Вы тут

Глеб Отчык: «Мы можам прапанаваць сучасны погляд на жыццё»


На чарговым з'ездзе Беларускага саюза мастакоў яго старшынёй быў пераабраны Глеб Отчык. Што дзіўна для мастацкай супольнасці, якая звычайна прынцыповая і схільная да дыскусій у такіх пытаннях, гэтым разам альтэрнатывы падчас выбараў кіраўніка творчай арганізацыі наогул не было. З Глебам Отчыкам — наша размова пра беларускае выяўленчае мастацтва і прафесійныя клопаты творцаў.


— Наколькі складана ўсіх ахапіць увагай у такой немаленькай арганізацыі, дзе кожны сябар — творчая асоба са сваімі прынцыпамі?

— Сапраўды, Беларускі саюз мастакоў — унікальная арганізацыя. Чым больш паглыбляешся ў работу, тым больш разумееш, што гэта цяжкая ноша, але тым большая і радасць, калі атрымліваецца нешта зрабіць для людзей. Ёсць і жаданне, і магчымасці для гэтага — у саюза мастакоў шмат маёмасці. І людзі ўнікальныя і таленавітыя — ёсць асобы з тонкай душой, а ёсць і вельмі валявыя. У іх могуць быць розныя погляды і густы, але ўсе яны складаюць творчы патэнцыял краіны. Таму важна знайсці баланс, каб кожны адчуваў зацікаўленасць быць у нашай арганізацыі. Мы нікому не адмаўляем ні ў матэрыяльнай дапамозе, ні ў транспарце пры неабходнасці, ні ў выставе, імкнёмся максімальна падтрымаць.

Ладзім за год каля 500 мерапрыемстваў: ад персанальных выстаў да міжнародных. На ўсіх узроўнях кантактуем з прадстаўнікамі дзяржструктур — з Міністэрствам культуры, з МЗС, з мясцовымі органамі ўлады. Інтэнсіўнасць выставачнай дзейнасці павялічылася ў тры разы ў параўнанні нават з мінулым годам, нягледзячы на тое што ёсць пэўныя эканамічныя абставіны. Як ні дзіўна, але закрыццё межаў з-за пандэміі паспрыяла таму, што творчая энергія больш акумулюецца ўнутры краіны.

— Ці ёсць праблемы, якія патрабуюць рашэння ўнутры саюза?

— Мы аналізуем стан спраў, таму што прафесійны саюз у першую чаргу патрэбны самім мастакам. Паглядзелі, у якім стане нашы сховішчы, падмуркі і дахі памяшканняў — нашу гаспадарку трэба прывесці ў парадак.

Напрыклад, што важна для скульптараў — участак кропкавага ліцця, якога не было. Праца ажыццяўлялася на глебе каворкінгу, і нашы майстры (а гэта ў саюзе немаленькая секцыя — чалавек 100) плацілі грошы за карыстанне. А чаму мы не можам акумуляваць гэтыя сродкі ўнутры сваёй арганізацыі? Або апрацоўка каменю — у свой час гэты ўчастак мы страцілі. А цяпер аднавілі, таму што людзі маюць у гэтым патрэбу. Ужо працуюць свае керамічная і графічная майстэрні, ткацкі цэх. Нават у няпросты час спрабуем нарошчваць патэнцыял. Сёння наш скульптурны камбінат загружаны працай, мы некалькі гадоў выйграём тэндары на расійскім рынку, бо ажыццяўляем цалкам увесь цыкл: ад лепкі да ліцця і ўстаноўкі скульптуры.

Імкнёмся, каб як мага больш мастакоў мелі магчымасць рэалізаваць сябе. Калі паглядзець такія аб'екты, як Гродзенскі замак, то там працуе 20 манументалістаў. Рабілі калекцыю — дык было задзейнічана 20 чалавек толькі жывапісцаў. Музей «Хатынь» прыцягнуў каля 30 чалавек з розных секцый: тэкстылю, керамікі, манументалістыкі, скульптараў. Спрабуем паступаць максімальна дэмакратычна ў адносінах да майстроў. Ёсць важны момант, што людзі яшчэ маюць патрэбу ў зносінах унутры сваёй супольнасці. На конкурсы, якія мы ладзім, запрашаем удзельнікаў розных секцый, ідзе дыялог. Камунікуем з абласцямі: мы заўважылі, якія там ёсць прабелы, і паволі запаўняем. У рэгіёнах культурнае жыццё не такое актыўнае, як у Мінску, таму мы зараз імкнёмся запаўняць і гэтую прастору. У рэгіёнах публіка, мусіць, у большай ступені мае патрэбу ў адукацыйных праектах. І ў нас ужо распрацаваны адукацыйныя праекты, таму што сёння гэтага не хапае нашаму грамадству, на жаль, у большасці яно існуе адасоблена ад мастацтва.

— Не сакрэт, што ў Беларусі даволі кансерватыўная публіка. А я як маладым, якія больш схільныя да эксперыментаў, упісацца ў гэтую рэчаіснасць?

— Ёсць практыка шведскіх, фінскіх калег: там, нават калі ты проста ствараеш, цябе дзяржава падтрымлівае фінансава, — каб толькі чалавек не кідаў творчасць. У нашай краіне іншая сітуацыя. Таму што і малады, і вядомы аўтары самі купляюць матэрыялы, фарбы — мастацтва — дарагі занятак незалежна ад таго, ці скульптура гэта, ці жывапіс, ці графіка. Мастак плаціць арэнду за сваё працоўнае месца — майстэрню. Добра, што ў нас ёсць паніжаны каэфіцыент, што ратуе мастакоў. Аўтар сам выстаўляецца, вязе работу на выставу, афармляе яе, сам друкуе рэкламу і г. д. Гэта чалавек, які чатыры гады адвучыўся ў мастацкім вучылішчы, потым шэсць гадоў — у Акадэміі мастацтваў. А каб прынялі ў саюз, патрэбны ўдзел у 10 рэспубліканскіх выставах — пяць, дзесяць, пятнаццаць гадоў чалавек ідзе па гэтым шляху. У выніку, дасягаючы пенсіённага ўзросту, ён аказваецца сацыяльна неабаронены, таму што творчы стаж не прыраўноўваецца да працоўнага. Гэта той момант, які патрабуе ўдасканалення, і мы над гэтым працуем.

Сёння мы робім значныя крокі насустрач моладзі. Я выкладаю ў Акадэміі мастацтваў і адчуваю цікавасць да праектаў Беларускага саюза мастакоў з боку моладзі. Раней студэнты думалі, што саюз мастакоў — месца, дзе раздаюць майстэрні. А сёння яны разумеюць, што гэта вялікая стартавая пляцоўка (у нас шэраг адмысловых праектаў для моладзі). Апошнія тры гады ў саюзе мастакоў адбываўся адток: мы страцілі 80 чалавек. А цяпер, нягледзячы на тое што сыходзяць з жыцця нашы сябры старэйшага пакалення, усё адно назіраецца станоўчая дынаміка за кошт прытоку ў арганізацыю моладзі.

— Чаго, на ваш погляд, не хапае нашай творчай эліце, каб больш адчуваць запатрабаванасць сваёй працы?

— У год мы праводзім 12 мерапрыемстваў толькі з фондаў калекцыі саюза мастакоў. Год гістарычнай памяці завяршаем выставай з нашых фондаў — гэта фантастычныя работы, якія былі закуплены ў нашых аўтараў. Але раней у Міністэрства культуры былі дакладныя задачы ў дачыненні да мастакоў: з імі заключаліся дагаворы, паўставалі вялізныя палотны. Мастак мог пісаць такую работу год, а потым дзяржава яе купляла. Гэтыя палотны адлюстроўвалі пэўны гістарычны перыяд. Мастака, які быў задзейнічаны, падтрымлівалі матэрыяльна. Цяпер не хапае такога заказу ад дзяржавы, таму што мастаку трэба плаціць за майстэрню, ён круціцца сам, а часта гэта ідзе не на карысць мастацтву, таму што хто плаціць, той і замаўляе музыку. Некаторыя ідуць выкладаць, а ёсць тыя, хто сапраўды шукае творчы стыль і шлях. Ім у першую чаргу патрэбна падтрымка дзяржавы, як гэта было закладзена ў той жа савецкай сістэме, з сацыяльным заказам. Каб мастакі маглі элементарна зарабіць на матэрыялы, на фарбы, на аплату сваёй майстэрні. Сёння на выставах вельмі мала грандыёзных палотнаў — іх пісаць дорага. Нашых сяброў не так шмат у краіне — крыху больш за 1000 чалавек. Клапоцімся пра тое, каб стварыць механізм, пры якім член саюза мастакоў быў бы больш карысны і, адпаведна, больш абаронены дзяржавай.

І яшчэ. Мы вельмі шмат апошнія два гады гаворым пра патрыятычнае выхаванне. Яно можа адбывацца літаральна вакол нас. У той жа савецкі час нават прыпынкі афармляліся патрыятычнай тэматыкай, рабіліся пано, рэльефы, плакаты. Пэўная частка будынкаў выдзялялася пад культурнае афармленне, і тая прастора напаўнялася патрэбнымі работамі. Гэта пра тое, што нават не трэба шукаць і прыдумляць заказы, а дастаткова ствараць візуальны рад у новых будынках, дзе гэта магчыма. Гэта можа быць нейкі працэнт у рамках будоўляў — невялікія грошы, але праз 20 гадоў яны дадуць надзвычайны эфект. Калі чалавек глядзіць кожны дзень на пано ў выглядзе карты Беларусі ў другім пад'ездзе свайго дома ці на пано з нашымі гістарычнымі асобамі ў трэцім, то ў яго падсвядомасці будзе замацоўвацца вобраз краіны, у якой ён жыве.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.