Вы тут

Кніга па генацыдзе беларускага народа ў гады ВАВ з'явілася ў кожным рэгіёне


Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваў і прэзентаваў серыю зборнікаў «Без тэрміну даўнасці. Беларусь: злачынствы нацыстаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны». Шэсць тамоў — па кожнай з абласцей — без перабольшванняў і эмацыянальных уставак гісторыкаў і архівістаў сведчаць аб тым, што ў 1941—1944 гадах чужынцы, якія прыйшлі на нашу зямлю, планавалі поўнасцю зруйнаваць яе, пераўтварыўшы беларускі народ у попел...


Фота Віктара Іванчыкава

Часткова гэтыя жудасныя планы нацыстаў былі рэалізаваны: шматлікія помнікі і мемарыялы на тэрыторыі спаленых у Вялікую Айчынную населеных пунктаў, на месцах масавага і не толькі знішчэння грамадзян дагэтуль нагадваюць нам, якой цаной беларусам дасталіся мір і незалежнасць. Пра многія злачынствы фашыстаў і іх памагатых на працягу доўгага часу не прынята было гаварыць. Аднак ніхто не забараняў памятаць аб тым, хто і якім чынам пазбаўляў жыцця дзяцей і старых, жанчын і хворых, людзей, якія яшчэ нават не з'явіліся на свет...

На жаль, многіх злачынцаў ужо няма ў жывых. Некаторыя ўжо дажываюць свой гнілы лёс у шэрагу дзяржаў. Неаднаразова ў межах расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа Генеральная пракуратура звярталася да іх з просьбай аб прававой дапамозе ў выдачы ваенных злачынцаў. Не дапамагаюць, берагуць былых карнікаў, рукі якіх запэцканыя крывёю савецкіх людзей. Дакументы, апублікаваныя ў зборніках, падрыхтаваных Нацыянальным архівам, змаглі б даказаць віну многіх з іх. Вядома, час ваенных трыбуналаў даўно скончыўся, але ж самы справядлівы суд — памяць людзей — будзе дзейнічаць заўжды. Нават праз пакаленні — такі генетычны код беларускага народа.

Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ. Фота Віктара Іванчыкава

Як ствараліся зборнікі «Без тэрміну даўнасці. Беларусь», чым унікальныя гэтыя кнігі, расказаў адзін з укладальнікаў шматтомнага выдання, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ.

— Вячаслаў Дзмітрыевіч, колькі часу пайшло на тое, каб падрыхтаваць шэсць зборнікаў — грунтоўных навуковых прац па генацыдзе беларускага народа ў кожнай з абласцей краіны?

— Мы іх выдалі за два гады. Працу пачалі ў чэрвені 2020 года. Шосты зборнік выйшаў у чэрвені 2022 года. Да 75-годдзя Нюрнбергскага працэсу над нацысцкімі злачынцамі ў Расійскай Федэрацыі было прынята рашэнне падрыхтаваць зборнікі дакументаў аб злачынствах нацыстаў у адносінах да мірнага насельніцтва па кожным акупаваным рэгіёне Расіі. У пачатку 2020 года ў Нацыянальны архіў прыехаў дырэктар фонду «Гістарычная памяць» Аляксандр Дзюкаў і прапанаваў падрыхтаваць на гэтую ж тэму шэсць тамоў — па кожнай з абласцей нашай краіны. Мы, зразумела, не маглі адмовіцца ад такой прапановы, але пайшлі па іншым шляху з улікам назапашанага вопыту публікацый па гэтай тэме. Пачынаючы з сярэдзіны 1990-х гадоў, Нацыянальны архіў выдаў больш за 20 зборнікаў дакументаў аб акупацыйнай палітыцы нацыстаў на тэрыторыі Беларусі па самых розных тэмах: адгон насельніцтва на прымусовыя работы, Халакост, знішчэнне беларускіх вёсак. Мы стварылі зборнікі дакументаў аб найбуйнейшых нацысцкіх лагерах на нашай тэрыторыі — Трасцянцы і Азарычах. Толькі ў нашай краіне ўбачылі свет выданні аб трох найбуйнейшых карных аперацыях гітлераўцаў, якія былі праведзены ў Беларусі: «Зімняе чараўніцтва», «Котбус» і «Кармаран». Беларусь — адзіная дзяржава на постсавецкай прасторы, дзе створана электронная база спаленых вёсак. Шэраг матэрыялаў на тэму акупацыі таксама выдалі нашы абласныя архівы. Таму яшчэ да таго, як паступіла прапанова стварыць зборнікі па генацыдзе ў кожным рэгіёне краіны, у нас быў напрацаваны вялікі масіў выданняў па гэтай праблематыцы.

Крымінальная справа на былых ваеннаслужачых паліцыі бяспекі і СД Беларусі.

— Яшчэ некалькі гадоў таму пра абнародаванне такіх дакументаў, якія змешчаны ў шматтомным выданні, нават не вялося размовы...

— У пачатку 1990-х гадоў практычна ўся дакументацыя па тэме Вялікай Айчыннай вайны знаходзілася на сакрэтным захоўванні. Работа па рассакрэчванні дакументаў пачалася адразу пасля гарбачоўскай перабудовы. Да 2000 года ў Нацыянальным архіве рассакрэцілі ўсе дакументы па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Таму калі ў Расіі для таго, каб падрыхтаваць гэтыя зборнікі, некаторыя дакументы давялося рассакрэчваць, то ў нас такой праблемы не было.

— Каштоўнасць гэтай серыі выданняў у тым, што шырокай грамадскасці прапануюцца не толькі савецкія дакументы, якія выкрываюць злачынныя намеры нацыстаў. Нямецкія данясенні, акты, змешчаныя ў кнігах, без купюр сведчаць аб палітыцы генацыду ў дачыненні да беларускага народа...

— Калі мы прыступалі да падрыхтоўкі кніг, было важна паказаць злачынствы нацыстаў на акупаванай тэрыторыі Беларусі не толькі праз дакументы савецкага боку. У 2021 годзе нам з Цэнтральнага архіва Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь перадалі крымінальныя справы на замежных ваеннапалонных, якіх у тым ліку судзілі і за ваенныя злачынствы. У іх утрымліваюцца каштоўныя дакументы, у якіх самі ваеннаслужачыя Вермахта, супрацоўнікі карных органаў расказваюць аб тым, што яны рабілі на акупаваных тэрыторыях. Гэта стварае аб'ектыўную карціну таго, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны адбывалася на тэрыторыі Беларусі, робіць тагачасную рэчаіснасць больш дакладнай і поўнай.

Пратакол допыту на нацысцкага злачынцу.

— Як трафейныя дакументы апынуліся ў нас?

— Частка ваенных нямецкіх дакументаў была захоплена савецкімі войскамі, частка апынулася ў амерыканцаў. Амерыканцы — дзелавыя людзі. Яны гэтыя дакументы алічбавалі і сталі прадаваць зацікаўленым краінам. У прыватнасці, наш былы Партыйны архіў у свой час набыў так званую александрыйскую стужку, на якой захоўваюцца нямецкія трафейныя дакументы. Некаторыя з іх з'яўляюцца факталагічным сведчаннем злачынстваў і на тэрыторыі Беларусі. Цяпер гэтая стужка актыўна выкарыстоўваецца супрацоўнікамі Генеральнай пракуратуры ў межах расследавання справы аб генацыдзе беларускага народа. З'явілася і яшчэ адна магчымасць доступу да нямецкіх дакументаў: электронныя копіі многіх трафейных дакументаў амерыканцы выстаўляюць на сайце свайго Нацыянальнага архіва. Некаторыя з іх мы выкарысталі падчас падрыхтоўкі зборніка па Мінскай вобласці. Многія трафейныя дакументы захоўваюцца ў Цэнтральным архіве Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі ў Падольску. Яны таксама робяць электронныя копіі і выстаўляюць іх на сайце. Такім чынам, сёння ёсць магчымасць працаваць з нямецкімі трафейнымі дакументамі. Частка з іх у свой час была звезена ў Асобы архіў у Маскву і засакрэчана. Да гарбачоўскай перабудовы аб гэтым архіве ніхто не ведаў. Натуральна, і доступу да яго не было. Ён з'явіўся толькі пасля распаду Савецкага Саюза.

Акт аб зверскіх расправах над мірным насельніцтвам Асвейскага раёна Віцебскай вобласці падчас карнай аперацыі «Зімовае чараўніцтва».

— А ці выкарыстоўваюць савецкія дакументы ў сваіх навуковых даследаваннях па тэме Другой сусветнай прадстаўнікі таго боку, які прайграў у гэтай вайне?

— Немцы вельмі асцярожна адносяцца да савецкіх дакументаў. У прыватнасці, да дакументаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі. У гэтым вінаватыя мы самі. Справа ў тым, што фабрыкацыя дакументаў па Катыні Надзвычайнай дзяржаўнай камісіяй падарвала веру да гэтага органа, а адпаведна і да іх дакументацыі. Гэта была чыстай вады фальсіфікацыя: дакументы не прызнавалі віну органаў НКУС у забойстве польскіх ваеннаслужачых. Паводле заключэння Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, адказнасць за тое, што адбылося ў Катыні, ляжала на немцах. У сувязі з гэтым фактам дакументацыя, створаная Надзвычайнай дзяржаўнай камісіяй, у іх дагэтуль падлягае сумненню. У свой час я вазіў дакументы Нацыянальнага архіва на судовы працэс у Злучаныя Штаты Амерыкі, дзе вырашаўся лёс аднаго з карнікаў літоўскага паліцэйскага батальёна. Я заўважыў, што адносіны і ў амерыканцаў да нашай дакументацыі былі насцярожаныя, яны нават праводзілі экспертызу паперы — высвятлялі, ці адносіцца яна да таго гістарычнага перыяду.

— Наўрад ці падобная насцярожанасць з'явіцца ў дачыненні да зборнікаў «Без тэрміну даўнасці. Беларусь», дзе кожны факт пацверджаны і нашымі, і нямецкімі дакументамі. Унікальнасць выданняў яшчэ і ў яго дадатках...

— Мы пайшлі іншым шляхам, у адрозненне ад расіян, па структуры зборнікаў. У першым раздзеле шырока прадстаўлена тэма нацысцкай палітыкі генацыду і выпаленай зямлі, у другім — дакументальнае сведчанне расследавання ваенных злачынстваў. Таксама ў кожным са зборнікаў змешчана і па чатыры дадаткі, чаго няма ў нашых калег. У аснову дадатку «Месцы прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва» мы паклалі даведнік, які ў свой час быў падрыхтаваны Камітэтам па архівах і справаводстве (цяпер гэта Дэпартамент па архівах і справаводстве). Вядома, дадатак мы дапоўнілі. Асабліва гэта датычыцца гета. Падрыхтаваць дадатак «Спіс месцаў масавага знішчэння яўрэйскага насельніцтва Беларусі» ўдалося дзякуючы рабоце Музея гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі на чале з дырэктарам Інай Герасімавай. Краязнаўца Аляксандр Паўлюковіч праявіў ініцыятыву і падрыхтаваў спіс найбуйнейшых карных аперацый, якія былі праведзены ў кожнай з абласцей. У аснову спіса знішчаных населеных пунктаў (не вёсак, бо знішчаліся і пасёлкі, і хутары) лягла электронная база спаленых беларускіх вёсак, якая была намі створана ў перыяд, калі мы займаліся рэалізацыяй гуманітарнага праекта «Павышэнне статусу выратаваных жыхароў спаленых беларускіх вёсак». Падчас падрыхтоўкі зборнікаў мы таксама ўдакладнілі гэтую базу. У зборніках — шыкоўны ілюстрацыйны блок з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафонафотадакументаў, музеяў, асабістых архіваў. Гэтыя зборнікі — калектыўная работа. На жаль, многія не дачакаліся іх прэзентацыі. У прыватнасці, Аркадзь Шкуран, вязень лагера смерці «Азарычы», які перадаў нам унікальны гістарычны матэрыял і па гэтым лагеры, і па дзіцячым лагеры ў Скобраўцы ў Пухавіцкім раёне.

Паведамленне Беларускага штаба партызанскага руху аб нямецкай расправе немцаў над мірнымі жыхарамі вёсак Разер’е, Рыбцы і Хацежы Рудзенскага раёна Мінскай вобласці. Указваецца, што 3 студзеня 1943 года карнікі забілі тут 154 чалавекі, спалілі 200 двароў.

— Для навуковай супольнасці Нацыянальны архіў падрыхтаваў шыкоўную базу. Засталося дачакацца новых даследаванняў па тэме Вялікай Айчыннай вайны...

— Сёння ў нас няма ні аднаго навуковага даследавання ні па спаленых вёсках, ні па карных аперацыях. Усё засталося на ўзроўні савецкага часу. Асноўная праблема, якая выявілася падчас стварэння зборнікаў, — падрыхтоўка гістарычных прадмоў. Любыя лічбы, факты павінны пацвярджацца даследчыцкай работай, чаго ў нас, на жаль, не хапае. Не вызначана дакладна, што разумець пад гета, як адрозніць канцэнтрацыйны лагер ад лагера смерці. Юрыдычна правільным было б скласці класіфікацыю месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва. Той жа Шкуран на ўзроўні Вярхоўнага суда дабіваўся, што Азарычы — гэта не лагер на пярэднім краі, а канцэнтрацыйны лагер, як гэта ўказвалася ў дакументах Нюрнбергскага працэсу. Праўда, нічога не атрымалася. Той жа Трасцянец на ўзроўні даследчыкаў называюць то месцам, то лагерам знішчэння. Гэтыя дэфініцыі неабходна ўдакладняць.

Аўтары-ўкладальнікі зборнікаў «Без тэрміну даўнасці. Беларусь» Мар’яна ТУМАШ, Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ і Наталля КАЛЕСНІК.

— Завяршаецца Год гістарычнай памяці, аб'яўлены кіраўніком дзяржавы. Наколькі, на ваш погляд, ён быў выніковым?

— Зроблена многае. Прывяду толькі адзін прыклад, які сведчыць аб многім. Калі ў свой час мы стваралі базу спаленых вёсак, я аб'ездзіў многія краязнаўчыя музеі краіны, прасіў у супрацоўнікаў інфармацыю па спаленых вёсках. Яны паціскалі плячыма і казалі, што ніколі не займаліся гэтай тэмай. Цяпер жа, паглядзіце, кожны краязнаўчы музей нешта зрабіў па тэме генацыду. Вядома, у гэтым плане вялікі штуршок дала Генеральная пракуратура. Важная і ўвага дзяржавы да захавання гістарычнай памяці, праўды, якую, як мы і прадэманстравалі ў нашым выданні, больш ніколі не будзем і не павінны замоўчваць.

Вераніка КАНЮТА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.