Вы тут

Бухгалтар з душою мастачкі, дарагія сэрцу рэчы і бацькоўскі дом


Бухгалтар з душою мастачкі

«Жыццё пражыць — / Не поле перайсці, / А трэба і жыццё / Прайсці, як поле, / І хоць адным зярняткам узысці, / А бур'яном не зарасці ніколі». З паэтам не паспрачаешся: чалавек і сапраўды жыве дзеля таго, каб пакінуць след, каб застацца ў памяці — у першую чаргу сваіх родных.


А таму, шчыра кажучы, я вельмі здзівілася візіту Валянціны Лысюк, якая прапанавала нашай бібліятэцы некалькі матуліных вышыванак. «Вам не шкада развітвацца з такой прыгажосцю?» — спытала ў жанчыны і пачула, што большасць работ, вядома ж, засталіся ў сям'і, частку Валянціна Канстанцінаўна занесла ў раённы Дом рамёстваў, Дом дзіцячай і юнацкай творчасці...

Паміж намі завязалася размова, падчас якой я пачула гісторыю жыцця звычайнай і ў той жа час незвычайнай жанчыны.

Нарадзілася Любоў Пятроўна Лісок (дзявочае прозвішча Гуліна) у Расіі, на Пскоўшчыне. У 1942-м, калі дзяўчынцы было ўсяго восем, каля іх вёскі Слабада ішлі кровапралітныя баі. Людзі, каб застацца ў жывых, уцякалі са сваіх дамоў, выкопвалі зямлянкі. Любіну ж матулю разам з бацькамі і трыма дачушкамі немцы загналі ў таварны вагон і павезлі немаведама куды. Спадарожнікі казалі, што далёка, што ў саму Германію.

Але ж праз нейкі час цягнік сцішыў сваю хаду і спыніўся. Побач з вагонам аказалася эстакада, пад якой Любінай сям'і ўдалося схавацца. Далей цягнік паехаў без іх, а яны, бежанцы, апынуліся ў поўнай невядомасці: без ежы, без адзення, без даху над галавой...

І ў той жа час — хоць з нейкім, але спакоем, бо тут было ціха: Ганцавічы не бамбілі. Да таго ж, сям'я была разам.

Яе, немаленькую, і заўважыў на дарозе пан Кавальскі з Хатыніч. У яго гаспадарцы рабочыя рукі заўсёды былі патрэбныя. Вось ён і падабраў бежанцаў.

Размясціліся навасёлы ў свірне, і першае, што зрабіла матуля, — павесіла на покуць абразы, якія паспела ўзяць з роднай хаты.

Пад імі яны і жылі, чакалі канца вайны. На радзіму не вярталіся, бо не было куды. Ды і тут...

Чарговае выпрабаванне чакала сям'ю, калі згарэў іх часовы прытулак, іх свіран. І зноў з усіх пажыткаў у іх засталіся дзве іконы і славутая швейная машынка «Зінгер», якая не раз ратавала сям'ю ад холаду і голаду, і якую, ужо ў якасці рэліквіі, нашчадкі захоўваюць па сённяшні дзень.

...Па-рознаму склаўся іх лёс. Люба-Любачка сустрэла сваё каханне ў школе рабочай моладзі. І амаль следам за ім прыйшло расстанне, бо яе абранніка аж на чатыры гады забралі ў войска.

Люба дачакалася яго, і ў 1958-м у нашых Ганцавічах з'явілася новая сям'я, заснаваная на каханні, павазе і клопаце адно аб адным, а потым і траіх дзецях. Для іх, Аляксандра, Валянціны і Сяргея, бацькі былі прыкладам ва ўсім. Канстанцін Цімафеевіч доўгі час працаваў у раённым ваенкамаце, Любоў Пятроўна вяла бухгалтэрыю ў розных установах горада. На захапленні ў яе маладыя гады часу не было, а вось на так званым заслужаным адпачынку жанчына засела за карункі ды вышыванне. Сям'я, сабраўшыся ў доме бацькоў, садзілася за стол засланы прыгажэнным атласным абрусам, вышытым нібы жывымі кветкамі... Ці не ўсе куточкі ў хаце гаспадыня ўпрыгожыла сурвэткамі, звязанымі шыдэлкам.

...Любоў Пятроўна, якая змалку палюбіла нашу зямлю і людзей, творчасць Якуба Коласа і Янкі Купалы, беларускія песні і ўзоры, пакінула пасля сябе сапраўднае багацце: сваіх дзяцей і ўнукаў, свае ручнікі, сурвэткі, абрусы, якія па-ранейшаму служаць яе родным і блізкім, яе землякам. Прынамсі, кожны, хто знаёміцца з чарговай кніжнай выставай, ведае, што ў нашай бібліятэцы яна аздоблена творамі майстрыхі ад бога Любові Пятроўны Лісок.

Таццяна МАЛЯЎКА

г. Ганцавічы


Надзея памірае апошняй...

...Зайздрошчу маладым, па-добраму зайздрошчу. Яны сёння зусім не прывязаны да рэчаў: нейкі час не карыстаўся, не насіў, значыць, трэба пазбавіцца.

Я не такая: мне цяжка не тое што выкінуць, нават вывезці нешта ў вёску, бо заўсёды ўспамінаецца, дзе што купіла ці пашыла, куды прыбіралася, як пры тым выглядала... Дарагія ёсць рэчы, любімыя. Адна сукенка — дык на ўсе выпадкі жыцця.

Днямі збіралася выйсці «ў людзі», думала, што б такое надзець? Зазірнула ў шафу, што-нішто патрымала ў руках ды памерала, цяжка ўздыхнула: тое і сапраўды ўжо не моднае, тое, на жаль, замалое, тое не пасуе па колеры...

У пошуках сваёй любімай універсальнай сукенкі перабрала ўсе вешалкі ў адной шафе, потым у другой. Палтэргейст ды і толькі: няма! Як карова языком злізала!..

Ноч, можна сказаць, не спала, думала, куды ж яна дзелася?

Раніцой, на ўсякі выпадак, зазірнула ў шафу для вопраткі і...

Знайшлася мая прапажа: яна пад куртачку схавалася. Прычым — не сама. Дачка сказала, што мае ўборы прымяралі ўдзвюх з унучкай і потым не туды павесілі...

Дык можа праўду кажуць, што ўсё новае — гэта добра забытае старое, і сукенкі бабуль яшчэ могуць паслужыць унучкам? Надзея памірае апошняй.

Ірына САЛАТА

г. Гродна


Любоў да бліжняга... Вось што галоўнае!

Яшчэ з пачатку снежня ў многіх пачынае паляпшацца настрой: мы рыхтуемся, мы стараемся весела сустрэць Новы год.

У прамінулыя, камуністычныя часы, не ўсе, на жаль, успаміналі пра іншае, куды большае свята.

...У нашу сям'ю калядная казка прыходзіла разам з елкай, якую прыносіў тата. Нейкі час яна адтайвала, «грэлася» ў хаце, напаўняючы яе непаўторным пахам, і толькі потым займала месца на покуці, пад абразамі. Для яе, лясной прыгажуні, мы загадзя клеілі папяровыя ланцужкі, выразалі з фольгі сняжынкі, на нітачках развешвалі цукеркі і пячэнне.

У памяці і перадкалядны стол. Проста дзіву даешся, як можна было з мінімальнага набору прадуктаў прыгатаваць тыя ж 12 страў! На саматканы абрус, якім накрываўся зацярушаны сенам стол (на знак таго, што Хрыстос нарадзіўся ў хляве), наша матуля ставіла куццю, квас з сушаных грыбоў, аладкі з макавым малачком, селядзец з цыбуляй, запечаную рыбу, кісель... Цэнтральнае месца займала запаленая свечка. Вячэра пачыналася чытаннем урыўка з Евангелля.

...Прадстаўнікі самых розных канфесій у нас, у Беларусі, жывуць у міры і згодзе, з павагай ставяцца да веравызнання іншых, што зусім не дзіўна, бо асноўны догмат кожнай рэлігіі — любоў да бліжняга. І вось гэта, галоўная запаведзь, як мне здаецца, змяшчае ў сабе ўсе астатнія: любячы, мы не зробім іншаму аніякага зла, і не будзем чакаць яго самі.

Вольга ФЯДЗЯШЫНА

г. Слуцк


«Не прадаецца хата бацькоў»

Слухаю гэту песню (просьбу, параду?) і ўспамінаю сваю, пасляваенную, халодную, урослую ў зямлю хацінку, нашу гаротніцу маму. Тата, партызанскі сувязны, вясной 1944-га, падарваўся на міне і, паміраючы, папрасіў яе аб адным: зберажы дзяцей. Усіх нас было пяцёра. Старэйшаму сыну ішоў толькі дванаццаты, мне, малодшай, было два месяцы.

Сказаць, што нашай маме было вельмі цяжка, азначала б не сказаць нічога. Аднак яна несла свой крыж, яна выжыльвалася, але выконвала наказ нябожчыка-мужа. Ва ўсёй акрузе ёй проста роўных не было па працавітасці, па самаахвярнасці ў імя дзяцей! Ва ўсякім разе нікога з нас мама не здала ні ў дзяцячы дом, ні ў школу-інтэрнат (хоць гэта ёй і прапаноўвалі), нікога ніколі не пасылала жабраваць ці, крый божа, красці чужое.

Мае браты, на выдатна скончыўшы сямігодку, па чарзе паступалі ў сярэднія спецыяльныя ўстановы (там студэнтаў забяспечвалі спецадзеннем і харчаваннем), атрымлівалі рабочыя прафесіі, працавалі і завочна вучыліся далей. У выніку два старэйшыя займалі адказныя пасады на металургічным камбінаце ў Нарыльску, адзін — у Новасібірску, адзін — у Амсукчане, што ў Магаданскай вобласці...

Але ж куды б лёс ні закінуў іх, як бы далёка ні жылі, ні працавалі, а матулю помнілі заўсёды, стараліся прыехаць, дапамагчы, а ўрэшце заключылі дамову з мясцовай ПМК і пабудавалі ёй новы дом у вёсцы Капланцы.

Цяпер тут жыву я і прадаваць, вядома ж, не збіраюся.

...Мая аднавяскоўка Раіса Іванаўна Рашэцька, захварэўшы, таксама прасіла дзяцей, каб хаця не прадавалі хату, каб яна па-ранейшаму была прытулкам для ўсіх сваіх.

...Чужыя на гэтым падворку з'явіліся перад апошнім ваенным Вялікаднём у так званую чырвоную суботу. Гаспадыня — маці Раісы Іванаўны — напякла тады хлеба, адварыла мяса, нафарбавала яек і ўсё гэта да заўтрашняй раніцы занесла ў стопку, замкнула. «Адмыкай!» — загадалі ёй двое ўзброеных коннікаў. Жанчына ад страху выпусціла з рук ключы і ніяк не магла адшукаць. Адзін з бандытаў выстраліў... «Сволачы! Што ж вы нарабілі!» — закрычала на мужчын свякроў і таксама загінула ад куль... Бандыты выграблі з варыўні ўсе прадукты і зніклі ў бліжэйшым лесе. У хаце засталося шасцёра малых сірот.

...Дзеці старэйшай з іх, Раісы Іванаўны, выканалі волю матулі: не сталі прадаваць бацькоўскую хату. Зяць Віктар Фясун разам з жонкай Марынай, пакінуўшы кватэру ў Мінску, навялі тут проста ўзорны парадак, яны рады працаваць на зямлі самі, рады прымаць дзяцей і ўнукаў, сяброў, сваякоў.

І прыкладаў такіх нямала: у нашу вёску, на бацькаўшчыну, вярнуліся Мікалай Шалай, Людміла Калола, Ніна Ліс, Таіса Барауля, Ганна Кавалёнак і многія іншыя.

У кожнага з іх свае сем'і і свае прычыны на тое, каб вярнуцца ў хату бацькоў. Але ёсць, як мне здаецца, і адна агульная: не прадаўшы яе, радзіму (помніце фільм «Гараж»?), захаваўшы для сваіх наступнікаў, яны тым самым збераглі гісторыю яе будаўніцтва, а па вялікім рахунку гісторыю жыцця сваіх папярэднікаў. А гэта значыць, яшчэ і сваю.

Ніна БУРКО

Бярэзінскі раён

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.