Вы тут

Прафесіяналы — нарасхват. Чым рабочыя спецыяльнасці могуць зацікавіць выпускнікоў?


Мерчандайзер, прамоўтар, крэатыўны дырэктар, геймдызайнер, арт-кансультант, нейрапсіхолаг, брэнд-менеджар, фінансавы аналітык, SEO-спецыяліст... Падлеткаў, быццам магніт, прыцягваюць назвы новых спецыяльнасцяў... Стаяць на хлебазаводзе ўсю змену каля гарачай печкі або пайсці кіроўцам у таксі Uber? Як мяркуеце, на якім варыянце спыніць свой выбар малады чалавек? Адказ відавочны. Цяжкія ўмовы працы мала каго прывабліваюць. Таму барацьба за свайго абітурыента паміж установамі адукацыі абвастраецца. Нават ВНУ даводзіцца прыкласці шмат намаганняў, каб запоўніць бюджэтныя месцы. Між іншым, патрэба ў прадстаўніках рабочых прафесій і спецыялістах сярэдняга звяна пастаянна нарастае. Таму пытанне прафарыентацыі выпускнікоў школ на рабочыя спецыяльнасці стаіць сёння надзвычай востра.


«Рэклама» ад равеснікаў

Як давесці старшакласнікам, што сучасны рабочы — гэта эрудзіраваны, высокакваліфікаваны спецыяліст, які, акрамя прафесійных ведаў, павінен валодаць спецыфічнымі навыкамі ў сумежных галінах, у тым ліку разбірацца ў інфармацыйных тэхналогіях, робататэхніцы і г. д.? Мяжа паміж рабочым і інжынерам усё больш размываецца. Сёння токар, які працуе на сучасным станку з лічбавым праграмным кіраваннем, у адной асобе і тэхнолаг, і наладчык, і аператар, што кантралюе прыладу. А мехатронік — спецыяліст-дыягностык, які можа вызначыць няспраўнасць механізма і правесці дробны рамонт: ён ведае і механіку, і пнеўматыку, і электроніку...

— Мы рыхтуем наладчыкаў станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем і тэхнікаў-мехатронікаў. Дык вось, заробак маладых людзей, якія навучаліся на гэтых спецыяльнасцях, даходзіць да 2,5-3 тысяч рублёў адразу пасля выпуску, — расказвае дырэктар філіяла «Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе» Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Арцём Рыбак. — Гэта высокааплатныя рабочыя прафесіі, якія прыцягваюць моладзь. Кожны год лічбы прыёму ў нас выконваюцца. Назіраецца даволі нядрэнны конкурс, ён складае ў сярэднім 1,5 чалавека на месца. Таксама мы бачым дынаміку росту сярэдняга прахаднога бала. Але за апошнія пяць гадоў мы змянілі метады і падыходы ў прафарыентацыйнай рабоце. Дні адкрытых дзвярэй і прафсуботы для абітурыентаў у нас па-ранейшаму засталіся, але цяпер прафесіі, якія яны атрымліваюць, і ўстанову адукацыі рэкламуюць самі навучэнцы. І робяць гэта на даступнай і зразумелай для моладзі мове. Таксама мы правялі фотаконкурс «У цябе ўсё атрымаецца»: нашы навучэнцы выставілі свае найлепшыя фотаработы з месцаў праходжання практыкі, з вучэбных майстэрань і суправадзілі іх QR-кодамі, якія накіроўваюць да апісання прафесіі.

Самым эфектыўным метадам прафарыентацыі кіраўнік каледжа лічыць узаемадзеянне з заказчыкамі кадраў: «У нашай навучальнай установе падчас мінулай прыём-
най кампаніі быў станоўчы прыклад. Адно з прадпрыемстваў Салігорска правяло актыўную прафарыентацыйную работу ў Мінскай вобласці, былі ахоплены ўсе ўстановы адукацыі Салігорскага раёна. Прадстаўнікі кампаніі знаёмілі выпускнікоў школ з працоўнымі месцамі, з патрэбай прадпрыемства ў тых ці іншых спецыялістах, а на дзень адкрытых дзвярэй запрасілі прадстаўнікоў з усіх устаноў адукацыі рэгіёна. Мы прааналізавалі вынікі гэтай прафарыентацыйнай дзейнасці — летась набралі 15 чалавек толькі з Салігорскага раёна, прычым чацвёра з іх былі мэтавікамі, гэта значыць, што прадпрыемства падало мэтавую заяўку на падрыхтоўку будучых работнікаў. Таму нам трэба ўзмацняць работу з заказчыкамі кадраў, мы павінны знаходзіць з імі сумесныя падыходы ў правядзенні прафарыентацыі, якая, хутчэй за ўсё, павінна быць накіравана на мэтавую падрыхтоўку. Хачу падкрэсліць, што патрэба ў прадстаўніках рабочых прафесій і спецыялістах сярэдняга звяна пастаянна расце».

Прыцягнуць і затрымаць

— У сучасных умовах праблема забеспячэння кадрамі прамысловых прадпрыемстваў становіцца пытаннем першачарговай важнасці, — падкрэслівае намеснік дырэктара па кадрах, бяспецы і рэжыму — начальнік дэпартамента кіравання персаналам ААТ «Мінскі аўтамабільны завод» Алег Собаль. — У бягучым годзе па стане на 1 верасня на МАЗ быў працаўладкаваны 551 малады спецыяліст, з іх 354 — на рабочыя прафесіі. Перад намі стаяць тры задачы: як прыцягнуць моладзь, як яе ўтрымаць і як замацаваць на рабочым месцы. Штогод на прадпрыемстве праходзяць практыку больш за тысячу навучэнцаў з 20 устаноў адукацыі. Практыка дазваляе навучэнскай моладзі вызначыцца з напрамкам, у якім можна далей развівацца найбольш эфектыўна, і скарачае час адаптацыі на рабочым месцы пасля заканчэння навучальнай установы. Для садзейнічання занятасці моладзі ў вольны ад вучобы час навучэнцы ўстаноў адукацыі маюць магчымасць працаўладкавацца на нашым прадпрыемстве: для іх устаноўлена сістэма аплаты па рабочых прафесіях за кожную адпрацаваную гадзіну. Гэта робіцца, каб прыцягнуць у прафесію маладых людзей. Усіх іншагародніх маладых спецыялістаў мы забяспечваем па-за чаргой жылымі памяшканнямі ў інтэрнаце. На працягу двух гадоў у нас прадугледжана паэтапнае павышэнне ўзроўню заработнай платы ў залежнасці ад стажу работы, аператыўнасці і якасці выканання службовых інструкцый. Таксама практыкуецца адначаснае ўзнагароджанне пры працягненні кантракту. Стымулюем тых работнікаў, якія пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі па размеркаванні застаюцца працаваць у нашым холдынгу.

— Для нас таксама вельмі востра стаіць пытанне з наяўнасцю прафесійных кампетэнтных кадраў, — падтрымлівае калегу намеснік генеральнага дырэктара па персанале і карпаратыўнай культуры ААТ «АМКАДОР» — кіруючая кампанія холдынга» Таццяна Федаровіч. — Каб закрыць нашы кадравыя праблемы, трэба выпускаць удвая больш спецыялістаў. Мы цудоўна разумеем, што прайграць у канкурэнтнай барацьбе за кадры іншым прадпрыемствам мы не можам. Таму ствараем максімальна камфортныя ўмовы на рабочым месцы, клапоцімся пра сацыяльна-бытавыя ўмовы. Запрашаем на экскурсію на прадпрыемства студэнтаў ВНУ, каб паказаць, у якіх умовах яны будуць працаваць, і зацікавіць размеркаваннем менавіта на нашы прадпрыемствы. У нас дзейнічаюць чатыры сумесныя з ВНУ кафедры. Акрамя таго, ёсць свой адукацыйны цэнтр, праз які ў гэтым годзе прайшлі ўжо 500 чалавек. Мы прымаем на навучанне маладых людзей, якія не маюць той прафесіі, што нам патрабуецца, але па сваіх асобасных якасцях нам падыходзяць. Навучаем іх і прысвойваем патрэбную кваліфікацыю. На 90 працэнтаў гэта паспяховы вопыт. Але мушу канстатаваць, што нашых намаганняў усё роўна недастаткова: культ рабочых прафесій павінен быць узмоцнены і з боку дзяржаўных органаў.

Магчымасці «ПрафіТэсту»

Падрыхтоўку рабочых кадраў забяспечваюць два ўзроўні адукацыі — прафесійна-тэхнічная і сярэдняя спецыяльная. Як правіла, пасля дзявятага класа можна атрымаць дзве, а то і тры прафесіі адначасова. Гэта садзейнічае канкурэнцыі і мабільнасці выпускнікоў на рынку працы. Да таго ж камбінаваныя спецыяльнасці карыстаюцца павышаным попытам. Ёсць такія цікавыя камбінацыі, напрыклад, як «Вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі» і «Аператар камп'ютарнай графікі», «Разьбяр па дрэве і бяросце» і «Ювелір», «Мастацка-афарміцельскія работы і дызайн інтэр'ераў» плюс «Фатаграфія».

Трэба мець на ўвазе, што ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі прапісаны адзіны тып установы адукацыі: вызначэнне «каледж» заменіць сабой і «прафесійны ліцэй», і «прафтэхкаледж», і «ССНУ». Прыёмная кампанія 2023 года пройдзе ўжо з улікам гэтага новаўвядзення. Кадры па-ранейшаму будуць рыхтавацца на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — зменіцца толькі назва ўстановы.

Дарэчы, у маі 2023 года ў Беларусі пройдзе V Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства, дзе навучэнцы ўстаноў прафесійнай адукацыі, у тым ліку і вышэйшай, прадэманструюць сваё майстэрства па розных кампетэнцыях. Актыўнымі гледачамі спаборніцтваў і іншых конкурсных мерапрыемстваў стануць школьнікі — будучыя абітурыенты. Як расказала начальнік цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Святлана Бутрым, конкурсы прафесійнага майстэрства — вельмі магутны інструмент у прафарыентацыйнай рабоце.

Таксама яна паведаміла пра анлайн-платформу «ПрафіТэст», распрацаваную Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі. Яе мэта — дапамагчы навучэнцам у выбары прафесіі на аснове вывучэння іх індывідуальных здольнасцяў, схільнасцяў і інтарэсаў. Напрыклад, камусьці больш падыходзіць работа з людзьмі і зусім не падыходзіць планава-эканамічная дзейнасць. Ведаючы свой тып мыслення, можна спрагназаваць паспяховасць у пэўных відах дзейнасці. Магчымасці «ПрафіТэсту» дапамагаюць правесці комплексную дыягностыку прафесійнай накіраванасці і выбраць не толькі прафесію, але і канкрэтную ўстанову адукацыі, дзе абітурыент можа яе атрымаць. Тэсты арыентаваны на старшакласнікаў і маладых людзей, якія стаяць перад выбарам будучай прафесіі. Але імі могуць скарыстацца і дарослыя, якія задумваюцца аб змене прафесіі і роду дзейнасці.

Амаль за год дзейнасці платформы тэсціраванне прайшлі больш як 3,5 тысячы навучэнцаў. У абітурыентаў 2023 года яшчэ ёсць час, каб вызначыцца са сваёй далейшай адукацыйнай траекторыяй. З упэўненасцю можна сказаць адно: сёння ў сістэме адукацыі няма тупіковых траекторый для моладзі. Выпускнікі адзінаццатых класаў усяго пасля аднаго года навучання на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі могуць прэтэндаваць на скарочанае навучанне на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. А далей для іх адкрыты шырокі спектр адпаведных спецыяльнасцяў у ВНУ, дзе можна навучацца ў вочнай і завочнай форме.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».