Вы тут

Вадзім Сіняўскі наведаў Маладзечанскую санаторную школу-інтэрнат


Да яе выхаванцаў міністр па надзвычайных сітуацыях і начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Лапановіч прыехалі не з пустымі рукамі. Дарэчы, сяброўства паміж ратавальнікамі і навучэнцамі школы-інтэрната ўзнікла яшчэ летась, таму хлопцы і дзяўчаты з нецярпеннем чакалі прыезду гасцей.


У двары школы ратавальнікі разгарнулі зімовы казачны горад. «Пажарны снайпер», «Выратаванне на акваторыі», «Тэтрыс бяспекі», «Пажарны боўлінг», «Навагоднія шпікі», «Дымавы лабірынт» і іншыя пляцоўкі дазволілі хлопцам успомніць правілы бяспекі і адпрацаваць алгарытмы паводзін у розных небяспечных сітуацыях. Калі няпросты маршрут быў пройдзены, усе ўдзельнікі атрымалі падарункі і тэматычныя размалёўкі, зрабілі сэлфі з Дзедам Марозам і зарадзіліся пазітыўнымі эмоцыямі. Павіншаваць хлопцаў і дзяўчат прыехалі і чатырохлапыя сябры ратавальнікаў — Тая і Дарк.

Аматараў тэхнікі таксама чакаў сюрпрыз — выстава сапраўдных баявых машын. Можна было не толькі азнаёміцца з абсталяваннем аўтацыстэрны, аўтамабіля хуткага рэагавання і снегахода, але і паспрабаваць аварыйна-выратавальную прыладу ў справе. А ратавальнікі падзяліліся рэальнымі гісторыямі пра тое, як важна выконваць правілы бяспекі, чаму нельга хавацца пры пажары і як супрацоўнікам МНС удаецца ратаваць жыццё людзей.

Затым навагодняя казка перамясцілася ў актавую залу, дзе разгарнулася прадстаўленне. Героі — Кот і Трус — высвятлялі, хто будзе самым галоўным у надыходзячым 2023 годзе, а дзеці дапамагалі ім шукаць падарункі. Казачныя героі не справіліся б без дружных і кемлівых школьнікаў. Яны разам з Дзедам Марозам і Снягуркай арганізавалі святочны карагод і даказалі, што заўсёды перамагаюць дабро і сяброўства.

Звяртаючыся да навучэнцаў і калектыву школы, міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім СІНЯЎСКІ падкрэсліў, што ўстанова адукацыі спецыялізаваная, дзеці прыязджаюць сюды з усіх куткоў вобласці, каб атрымаць дапамогу — паправіць здароўе. «Год ужо супрацоўнічаем са школай і імкнёмся, каб нашы падарункі не толькі стваралі добры настрой, навучалі правілам бяспекі, але і каб прыносілі карысць у рэабілітацыі дзяцей, — адзначыў кіраўнік ведамства. — Тут знаходзіцца комплекс трэнажораў, які хлопцы і дзяўчаты атрымалі ў мінулым годзе. Дырэктар пацвердзіла актуальнасць комплексу, і сёлета мы вырашылі даабсталяваць гарадок трэнажорамі. Увесну, калі снег сыдзе, іх усталююць.

Кожны напярэдадні свята верыць у цуды. А для дзіцяці самае галоўнае — здароўе і бяспека. Жыхарам нашай краіны хочацца пажадаць у новым годзе мірнага неба над галавой, поспехаў у дзейнасці, здароўя, і каб у сэрцы жыло каханне».

Вадзім Сіняўскі ўручыў дырэктару сертыфікаты на трэнажоры для вулічнага спартыўнага гарадка, дзе навучэнцы змогуць займацца фізкультурай і проста гуляць. Вядома, не абышлося і без салодкіх навагодніх падарункаў. У гэтым годзе міністр уручыў дзецям вогнетушыцелі, напоўненыя цукеркамі.

Дырэктар школы-інтэрната Ірына НЯДВЕЦКАЯ падзякавала гасцям за цеплыню і падтрымку. «Узаемадзеянне з МНС у нас круглы год, — заўважыла яна. — Ратавальнікі нам аказваюць дапамогу ў расчыстцы дарог і ў абразанні дрэў, летась падарылі трэнажоры. Мы праводзім сумесныя святы. Ад Новага года мы заўсёды чакаем цудаў. Досвед падказвае, што яны абавязкова здараюцца. Сёння ратавальнікі падарылі нам сапраўднае свята».

Пасля святочнага канцэрта актывісты школы запрасілі Вадзіма Сіняўскага на гарбату, каб у сяброўскай атмасферы задаць пытанні міністру па надзвычайных сітуацыях.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы Мінскага абласнога ўпраўлення МНС

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.