Вы тут

Ірына Раінчык — пра работу з насельніцтвам і маладзёжны інтарэс


Літаральна на мінулым тыдні ў Магілёве адбыўся круглы стол па тэме «Роля дэпутацкага корпуса ў рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця ў вобласці». У размове прымалі ўдзел парламентарыі, дэпутаты ўсіх узроўняў, прадстаўнікі выканаўчай улады і бізнесу. Сёння, калі краіна працуе ва ўмовах жорсткіх санкцый і знешніх пагроз, вельмі важна захаваць стабільнасць і адзінства сярод грамадства. Работа з насельніцтвам заўсёды застаецца для дэпутатаў справай прыярытэтнай. Пра тое, чым быў адметны гэты год, што атрымалася рэалізаваць, якія задачы стаяць перад дэпутацкім корпусам Магілёўскай вобласці, — у нашай размове са старшынёй Магілёўскага аблсавета дэпутатаў Ірынай Раінчык.


— Прадстаўнікі дэпутацкага корпуса Магілёўшчыны заўсёды на перадавой, — усміхаецца суразмоўніца. — Удзельнічаем у дыялогавых пляцоўках, сустрэчах з актывамі працоўных калектываў па актуальных пытаннях развіцця краіны і рэгіёнаў, праводзім выязныя прыёмы грамадзян, прамыя тэлефонныя лініі. У практыку работы аблсавета ўключаны выязныя пасяджэнні сесій, прэзідыумаў, пастаянных камісій, дзе разглядаюцца актуальныя пытанні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці, комплексы мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржпраграм. На працягу 2021-2022 гадоў дэпутацкі корпус прымаў актыўны ўдзел у суботніках, дабрачынных акцыях, мерапрыемствах, прысвечаных Году народнага адзінства і Году гістарычнай памяці. Дзеля абагульнення найлепшага вопыту работы раённых і сельскіх Саветаў дэпутатаў, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання і распаўсюджвання яго сярод іншых, Асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў сумесна з аблсаветам праводзіць тэматычныя семінары-нарады з удзелам старшынь гарадскіх, раённых і сельскіх Саветаў дэпутатаў. Дэпутаты па месцы жыхарства грамадзян работаюць над тым, каб іх выбаршчыкі прымалі рэальны ўдзел у кіраванні справамі тэрыторыі.

— Сёння ў грамадстве прапагандуецца здаровы лад жыцця. Дэпутаты Магілёўшчыны і тут паказваюць прыклад — праводзяць штогадовыя летнія і зімнія спартакіяды.

— Спорт выхоўвае ў чалавеку самыя лепшыя яго якасці — мэтанакіраванасць, рашучасць, уменне дзейнічаць у камандзе. Менавіта гэтыя якасці дапамагаюць дэпутатам праяўляць свой патэнцыял у ходзе спаборніцтваў і дасягаць перамог на спартыўнай арэне падчас зімовай і летняй спартакіяд. Сёлета яны праходзілі ў Магілёве і Кіраўску.

— Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка падчас рэспубліканскага семінара-нарады, прысвечанага ўдасканаленню метадаў і форм работы з насельніцтвам звярнуў увагу на тое, што па гэтай рабоце вызначаецца паказчык прафесіяналізму кіраўніцтва на месцах...

— У гэтым пытанні галоўным памочнікам, як для людзей, так і для мясцовых органаў улады з'яўляюцца органы мясцовага самакіравання. Гэта Саветы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, вулічныя і дамавыя камітэты, старшыя па дамах, пад'ездах, старасты, старэйшыны. Адным з эфектыўных падыходаў з'яўляецца рэалізацыя грамадскіх ініцыятыў, накіраваных на вырашэнне пытанняў мясцовага значэння, — добраўпарадкавання дзіцячых пляцовак, паляпшэння месцаў масавага адпачынку, рамонту аб'ектаў культуры, стварэння і развіцця спартыўных аб'ектаў, добраўпарадкавання памятных месцаў і месцаў пахавання і іншых. За чатыры апошнія гады было падтрымана 175 ініцыятыў, толькі сёлета рэалізаваныя 55 праектаў. Адной з галоўных крыніц падтрымкі актывістаў з'яўляецца абласная Асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. І механізм стымулявання ініцыятыўнай дзейнасці ўдасканальваецца. Сёлета, напрыклад, сем грамадзянскіх праектаў былі рэалізаваныя пры фінансавай падтрымцы Банка развіцця Рэспублікі Беларусь. У дадзены момант дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у першым чытанні прыняты праект Закона аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, які прадугледжвае фінансаванне з бюджэтаў рэспублікі і вобласці ў роўных частках. У вобласці фарміруецца банк праектаў, якія будуць падтрыманы на конкурснай аснове для рэалізацыі ў наступным годзе.

— Якія існуюць формы найбольш эфектыўнага ўзаемадзеяння дэпутатаў з насельніцтвам?

— На першы план выходзіць тлумачальная работа з людзьмі. Усе павінны разумець, што не трэба паддавацца на правакацыі і фэйкі. Мы абаранялі і будзем абараняць інтарэсы нашых грамадзян. Асаблівая ўвага аддаецца псіхалагічнаму мікраклімату ў працоўных калектывах. Яшчэ адзін прыярытэт у супрацоўніцтве з выбаршчыкамі — работа з іх зваротамі. Жыхары звяртаюцца да нас з самымі рознымі пытаннямі, пачынаючы ад жыллёва-камунальных, заканчваючы аховай здароўя і пенсійным забеспячэннем. І вельмі важна ў вырашэнні грамадскіх праблем не даходзіць да фармалізму. Народныя абраннікі асабістым прыкладам паказваюць усім канструктыўную грамадзянскую пазіцыю. Стаўка робіцца на моладзь. Важным аспектам нашай работы застаюцца сустрэчы з моладдзю, удзел у прапанаваных маладымі людзьмі праектах і ініцыятывах.

— Дэпутаты наогул сталі для моладзі прыкладам для пераймання. Першыя спробы сябе ў кіраўніцтве краінай яны робяць менавіта ў складзе маладзёжных парламентаў пры мясцовых Саветах дэпутатаў.

— Так. Гэта той патэнцыял маладых людзей, якія гатовы ўключацца ў вырашэнне дзяржаўна значных задач. Маладзёжныя парламентарыі першага склікання пачалі працаваць пры абласным Савеце яшчэ ў 2020 годзе. Сёння ў Маладзёжным парламенце ёсць прадстаўнікі з усіх райцэнтраў і гарадоў.

Мы запрашаем іх на пасяджэнні сесій, на прыёмы па асабістых пытаннях, выязныя прэзідыумы, круглыя сталы па пытаннях, якія хвалююць насельніцтва. Маладыя парламентарыі вобласці з'яўляюцца ўдзельнікамі практычна ўсіх важных мерапрыемстваў у нашым рэгіёне і краіне. Яны прадстаўлялі Магілёўшчыну на Усебеларускім народным сходзе, Рэспубліканскім педагагічным савеце, актыўна ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы і правядзенні Рэспубліканскага рэферэндуму па змяненнях у Канстытуцыю. Гэта значыць, яны вельмі глыбока пагружаныя ў тое, што адбываецца ў нашай вобласці і краіне, ведаюць усё не па чутках. І гэтую праўду яны транслююць сваім аднагодкам, вырашаюць важныя для свайго рэгіёна і вобласці пытанні. Гэта валанцёрскі рух, работа з падлеткамі, якія трапляюць у цяжкую жыццёвую сітуацыю, з маладымі сем'ямі. Яны працуюць па прынцыпе «роўны навучае роўнага». Малады чалавек хутчэй паслухае аднагодка, чым дарослага, лягчэй адмовіцца ад тых жа дрэнных звычак і вернецца да нармальнага жыцця.

— Законам «Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі» прадугледжаны новы накірунак — падтрымка маладзёжных ініцыятыў. Гэта адкрывае перад моладдзю новыя гарызонты?

— Рэалізацыя гэтага кірунку дазволіць аказваць падтрымку праектам і ініцыятывам маладзёжных грамадскіх арганізацый. Пры гэтым прадугледжваецца бюджэтнае фінансаванне, якое будзе выдзяляцца на конкурснай аснове. Прыняцце гэтага законапраекта ідзе ў развіццё абноўленай Канстытуцыі, у 32-м артыкуле якой выразна зафіксавана, што дзяржава стварае ўмовы для раскрыцця патэнцыялу нашай моладзі. Закон накіраваны перш за ўсё на тое, каб стварыць прававыя ўмовы для рэалізацыі моладдзю канструктыўных праектаў і розных ініцыятыў. У бліжэйшы час гэты закон уступіць у дзеянне, і маладыя людзі, аб'яднаныя не толькі ў рамках канструктыўных грамадскіх арганізацый, але і ініцыятыў, змогуць атрымаць фінансавую бюджэтную падтрымку з боку дзяржавы. А мы зможам больш канструктыўна разглядаць гэтыя праекты і рэалізоўваць іх на карысць грамадства.

— Хутка Новы год, і дэпутаты заўжды становяцца непасрэднымі ўдзельнікамі дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», падчас якой прынята дапамагаць малазабяспечаным сем'ям, хворым дзецям і дзецям-сіротам, якія засталіся без апекі бацькоў.

— Клопат пра дзяцей, нашу будучыню — гэта адзін з абавязкаў кожнага дэпутата. Мы не толькі ўдзельнічаем у рэспубліканскай акцыі, але прапануем і свае. Упершыню ў 2021 годзе дэпутацкім корпусам аб'яўлена дабрачынная акцыя «Калядная мара», у рамках якой дэпутаты вобласці выконвалі жаданні дзяцей са шматдзетных сем'яў, якія наведваюць цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання. У 2022 працягваем добрую традыцыю ў новым фармаце. У мэтах папулярызацыі дзейнасці дэпутацкага корпуса ўсіх узроўняў Магілёўскай вобласці, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання і Маладзёжнага парламента, актыўна выкарыстоўваюцца сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку галоўная парламенцкая газета «Звязда». З мінулага года дэпутацкія старонкі з'явіліся ў сацыяльнай сетцы «Інстаграм». Гэта яшчэ адзін канал, па якім народныя абраннікі маюць зносіны з насельніцтвам, а тыя ў сваю чаргу аператыўна даносяць да нас свае ідэі і прапановы па вырашэнні мясцовых праблем.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Галіны ГАЎРЫЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.