Вы тут

Людзі, жыццё, прыгажосць. Выстаўка «Структура майстэрства» працуе ў Мінску


Выстаўка жывапісу, графікі і скульптуры «Структура майстэрства» працуе ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Галоўная экспазіцыя з шэрагу прымеркаваных да 75-годдзя Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава праектаў знаёміць з работамі педагогаў адной з вядучых устаноў мастацкай адукацыі. Убачыць творы самых розных мастакоў можна да 18 снежня.


Эцюд Леаніда Дубара (год стварэння не вядомы).

З каштоўных крупінак

Галоўная задача выставак, прымеркаваных да тых ці іншых значных падзей і, безумоўна, скіраваных да самаўхвалення, — паказаць разнастайнасць. Непадобнасць творчых метадаў мастакоў-педагогаў розных пакаленняў, эксперыменты ў розных жанрах, асаблівыя стасункі з формай і зместам здольны чарговы раз прарэкламаваць каледж і тых, хто аддаваў і аддае яму шмат сіл і энергіі. Аднак немагчыма — выстаўка «Структура майстэрства» гэта цалкам пацвярджае — аб’яднаць такіх розных творцаў у адну суполку, прыпісаць іх імёны да пэўнай кагорты, стварыць з іх работ цэльную экспазіцыю. «Структура майстэрства» ўяўляе сабой спалучэнне адметнага з адметным, непаўторнага з непаўторным, неразгаданага з неразгаданым.

І, здаецца, ніхто не канфліктуе адзін з адным, хоць ніхто і не дапаўняе адзін аднаго. Яшчэ адна задача падобнай выстаўкі — паказаць, што ёсць структура майстэрства. Як падкрэсліваюць самі арганізатары, гэта каштоўныя крупінкі дзесяцігоддзямі назапашаных ведаў, уменняў і навыкаў, якія перадаюцца ад педагога да вучня, а ад вучня, які стаў майстрам, — прадстаўнікам наступнага пакалення.

Мікалай Залозны «Лета ў Круглым», 1980 г.

— Я вельмі рада, што на выстаўцы прысутнічаюць творы з калекцыі Беларускага саюза мастакоў, — адзначыла падчас адкрыцця экспазіцыі першы намеснік старшыні БСМ Наталля Шаранговіч. — Гэтая калекцыя збіралася на працягу амаль 50 гадоў, і, натуральна, купляліся найлепшыя работы. Наяўнасць твораў выкладчыкаў «Глебаўкі» і ў нас, і ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея, і ў сховішчах многіх іншых скарбніц гаворыць пра тое, што традыцыі гэтай навучальнай установы надзвычайныя. На працягу года каледж расказваў пра сябе па-рознаму: паказалі ўсіх — ад сёлетніх выпускнікоў да знакавых фігур педагогікі. Гэта дало магчымасць зразумець, што ўсе пакаленні мастакоў цікавыя па-свойму, бо кожнае гаворыць пра себе рознай мовай. Для мяне самае галоўнае, што кожная генерацыя творцаў-настаўнікаў разважае пра самае важнае: людзей, жыццё, прыгажосць.

Педагогі старой школы

Большая частка выстаўкі ў галерэі Міхаіла Савіцкага прысвечана прадстаўнікам мінулых пакаленняў, сярод якіх — Акім Шаўчэнка, Пётр Крохалеў, Натан Воранаў, Мікалай Залозны, Хаім Ліўшыц, Віталь Цвірка, Іван Ахрэмчык, Альгерд Малішэўскі, Святлана Каткова. Многія з гэтых і іншых знакамітых аўтараў застаюцца на слыху і не абдзелены ўвагай. Аднак ёсць і тыя, чыя спадчына згадваецца ўсё радзей і радзей. Гэта найперш Леанід Дубар, жывапісец і графік. Вучань Віталя Цвіркі, ён шмат у чым падобны да яго: таксама любіў пейзажы, поўныя святла і паветра, аддаваў перавагу мяккім тонам, схіляўся да ўмерана насычаных колераў. Галоўнае адрозненне паміж творчасцю аўтараў — маштабы. Калі Віталь Канстанцінавіч працаваў з буйнымі фарматамі, любіў паказаць прыроду шырока, з размахам, то Леанід Дубар быў больш стрыманы, імкнуўся да камернасці. На выстаўцы «Структура майстэрства» прадстаўлена даволі шмат яго работ: «Нарачанскія рыбакі» (1950-я), «Катэры» (1960-я), «На прычале» (1960-я), «Будуюць дом» (1960-я), «У гарах» (1972)… У кожным — увага не толькі да чалавека і яго ўнутранага стану, але і да любой праявы жыцця прыроды.

Святлана Каткова «У святочны дзень», 1985 г.

Большасць твораў гэтага перыяду вылучаюцца складанай шматколернай гамай. Гэта і «Да вясны» (1977) Барыса Аракчэева, і «Макі» (1966) Пятра Крохалева, і «Вечар» (1982) Васіля Васільева, і «У выхадны дзень» (1968) Акіма Шаўчэнкі… Яшчэ адзін яркі класічны прыклад цікавага спалучэння колераў — «Лета ў Круглым» (1980) Мікалая Залознага. Пейзаж з паслухмянымі дрэвамі, цёмна-сінім небам, аблокі якога нагадваюць луску нейкай рыбіны, з суцішаным возерам, з па-восеньску цёмным узгоркам, з разгалінаванай сцяжынай, якая кудысьці вядзе адзінокую гераіню, сюжэтна нагадвае карціну «На ўскрайку хваёвага лесу» (1882) Івана Шышкіна. Аднак менавіта пералічаныя асаблівасці, а таксама шматлікія дэталі — агароджа, постаць дзяўчыны, напрамак яе руху, інтэнсіўнасць сонечнага водбліску — скіроўваюць да зусім іншых матываў. Больш асабістага, меней абагульненага. 

Традыцыйныя пейзажы, партрэты, сюжэтныя кампазіцыі, якія расказваюць пра жыццё савецкага чалавека, — асноўныя кірункі творчасці мастакоў «Глебаўкі» сярэдзіны і другой паловы XX стагоддзя. Тыя творы перадавалі спакой і асалоду жыцця без вайны, якая пакінула моцны адбітак у душы кожнага творцы.

Васіль Касцючэнка «Спякотнае лета», 2022 г.

Многія, зразумела, выказваліся і на гэтую тэму. Хтосьці асцярожна, баючыся зрабіць балюча, сказаць не тое і не так. А нехта прамаўляў гучна, каб быць заўважаным, ствараў тое, у чым мелася патрэба.

Сучасныя настаўнікі

Дзяніс Кандрацьеў, Святлана Кастрыца, Марыя Кручкова, Таццяна Савік, Вікторыя Куніца, Галіна Раманава, Андрэй Карпянкоў, Элеанора Бубашкіна і многія іншыя прадстаўлюць сучаснае пакаленне педагогаў мастацкага каледжа імя А. К. Глебава.

Калі многія мастакі мінулага перыяду прысвячалі свае творы будзённасці, сваёй сучаснасці, то жывапісцы, графікі, скульптары пачатку гэтага тысячагоддзя імкнуцца не абмяжоўваць сябе ні часавымі рамкамі, ні прасторай, ні вернасцю той ці іншай тэматыцы. Так, пакуль Ганна Плотнікава зазірае ў мінулае («У рамках гісторыі», год стварэння не пазначаны), Дар’я Бунеева ажыўляе гэтую гісторыю, упісвае ў яе сучасніка («Мястэчка-4 (Паставы)», 2019). Пакуль Святлана Кастрыца атрымлівае асалоду ад цёплага падарожжа («Прагулка па Дунаю», 2022), іншая Святлана — Рыжыкава —  здзяйсняе чарговы шпацыр па родных вуліцах («Танцы ў Верхнім горадзе», 2019).

Павел Хадаровіч «Сланечнікі», 2020 г.

У той час, калі Марыю Кручкову захапляюць самыя дробныя дэталі (з серыі «Энцыклапедыя, 2020), Ігара Свянціцкага цікавяць толькі маштабныя паняцці («Эвалюцыя», 2021). Тады, як Галіна Раманава даследуе чалавечае цела («Твар», 2020; «Фігура», 2020), Дзяніс Кандрацьеў («Чалавек», 2017) разбурае любыя ўяўленні пра яго. Аўтары з ярка выяўленай індывідуальнасцю, яны не ідуць пратаптанымі сцежкамі, але і выключна новага не прапаноўваюць. Шмат якія творы ці з-за фармату, ці з-за глыбока схаваных ідэй, ці з-за адсутнасці яркага складніка проста-такі губляюцца. Між тым для кожнага знойдуцца работы, здольныя зачапіць. Ёсць з чаго выбіраць: гэта і незвычайная мазаіка («Зямля» (2019) Ганны Плотнікавай), і скульптура з металу («Творца» (2022) Дзяніса Кандрацьева), гэта і лаканічная графіка («Мая» (2022) Марыны Аніськовай), і яркі жывапіс («Спякотнае лета» (2022) Васіля Касцючэнкі). Не пакіне абыякавым нікога і своеасаблівы сюрпрыз — вялізная калектыўная работа «Горад» (скончаная ў пачатку гэтага снежня), якая адкрывае выстаўку.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.