Вы тут

Чым цікавы «асабняк Баграціёна»


З просьбай дапамагчы аднавіць экспазіцыю да народнага пісьменніка Беларусі звярнуўся ў 1946 годзе заснавальнік музея Гергій Пех. Сродкі былі патрэбны для набыцця экспанатаў, бо падчас вайны амаль уся калекцыя знікла. Каб музей зноў запрацаваў, дырэктар і вялікі аматар музейнай справы Георгій Пех звяртаўся ў розныя інстанцыі, у тым ліку ў Акадэмію навук, дзе віцэ-прэзідэнтам быў Якуб Колас. 


У музеі захоўваецца запіска, згодна з якой дырэктар музея можа атрымаць у бухгалтэрыі 500 рублёў. Гэта сапраўдны дакумент, напісаны самім Якубам Коласам. На запісцы — яго роспіс і дата — 1 жніўня 1946 года. Экспанат захоўваецца ў раздзеле, які звязаны з жыццём і дзейнасцю заснавальніка музея Георгія Пеха. У снежні гэтага года якраз споўнілася 125 год з дня яго нараджэння. А крыху больш за 70 год таму ўстанова атрымала статус «Ваўкавыскі ваенна-гістарычнага музей імя Баграціёна». 

Чаму Баграціёна? Аказваецца, зусім невыпадкова. Ёсць версія, што менавіта ў гэтым будынку ў 1812 годзе знаходзіўся штаб рускай арміі пад камандаваннем Пятра Баграціёна, а наведваў ён Ваўкавыск яшчэ і ў 1797 годзе, бо тут стаялі яго палкі. Экспанаты той эпохі размешчаны ў шасці залах асабняка. Перад будынкам устаноўлены бюст Баграціёна работы беларускага скульптара Заіра Азгура. 

Дырэктар музея Ягор Гіза гатовы правесці па залах. Але перад падарожжам прапаноўвае надзець бахілы. «Падлога — таксама свайго роду рарытэт, бо захавалася яшчэ з тых часоў, хоць, вядома яе аднаўлялі, рэканструявалі...»- каментуе ён ўстаноўку. 

Адчуванне старажытнасці вельмі яскрава дапаўняюць экспанаты музея. Экспазіцыя ахоплівае перыяд, звязаны з вайной 1812 года. І гэта адна з самых насычаных калекцый той эпохі сярод музейных устаноў. 

Гісторыя ваеннай кампаніі 1812 года пададзена ўсебакова. У адным з залаў мы даведваемся пра асобу Напалеона як палкаводца. Карціны і гравюры адлюстроўваюць яго ваенны шлях, у тым ліку яго паход на Маскву. А вось экспанаты датычаць у асноўным рускай арміі. Гэта зброя, форма, дакументы.

Ягор Гіз звяртае ўвагу на мячы і палашы. Напрыклад, афіцэрская шабля і шабля лёкгай артылеры адрозніваліся паміж сабой. Горн пачатку ХІХ стагоддзя сігналізаваў аб пачатку баявых дзеянняў. 

На пастаменце невялікая пушка, такі сабе інтэр’ерны экспанат. Па словах дырэктара — гэта пушка макетная, якая ў той час выкарыстоўвалася для прыстрэлкі. Напачатку пушку вылівалі малых памераў, стралялі з яе, і, калі яна вытрымлівала, рабілі такую ж вялікую мадэль. А малую потым выкарыстоўвалі для салютаў і феерый. А вось марціра — іншая справа. Гэта — салідны экспанат, вагой 230 кілаграм. На ствале — вымпел з гербам Расійскай імперыі. 

...Заціхлі пяхотныя грэнадзёрскія барабаны. А калісьці, больш за 200 год таму, яны адбівалі рытм паходнай калонны, якая ішла на штурм. Звяртае на сябе ўвагу незвычайнае, нібы «кіношнае» адзенне. Аказваецца, гэта даспехі кірасіраў рускіх палкоў. Па словах Ягора Гіза, яны даволі цяжкія, металічныя і ад іх хутка адмовіліся. Але яны мелі перавагу пры сутыкненні з праціўнікам у рукапашным баі. Па краі кірасіры рабіліся заклёпкі, якія ахоўвалі ад удара палашом. Потым замест заклёпак сталі рабіць невялікія зубцы. 

Вядома, асобная зала прысвечана асобе Пятра Баграціёна, камандуючага рускай арміяй падчас вайны 1812 года. Тут бачым на сцяне копію карціны, напісанай мастаком Аляксеем Вепхвадзе. Яна адлюстроўвае раненне палкаводца падчас Барадзінскай бітвы. Лекары прапанавалі ампутацыю параненай нагі, але той не пагадзіўся і ў хуткім часе памёр ад гангрэны. 

Вельмі нязвыкла бачыць прадметы, якія дагэтуль былі вядомы толькі па фільмах альбо кнігах. Многія з іх хоць і засталіся, але маюць іншае прызначэнне. Напрыклад, эпалеты. Яны маглі важыць у той час да 1,5 кілаграм кожная. Таму афіцэры тых часоў былі з добрай асанкай, каб іх падтрымліваць. Вось яны, прыналежнасці воінаў і коннікаў тых часоў — мушкетоны, ківер, какарды розных чыноў, батфорты, гусарскі менцік, цемнакі для падтрымкі шаблі, прыгожыя галаўныя ўборы з разнакаляровым мехам дзікіх жывёл, скураныя чапракі для коней і многае іншае. 

Большасць экспанатаў перададзена па часцях з пецярбургскіх музеяў, Маскоўскага музея гісторі зброі, кобрынскага музея імя Суворава, Барадзінскага ваенна —гістарычнага музея і іншых. Зараз у Ваўкавыску захоўваецца ў экспазіцыях і фондах каля 50 тысяч аўтэнтычных экспанатаў. 

А пачынаўся музей з апантанага гэтай справай чыгуначніка Георгія Пеха, які напачатку 30-х гадоў прыехаў працаваць у Ваўкавыск з расійскай губерніі. Тут якраз пачаліся раскопкі на Шведскай гары, і малады чалавек зацікавіўся гэтым, пачаў збіраць прадметы даўнины. Зышоў з працы на чыгунцы і прысвяціў сябе гэтай справе. Першы музей ён адкрыў у 1935 годзе на грамадскіх пачатках. Гэта былі экспазіцыі, якія выстаўляліся ў розных будынках. У асноўным там былі прадметы з археалагічных раскопак. 

У вайну экспазіцыя амаль знікла. Пасля вайны Пех хадзіў па дамах жыхароў і шукаў экспанаты. Так агульнымі сіламі аднаўлялася экспазіцыя. У 1946 годзе мясцовыя ўлады прынялі рашэнне аддаць пад музей так званы «дом Баграціёна». Вось тады і напісаў дырэктар Ваўкавыскага музея ліст Якубу Коласу з просьбай паспрыяць у набыцці экспанатаў. Пытанне, мяркуючы па запісцы, вырашылася станоўча. Музею было выдаткавана 500 рублёў. 

Зараз у ваенна-гістарычным музеі працуе экспазіцыя «Старажытны Ваўкавыск» і «Войны ХХ стагоддзя». Гэтыя калекцыі размешчаны ў новым будынку, які знаходзіцца побач са знакамітым асабняком Баграцыёна.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».