Вы тут

Што прапануе сучасны прыдарожны сэрвіс


Сучасны адпачынак на дарозе павінен быць зручным, бяспечным і якасным для розных катэгорый падарожнікаў: дарослых, дзяцей і жывёл, таму прыдарожны сэрвіс развіваецца адпаведна з пажаданнямі наведвальнікаў, сцвярджаюць спецыялісты транспартнай галіны. Яны расказалі, што могуць атрымаць вандроўнікі на аб'ектах уздоўж трас краіны.


Зручна для спажыўца і інвестара

Патрабаванні па размяшчэнні аб'ектаў і іх архітэктурным напаўненні вызначаюцца шэрагам дакументаў. У прыватнасці, была прынятая Генеральная схема развіцця прыдарожнага сэрвісу на рэспубліканскіх дарогах на 2021—2025 гады.

— У дакуменце ўказаны аб'екты, якія існуюць, праектуюцца і будуюцца, а таксама тыя, якія прапануюцца для размяшчэння. Схема ўзгоднена з аблвыканкамамі, каб у дакуменце былі адлюстраваны тыя ўчасткі ўздоўж дарог, дзе няма абмежаванняў, звязаных з выключэннем зямель сельскагаспадарчага і ляснога карыстання. Гэта зручна і для інвестараў, якія могуць па схеме выбраць упадабаны кавалак дарогі і ў межах аднаго кіламетра вызначыцца, дзе яны захочуць збудаваць новы аб'ект, — расказаў Сяргей ЛЯВОНЧЫК, начальнік упраўлення развіцця аўтамабільных дарог галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый.

Сумесна з Міністэрствам спорту і турызму транспартнікі манітораць і аналізуюць існуючыя аб'екты. Многія аб'екты ўражваюць асартыментам і колькасцю тавараў, а новыя і рэканструяваныя запраўкі аб'яднання «Беларуснафты» зручныя для наведвальнікаў сваім стандартызаваным уладкаваннем. У гандлёвых залах тут на звыклых месцах змяшчаюцца касы і кавааўтаматы, а ўваход у санітарную зону добра відаць адусюль, дадаў прадстаўнік Мінтранса.

У межах праграм Саюзнай дзяржавы спецыялісты прааналізавалі нормы і стандарты, якія дзейнічаюць у дачыненні да прыдарожнага сэрвісу ў Расіі і Беларусі, і сфарміравалі табліцу, дзе прапісалі ўсе асаблівасці і нюансы. Аднак у большасці ўсе гэтыя нормы ідэнтычныя ў абедзвюх краінах, а вопыт развіцця прыдарожнага сэрвісу Беларусі пераймаюць рэгіёны Расіі.

Пыласос, электразарадка, душ

575 аўтазаправак «Беларуснафты» размеркаваны па ўсёй краіне, і тут прапануюцца розныя паслугі, якія могуць спатрэбіцца аўтамабілісту на шляху, запэўніў Юрый АНАНЧАНКА, начальнік упраўлення нафтазабеспячэння аб'яднання «Беларуснафта»:

— Гэта і разнастайныя тэхнічныя і харчовыя тавары, падкачка шын, пыласосы і нават асобныя пункты па шынамантажы, якія месцяцца на тэрыторыі нашых аўтазаправак. Новыя станцыі мы стараемся будаваць у найбольш запатрабаваных на трасах месцах. Увага ўдзяляецца таксама магчымасці паркавацца велікагрузам — зроблена 20 пляцовак для караванераў.

Паколькі «Беларуснафта» з'яўляецца дзяржаўным аператарам па электразарадках, на 600 запраўках ужо можна зарадзіць электрамабілі. Яшчэ 33 будуць збудаваны да канца 2022-га, і электразаправачныя станцыі развіваюцца адпаведна магчымасцям, якія ёсць у пэўных рэгіёнах па падключэнні. Напрыклад, плануецца будаўніцтва дзвюх электразарадных станцый у раёне Лагойска, а ў 2023-м з'явіцца электразапраўка ў Глыбокім.

Гандлёвыя залы на запраўках сталічнага рэгіёна сёлета актыўна мадэрнізуюцца (удасканалены чатыры аб'екты), і налета гэтая работа працягнецца яшчэ на шасці, дадаў Максім РАДАБОЛЬСКІ, намеснік дырэктара па рознічным гандлі прадпрыемства «Беларуснафта-Мінскаўтазапраўка»:

— Лепш прадставяць асартымент прадукцыі агульнага харчавання і лінейку спадарожных тавараў. Будуць зручныя месцы, каб падсілкавацца, а на прыдарожных аб'ектах — прыняць душ ці зарадзіць электрамабіль.

Будаваць запраўкі часта не трэба

У Беларусі існуюць рэкамендаваныя адлегласці размяшчэння заправачных станцый для розных катэгорый дарог (40—50 кіламетраў), аднак яны неабавязковыя і выконваць іх на шкоду рэнтабельнасці і прыбытку не варта, адзначыў Сяргей Лявончык:

— Калі аўтамабіліст рухаецца па аўтабане, скажам, у Германіі, то ён праязджае гэтыя 60 кіламетраў за 20 хвілін. Вядома ж, у яго няма патрэбы рабіць прыпынкі кожныя 20 хвілін. У Беларусі свае дазволеныя хуткасныя рэжымы, таму і запраўкі будуюцца на адпаведных ім адлегласцях. Пры будаўніцтве новай запраўкі вельмі сур'ёзна мадэлююцца патокі транспарту ў прывязцы да пэўнага рэгіёна, існуючай запраўкі, інтэнсіўнасці руху. Таму на ўсіх дарогах будаваць такія аб'екты часта не трэба.

Існуюць пэўныя катэгорыі, мінімальныя патрабаванні, сацыяльныя стандарты — гэтага дастаткова. А кожны рэгіён у сваіх патрэбах абапіраецца на запыты людзей. Насельніцтва прывыкае да іх размяшчэння, і, нават калі аб'ект закрываецца на рэканструкцыю, побач абавязкова ставіцца модульная запраўка, каб паслугі аказваліся, дадаў ён.

Тавары і паслугі — для людзей і ад людзей

Наладжваць узаемадзеянне аўтазаправак з мясцовымі жыхарамі, якія маглі б прапаноўваць на рэалізацыю сваю прадукцыю з уласнага ўчастка, не плануецца, кажуць спецыялісты.

— На запраўках прапануюцца рэальна запатрабаваныя тавары, якія неабходныя ў дарозе. А на прадукцыю патрабуюцца сертыфікаты, якія пацвярджалі б яе бяспечнасць, а таксама месца і ўмовы для захоўвання. Ланцужок па прыёмцы тавару, яго рэалізацыі і адказнасці за якасць жорстка рэгламентаваны, таму проста прыняць ад некага прадукцыю і гандляваць ёю немагчыма, — канстатаваў Максім Радабольскі. — Да таго ж існуюць патрабаванні да наяўнасці пэўнага тавару: ён або павінен знаходзіцца на паліцы, або не.

З іншага боку, прыдарожныя комплексы скіраваны прымаць і задавольваць патрэбы ўсіх наведвальнікаў, таму ствараюцца ўмовы для баўлення часу малых і магчымасці для знаходжання хатніх гадаванцаў. Гульнявая зона для дзяцей, якая знаходзіцца на вуліцы, павінна быць агароджана і мець толькі адзін уваход, каб бацькі кантралявалі, дзе іх малы.

Новыя аб'екты прыдарожнага сэрвісу можна ўбачыць на сайце ў інтэрнэце і там жа задаць пытанне і ўнесці прапанову. Адной з запатрабаваных паслуг з'яўляецца наяўнасць месца для арганізацыі сустрэч. На запраўцы ў аэрапорце, напрыклад, ужо ёсць невялікая зала чалавек на дзесяць, дзе можна правесці канферэнцыю, і ёй карыстаюцца, удакладніў Юрый Ананчанка:

— Там ёсць магчымасць падключыцца да інтэрнэту, правесці нейкую прэзентацыю. Мы бачым, што часта на запраўках проста ў зале кафетэрыя, калі там няма асобнага памяшкання, людзі садзяцца за столікі, адкрываюць ноўтбукі і нешта абмяркоўваюць. Здараюцца і наведвальнікі, адзін з якіх мясцовы, а другі рухаецца па трасе, і яны ладзяць сустрэчу на запраўках. Гэта ўжо запатрабаваная рэальнасць, таму каля столікаў арганізавана магчымасць зарадкі тэлефонаў і ноўтбукаў.

Спецыялісты запэўнілі, што колькасць паслуг і надалей будзе павялічвацца адпаведна патрэбам спажыўца.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.