Вы тут

Ад Венецыі да Астаны: карнавал для беларускага гледача


Дух карнавальнай Венецыі... Менавіта так крытыкі характарызуюць спектакль «Астана Опера» «Шаўковая лесвіца». Гэты жывы, лёгкі, гарэзны твор напісаў у дваццацігадовым узросце класік італьянскай оперы Джаакіна Расіні, тады ён яшчэ толькі шукаў свой непаўторны стыль. Спатканне беларускага гледача з гэтым творам адбылося ў перадапошні дзень Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форума на сцэне Вялікага тэатра Беларусі.


Яркае дзеянне ў «Астана Опера» з’яўляецца часткай праекта аднаактовых пастановак для камернай залы «Тэатр Piccolo». Прэм’ера «Шаўковай лесвіцы» адбылася ў Венецыі ў 1812-м годзе, і праз 210 гадоў яе ўпершыню пабачылі ў Мінску. Хоць уверцюра да гэтай оперы шмат гадоў жыве асобным жыццём, яе часта выконваюць, саму оперу ставяць рэдка. Расіні пісаў яе для карнавальных святаў у Венецыі, і пастаноўшчык Ала Сіманішвілі гэты карнавал перанесла на сцэну — дэкарацыі і касцюмы створаныя ў стылі камедыі дэль артэ.

Адметна, што Дзяржаўны тэатр оперы і балета «Астана Опера» прыехаў у Беларусь упершыню ў такім вялікім складзе. Перад спектаклем адбылася сустрэча са стваральнікамі спектаклю. Лаўрэат міжнародных конкурсаў, заслужаны дзеяч Казахстана, уладальніца рэдкага па прыгажосці лірыка-каларатурнага сапрана Салтанат Ахметава выконвае ў спектаклі галоўную партыю — прыгажуні Джуліі:

—Гэта стандартная партыя для майго тыпу голаса — дзяўчыны жвавай, гарэзнай, якая патаемна выйшла замуж. Муж яе па начах наведвае з дапамогай шаўковай лесвіцы, у той час як апякун падрыхтаваў для яе статуснага жаніха. Зразумела, усіх чакае хэпі-энд.

Салтанат Ахметава распавяла, што ў «Астана Опера» вялікая ўвага надаецца нацыянальнай оперы. У рэпертуары і самая першая казахская опера «Кыз Жыбек» Яўгена Брусілоўскага, напісаная паводле народнай легенды, і опера «Абай», прысвечаная вялікаму казахскаму паэту, і «Біржан-Сара», рэальная гісторыя кахання спевака і паэтэсы... Вялікі поспех у оперы «Алпамыс», у якой казахскі эпас прадстаўлены ў стылі фэнтэзі. Цяпер у тэатры рыхтуецца прэм’ера оперы-балета сучаснай казахскай кампазітаркі Балнур Кадырбек «Калкаман-мамыр» паводле паэмы Кудайбердыўлы.

—Мне пашчасціла прымаць удзел у гала-канцэрце, якім будзе завяршацца мінскі оперны форум. А 20 снежня запрашаем усіх жыхароў і гасцей Мінска ў філармонію, дзе я таксама прыму ўдзел у калядным канцэрце, — звярнулася да прысутных Салтанат Ахметава.

Падчас прэс-канферэнцыі не магло не прагучаць пытанне, ці праўда, што на сцэне «Астана Опера» падчас спектакляў з’яўляюцца сапраўдныя жывёлы, напрыклад, вярблюды? Вярблюдаў, праўда, няма, а вось коні сапраўды ёсць, напрыклад, у оперы «Кыз-Жыбек», пастаўленай легендарным Панджавідзэ, дзе гучаць народныя казахскія песні.

Дырэктар опернай трупы заслужаны дзеяч Казахстана Азамат Жалтыргузаў таксама бліснуў у «Шаўковай лесвіцы» — яго роля, слугі Джэрмана, сваеасаблівы правобраз Фігара. Гэта не першы візіт слыннага артыста ў Беларусь, ён не толькі тут выступаў, але і быў у журы конкурсаў. 

— Што звязвае нашы тэатры? У гэтым годзе мы падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве, да нас прыязджала дырэктар Вялікага тэатра Беларусі. На днях у нашай краіне завяршыўся тэатральны фестываль «Шаўковы шлях», у якім бралі ўдзел маладыя салісты вашага тэатра.

У дырыжора тэатра «Астана Опера» Руслана Баймурзіна спыталі, чаго ён чакае сёння ад свайго аркестру:

— Заўсёды патрабую дакладнага зладжанага выканання. Павінна быць філігранна, лёгка! Для выканання Расіні кожны аркестр павінен ператварыцца ў лёгкі італьянскі.

І трэба адзначыць, музыкантам гэта ўдалося. Удалося стварыць чароўны оперны карнавал і спевакам, што і ацанілі беларускія гледачы.

Цікава, што дзеянне «Шаўковай лесвіцы», паводле лібрэта, адбываецца ў Парыжы, пісалася опера для венецыянскага карнавалу, пастаноўку здзяйснялі для казахскага тэатру, дзе шануюць свае нацыянальныя традыцыі — у выніку адбыўся выбітны сінтэз культур, і выдатны фінал для мінскага опернага форуму.

Людміла ІВАНОВА

Фота прадастаўленыя «Астана Опера»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.