Вы тут

Водар жанчыны — яе візітная картка. Як правільна выбраць духі?


Водар жанчыны — яе нябачная візітная картка. Як жа выбраць «свае» духі? Паліцы магазінаў зіхацяць сотнямі флаконаў, у гэтым багацці так лёгка разгубіцца. Расказваем, як правільна выбраць духмянасць, якая надасць непаўторнасць вашаму вобразу.


Фота: pixabay.com

Характар

Парфума не павінна супярэчыць вашаму іміджу. Падумайце, ці будзе вам камфортна «насіць» экзатычны водар, які б’е па нюху, калі вы не любіце прыцягваць да сябе ўвагу? Ледзь улоўны пах, наадварот, можа не спадабацца ўпэўненай у сабе пані, якая прывыкла да захопленых поглядаў.

Лад жыцця

Калі вы працаголік і офіс — дом ваш, наўрад ці варта эпаціраваць калег у працоўны час яркімі мускуснымі водарамі. Лепш абраць спакойную не надакучлівую парфуму — цытрусавы, лёгкі кветкавы пах.

Занадта салодкія, амбравыя, усходнія, цяжкія і рэзкія насычаныя водары добра падыходзяць для вечарынак. Калі любіце спорт, вандроўкі і наогул вы мабільны і актыўны чалавек, можаце спыніцца на водарах з веціверу, свежых драўняных і бадзёрых цытрусавых пахах.

Спецыялісты раяць мець некалькі духоў — для розных выпадкаў жыцця.

Узрост

Прынята лічыць, што зусім юным дзяўчатам падыходзяць кветкавыя, ягадныя, карамельныя кампазіцыі. Жанчыны ва ўзросце ад дваццаці да трыццаці гадоў звычайна выбіраюць насычаныя кветкавыя букеты, пахі марской свежасці і шыпру. У трыццаць пяць плюс даме падыходзіць вытанчаная класіка: мускус, багатыя кветкавыя, усходнія, шыправыя, фужэрныя водары.

Сезон года

Спецыялісты раяць драўняныя, фужэрныя, шыправыя пахі — для зімы і позняй восені, а лёгкія кветкавыя, цытрусавыя, ягадныя і фруктовыя — для вясны і лета.

Залатое правіла № 1: купляючы духі, давярайце толькі сваім адчуванням. Не спадзявайцеся на меркаванне сябровак і знаёмых. Гэта якраз той выпадак, калі ідэальны для іншага чалавека пах, нават модны і разрэкламаваны, можа не падысці менавіта вам, бо на розных людзях духі «гучаць» па-рознаму. Тып скуры, колер валасоў, біяхімічны статус арганізма — усё гэта ўплывае на тое, як «счытваецца» водар.

Калі лепш выбіраць водар?

У першай палове дня, «на свежую галаву». З раніцы вашы рэцэптары нюху не паспелі яшчэ сустрэцца з дзясяткамі чужых агрэсіўных водараў і гатовыя да ўспрымання новых уражанняў. Не карыстайцеся духамі перад тым, як адпраўляецеся ў парфумерную краму.

Як правільна выбіраць?

Старайцеся не перабраць з колькасцю водараў, якія тэстуеце за адзін раз. Тры-чатыры — на першы раз дастаткова. Інакш пахі змяшаюцца, а вы перастанеце востра адчуваць іх адрозненні.

Каб выпрабаваць пах, нанясіце крыху духоў на папяровую палоску. Затым на запясце, там водар яшчэ больш раскрыецца. Пачакайце хвілін дваццаць, бо найважнейшыя ноты духоў выяўляюцца ў апошнюю чаргу. Калі не ўпэўненыя ў выбары, вазьміце з сабой тэставую палоску і панюхайце яе праз некаторы час.

Не знайшлі сярод апрабаваных некалькіх пахаў той самы? Завітайце ў магазін яшчэ раз ці пагуляйце паўгадзіны на вуліцы, а затым вярніцеся.

Купляем духі

І вось ваш выбар зроблены. Уважліва вывучыце інфармацыю на ўпакоўцы. Там павінна быць указана краіна, фірма-вытворца, склад, утрыманне спірту і эфірных алеяў. У духах канцэнтрацыя араматычных рэчываў будзе максімальнай, у парфумаванай вадзе меншай. Ад гэтага будзе залежаць час дзеяння паху.

Праверце, каб верхняя цэлафанавая ўпакоўка была не пашкоджана і шчыльна прылягала да ніжняй кардоннай. Калі цэлафан пакамечаны або надарваны, а затым прыклеены назад, не купляйце такі тавар.

Залатое правіла № 2: купляйце парфумерыю толькі ў буйных крамах ці спецыялізаваных гандлёвых кропках. Пры набыцці з рук вялікая рызыка займець падробку.

Як наносіць духі?

  • Наносьце водар толькі на чыстую скуру.
  • Не наносьце яго на адзенне, толькі на цела.
  • Найлепшыя месцы на целе для нанясення водару — запясце, шыя, згіб локця, валасы.

Аліна ТОМІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?