Вы тут

Прэміі імя Мітрапаліта Філарэта атрымалі дзесяць педагогаў Гродзенскай вобласці


Усе яны сталі пераможцамі абласнога конкурса, які другі год праходзіць па ініцыятыве гродзенскага духавенства, абласнога інстытута развіцця адукацыі і галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама. Сёлета свае матэрыялы прадставілі 44 прэтэндэнта з розных адукацыйных устаноў і нядзельных школ Гродзеншчыны. 


Уручэнне прэміі педагогам і прадстаўнікам духавенства прыстасавана да дня тэзаіменства Героя Беларусі Мітрапаліта Філарэта, першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Вылучана тры намінацыі: «Праца педагога як служэнне», «Лепшая інавацыйная распрацоўка года» і «Лепшая сістэма духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі». Сярод узнагароджаных — прадстаўнікі гродзенскай СШ№ 38 імя Кірыла Тураўскага, прыхода ваўкавыскага храма Дабравешчання Маці Божай, Мастоўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета, гімназіі № 10 імя Мітрапаліта Філарэта горада Гродна і іншых устаноў адукацыі рэгіёна. 

Як падрэсліў падчас урачыстасці архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній, важна, каб падрастаючае пакаленне атрымала не толькі якасную адукацыю, але і духоўна-маральнае выхаванне. Трэба зрабіць усё магчымае дзеля выбару вучнямі правільнага жыццёвага арыенціра, выхаваць іх сапраўднымі людзьмі і грамадзянамі сваёй краіны. 

- Прэміі не выпадкова прысвоена імя Мітрапаліта Філарэта, бо ён таксама быў педагогам і да канца сваіх дзён выкладаў у духоўных школах, акадэміі і семінарыі. Пры гэтым Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі надаваў вялікую ўвагу выхаванню будучых святароў. Можна без сумнення сцвярджаць, што Мітрапаліт Філарэт — выбітны педагог і асветнік. Усе педагогі могуць лічыць яго сваім заступнікам, — выказаў сваю думку архіепіскап Антоній.

Члены медыяцэнтра гімназіі № 10 горада Гродна прадставілі праект «Духоўна-маральны сайт „Шляхамі веры“. „Наш праект стаў прызёрам у намінацыі „Лепшая сістэма духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання моладзі“, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Наталля Кастальцова. Яна расказала, што літаральна нядаўна ў гімназіі ўрачыста адкрыты рэсурсны духоўны цэнтр „Беларусь. Лёс. Айчына“. Гэта падзея супала з прысваеннем установе адукацыі імя Мітрапаліта Філарэта. Беларускаму духаўніку прысвечана экспазіцыя, важнае месца якой займаюць асабістыя рэчы Мітрапаліта. “На працягу многіх год наша гімназія з’яўляецца пляцоўкай для гарадской навукова-практычнай канферэнцыі „Гарадніца“, дзе традыцыйна ёсць секцыя, якая прысвечана Беларусі канфесійнай і ў склад журы ўваходзяць прадстаўнікі Гродзенскай епархіі. Ужо некалькі год у гімназіі праходзяць традыцыйныя „Каложскія чытанні“. Члены медыяцэнтра выпускаюць на гэтыя і многія іншыя духоўныя тэмы электронны часопіс, падрыхтаваны зборнік, прысвечаны Мітрапаліту Філарэту», — паведаміла Наталля Кастальцова. 

Загадчыца Мастоўскім раённым вучэбна-метадычным кабінетам Наталля Палубятка расказала, што іх калектыў другі раз прымае ўдзел у конкурсе і другі раз атрымлівае ўзнагароду. На гэты раз — у іншай намінацыі. У рамках падрыхтоўкі праекта вучні мастоўскіх школ наведвалі праваслаўныя храмы, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна, а потым стварылі інтэрактыўныя карты з відэаэкскурсіямі. Таксама на конкурс былі прадстаўлены макеты гэтых храмаў. У праекце прынялі ўдзел больш 200 навучэнцаў з 13 устаноў адукацыі раёна. Наталля Палубятка выказала ўдзячнасць арганізатарам конкурса і паабяцала, што і ў наступным годзе іх творчы педагагічны калектыў абавязкова прапануе новы цікавы праект. 

У сваю чаргу, арганізатары конкурса спадзяюцца, што кола ўдзельнікаў вырасце. Хоць і сёлета можна адзначыць даволі салідную лічбу тых, хто даслаў свае матэрыялы. 

- У наш час вельмі важна праз інфармацыйную, ідэалагічную і духоўную прастору данесці да моладзі традыцыйныя каштоўнасці, павагу і любоў да Радзімы, выхаваць сапраўдных патрыётаў, — зазначыла рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка. — Патрыётамі не нараджаюцца, імі становяцца. Патрыятызм — гэта тая каштоўнасць, якая надае сэнс жыццю чалавека.

Лейтматывам урачыстасці гучала думка аб важнасці працы педагога ў выхаванні падрастаючага пакалення. Сваёй самаадданай працай яны працягваюць тыя традыцыі, якія заклаў у свой час вялікі асветнік Беларусі Мітрапаліт Філарет. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота абласнога інстытута развіцця адукацыі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.