З 1980 года БСГА ўзначаліў акадэмік УАСГНІЛ, доктар тэхнічных навук, прафесар Сяргей Іванавіч Назараў. Якія імёны! Якое шматаблічча навуковых зацікаўленняў рэктараў сельгасакадэміі! Прафесар Назараў быў буйным вучоным у галіне механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Яго імя таксама да гэтага часу ў акадэміі вымаўляюць з павагай. У 1992 годзе Сяргей Іванавіч перадаў лейцы кіравання БСГА свайму вучню, члену-карэспандэнту Нацыянальнай акадэміі навук, доктару тэхнічных навук Вячаславу Аляксеевічу Шаршунову. Новаму рэктару давялося няпроста. У гэтыя гады стары ўклад жыцця разваліўся, а новы давялося вызначаць наноў. Вячаслаў Аляксеевіч цвёрда стаяў на тым, што Горацкую аграрную акадэмію трэба было, чаго б гэта ні каштавала, не толькі захаваць у поўным маштабе, але і дамагацца яе развіцця ў сучасных, няхай сабе і няпростых, умовах. Рэктар сваю пазіцыю выкладаў усім адкрыта і аргументавана: і ў часіны ліхалецця людзей трэба карміць, зямлю апрацоўваць, кароў даіць. Вёска павінна быць забяспечана спецыялістамі. Так было ва ўсе часы, і акадэмія гэта робіць ужо амаль дзвесце гадоў. Ён разумеў, што трэба не толькі захаваць традыцыйныя спецыяльнасці, але і адкрываць запатрабаваныя ўжо іншым укладам жыцця, з улікам перспектыў сельскай гаспадаркі ў новых умовах: маркетынг, прававое забеспячэнне аграбізнесу, фінансы і крэдыт, конегадоўля, рыбная лоўля, біятэхналогіі. І дзеля гэтага патрабуюцца выкладчыкі і жыллё для іх, навуковае і вучэбнае абсталяванне, новыя інтэрнаты для студэнтаў — а гэта грошы, грошы, грошы. У цяжкія дзевяностыя іх не толькі не даюць, але і адабраць могуць! Рэктару даводзіцца даказваць, што сталовая, паліклініка, лазня ў акадэміі — гэта не прымхі рэктара, а жыццёва важныя для акадэміі аб’екты.
Людзі паважалі і падтрымлівалі свайго кіраўніка, давяралі яму. Бацькі, тата-франтавік, які ўсё жыццё адпрацаваў механікам на малочнакансервавым камбінаце, і мама, настаўніца рускай мовы, выхавалі ў сыне павагу да людзей, адказнасць за даручаную справу, настойлівасць у дасягненні пастаўленых задач. Таму рэктара акадэміі маглі ўгледзець у час размовы з людзьмі на кафедры і ў гаражы, у лабараторыі і на доследных участках, у студэнцкім інтэрнаце і на вуліцы ў Горках. Нядзіўна, што яго выбралі ад гэтага рэгіёна ў 1996 годзе дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання, а пасля дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 1-га склікання. Вячаслаў Аляксеевіч як рэктар стаў вельмі прыкметнай і аўтарытэтнай фігурай не толькі ў Магілёўскай вобласці, але і ў краіне, таму яго запрасілі ў Міністэрства сельскай гаспадаркі ўзначаліць галоўнае ўпраўленне кадраў і аграрнай адукацыі. Кіраванне акадэміяй ён перадаў свайму першаму прарэктару, доктару сельскагаспадарчых навук, прафесару Аляксандру Рымавічу Цыганову.
Пра Шаршунова ў час яго рэктарства я быў не болей чым начуты, бо толькі стаў прарэктарам па вучэбнай рабоце ў сваім педінстытуце, ствараў вучэбны комплекс для вывучэння практычнай рэалізацыі ідэй бесперапыннай адукацыі, завяршаў работу над доктарскай дысертацыяй — кіраўнікі іншых ВНУ мяне мала цікавілі, іх узровень падаваўся для мяне недасяжным. Блізка з Вячаславам Аляксеевічам мы сышліся пазней. А вось з Аляксандрам Рымавічам як першыя прарэктары разам прыехалі на курсы павышэння кваліфікацыі ў РІВШ. Там і пасябравалі. У тым, 1995 годзе, мы абодва выходзілі на абарону доктарскіх дысертацый, па розных навуковых спецыяльнасцях, але працэдура ж тая самая. Нам было пра што пагаварыць і нават пашаптацца.
Аляксандр Рымавіч вучоны-хімік у шостым пакаленні. Яго бацькі — дацэнты БСГА, але сам ён закончыў хімфак БДУ, там і аспірантуру, выкладаць пачаў у гэтым самым універсітэце. Але... пацягнула ў мясціны, дзе нарадзіўся, і ўжо з 1981 года — выкладчык, загадчык кафедры, першы прарэктар, а з 1995-га — рэктар Горацкай акадэміі. Пасля рэктара Шаршунова працягнуў развіццё БСГА і актыўна займаўся навуковымі вышукамі. Галіна яго даследаванняў — аграхімія, ён распрацоўваў экспрэсіўныя метады і методыкі аналізу якасці сельскагаспадарчай прадукцыі і аб’ектаў навакольнага асяроддзя, прыёмы атрымання экалагічна чыстай прадукцыі раслінаводства. А гэта ж так важна, калі навуковыя зацікаўленні рэктара адпавядаюць профілю яго ВНУ! Аляксандр Рымавіч па гэтай тэматыцы абараніў доктарскую дысертацыю, стаў прафесарам, яго выбралі членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук, у БСГА сфарміравалася яго навуковая школа, за комплекс вучэбных дапаможнікаў па аграхіміі ў 2002 годзе ён быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй. Тым самым, як і яго папярэднікі-рэктары, Цыганоў таксама стаў прыкметны ў маштабе краіны, і яму ў 2008 годзе прапанавалі пасаду намесніка старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук.
У васьмідзясятыя гады сярод магілёўскіх ВНУ праводзілася штогадовая спартакіяда для выкладчыкаў: лёгкая атлетыка, валейбол, шахматы. Яе арганізатарамі выступалі па чарзе ўсе чатыры ВНУ, але ў Магілёве яна праходзіла не так цікава, як у Горках. Туды ўсе каманды выязджалі на два дні. Вечарам горацкія калегі абавязкова наладжвалі прыём. Спартыўныя спаборніцтвы пераўтвараліся ў сапраўднае свята. Падобна, уражанні, якія склаліся ў тыя гады ад БСГА, засталіся ў мяне надоўга — ужо на пасадзе міністра адукацыі я ехаў у Горкі ў такім самым прыўзнятым настроі.
Аляксандр Рымавіч заўсёды імкнуўся паказаць якасць працы сваёй ВНУ найперш праз поспехі выпускнікоў. На адным з юбілеяў акадэміі ён папрасіў выйсці на сцэну старшынь райвыканкамаў, якія закончылі БСГА, і яны там запаланілі ўсю прастору.
Ужо як з рэктарам акадэміі з Аляксандрам Рымавічам я стаў бачыцца часцей. І хаця БСГА была ў структуры Мінсельгасхарча, у Міністэрстве адукацыі ён быў часты госць. І не толькі на афіцыйных мерапрыемствах. Нам было цікава пагутарыць і разам. Мне спадабалася ў развагах Цыганова грунтоўнасць, логіка, дасведчанасць па многіх пытаннях як адукацыі, так і ўвогуле развіцця жыцця ў краіне. Пасля яго пераходу ў НАН мы пачалі бачыцца яшчэ часцей — я ў гэты час ужо працаваў першым намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, а ён у Акадэміі навук курыраваў пытанні ідэалогіі (а яшчэ і будаўніцтва) — тэмы нашых гутарак пашырыліся істотна. Выбары ў члены Акадэміі навук заўсёды суправаджаюцца напружаннямі паміж яе аддзяленнямі, навуковымі школамі і акадэмікамі, але Аляксандра Рымавіча ў сапраўдныя члены выбралі без усялякіх размоў і замінак. Аднак паміж акадэмічнай і ўніверсітэцкай сферамі заўсёды ёсць прыкметнае саперніцтва, таму выхадцу з універсітэцкага асяроддзя ў Акадэміі навук заўсёды будзе не зусім утульна, як і наадварот. Таму і акадэмік Цыганоў вярнуўся да звыклай для сябе працы: цяпер ён першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.
Пасля акадэміка Цыганова ў 2008 БСГА ўзначаліў доктар ветэрынарных навук, прафесар Аляксандр Паўлавіч Курдэка, прарэктар па навуковай рабоце Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Новаму рэктару давялося не толькі працягваць развіццё БСГА, але і разам з усім калектывам уключыцца ў падрыхтоўку да рэспубліканскага свята «Дажынкі» ў 2012 годзе. На гэтую ўрачыстасць з нагоды заканчэння ўборачных работ па традыцыі збіраліся перадавікі сельскай гаспадаркі з усёй краіны, свята адкрываў Прэзідэнт, ён жа ўручаў узнагароды і каштоўныя падарункі найлепшым камбайнерам, аграномам, кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў. Горкі, як і ўсе гарады, дзе праходзілі «Дажынкі», рыхтаваліся да прыёму гасцей загадзя. Трэба было навесці ідэальны парадак ва ўсіх арганізацыях і гаспадарках раёна, добраўпарадкаваць у горадзе вуліцы і двары, упрыгожыць яго, падрыхтаваць цэнтральную плошчу да шматтысячнага ўрачыстага сходу і канцэрта. А ў Горках ўвогуле вырашылі ўзвесці прасторны амфітэатр. І выкладчыкі, і студэнты ўключыліся ў работу па падрыхтоўцы «Дажынак», на яе адводзілі ўвесь вольны час. Але ўзамен акадэмія капітальна адрамантавала свае вучэбныя карпусы і інтэрнаты, атрымала сучаснае вучэбнае абсталяванне і... навюткі амфітэатр. Рэктар Курдэка справіўся з пастаўленымі перад яго калектывам задачамі, але... усё ж цягнула да сябе назад яго родная ветэрынарная акадэмія. У 2014 годзе ён паехаў туды загадваць кафедрай.
Я памятаю, як у 2014 годзе да мяне ў Адміністрацыю Прэзідэнта на ўзгадненне перад прызначэннем рэктарам БСГА прыйшоў першы прарэктар гэтай акадэміі, кандыдат селськагаспадарчых навук Павел Аляксандравіч Саскевіч. Я яго добра ведаў, не сумняваўся ў тым, што гэта вартая кандыдатура на рэктара, але ўсё ж сказаў яму:
— Горацкая акадэмія — самая першая на тэрыторыі Беларусі свецкая навучальная ўстанова. Рэктарамі там працавалі не проста дактары навук — навуковыя светачы. Таму, паважаны Павел Аляксандравіч, я не супраць вашага прызначэння, але хачу папярэдзіць: станеце доктарам навук — будзеце сапраўдным рэктарам акадэміі, не — будзеце ім толькі лічыцца.
Прэзідэнт даў згоду на прызначэнне Паўла Аляксандравіча рэктарам. А праз год ён да мяне прыехаў і расказаў:
— Пасля нашай размовы перад маім прызначэннем я тры ночы не спаў. Вы праўду казалі! Рэктар — навуковы лідар! Для доктарскай дысертацыі ў мяне быў немалы наробак, але давялося моцна напружыцца. Дакладваю: я абараніўся!
Прафесар Саскевіч працаваў рэктарам БСГА да 2019 года. Пасля яго кіраўніком акадэміі быў прызначаны прарэктар Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, кандыдат ветэрынарных навук, дацэнт Віталь Віктаравіч Веліканаў. Гісторыя паўтараецца: Віталь Віктаравіч — выхаванец ветэрынарнай акадэміі, і абарона доктарскай дысертацыі ў яго наперадзе.
Пераклаў з рускай мовы Кастусь Ладуцька.
Працяг будзе 24 снежня
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.