Вы тут

Які ён, вясковы клуб будучыні? Думкі маладога спецыяліста


Ні для кога не сакрэт, што будучыня краіны, яе спадчына і культура знаходзяцца ў руках моладзі. Менавіта таму мы вырашылі пагаварыць з дваццацідвухгадовай загадчыцай філіяла Алесінскі сельскі клуб Смалявіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алінай Ракавец, якая прыйшла туды па мэтавым накіраванні пасля заканчэння ўніверсітэта і «ажывіла» яго.


— Раскажы, як і калі ты вырашыла ўзяць мэтавае накіраванне і чаму менавіта па абранай спецыяльнасці?

— Недзе ў сярэдзіне адзінаццатага класа пачала разглядаць магчымыя варыянты ўніверсітэтаў і спецыяльнасцяў. Адразу разумела, што шанцы здаць на ЦТ гуманітарныя прадметы ў мяне вышэйшыя — так звузіла кола пошуку. Ну а канчаткова выбраць спецыяльнасць дапамагла старэйшая сястра, у якой многія знаёмыя скончылі ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Спецыяльнасць у ВНУ выбрала вельмі проста, зыходзячы з таго, што патрэбна было для паступлення і што мог прапанаваць універсітэт, — «Спецыяліст па сацыяльна-культурнай дзейнасці. Выкладчык». Я была ўпэўненая ў сваіх сілах на ЦТ, бал атэстата — 9,6, а вось творчыя іспыты палохалі, не магла дазволіць сабе праваліцца на іх і не паступіць на бюджэт. Тады і падумала аб мэтавым накіраванні: для мэтавікоў быў асобны конкурс, і як мне здавалася, больш шанцаў паступіць. Я памылілася. Насамрэч на адно месца там прэтэндавала сем чалавек. У гэтай «бітве» я выйграла. Між іншым, набраных балаў было дастаткова для навучання на бюджэце і без мэтавага накіравання.

— У выніку ты стала загадчыцай філіяла Алесінскі сельскі клуб...

— Так, многія да гэтага часу называюць мяне дырэктарам, прыемна! Сельскі клуб — гэта адна вялікая зала, кабінет загадчыцы, памяшканне для захоўвання ўсяго, што можа спатрэбіцца ў рабоце. Не магу сказаць, што работа ў сельскім клубе вельмі адрозніваецца ад аналагічнай у гарадскім Доме культуры. Толькі што тут я адна на некалькі найбліжэйшых вёсак, якія ўваходзяць у зону абслугоўвання: Алесіна, Студзёнка, Шыпяны, Верхмень, Дуброва. Але ходзяць у клуб людзі толькі з Алесіна (сам клуб тут знаходзіцца) і Верхмяня (гэта найбліжэйшая вёска).

— Што ўваходзіць у твае абавязкі?

— Арганізацыя бягучых культурна-забаўляльных праграм, правядзенне канцэртаў, свят, дыскатэк і кінавечароў, адкрыццё і вядзенне гурткоў, аматарскіх аб'яднанняў, работа з насельніцтвам, справаздачы, планы і ўся дакументацыя. Усё, што прыходзіць у галаву, кажучы пра вольны час ва ўстановах культуры, ёсць у нас, і гэтым займаюся я.

— З якімі цяжкасцямі сутыкнулася ў пачатку адпрацоўкі?

— Першы год быў вельмі складаны, але ўсё паступова змянялася да лепшага. З аднаго боку, мне падавалася, я ведаю, куды іду працаваць і што мяне чакае: ведала свае абавязкі, дзе знаходзіцца клуб, ведала, што ён даўно не працаваў. Апошняе і стала адной з самых вялікіх праблем. Клуб да майго прыходу быў зачынены каля сямі гадоў, адпаведна, і матэрыяльнатэхнічнай базы, можна сказаць, не было, будынак здаваўся пустым і халодным, людзі наўкола адвыклі ад магчымасці правесці вольны час ва ўстанове культуры, тут нават не было вады. Памятаю, як зараз: жнівень, я з «чырвоным» дыпломам і з палаючымі вачыма прыходжу ў клуб кожны дзень і не ведаю, за што ўзяцца спачатку. А як жа было складана прывыкнуць да графіка! Для мяне, як для чалавека, які максімальна любіць бавіць час з сям'ёй, выхадныя ў панядзелак і аўторак былі сапраўдным пеклам, а работа ў суботу да паўночы ніяк не ўкладвалася ў галаве. Але з часам прывыкаеш, нешта мяняецца.

— Як адрэагавалі людзі на адкрыццё клуба праз столькі гадоў?

— Пакуль вучылася ва ўніверсітэце, да мяне даходзілі чуткі, што мясцовыя жыхары вельмі чакаюць маладога спецыяліста, таму свой прыезд бачыла крыху інакш. Шчыра кажучы, чакала большага водгуку ад людзей, мне падавалася,жыхары вёскі павінны быць зацікаўлены ў рабоце клуба. Але за апошнія гады насельніцтва адвыкла бавіць вольны час у ім. Ва ўсіх сёння ёсць смартфон з інтэрнэтам і свабодным доступам да інфармацыі, дзеці глядзяць папулярных блогераў, іх складана здзівіць. А яшчэ, мне здаецца, трэба ўлічваць, што ў вяскоўцаў заўжды хатніх клопатаў больш, а часу на адпачынак — менш. Таму я актыўна прасоўваю наш клуб праз сацыяльныя сеткі. Паведамляю пра ўсе мерапрыемствы праз чат аграгарадка ў вайберы, зрабіла акаўнт клуба ў «Інстаграме». Калі плануецца канцэрт, дзень адкрытых дзвярэй, нешта буйнейшае за штодзённыя праграмы, друкую афішы і расклейваю іх на прыпынках, у крамах і школе.

— Якія плюсы і мінусы бачыш у рабоце ў аграгарадку?

— Я люблю наш раён і аграгарадок. Гэта добры досвед — папрацаваць самастойна. Мінусы знайсці заўсёды прасцей, чым плюсы. Безумоўна, на сёння клубу яшчэ патрэбна напаўненне тэхнічнай базы. Да нядаўняга часу працавала абсалютна адна ў клубе. Я малады спецыяліст і мне вельмі хочацца накідваць ідэі для мерапрыемстваў у коле аднадумцаў, хочацца пераймаць досвед у кагосьці, вучыцца нечаму новаму. На шчасце, жнівень — час прыходу маладых спецыялістаў. Прыйшла маладая дзяўчына на пасаду акампаніятара на адпрацоўку пасля ўніверсітэта. І хоць яна ўладкавалася на палову стаўкі, ужо весялей.

— Якая ўзроставая аўдыторыя ў асноўным наведвае клуб?

— Дзеці васьмі-дванаццаці гадоў, ужо сфарміраваўся касцяк, які прыходзіць амаль на любую праграму. Я вельмі хацела б пачаць працаваць з падлеткамі. Планавала правесці конкурс «Міс Вясна — 2022» для дзяўчынак-падлеткаў, распісала план, паглядзела, што трэба купіць і дзе, усё было гатова, аб'явіла набор удзельніц, і... пагадзіліся толькі тры дзяўчынкі. Падлеткі ж увогуле прыходзяць у клуб толькі на дыскатэкі. З людзьмі старэйшага ўзросту ў мяне, на жаль, работа пакуль не вельмі складваецца. Прычын у гэтым шмат, не здымаю з сябе адказнасці.

— Як думаеш: што трэба зрабіць, каб захапіць увагу людзей?

— Вельмі простае пытанне ў тэорыі і найскладанейшае на практыцы. Каб механізм зарабіў, трэба, каб два бакі былі зацікаўлены! Людзі павінны прыходзіць у клуб, выказваць свае пажаданні, чаго ім не хапае, а работнікі ўстановы культуры — умець уважліва слухаць і чуць, а яшчэ вельмі любіць сваю працу і людзей. Са сваіх назіранняў магу зрабіць выснову, што многія ставяцца да культуры выключна як да забаўкі. Раней, калі я была яшчэ маленькая, у вёсцы было заведзена, што самае класнае мерапрыемства — дыскатэка. Але наша культура змяняецца, як і формы, сродкі, каналы ўздзеяння.

— Раскажы, якой ты бачыш ідэальную будучыню клуба...

— Па-першае, спадзяюся, ідэальная будучыня клуба надыдзе, калі я яшчэ буду тут працаваць. Апа-другое — яго больш не дагоніць «заняпад». Самае галоўнае — каб яго дзейнасць не спынялася, і няхай маленькімі крокамі, але ён развіваўся і прыцягваў людзей, а працаваць у ім было камфортна, цікава і азартна. Шчыра веру, што Алесінскі сельскі клуб будзе расці, і на гэта ў яго ёсць права! Ён павінен быць светлым і шумным, у яго павінна быць асаблівая атмасфера і смак. Адносна нядаўна зразумела, што вельмі хачу сабраць музычны калектыў пенсіянераў! Яны ж старажылы! Ды хто на вёсцы яшчэ можа так «запаліць» усіх, як не яны?! Цяпер мы на этапе, калі больш-менш наладжана работа і бачацца новыя перспектывы. З навучальнага года адкрыты тэатральны і вакальны гурток, у клубе пачаў працаваць акампаніятар, праходзяць кінавечары, дзякуючы праектару, які падарыў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Смалявіцкага райвыканкама. Яшчэ абяцаюць набыць мультыборт, тады ўзровень усіх праграм будзе на парадак вышэйшы і магчымасцяў будзе больш, разглядаецца пытанне аб змяненні рабочага графіку на карысць работнікаў клуба. Сказана гучна, але сельскі клуб павінен быць другім храмам, змацоўваючы саюзы, пашыраючы сувязі і робячы ўсё і ўсіх толькі лепшымі.

Ангеліна НОВІКАВА

Фота дадзены гераіняй

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.