую ў гэтым кірунку работу ўладаў у Воранаўскім раёне. Тут у чарзе на знос знаходзіцца 10 хат, і спіс павялічваецца. Наяўнасць пустуючых дамоў, якія не знесены ў тэрмін, устаноўленая ў Лідскім, Свіслацкім і Шчучынскім раёнах.

У некаторых выпадках мясцовыя ўлады бюракратычна падыходзяць да выканання сваіх рашэнняў, у прыватнасці, па продажы старых дамоў. З такой сітуацыяй сутыкнуліся кантралёры ў Слонімскім раёне. Тут з-за валакіты засталіся непрададзенымі некалькі дамоў у вёсках. У гэтым жа раёне дзевяць участкаў пасля зносу дамоў не ўцягнуты ў севазварот і параслі бур'яном. Па ўсіх канкрэтных выпадках кантралёрамі выстаўлены патрабаванні на адрас райвыканкамаў аб прыняцці дзейсных мер па навядзенні парадку з пустуючымі дамамі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара (фота носяць ілюстрацыйны характар).

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.