Вы тут

МАК пакідае санкцыі ў сіле, але не ўсе з ім згодныя


Галоўнае спартыўнае пытанне адыходзячага года — калі беларускія спартсмены вернуцца на міжнародную арэну. Улічваючы, што ў наступным сезоне пачынаецца кваліфікацыя да Алімпійскіх гульняў 2024 года, яно становіцца больш вострым. Акрамя ўсіх цяжкасцей, якія цягне за сабой міжнародны бан, алею ў агонь падлівае і Міжнародны алімпійскі камітэт. І не тым, што не адмяняе санкцый, а тым, што яшчэ больш заблытвае сваімі заявамі. Канкрэтны адказ лепш, чым пастаянная нявызначанасць. 


Што на словах?

У лістападзе на саміце G20 прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах асудзіў палітызацыю спорту і заклікаў лідараў краін уключыць пункт аб «спартыўным нейтралітэце» ў сумесную заяву. Ён нагадаў пра імкненне МАК аб’яднаць увесь свет праз спорт. І падкрэсліў, што Алімпійскія гульні аб’яднаюць увесь свет толькі ў тым выпадку, калі ў ёй будуць удзельнічаць спартсмены з усіх краін. 

«Неабходна выканаць нашу аб’яднаўчую місію. МАК павінен заставацца палітычна нейтральным і дазваляць будучым гаспадарам Алімпійскіх гульняў прымаць у сябе наілепшых спартсменаў з усяго свету незалежна ад палітычных канфліктаў. Давайце не будзем адмаўляцца ад важнай аб’яднаўчай місіі Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў у той час, калі свет мае патрэбу ў большай салідарнасці», — сказаў Томас Бах месяц таму. Нарэшце кіраўнік сусветнага алімпійскага руху сказаў тое, што ад яго павінны былі пачуць. 

І, здаецца, яго пачулі. Праз нейкі час Томас Бах расказаў, што меў размову з прэзідэнтам Францыі Эммануэлем Макронам. Па яго словах, французскі лідар настойвае на неабходнасці прысутнасці на Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы ўсіх краін. прэзідэнт МАК пагадзіўся з Прэзідэнтам Францыі і яшчэ раз падкрэсліў, што алімпійскі рух павінен быць сілай, якая аб’ядноўвае, а не раздзяляе. Абсалютна лагічныя словы ад Прэзідэнта Міжнароднага алімпійскага камітэту. І таму ўспрынялі іх як добрую навіну. Заззяла надзея, што хутка спартсмены вернуцца на міжнародныя старты. Усе-такі Міжнародны алімпійскі камітэт — аўтарытэтная арганізацыя, якая павінна адказваць за свае словы. Прынамсі, у ідэале так павінна быць. 

Далей падзеі разгортваюцца такім чынам: блізкае да МАК выданне Inside The Games паведаміла, што кіраўнік МАК усклаў віну за крызіс у алімпійскім руху на «некаторыя ўрады, якія пачалі вырашаць, якім спартсменам будзе дазволена ўдзельнічаць у міжнародных спартыўных спаборніцтвах». Пра тое, што 28 лютага рэкамендацыі адхіліць беларусаў і расіян ад міжнароднага спорту даваў менавіта МАК, апусцім. «Урады некаторых краін з самага пачатку канфлікту адмовілі ў візах расійскім і беларускім спартсменам і афіцыйным асобам, у той час як іншыя пагражалі сваім нацыянальным спартсменам спыніць фінансаванне, калі яны будуць спаборнічаць з расійскімі ці беларускімі канкурэнтамі. Нам прыйшлося дзейнічаць насуперак нашым уласным каштоўнасцям і нашай уласнай місіі, якая заключаецца ў аб’яднанні ўсяго свету ў мірнай канкурэнцыі. Нам прыйшлося зрабіць тое, чаго мы ніколі не рабілі і ніколі не хацелі рабіць — забараніць спартсменам займацца спортам толькі на падставе іх пашпарта. Вось чаму мы з самага пачатку гэтых ахоўных мер далі зразумець, што нам неабходна вывучыць спосабы пераадолення гэтай дылемы адносна ўдзелу спартсменаў і вярнуцца да спартыўных каштоўнасцей, а не да палітычнага ўмяшання», — заявіў Томас Бах. 

На першы погляд можа здацца, што Бах мае рацыю. Большасць краін супраць дзвюх, бяспека спартсменаў у прыярытэце, недапушчэнне палітычнага ўмяшання і гэтак далей. Каб не некалькі «але». Па-першае, некаторыя спартсмены ўсё ж выступаюць на міжнародных стартах: рускія і беларускія тэнісісты гуляюць у турах WTA (Жаночая тэнісная асацыяцыя) ATP (Асацыяцыя тэнісістаў-прафесіяналаў), турніры «Вялікага шлема» (за выключэннем Уімблдона, але і гэта вырашаецца); каманды выступаюць у Кантынентальнай хакейнай лізе, асобныя хакеісты — у каманды Нацыянальнай хакейнай лізе, баскетбалісты і гандбалісты дапамагаюць замежным клубам. Урады краін, дзе беларусы і расіяне лічацца легіянерамі, спакойна да гэтага ставяцца. Па-другое, ні адна краіна не спыніла фінансаванне спартсменаў, якія спаборнічалі з беларусамі і расіянамі. Яны ж зацікаўлены ва ўласных перамогах. Па-трэцяе, палітычнае ўмяшанне ў алімпійскі рух ужо не навіна. Самыя знаёмыя нам прыклады: байкот Алімпійскіх гульняў 1980 года ў Маскве некаторымі заходнямі краінамі і зваротны байкот Гульняў 1984-га ў Лос-Анджэлесе савецкай камандай. Але тады гэтыя рашэнні прымаліся выключна палітыкамі і кіраўніцтвам краін. Міжнародны алімпійскі камітэт да гэтага дачынення не меў. Праўда, пазітыўны момант усё ж такі прысутнічае — пасля крытыкі Бахам брытанскага ўрада арганізацыйны камітэт Уімблдонскага турніру быў аштрафаваны на два мільёны долараў за адмову дапусціць да ўдзелу беларускіх і расійскіх тэнісістаў. 

А ў цэлым прычына адхілення спартсменаў толькі на першы погляд здаецца сур’ёзнай. Па сутнасці — гэта перакладанне адказнасці. І таму як здзек гучыць тое, што ўсе члены выканкама МАК падкрэслілі важнасць выканання алімпійскім рухам сваёй аб’яднаўчай місіі. 

Што на справе?

Да апошняга верылася, што такая рыторыка кіраўніцтва Міжнароднага алімпійскага руху прывядзе да заканчэння міжнароднага бана. Саміт МАК у мінулую пятніцу паказаў адваротнае. «Алімпійская сям’я» выступіла за працяг санкцый для спартсменаў Беларусі і Расіі. Алімпійскаму руху прыйшлося прыняць ахоўныя меры — не запрашаюць спартсменаў з алімпійскіх камітэтаў Беларусі і Расіі, таму што, з аднаго боку, некаторыя ўрады вырашалі і працягваюць вырашаць, якія спартсмены могуць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах, а якія не. Саміт рашуча аспрэчыў гэтыя меры ўрадаў як непрымальнае ўмяшанне ў аўтаномію спартыўных арганізацый і ўмяшанне ў іх палітычны нейтралітэт. Удзельнікі саміту падкрэслілі, што ўдзел у спартыўных спаборніцтвах павінен грунтавацца выключна на спартыўных вартасцях спартсмена і павазе да правіл спорту«, — гаворыцца ў афіцыйным прэс-рэлізе МАК. Логіка выключна простая: саміт рашуча адвяргае палітычнае ўмяшанне ў алімпійскі рух, але пакідае санкцыі, якія прынятыя па ініцыятыве палітыкаў. Вывады напрошваюцца самі...

Не хочацца загадзя радавацца, але, здаецца, здаровы сэнс пачынае абуджацца. Падчас саміту МАК Алімпійскі савет Азіі (АСА) прапанаваў садзейнічаць удзелу спартсменаў з Расіі і Беларусі ў спаборніцтвах у Азіяцкім рэгіёне. Прадстаўнікі міжнародных спартыўных федэрацый падтрымалі гэтую ініцыятыву. Падтрымаў яе і прэзідэнт Асацыяцыі нацыянальных алімпійскіх камітэтаў Робін Мітчэл. «Выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта гатовы разгледзець дадзеную ініцыятыву як спосаб прытрымлівацца алімпійскай місіі па аб’яднанні спартсменаў з усяго свету ў мірных спаборніцтвах, адзначаючы пры гэтым, што ў супольнасці спартсменаў існуюць розныя меркаванні», — паведаміла прэс-служба МАК.

За вяртанне беларускіх і расійскіх спартсменаў у сусветны спорт і іх ўдзел у Алімпійскіх гульнях 2024 года выступіў і Алімпійскі камітэт ЗША. Пра гэта заявіла кіраўнік USOPC Сюзана Лаёнс у інтэрв’ю The Wall Street Journal. «Гэта, можа быць, непрыемна ўсведамляць, але нядопуск расіян адкідае нас назад, іх вяртанне сапраўды важна для алімпійскага руху. Пры гэтым мы па-ранейшаму падтрымліваем украінскі народ і ўкраінскіх спартоўцаў. ЗША падтрымліваюць пошук магчымасцяў вярнуцца да спаборніцтваў спартсменаў, якія трэніраваліся для гэтага ўсё сваё жыццё, але мы катэгарычна супраць таго, каб яны вярнуліся пад нацыянальным сцягам, у той час як іх краіны знаходзяцца пад санкцыямі», — сказала Сюзана Лаёнс.

Загадваць нешта і верыць кіраўнікам сусветнага алімпійскага руху ў цяперашніх умовах неяк нязручна, а для псіхікі і матывацыі спартсменаў, часам і шкодна. Што ж тады застаецца? Верыць у лепшае, працаваць, станавіцца мацнейшымі. А час раставіць усіх на свае месцы на п’едэстале. 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».