Вы тут

Віктар Шніп: «Пакуль ёсць пісьменнікі — будуць і часопісы»


За сто гадоў існавання гэты тоўсты літаратурны часопіс увасобіў у сабе цэлую эпоху... Летапіс беларускай літаратуры — так недарэмна называюць часопіс «Полымя». Пра юбілейныя мерапрыемствы, гісторыю часопіса і яго сёння мы гутарым з намеснікам дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўным рэдактарам часопіса «Полымя», вядомым паэтам Віктарам Шніпам.


— Напярэдадні юбілею вы, безумоўна, пераглядалі нумары «Полымя» ад яго стварэння. Ці можаце ацаніць, як змяняўся часопіс — і знешне, і па змесце, якія былі самыя заўважныя этапы яго трансфармацыі?

— Праглядаў, і не адзін раз. Але ўсё праглядзець немагчыма, бо ў нас у рэдакцыі няма ўсіх нумароў, асабліва да 1960-х гадоў. За стагоддзе выйшла 1118 нумароў. Часопіс мяняўся: і выглядам, і аб'ёмам, і фарматам, і нават назва мянялася. У 1932—1941 гадах часопіс выходзіў як «Полымя рэвалюцыі».

Першую вокладку часопіса «Полымя» аформіў мастак Міхась Філіповіч. Першыя дзесяць гадоў (да 1932) часопісам кіравала рэдакцыйная калегія, у яе ўваходзілі Змітрок Бядуля, Цішка Гартны, Міхась Зарэцкі, Усевалад Ігнатоўскі, Янка Купала, Якуб Колас, Вульф Нодэль, Алесь Сянкевіч, Міхась Чарот і іншыя. Першым галоўным рэдактарам «Полымя» быў прызначаны Платон Галавач (1932—1933). У гады Вялікай Айчыннай вайны выданне часопіса было прыпынена. Адноўлена ў студзені 1945 года. Словам, жыццё мянялася ў Беларусі, і часопіс мяняўся, але заўсёды «Полымя» было і застаецца люстэркам актуальнага літаратурнага працэсу.

— Галоўнымі рэдактарамі «Полымя» былі вельмі вядомыя асобы, слынныя беларускія літаратары... Як вы лічыце, наколькі асоба рэдактара накладае адбітак на выданне? Хто з галоўных рэдактараў «Полымя», на ваш погляд, быў самым адметным?

— Якім будзе кожны новы нумар часопіса, у першую чаргу залежыць ад таго, што будзе ў ім друкавацца. Зразумела, што і нам сёння хацелася б працягваць друкаваць новыя творы Івана Шамякіна, Івана Мележа, Васіля Быкава, Янкі Брыля, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Андрэя Макаёнка, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Міхася Стральцова, якія ў свой час сваімі публікацыямі і стваралі «Полымю» літаратурна-мастацкую вагу. Але іх няма, і, на жаль, цяпер мала пісьменнікаў іх узроўню. І ўсё ж мы стараемся, каб у кожным нумары быў свой «цвік», на якім і трымаўся б увесь змест часопіса.

Якім быць часопісу, залежыць і ад галоўнага рэдактара. Ад яго густу, ад яго ўзаемаадносін з патэнцыяльнымі аўтарамі выдання. Але я перакананы, што сярод адзінаццаці галоўных рэдактараў «Полымя», якія працавалі да мяне, не было такіх, якія б зайздросцілі сваім братам па пяры і стараліся не друкаваць творы, якія па сваім мастацкім узроўні часам вышэйшыя, чым піша сам галоўны рэдактар.

На маю думку, самым адметным галоўным рэдактарам быў Максім Танк, які ўзначальваў «Полымя» з 1948 да 1967 года.

— Распавядзіце пра сённяшні дзень «Полымя»... Што змянілася, якія новыя рубрыкі з'явіліся, як памяняўся дызайн, кола аўтараў?

— Былі часы, калі ў рэдакцыі «Полымя» працавала больш за дваццаць чалавек. І амаль усе пісьменнікі. Цяпер нас пяць. Анатоль Казлоў рыхтуе прозу, Наталля Казапалянская займаецца крытыкай і літаратуразнаўствам, а я — паэзіяй, ну і перачытваю ўсё тое, што падрыхтавалі да друку мае супрацоўнікі. Нядаўняя выпускніца філфака БДУ Аксана Казлова працуе стыльрэдактарам, а выпускніца тэхналагічнага ўніверсітэта Наталля Арцёмава вярстае часопіс. У яе дызайне і выходзіць наш юбілейны нумар. Яна ж распрацавала афармленне часопіса і на 2023 год.

У часопісе шмат рубрык: «Паэзія», «Проза», «Крытыка і літаратуразнаўства», «Згадкі», «Дзённікі», «Штрыхі да партрэта», «Постаці», «Пошукі і знаходкі», «Спадчына», «Эпісталярый», «Братэрства», «Галасы свету», «Навуковыя публікацыі», «Культура мовы», «Краязнаўства», «Кнігарня» і іншыя. Яны запаўняюцца нашымі пастаяннымі аўтарамі, якіх, дарэчы, у нас хапае, таму часам некаторым даводзіцца чакаць і паўгода, каб іх твор з'явіўся на старонках «Полымя». З радасцю друкуем маладых.

— Калі вы асабіста ўпершыню прыйшлі ў рэдакцыю часопіса «Полымя»? Хто там працаваў, якая была атмасфера, як сустрэлі маладога аўтара?

— У рэдакцыю «Полымя» я ўпершыню з вершамі прыйшоў у 1978 годзе. Тады там галоўным рэдактарам быў Кастусь Кірэенка. Мне было 18. Паэзіяй займаўся Анатоль Вялюгін. Яму было 55. Я ўспрымаў яго як дзеда, бо тады яшчэ не ведаў, што Анатоля Сцяпанавіча ўсе завуць Адміралам. Дзед Анатоль сядзеў за сталом і курыў. Браў мае вершы і казаў, каб прыйшоў праз пару месяцаў. Прыходжу. Сядзіць дзед за сталом, курыць і кажа: «Вершы добрыя! Прынясі яшчэ!» Прыношу. Дзед за сталом сядзіць і курыць. «Пакідай! Пачытаю! Прыходзь праз пару месяцаў!» — кажа і курыць. Прыходжу. «Вершы добрыя! Прынясі яшчэ!» — кажа дзед Анатоль. А потым, калі ў яго сабралася ладная кіпа маіх твораў, ён прайшоўся па лепшых і горшых і растлумачыў, чаму той верш добры, а той кепскі. І так было чатыры гады. І толькі праз чатыры гады дзед Анатоль для мяне стаў Адміралам. За гэты час я ўжо надрукаваўся па тры разы і ў «Маладосці», і ў «Беларусі», і два разы ў альманаху «Дзень паэзіі». І вось у маі 1982 года ў «Полымі» з'явіліся тры мае вершы. Наступная публікацыя была ў кастрычніку 1984 года. Нумар быў прысвечаны творчасці маладых і адкрываўся словамі Івана Шамякіна «Маладым сябрам». Маладымі тады былі: Генрых Далідовіч, Мікола Кусянкоў, Віктар Супрунчук, Хрысціна Лялько, Леанід Галубовіч, Уладзімір Марук, Уладзімір Мазго, Мікола Пракаповіч і яшчэ чалавек дзесяць. Я ў гэтай кампаніі быў сапраўды самым маладым. Мне было 24. «Маладому» Міколу Кусянкову — 49. Пра што гэта гаворыць? А пра тое, што ў «Полымі» былі вельмі высокія патрабаванні, і там проста па-сяброўску, ці толькі таму, што ты добры хлопец, ці дзяўчына прыгожая, нельга было надрукавацца. І цяпер я з удзячнасцю ўспамінаю Анатоля Вялюгіна, Адмірала, які быў для мяне адным з літаратурных настаўнікаў.

— Якія прачытаныя на старонках «Полымя» творы вам запомніліся, паўплывалі на вас як на творцу?

— Шмат што памятаецца і шмат якія нумары «Полымя» захоўваюцца па сёння ў маёй хатняй бібліятэцы. Але асабліва памятаецца «Полымя» канца 80-х гадоў, калі вучыўся ў Маскве ў Літінстытуце. Я там выпісваў часопіс. Кожны яго новы нумар быў сапраўдным і чаканым святам. Чытаў ад першай да апошняй старонкі і не адзін раз. І паэзію, і прозу. І ўсё, што чытаў, мяне натхняла на напісанне сваіх твораў.

— Сёння тоўстыя літаратурныя часопісы ў папяровым выглядзе перажываюць крызіс... Некаторыя прагназуюць іх знікненне. Што наконт гэтага думаеце вы?

— «Полымю» 100 гадоў. І гэта гаворыць пра тое, што гэты часопіс быў патрэбен усе гэтыя гады. Думаю, што так будзе і далей. Калі не стане пісьменнікаў, тады і часопісаў не стане. А пакуль ёсць пісьменнікі, а яны ёсць, — будуць і часопісы. Электронныя выданні ніколі цалкам не заменяць папяровыя. Сеціва — гэта прорва, якая адкрылася для нас і якая можа ў любы момант зачыніцца і праглынуць усё, што мы там трымаем, думаючы, што там яно ў надзейным захаванні.

— Ці павінен быць літаратурны часопіс толькі альманахам тэкстаў, ці ёсць магчымасць і патрэба ператварыць яго ў дыскусійную пляцоўку?

— За 2022 год у часопісе «Полымя» надрукаваны чатыры круглыя сталы: «Дзе мой край?» (круглы стол, прысвечаны Году гістарычнай памяці), «Наша крытыка» (прысвечаны пытанням крытыкі і літаратуразнаўства), «Наша справа кніжная» (прысвечаны 50-годдзю выдавецтва «Мастацкая літаратура») і «Гістарычная місія, адказнасць і звышзадача» (прысвечаны 100-годдзю «Полымя»). Словам, на старонках часопіса ёсць магчымасць падыскутаваць. У новым годзе плануем круглыя сталы са старшынямі абласных аддзяленняў СПБ і супрацоўнікамі бібліятэк нашай краіны.

— «Полымя» — адно з нешматлікіх выданняў, публікацыя ў якім лічыцца навуковай, прымаецца ў якасці такой Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй. Ці шмат да вас звяртаецца аўтараў-навукоўцаў? Як супрацоўнічаеце з імі?

— У нас ёсць рубрыка «Навуковыя публікацыі». Сёлета надрукавалі чатырнаццаць літаратуразнаўцаў. Будзем друкаваць і далей. Адно хацелася б — каб навуковыя матэрыялы былі не па дваццаць старонак, а хаця б па 10—12, і тады будзем мець магчымасць друкаваць болей навукоўцаў.

— Ці істотная, на ваш погляд, розніца паміж акадэмічным літаратуразнаўствам і літаратурнай крытыкай? Ці ўплывае крытыка на густы сённяшняга чытача, і праз якія мінавіта крыніцы?

— Для часопіса больш падыходзіць літаратурная крытыка, якая зразумелая нашым чытачам. Але калі пра якую-небудзь кнігу для «Полымя» напіша акадэмічна, мы з радасцю яго надрукуем.

Па-мойму, цяпер крытыка мала ўплывае на чытача, бо чытачы яе амаль не чытаюць, а крытыкі мала пішуць. І ўсё ж у «Полымі» ёсць рубрыка «Кнігарня», дзе аналізуюцца і рэкламуюцца кнігі, якія нядаўна выйшлі.

— Юбілейным для «Полымя» выдаўся ўвесь год, цягам якога адбываліся рознага кшталту мерапрыемствы. Але асноўныя ўрачыстасці прымеркавалі да канца года... Як будзеце адзначаць?

— 23 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстава «Іскрыся іскрамі, палай!», прысвечаная 100-годдзю з часу заснавання часопіса «Полымя». Выстава адлюстроўвае змест і настрой часопіса з самага першага нумара 1922 года да свежых нумароў за 2022 год. Экспазіцыя пабудавана ў храналагічным парадку па дзесяцігоддзях. Побач з часопісамі знаходзяцца выданні твораў знакамітых аўтараў, якія ўпершыню былі апублікаваны ў часопісе «Полымя». 8 снежня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася выстава «...Ізноў на хвалі часу. Нязгасныя знічкі «Полымя», якая будзе працаваць да 25 лютага 2023 года. У СПБ пройдзе круглы стол, прысвечаны «Полымю» і яго аўтарам.

— Распавядзіце пра юбілейны нумар часопіса. Што ў ім адметнага?

— Юбілейны нумар «Полымя» атрымаўся своеасаблівым, бо ў ім няма, як звычайна, паэзіі, прозы, літаратуразнаўчых артыкулаў. Ён распачынаецца матэрыяламі круглага стала «Гістарычная місія, адказнасць і звышзадача», прысвечанага 100-годдзю «Полымя». Па юбілейным нумары можна будзе прасачыць гісторыю часопіса з 1922 да 2023 год і разам з гэтым паднавіць веды па гісторыі беларускай літаратуры за апошнія 100 гадоў. Нумар багата ілюстраваны рэдкімі фотаздымкамі і дакументамі.

— Як надрукавацца ў вашым выданні, хто можа стаць аўтарам?

—Трэба напісаць добры твор і даслаць або прынесці ў рэдакцыю. І хацелася б, каб нашы аўтары выпісвалі і чыталі «Полымя» пастаянна, а не толькі тады, калі мы іх там друкуем.

— Неяк прачытала цікавае апытанне сярод галоўных рэдактараў літаратурных расійскіх часопісаў на тэму, як адмовіць у публікацыі сябру ці паважанаму чалавеку і не пасварыцца і што прасцей — прыняць да публікацыі няўдалы тэкст ці сапсаваць адносіны? Як адказалі б вы?

— Пасварыцца можна з аўтарам, калі ты яму абяцаеш публікацыю, а потым не выканаеш сваё абяцанне. Словам, трэба заўсёды і ўсім аўтарам казаць праўду пра іх творы і не баяцца, што сапсуюцца адносіны. Таленавіты чалавек нават калі і пакрыўдзіцца напачатку, дык пасля зразумее, што сапраўды ў яго творы не ўсё так добра, як яму здаецца.

— Чым парадуеце чытача ў наступным годзе?

— У першым паўгоддзі будзем друкаваць раман Алеся Кажадуба «Партрэт», новыя аповесці Раісы Баравіковай, Зіновія Прыгодзіча, Валянціны Кадзетавай, Віктара Кунцэвіча. Апавяданні Віктара Гардзея, Георгія Марчука, Таццяны Дземідовіч, Віктара Праўдзіна і іншых. Вершы Алеся Бадака, Міколы Маляўкі, Казіміра Камейшы, Алеся Жыгунова, Людмілы Кебіч, Алеся Казекі і многіх іншых. Пералічваць можна доўга. Спадзяюся, што нашы чытачы ў кожным нумары знойдуць для сябе нешта цікавае ў кожным жанры, якія будуць там прадстаўлены.

Падрыхтавала Людміла ІВАНОВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Беларусі імкнуцца далучыць медыятараў да спраў «цяжкіх» непаўналетніх

У Беларусі імкнуцца далучыць медыятараў да спраў «цяжкіх» непаўналетніх

«Мы плануем навучыць аднаўленчым медыятыўным практыкам 20 чалавек з розных устаноў».

Грамадства

Ці можна вылечыць аўтызм?

Ці можна вылечыць аўтызм?

«Важны момант, што яўныя сімптомы аўтызму ёсць, але бацькі не жадаюць заўважаць іх».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.