Вы тут

Збалансаваная работа на Усходзе і Захадзе, аптымізацыя загранустаноў


Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка паставіў задачы перад МЗС, прадстаўляючы новага міністра замежных спраў Сяргея Алейніка калектыву міністэрства, паведаміла БелТА.


«Перад новым міністрам замежных спраў ставяцца наступныя задачы. Першае — узварухнуць міністэрства, павярнуць яго тварам да актуальных знешнеэканамічных і знешнепалітычных задач, паставіць дакладныя і зразумелыя задачы перад кожным падраздзяленнем і замежустановай, узяць на строгі кантроль іх выкананне. Другое — адпрацаваць разам з урадам і Адміністрацыяй Прэзідэнта ў самы кароткі тэрмін прадуманыя прапановы па аптымізацыі сеткі замежустаноў, зыходзячы з бягучай абстаноўкі і прыярытэтных задач. Трэцяе — навесці канчатковы парадак з кадрамі, прыцягнуць свежую кроў з рэальнага сектара эканомікі, галіновых ведамстваў. Чацвёртае — знайсці варыянты збалансаванай работы як на ўсходнім, так і на заходнім вектары нашай знешняй палітыкі, зыходзячы з нашых інтарэсаў», — падкрэсліў Раман Галоўчанка.

Дыпламаты павінны дабівацца, каб пазіцыя Беларусі гучала выразна і гучна. «Варта выкарыстоўваць усе даступныя пляцоўкі для давядзення нашай сумленнай пазіцыі па пытаннях унутранай і знешняй палітыкі. Прычым рабіць гэта эфектыўна: не проста выдаць каментарый недзе, а працаваць актыўна і наступальна. Няхай з намі цяпер не ўсе пагаджаюцца, але голас Беларусі павінны чуць і разумець нашы падыходы, якія заўсёды адкрытыя, сумленныя і празрыстыя. Мы не вядзём ні двайных, ні трайных гульняў. Усё, што мы гаворым, і з'яўляецца нашай знешняй палітыкай», — заўважыў Раман Галоўчанка.

Беларусь гатова развіваць раўнапраўныя і ўзаемавыгадныя адносіны з народамі ўсіх краін без выключэння. «Мы выкарыстоўваем тэрмін «недружалюбныя краіны», каб неяк іх пазначыць, у тым ліку ў дакументах. Але хачу падкрэсліць, што недружалюбных краін не бывае, асабліва краін-суседзяў, якіх нам паслаў Бог. Ёсць улады асобных дзяржаў, якія цяпер праводзяць дыскрымінацыйную, недружалюбную або адкрыта варожую палітыку ў адносінах да Беларусі. Таму мы вымушаны адэкватна рэагаваць на гэта. Ну а краіна — гэта перш за ўсё народ», — лічыць Раман Галоўчанка.

«Яшчэ не паспелі высахнуць чарнілы на ўказе кіраўніка дзяржавы, як пачаліся інсінуацыі, што Беларусь шукае шляхі на Захад праз прызначэнне новага міністра. Гэтыя высновы робяцца з біяграфіі Сяргея Фёдаравіча. Так, ён шмат працаваў на заходнім напрамку, але так склаўся яго лёс. Мы не шукаем шляхі на Захад, няхай яны шукаюць шляхі да нас. Не мы рвалі гэтыя сувязі, не мы рабілі варожыя дзеянні, не мы вывозілі пасольствы, не мы ўводзілі санкцыі і забароны», — падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Ён адзначыў, што ў геапалітыцы адбываюцца тэктанічныя змены, дынамічна мяняецца карціна свету. «У гэтай сітуацыі быць проста назіральнікам, вядома ж, недапушчальна, трэба імкнуцца актыўна ўплываць на тое, што адбываецца, у інтарэсах нашай краіны. Таму ў рабоце міністэрства на ўсіх участках не павінна быць праяў коснасці, безыніцыятыўнасці, сузіральнасці. Тэмпы і метады работы, якія яшчэ некалькі гадоў таму можна было ўмоўна лічыць здавальняючымі, зараз для міністэрства непрымальныя. Гэта датычыцца не толькі МЗС, але і ўсёй сістэмы дзяржаўнага кіравання. Важна дзейнічаць на апярэджанне, аналізаваць увесь спектр знешніх пагроз, выпрацоўваць нестандартныя рашэнні па іх прадухіленні», — звярнуў увагу кіраўнік урада.

Прыярытэты знешняй палітыкі Беларусі застаюцца нязменнымі. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік. «Галоўны прыярытэт знешняй палітыкі дакладна вызначаны кіраўніком дзяржавы — гэта захаванне і ўмацаванне суверэнітэту, незалежнасці, развіццё эканамічнага патэнцыялу і павышэнне дабрабыту людзей», — падкрэсліў міністр замежных спраў.

Кіраўнік МЗС адзначыў, што трэба будзе прадоўжыць работу па пераарыентацыі беларускага экспарту, які выпаў з заходняга рынку, рынку Украіны, на альтэрнатыўныя рынкі. «Асаблівая ўвага санкцыйным выдаткам. Яны не павінны ўплываць на работу нашых прадпрыемстваў і працоўных калектываў», — адзначыў Сяргей Алейнік.

Кіраўнік МЗС падкрэсліў, што эканамічная дыпламатыя будзе накіравана на нарошчванне экспарту, пашырэнне геаграфічнай дыверсіфікацыі, садзейнічанне беларускім экспарцёрам. «Мы будзем прадаўжаць актыўнае процідзеянне палітычнаму, эканамічнаму і інфармацыйнаму ціску, які аказваецца на нашу краіну, — падкрэсліў міністр. — Нацэлены на адстойванне інтарэсаў Беларусі на шматбаковых пляцоўках, актывізуем работу і будзем прадаўжаць пашырэнне значных міжнародных і рэгіянальных ініцыятыў для павышэння ролі і іміджу нашай краіны на міжнароднай арэне».

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».