Вы тут

Партрэты рэчаў як люстэрка эпохі


Выстава налічвае каля 60 работ. У асноўным гэта карціны тых аўтараў, якія прымалі актыўны ўдзел у фарміраванні гарадской арт-прасторы, у прыватнасці, гарадской выставачнай залы. За гэты час тут адбылося некалькі сотняў цікавых і ўнікальных выстаў беларускіх і замежных аўтараў. 


Як паведаміла загадчыца Гродзенскай выставачнай залы Дар’я Казлоўская, прадстаўлена больш за 60 работ. Экспанаты — з фондаў гісторыка-археалагічнага музея і прыватных калекцый. Некаторыя работы прыносілі самі мастакі. Карціны ахопліваюць перыяд з 1960-х гадоў да сучаснасці. Тэма нацюрморта выбрана невыпадкова. Менавіта гэты жанр здольны па-мастацку адлюстраваць кожную эпоху і вызначыць яе характэрныя рысы. 

Па словах старшыні Гродзенскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў Уладзіміра Качана, кожны час мае свае прадметы, сваю так званую натуру. З’яўляюцца новыя канцэпцыі. 

— Сама па сабе тэма не вельмі распаўсюджаная ў выяўленчым мастацтве, але, як правіла, свет прадметаў прысутнічае на многіх палотнах як дадатковы фактар, які дапамагае раскрыць тэму, — лічыць мастак. 

Вядома, сучасны нацюрморт мае іншыя рысы, чым, напрыклад, карціны часоў Рэнесанса. У той час нацюрморты пісаліся на заказ. Значнае месца займала тэма палявання, багатых інтэр’ераў і прадметаў раскошы. Таму і з’яўляліся палотны з цэлымі сталамі дзічыны, дарагімі гадзіннікамі і посудам. Зараз такой тэмы няма, кажа мастак, таму змяніўся і падыход да нацюрмортаў. У іх адлюстроўваюцца больш звыклыя прадметы, тыя, што атачаюць кожнага з нас. Ёсць мастакі, якія спецыялізуюцца на нацюрмортах. А вось выбар тэмы залежыць ад густу і магчымасцяў самога аўтара. 

Уладзімір Качан — аматар партрэтнага жанру, але часам звяртаецца і да нацюрморта. На выставе, дарэчы, прадстаўлена некалькі яго твораў. А вядомы ён у горадзе як стваральнік  галерэі партрэтаў усіх гродзенскіх губернатараў, каралеўскіх і вяльможных асобаў, якія кіравалі ці валодалі гэтымі землямі. Партрэты можна ўбачыць у муніцыпальных будынках горада. 

Мастацтвазнаўца Марыя Загідуліна звярнула ўвагу на творчасць жывапісца Уладзіміра Мурахвера, чые работы адрозніваюцца ад звыклага ўяўлення аб нацюрморце. На адной з карцін палову палатна займае аўтапартрэт мастака ў незвычайным выглядзе. Як растлумачыла мастацтвазнаўца, гэта так званы партрэт у інтэр’еры. Яго цёмны фон нагадвае манеру галандскіх жывапісцаў. Некаторыя палотны звязаны з дзейнасцю студыі керамікі, дзе мастак займаўся з дзецьмі. Уладзімір Мурахвер доўгі час працаваў галоўным мастаком на шклозаводзе «Нёман», атрымаў нямала высокіх узнагарод як майстар па шклу. Аказалася, што ён валодае яшчэ і талентам жывапісца. На выставе прадстаўлена некалькі нацюрмортаў мастака.

Экспазіцыя арганізавана так, што тут прысутнічае не толькі «мёртвая натура» ці «ціхае жыцце», як называюць нацюрморт, але ёсць і іншыя жанры. 

— Мы бачым карціну з адкрытым акном, якое раскрываецца ў прастору, а за ім — пейзаж. Жанры змешваюцца і атрымліваецца вялікае сюжэтнае палатно. Вельмі цікавыя работы Аляксандра Ларыёнава — тонкія, элегантныя фларыстычныя матывы. Нямала работ супрацоўнікоў кафедры выяўленчага мастацтва Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы — былых і сённяшніх. Гэта Аляксей Багустаў, Антон Ляшчынскі, Аляксандр Дулуб, Наталля Бенздюх — у іх класічныя нацюрморты. Вельмі многа прадстаўлена кветак, якія сімвалізуюць радасць жыцця, росквіт прыроды, — аналізуе тэматыку карцін мастацтвазнаўца. 

Якія планы ў выставачнай залы на будучы год? Загадчыца Дар’я Казлоўская расказала, што разлічваюць зацікавіць гродзенцаў і гасцей горада новымі праектамі. Напрыклад, сёлета многім запомніўся праект, звязаны з татуіроўкай. У наступным годзе плануюць зноў прадставіць нешта незвычайнае. Таксама пройдуць персанальныя выставы вядомых гродзенскіх мастакоў.

Дарэчы, упершыню ў выставачнай зале запрацавала так званая зона наведвальнікаў, дзе кожны мог намаляваць і пакінуць свае малюнкі. Такі інтэрактыў меў даволі добры попыт. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.